Вы тут

З кім застанецца дзіця? Двое разышліся, а пытанні засталіся...


Скасаванне шлюбу цягне за сабой нямала складаных і неадназначных пытанняў. І, напэўна, самае балючае з іх — з кім будуць пражываць непаўналетнія дзеці пасля таго, як бацькі развядуцца. Аб тым, што кажа пра гэта закон і на чыім баку будзе суд, мы спыталі ў адваката Мінскай абласной калегіі адвакатаў Алены Гронскай.


Існуе меркаванне, што дзіця пасля разводу павінна пражываць з маці. Часцей за ўсё на практыцы так і здараецца. Але бываюць і іншыя сітуацыі. Калі бацька клапатлівы і любіць дзяцей, а маці вядзе асацыяльны лад жыцця і ўласнымі дзецьмі не цікавіцца — зразумела, дзеці будуць перададзеныя на выхаванне бацьку. Не зможа суд, згодна з законам, пакінуць непаўналетніх з тым з бацькоў, хто злоўжывае алкаголем або наркатычнымі рэчывамі, мае псіхічныя захворванні і з прычыны вышэйназванага не здольны забяспечыць належныя ўмовы для росту і развіцця юнага чалавека. У гэтым выпадку дзіця можа быць перададзена па рашэнні суда другому з бацькоў.

Дамовіцца — лепш

Юрысты адзначаюць, што ёсць пытанні, пра якія былым сужэнцам варта дамовіцца яшчэ да заканчэння шлюбаразводнага працэсу. Першае і галоўнае якраз датычыцца месца пражывання дзяцей пасля разводу: з кім з бацькоў яны застануцца. Другое — правоў на ўдзел у выхаванні дзяцей таго з бацькоў, хто пражывае асобна. І, нарэшце, пытанне спагнання аліментаў: парадак і памер аліментаў рэкамендуецца абмеркаваць паміж сабой у спакойнай абстаноўцы, а не ў судовым парадку.

Бацькі маюць права заключыць Пагадненне аб дзецях або ўрэгуляваць пытанні выхавання дзяцей у Шлюбным дагаворы (найбольш рацыянальны і цывілізаваны шлях).

— Практычна ўсе пытанні пра дзяцей бацькі могуць вырашыць мірным шляхам, без звароту ў суд, — кажа адвакат Алена Гронская.

Але магчыма вырашэнне пытання пражывання дзяцей і ўдзелу ў выхаванні таго з бацькоў, хто пражывае асобна, у судовым парадку.

— Бацькі, якія пражываюць асобна, маюць права па ўзаемнай згодзе вызначыць месца жыхарства непаўналетняга дзіцяці (дзяцей), — тлумачыць адвакат. — У выпадку недасягнення згоды па пытанні месца жыхарства дзіцяці кожны з бацькоў мае права звярнуцца ў суд з іскам «Аб вызначэнні месца жыхарства дзіцяці».

Правы — роўныя

Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжана роўнасць правоў і абавязкаў бацькоў у дачыненні да сваіх дзяцей. Правы дзіцяці і падставы іх узнікнення, прыярытэт правоў і законных інтарэсаў дзіцяці замацаваны Канстытуцыяй, Законам аб правах дзіцяці і нормамі Кодэкса аб шлюбе і сям'і.

— Права дзяцей на клопат і ўвагу з боку маці і бацькі з'яўляецца роўным незалежна ад сумеснага або паасобнага пражывання бацькоў — гэтая норма замацавана ў ч. 2 арт. 185 Кодэкса аб шлюбе і сям'і, — падкрэслівае адвакат. — Бацькі карыстаюцца роўнымі правамі і нясуць роўныя абавязкі ў дачыненні да сваіх дзяцей і ў выпадку скасавання шлюбу паміж імі, калі іншае не прадугледжана ў Пагадненні аб дзецях, — дадае Алена Гронская.

Варта адзначыць, што, калі бацькі пражываюць хоць і адасоблена, але па адным адрасе, спрэчка аб месцы жыхарства дзіцяці не ўзнікае, падкрэслівае адвакат. У такіх выпадках магчымыя спрэчкі — аб парадку ўдзелу бацькоў у выхаванні дзіцяці. Па спрэчках, звязаных з выхаваннем дзяцей, удзел у справе (судовым разглядзе) органа апекі і папячыцельства з'яўляецца абавязковым. Ён можа выступаць як дзяржаўны орган, упаўнаважаны даць заключэнне па справе.

