Вы тут

Адпачынак з карысцю: варыянты — на розны густ… Як правільна распарадзіцца канікулярным часам?


Пятай вучэбнай чвэрцю называюць летнія канікулы паміж сабой прадстаўнікі сістэмы адукацыі. І гэта зусім невыпадкова, бо па насычанасці, змесце і тэмпе работы тры летнія месяцы мала адрозніваюцца ад навучальнага года.


Трымаць руку на пульсе...

— Чым заняць дзіця? Пытанне, якое актуальнае для ўсіх бацькоў сёння, — падкрэслівае кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская. — Установы адукацыі сур'ёзна рыхтуюцца да летніх канікул, каб прапанаваць школьнікам розныя варыянты занятасці. Загадзя праводзілася апытанне бацькоў, каб даведацца, колькі дзяцей хочуць наведваць аздараўленчыя летнікі пры ўстановах адукацыі, займацца ў аб'яднаннях па інтарэсах і гэтак далей. Такая інфармацыя патрэбная нам, бо арганізацыя летняй занятасці патрабуе вялікіх фінансавых і кадравых рэсурсаў.

Па словах Таццяны Асмалоўскай, летам у Беларусі будуць працаваць 5,9 тысячы аздараўленчых лагераў, дзе адпачнуць 377 тысяч дзяцей. Пад гэтыя мэты задзейнічаюць 146 стацыянарных баз, а таксама ўстановы адукацыі. Лагеры будуць і з дзённым, і з кругласутачным знаходжаннем. Напрыклад, палатачныя — у фармаце перасовачных. На базе ўстаноў дадатковай адукацыі будуць функцыянаваць турыстычныя, гісторыка-археалагічнага кірунку. Увогуле, любы кірунак дзейнасці, якім дзіця займалася цягам навучальнага года, атрымае працяг у рамках профільных лагераў. Для падлеткаў, якія працягваюць трэніровачны працэс ва ўстановах спорту, будуць адкрыты спартыўныя лагеры. Для навучэнцаў, якія жадаюць зарабіць свае першыя грошы, — лагеры працы і адпачынку.

Па словах спецыяліста, многія бацькі яшчэ ў лютым-сакавіку цікавіліся, як атрымаць пуцёўку. Таму сёння абсалютная большасць аздараўленчых лагераў ужо укамплектаваная.

— Тым не менш шанцы ўладкаваць дзіця ёсць, — дадала Таццяна Асмалоўская. — У кагосьці могуць змяніцца планы, будуць вызваляцца месцы. Таму хачу параіць бацькам, як кажуць, трымаць руку на пульсе. Звяртайцеся да заснавальніка лагера, які вы нагледзелі, або ў камісію па аздараўленні па месцы працы. Інфармацыя аб рабоце аздараўленчых лагераў таксама даступная на сайтах устаноў адукацыі, упраўленняў і аддзелаў адукацыі райвыканкамаў, аблвыканкамаў. Створаны інтэрактыўныя інфармацыйныя карты з падрабязнымі данымі: ад месцазнаходжання лагера да наяўнасці пуцёвак і працоўных вакансій.

Школы юных журналістаў і даследчыкаў

Прадстаўнік Міністэрства адукацыі таксама нагадала, што ў летні перыяд будуць працаваць у штатным рэжыме ўстановы дадатковай адукацыі, якіх у краіне 259:

— Усе аб'яднанні па інтарэсах прадоўжаць сваю работу. Хачу звярнуць увагу бацькоў: вы зможаце прывесці сваё дзіця, нават калі яно не займалася падчас навучальнага года, і запісаць на лета ў тое ці іншае аб'яднанне па інтарэсах. Да таго ж перад установамі адукацыі пастаўлена задача — забяспечыць на працягу ўсяго летняга перыяду доступ да спартыўных аб'ектаў, залаў, стадыёнаў, басейнаў, гульнявых пляцовак. Шмат выязных акцый і мерапрыемстваў будуць арганізаваныя сіламі ўстаноў дадатковай адукацыі. Той жа Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства прапануе шырокую экскурсійную праграму. На сайце гэтай установы можна знайсці інфармацыю, куды паехаць і як правесці час цікава і з карысцю.

Таццяна Асмалоўская звярнула ўвагу бацькоў яшчэ на адну акалічнасць: летам адбываецца актыўная «міграцыя» дзяцей у межах краіны. Але ўсе мерапрыемствы і аб'яднанні па інтарэсах даступныя для ўсіх школьнікаў незалежна ад месца іх пастаяннага пражывання і вучобы.

