Вы тут

Анлайн-купля жылля і карысныя слаі


Перавесці адпаведныя адміністрацыйныя працэдуры ў электронны выгляд, каб можна было заказаць даведку пра нерухомасць ці нават набыць маёмасць ва ўласнасць і атрымаць на яе гатовую дакументацыю, якая будзе зафіксавана ў рэгістры нерухомасці, плануюць сёлета ў Нацыянальным кадастравым агенцтве.


Нацыянальнае кадастравае агенцтва — аператар чатырох рэсурсаў: рэгістра нерухомасці, рэгістра кошту зямельных участкаў, рэгістра адрасоў і адзінага рэгістра дзяржаўнай маёмасці. Публічную кадастравую карту штодня наведвае каля чатырох тысяч карыстальнікаў, існуе яе мабільная версія, пастаянна абнаўляецца інтэрфейс рэсурсу, ён даступны пастаянна і анлайн:

— Тут змяшчаецца 35 слаёў з актуальнай інфармацыяй, прывязкай да геаданых і канкрэтнай тэрыторыі: ад адміністрацыйнай тэрыторыі да, напрыклад, месцазнаходжання крыніц (слой крыніц), — расказаў Міхаіл Хіль, генеральны дырэктар Нацыянальнага кадастравага агенцтва. — Слой гістарычных помнікаў створаны дзякуючы валанцёрам, а з дапамогай спартыўнага слою можа ўбачыць, дзе ў краіне знаходзяцца аб’екты для здаровага ладу жыцця.

Дзякуючы існаванню слоя, дзе абазначаны пагранічныя зоны, стала ўдвая менш людзей, якія прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці, бо, пайшоўшы ў грыбы-ягады, яны зайшлі ў пагранічную зону. Як элемент гістарычнай памяці выступае слой пра спаленыя вёскі. А слой пустых дамоў дазваляе даведацца, дзе можна набыць аб’ект, у тым ліку і за адну базавую велічыню.

Усе інфармацыйныя сістэмы для кіравання рэсурсамі распрацаваны спецыялістамі агенцтва. У кожным рэсурсе мноства інфармацыі, колькасць якой вымяраецца сотнямі тэрабайтаў, але ж спажыўцоў цікавяць менавіта сэрвісы, якія павінны быць даступнымі і цікавымі людзям, заўважыў першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага кадастравага агенцтва Сяргей Леўчык:

— Пры развіцці сэрвісаў мы разглядаем такія напрамкі, як экасістэмнасць, шматканальнасць, праактыўнасць. Яны пэўным чынам убудоўваюцца ў адзіную інфмармацыйную і лічбавую прастору, каб спажывец мог атрымаць комплексную паслугу.

Сістэма павінна сама падказваць чалавеку, што яму трэба рабіць са сваёй нерухомасцю: напрыклад, прапанаваць аформіць рэгістрацыю ці нагадаць пра неабходнасць заплаціць падатак. У прыватнасці, спецыялісты працуюць над тым, каб зрабіць праактыўнай мабільную праграму «Мой кут». Задумваюцца і над стварэннем экспрэс-ацэнкі кватэр і іншай нерухомасці.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.