Вы тут

«Ступае сонца, як багіня...» Як беларускія літаратары пісалі пра сонца


Вось і дачакаліся мы цёплых і сонечных дзён... І хоць пісьменнікаў можа натхняць любое надвор'е — хоць табе залева, хоць завіруха, усё-ткі пад ясным сонейкам нават самы вытанчаны эстэт адчувае сябе ўтульней. Недарэмна Оскар Уайльд, які ў маладосці гатовы быў усю жывую і цалкам недасканалую, на яго думку, прыроду замяніць на створаныя мастакамі пейзажы, насіў у пятліцы сланечнік. Кветку, якая заўсёды паварочваецца «тварам» да сонца... «Загляне сонца і ў наша ваконца» — сцвярджалі беларускія адраджэнцы на пачатку дваццатага стагоддзя, марачы пра росквіт нацыянальнай культуры і незалежнасць беларусаў. Давайце паглядзім, як, падобна такому ж сланечніку, за сонцам сачылі літаратары і як адлюстроўвалі ўбачанае на старонках сваіх твораў.


«Мне сонцам свеціць Наднямонне»

У паэме Якуба Коласа «Новая зямля» беларуская прырода грае ўсімі фарбамі і ўсімі адценнямі настрою... І як жа без сонейка ў гэтай энцыклапедыі сялянскага жыцця, калі ад яго залежыць дабрабыт? Сонца — гэта і светлая багіня, дзякуючы якой увосень саспеў добры ўраджай:

«Ступае сонца, як багіня,

І стрэлы-косы раскідае,

Як чараўніца маладая.

Пад гэтай ласкаю зіяння,

Ўспагадна-добрага ўзірання,

Ўсё заспакоілася: неба,

І поле знятага ўжо хлеба,

І гэта даль, і лугавіны...»

Сонца цешыць і ў чароўным летнім пейзажы, калі ранкам змушае ззяць расу:

«Калі гарачаю касою

Скрозь лісцяў сетачкі-аконцы

На ёй заззяе ціха сонца,

Яе так песціць, так кахае,

Па ёй вясёлкі рассыпае!»

Прыгожае сонца і ўзімку, калі ператварае родныя краявіды ў цуд:

«І як з-за лесу сонца ўстане

І на бярозу тую гляне,

Засвецяць ў інеі праменні,

Як найдарожшыя каменні».

Сонца і ўвогуле для Якуба Коласа сімвал роднага краю:

«І з таго часу па сягоння

Мне сонцам свеціць

Наднямонне».

Аслепнуць — але пабачыць

Для Максіма Багдановіча сонца робіцца сімвалам сапраўднага мастацтва, ідэальнай прыгажосці, вечнай ісціны — усяго, што вабіць творчага чалавека. На шляху да чаго не шкадуюць нават самога жыцця. Ягоны суровы і велічны трыялет — пра тое, што сапраўдны мастак не ідзе на кампрамісы:

«Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асляпіла вочы.

Ды што мне цемень

вечнай ночы,

Калісь глядзеў на сонца я.

Няхай усе з мяне рагочуць.

Адповедзь вось для іх мая:

Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асляпіла вочы».

«І засланю яго вушамі»

Байка Кандрата Крапівы «Сава, асёл і сонца» была надрукавана ў 1927 годзе ў першым нумары альманаха «Узвышша». Гераіня байкі, Сава, не паспявае схавацца ў дупло да ўзыходу Сонца — а пры сонечным святле яна ж нічога не бачыць! Саве вырашае дапамагчы Асёл:

«З бяды мы вырабімся самі,

І Сонцу нам

не прыйдзецца скарыцца:

Я вушы доўгія на Сонца навяду

І засланю яго вушамі».

Але ўсё дарэмна:

«І вось Аслу нарэшце

ясна стала:

Каб Сонца засланіць —

вушэй асліных мала».

Калі байка была надрукавана, усчаўся скандал. Пайшлі чуткі, што ў вобразе Савы і Асла Крапіва вывеў ці пісьменніцкае кіраўніцтва, якое ваюе з маладымі талентамі, ці ўвогуле савецкую ўладу. Называлася рэальнае прозвішча — нібыта ў вобразе Асла апісаны Цішка Гартны, паэт і дзяржаўны дзяяч. Давялося аўтару дапісваць новую канцоўку і тлумачыць, што меў на ўвазе замежных ідэалагічных ворагаў.

«Відно ў яго мільён патрэбаў»

А вось для Петруся Броўкі сонца — сімвал стваральнай працы. Завіхаецца нябеснае свяціла-працаўнік ад ранку і да вечара:

«Спачатку ўспыхнула што свечка

Ды, асвятліўшы берагі,

Аж засмяяўшыся над рэчкай,

Пайшло на поле, на лугі.

Відно ў яго мільён патрэбаў,

Бо не спынялася нідзе,

Але з сярэдзіны ўжо неба

Глядзела — праца як ідзе.»

Зразумела, у вершы паэта падкрэсліваецца, што падобна да сонца працуюць і беларускія калгаснікі, чаму свяціла шчыра радуецца:

«А як ідзе ў людзей старанных,

Як у мурашак, як у пчол.

І, задаволенае, пэўна,

Пайшло хіліцца зноў на дол».

Сонца ў душы

Творчы лёс паэткі Канстанцыі Буйло склаўся незвычайна... Першы зборнік выйшаў, калі яна была яшчэ зусім юная, а наступнага давялося чакаць тры з лішнім дзясяткі гадоў... Дваццаць гадоў не мела нават публікацый у друку. Але ў вершы, які напісала ў семдзесят, сцвердзіла: творчасць — гэта сонца, самаахвярнае, вечнае, якое ніколі не згасала ў яе душы. І сонца тое гарэла для роднай зямлі.