— Заключэнне органа апекі і папячыцельства складаецца ў выглядзе асобнага дакумента на падставе актаў абследавання і павінна ўяўляць сабой падрабязны аналіз усіх абставін, якія датычацца ўмоў жыцця дзіцяці і яго ўзаемаадносін з асобамі, якія прэтэндуюць на яго выхаванне, і ўтрымліваць выснову па сутнасці спрэчкі. Заключэнне падпісваецца ўпаўнаважанай службовай асобай упраўлення (аддзела) адукацыі раённага, гарадскога выканаўчага камітэта і мясцовай адміністрацыі раёна ў горадзе. Нязгода з заключэннем органа апекі і папячыцельства павінна быць выкладзена ў матывацыйнай частцы рашэння ў выпадку яе складання.

Вырашаючы спрэчку аб месцы жыхарства дзіцяці пры асобным (па розных адрасах) пражыванні бацькоў (незалежна ад таго, ці знаходзяцца яны ў шлюбе), суд прымае пад увагу мноства абставін, адзначае адвакат.

— Гэта ўзрост дзіцяці, яго прыхільнасць да кожнага з бацькоў, братоў, сясцёр, іншых членаў сям'і, маральныя і іншыя якасці бацькоў, адносіны, якія склаліся паміж кожным з бацькоў і дзіцем, ступень клопату і ўвагі, якія праяўляюцца да дзіцяці з боку бацькоў з улікам іх роду дзейнасці, рэжыму працы, іншых умоў жыцця, магчымасць забеспячэння кожным з іх належных матэрыяльна-бытавых умоў для выхавання і развіцця дзіцяці, а таксама іншыя абставіны, якія склаліся ў месцы пражывання кожнага з бацькоў.

Суд улічвае таксама магчымасць стварэння належнай маральна-псіхалагічнай атмасферы вакол юнага чалавека. Дарэчы, перавага ў матэрыяльна-бытавым становішчы аднаго з бацькоў сама па сабе не з'яўляецца безумоўнай падставай для перадачы яму дзіцяці на выхаванне.

Самы важны голас

Заканадаўства зыходзіць са статусу дзіцяці як самастойнага суб'екта праваадносін. І ўлік меркавання дзіцяці, якое дасягнула 10 гадоў, абавязковы пры вынясенні рашэння па спрэчцы аб вызначэнні месца жыхарства непаўналетняга, падкрэслівае Алена Гронская.

— Пункт 11 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 30 верасня 2004 г. N 11 «Аб практыцы разгляду судамі спрэчак, звязаных з выхаваннем дзяцей» абвяшчае: судам належыць мець на ўвазе, што дзіця, якое дасягнула дзесяці гадоў, мае права само выбраць, з кім з бацькоў яно будзе пражываць.

Але ёсць выключэнне: калі жаданне дзіцяці пражываць з адным з бацькоў супярэчыць яго інтарэсам. Бо далёка не заўсёды юны чалавек можа ацаніць падзеі і іх наступствы ў перспектыве.

— Меркаванне дзіцяці і прадстаўленая яму магчымасць асабістага ўдзелу ва ўстаноўленых законам выпадках і формах пры ажыццяўленні судовага разбору маюць асаблівую значнасць для законнага і абгрунтаванага вырашэння спрэчкі аб вызначэнні месца жыхарства, — падкрэслівае адвакат. — Дзеці маюць права на асаблівы, пераважны і першачарговы клопат як з боку бацькоў, так і з боку дзяржавы, які неабходны для іх дабрабыту і гарманічнага развіцця. Таму пры разглядзе спрэчак, звязаных з выхаваннем непаўналетніх, суды выносяць рашэнні ў мэтах максімальнай абароны правоў і інтарэсаў дзяцей, стварэння ім найлепшых умоў для росту і развіцця.

Вырашаючы спрэчку, звязаную з месцам жыхарства дзіцяці, суд мае права разгледзець і патрабаванні аб спагнанні аліментаў.