У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі па традыцыі летняя аздараўленчая кампанія стартуе 1 чэрвеня з маштабнага свята «Дзяцінства — гэта Я і Ты». Яно завершыцца танцавальным флэшмобам. На базе гэтай установы дадатковай адукацыі на працягу многіх гадоў працуе аздараўленчы лагер «Чабарок», які вельмі запатрабаваны ў дзя-
цей і бацькоў. Ён разлічаны на 18 дзён. Пра гэта расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце палаца Саіда Вафіна. Для ўдзельнікаў лагера будуць праводзіцца шматлікія конкурсы, турніры, турыстычныя паездкі. У прыватнасці, хлопцы і дзяўчаты пабываюць на «Лініі Сталіна», у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у комплексе «Дудуткі», заапарку, дэльфінарыі, наведаюць тэатры. Першая змена адкрыецца 5 чэрвеня, другая стартуе 4 ліпеня. Дарэчы, на другую змену яшчэ можна трапіць...

Таксама сёлета будзе арганізаваны профільны 18-дзённы лагер «Абаронца Айчыны» — для 30 хлопцаў і дзяўчат з мемарыяльнага атрада Паста № 1 Мінска. Яны не толькі змогуць атрымаць новыя веды па гісторыі Беларусі, але і прадоўжаць несці вахту памяці каля Вечнага агню ў памятныя для Беларусі дні — 22 чэрвеня і 3 ліпеня. Тэрміны функцыянавання лагера разлічваліся так, каб захапіць гэтыя важныя для беларускага народа даты.

Акрамя таго, у Мінскім палацы дзяцей і моладзі адкрыюцца летнія школы па розных кірунках: «Крок у будучыню», дзе выхаванцы будуць атрымліваць веды па робататэхніцы, радыёэлектроніцы, архітэктурным дызайне і іншых дысцыплінах тэхнічнай творчасці, летняя школа для юных журналістаў — для тых, хто хоча рэалізаваць сябе ў медыяпрафесіях, школа «Першыя крокі ў навуку», арганізаваная сумесна з Саветам маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук, школа па выяўленчым мастацтве «Палітра.бай» і іншыя.

На базе палаца будзе працаваць рэсурсны цэнтр «Бяспечнае дзяцінства», які прапануе ўдзельнікам аздараўленчых лагераў пры школах шэраг адукацыйных праграм. Вельмі цікавыя праекты — пазнавальная праграма «Вялікае падарожжа юнага веласіпедыста» па бяспецы на дарозе і «Школа выжывання» — па асновах бяспечных паводзін у прыродзе.

Запланаваны тэматычныя праграмы ў Мінскім планетарыі. У парку Горкага пройдзе маладзёжны інтэнсіў «Смарт-лідар».

Акрамя таго, у Мінскім палацы дзяцей і моладзі працягне сваю работу летам гарадскі цэнтр псіхолага-педагагічнай дапамогі. «Нашы псіхолагі працуюць і з дзецьмі, і з бацькамі, праводзяць дыягностыку прафесійных арыенціраў падлеткаў, гатоўнасці малых да школы. Практыкуюцца як індывідуальныя кансультацыі з бацькамі і дзецьмі, так і групавыя кансультацыі і трэнінгі», — праінфармавала Саіда Вафіна.

Праца з дазволу бацькоў

Яшчэ адна форма занятасці падлеткаў летам — працаўладкаванне. Летась перагледзелі пералік лёгкіх відаў работ, якія могуць выконваць школьнікі. Ён быў пашыраны, і ахвотныя падзарабіць летам могуць займацца цяпер не толькі кур'ерскай дзейнасцю ці, скажам, азеляненнем, таксама ім стала даступная мыйка аўтамабіляў.

— У канікулярны перыяд падлеткі ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў могуць працаваць не больш як 4 гадзіны 36 хвілін за суткі, ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў — не больш як 7 гадзін, — паведаміла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віялета Краўцова. — Апошнія гады паказалі, што ў моладзі расце інтарэс да магчымасці зарабіць уласныя грошы. Міністэрства адукацыі ва ўзаемадзеянні з упраўленнямі па адукацыі, Мінгарвыканкамам, аблвыканкамамі прымае меры па пашырэнні практыкі арганізацыі часовай працоўнай занятасці. Так, у 2022 годзе было працаўладкавана больш як 50 тысяч чалавек, з іх больш за 40,2 тысячы — ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў.

Каб знайсці сабе месца працы на час летніх канікул, падлеткі могуць звяртацца ва ўпраўленні (аддзелы) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў у сваім раённым і гарадскім населеным пункце. Можна звярнуцца ў грамадскае аб'яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», а таксама да сацыяльнага педагога ці намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце ва ўстанове адукацыі.

Для працаўладкавання падлетка ў абавязковым парадку неабходна прад'явіць наймальніку наступныя дакументы: медыцынскую даведку, пашпарт, дакумент з установы адукацыі. Падлеткам ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў неабходна прад'явіць таксама пісьмовую згоду аднаго з бацькоў (усынавіцеляў, папячыцеляў).

Трэба мець на ўвазе, што для падлеткаў ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў устаноўлена скарочаная працягласць рабочага часу. Пры гэтым заработная плата выплачваецца ім у такім жа памеры, як работнікам пры поўнай працягласці штодзённай работы. А працоўная кніжка выдаецца наймальнікам пры ўмове, што работнік адпрацаваў пяць і больш працоўных дзён.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».