— Трэба ўлічваць, што праваадносіны паміж бацькамі па пытаннях, звязаных з выхаваннем дзяцей, з'яўляюцца доўгатэрміновымі, таму наяўнасць рашэння суда не з'яўляецца перашкодай для ўзбуджэння новай справы паміж тымі ж бакамі і аб тым жа прадмеце, калі змяніліся абставіны, на якіх заснавана рашэнне.

Меркаванне дзіцяці аб тым, з кім з бацькоў яно хоча пражываць, па запыце суда выяўляецца органам апекі і папячыцельства па месцы жыхарства дзіцяці.

— У адпаведнасці з падпунктам 8-2.5. п. 8 Палажэння аб органах апекі і папячыцельства, меркаванне дзіцяці па запыце суда па ўсіх спрэчках, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы, даручаецца выяўляць сацыяльна-педагагічным цэнтрам. Жаданне дзіцяці аб тым, з кім з бацькоў ён будзе пражываць, пры неабходнасці можа быць таксама высветлена і судом як у працэсе падрыхтоўкі справы да судовага разбору, так і ў ходзе судовага пасяджэння шляхам асабістай гутаркі ў прысутнасці педагога. Пры гэтым вызначаецца, ці з'яўляецца жаданне дзіцяці шчырым, да каго з бацькоў яно больш прывязана, ці не аказвалася на яго ўздзеянне з боку аднаго з бацькоў або іншых асоб (дзеда, бабулі, старэйшых братоў і сясцёр, іншых сваякоў і зацікаўленых асоб) і г. д. Даведка аб выніках гутаркі складаецца суддзёй і далучаецца да матэрыялаў справы.

І яшчэ адзін нюанс: у адпаведнасці з законам, дзіця, што дасягнула 14 гадоў, можа звярнуцца ў суд самастойна, калі, да прыкладу, адзін з бацькоў перашкаджае яго зносінам з іншым, ужываючы сілавыя метады ўздзеяння на непаўналетняга.

Што кажуць псіхолагі

Тут можа ўзнікнуць пытанне: чаму дзіця ўдзельнічае ў прыняцці рашэння, з кім пражываць, толькі калі яму 10 і больш гадоў? А калі яно маладзейшае, яго ўплыў на гэтае пытанне — толькі апасродкаваны і не настолькі значны? Дзіцячыя псіхолагі адзначаюць, што чым меншыя дзеці, тым больш яны схільныя да эмацыянальных і спантанных рашэнняў. Практыка паказвае, што з прычыны яшчэ неакрэплай псіхікі малыя здольныя мяняць сваё меркаванне па некалькі разоў на дзень, а само па сабе прыняцце канчатковага рашэння становіцца для іх моцным стрэсам. Закон жа імкнецца абараніць правы дзіцяці — часам нават ад яго самога. Таму тое, што кажа малы, важна ацэньваць рацыянальна. Тым больш што да 10 гадоў дзеці схільныя «адлюстроўваць» значных дарослых — у першую чаргу бацькоў. Калі мама негатыўна і эмацыянальна выказваецца пра тату, то і дзіця ўстане на такую пазіцыю. А сустрэўшыся з татам і заўважыўшы, што негатыўныя выказванні пра маму радуюць бацьку, дзіця мяняе свае выказванні на дыяметральна супрацьлеглыя. У гэтай сітуацыі бацькам важна ўстрымацца ад рэзкіх заўваг і крытыкі ў дачыненні да былой «другой паловы» ў прысутнасці дзяцей і, вядома, спецыяльна не настройваць непаўналетніх супраць бацькі або маці. Важна разумець, што гэта ўзмацняе стрэс дзіцяці і негатыўна ўплывае на яго псіхалагічны стан, самаацэнку і далейшае развіццё. У канчатковым выніку ў бацькоў і заканадаўцаў адна мэта: абараніць юнага чалавека, які апынуўся ў няпростай жыццёвай сітуацыі. Бо калі разбураецца сям'я, яе абломкі балюча раняць не толькі дваіх, якія вырашылі разысціся, але і ў першую чаргу іх агульных дзяцей.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

Відэаназіранне, празмерныя запыты, публічнае распаўсюджванне.