«Душу, як сонца, распалю

І падыму яе у высі,

Каб на радзімую зямлю

Праменні цёплыя ліліся.

«Другое сонейка ўзышло»,—

Сагрэўшыся, прамовяць людзі,

Калі душа мая цяпло,

Як сонца, на зямлю ліць будзе».

Сонца першага мірнага дня

Сваё ранняе апавяданне Васіль Быкаў назваў «На ўсходзе сонца». Дзеянне адбываецца ў пераможанай фашысцкай Германіі, у гарадку ў Альпах, дзе «над крутымі дахамі гарадскіх будынін, над балконамі з павіслымі ў цішы прасцінамі — флагамі капітуляцыі, над шызай брусчаткай вуліцы весела займаўся першы пасляваенны ранак».

Гэта цудоўны ранак надзеі на мірнае жыццё: «Ад далёкае ласкі нябачнага сонца прагным бляскам ірдзелі снегавыя вяршаліны гор, у суцэльнай засені вуліцы мацней запахла клейкім тапаліным водарам і хмельнай духмянасцю ўначы зацвіўшых акацый... Па яркай набрыняласці снегавых вяршынь яно мелася сёння быць асаблівым — яркім і захмялела вясёлым, гэтае веснавое сонца першага дня міру».

Але савецкія байцы сутыкаюцца са снайперам, «нейкім здзічэлым гітлераўцам», які засеў на ратушы з кулямётам. Снайпера трэба ліквідаваць... Сонца марудна падымаецца над гарамі, і гэтак жа павольна, асцярожна падымаюцца ўгару байцы... Хто рызыкне сабою на самым парозе мірнага жыцця? Гэта робіць баец Сінцоў, які ўспамінае, што ў аднаго з таварышаў дома старая маці і чацвёра дзяцей, другі шмат разоў паранены, трэці — адукаваны, разумны чалавек, якога шкада страціць...

Сінцоў выконвае задачу, але гіне. «А з-за гор радасным рассыпістым бляскам пырснула запозненае сонца і весела асвяціла змрочную ратушу з вежай, шырокі ганак, недарэчна застылых у немай журбоце байцоў і таго, на зямлі, што на пяць хвілін не дажыў да чаканага дня».

Барвянае сонца продкаў

У эпапеі Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» шмат сонца... На фоне барвовага заходняга сонца, над Дняпром, стары лірнік пяе для юнага княжыча Алеся Загорскага песню пра белага каня, на якім прыедзе збаўца. Уражаны хлопчык доўга сядзіць і глядзіць, як «барвянае сонца, унутры якога нешта пералівалася, сядала ў спакойную плынь». Апісваюцца народныя святы, у якіх сонца — галоўны персанаж, напрыклад, Купалле: «Спаляць сабраныя з двароў старыя бароны, разбітыя сані, аглоблі. Кожны дасць трохі цеплыні са свайго двара, але ўсё адно не падтрымае гэтым сонца. І, як сонца, скоціцца з высокай гары ахопленае агнём кола. Будзе каціцца ніжэй і ніжэй, а потым кане ў Дняпро і згасне». А галоўнага героя, Алеся Загорскага, ратуюць ад нервовай хваробы, што ўзнікла ад няшчаснага кахання, з дапамогай Храма сонца — альтанкі на ўзгорку, дзе даўжэй за ўсё ва ўсім наваколлі свеціць сонца.

Каханне мора і сонца

Паэт Янка Сіпакоў шмат пісаў пра беларускую мінуўшчыну, спрабаваў зазірнуць у далёкія стагоддзі, уявіць жыццё продкаў... Таму для яго сонца — сімвал гістарычнай памяці.

«Раніца. Сонца. Ралля.

Трава ўся ў расе — як плача.

Неба. І навісь галля...

Дзе я ўсё гэта бачыў?

Туман. Рачулка. Лугі.

У кожнай расіне — па промню.

Краскі — яшчэ без смугі...

Адкуль я ўсё гэта помню?

...Бы продак, ляжу ля ракі.

Раса мне ногі халодзіць.

І чую — інстынкт праз вякі, —

Як рыба ў глыбінях ходзіць.

Банальна ўсё. Так, было —

І луг, і птушкі, і дрэвы.

І сонца было, і крыло было,

Былі і птушыныя спевы.

І я, магчыма, ўжо быў,

І я ляжаў, можа, гэтак.

І вось праз вякі не забыў,

Як прачынаецца лета».

Сіпакоў углядаўся не толькі ў сівыя стагоддзі — але і ў навакольны свет, бачыў тое, чаго не заўважаюць звычайна людзі. У празаічнай замалёўцы «Партрэт сонца і мора» галоўны герой — мастак, які назірае за адносінамі сонца і мора, «І яшчэ яго даўняю і ці не заўсёднаю мараю было напісаць партрэт сонца і мора — разам: спасцігнуць іхнюю еднасць і паказаць яе іншым».

І аднойчы яму ўдаецца пабачыць тое, што не бачыла яшчэ чалавечае вока:

«Садзілася сонца, і мора чакала яго і ў нястрыманасці сваёй аж прыпадымалася, здаецца, над небасхілам, хоць само было надзіва ціхае і звонку выглядала зусім спакойным.

На самай жа справе яно вельмі хвалявалася. Ён адчуваў нават яго дрыжыкі, неспакой і ўнутранае трымценне. І, здаецца, усё, што ў ім было, — рыба і планктон, медузы і ракавіны, водарасці і каменьчыкі, — таксама адчувалі гэта.

І само сонца, здаецца, ахапіла нецярпенне: і яно хацела, жадала, прагла хутчэй дакрануцца да мора. І калі ўжо яны былі зусім блізка адно да аднаго, нібы нехта невідомы, але настойлівы, падказаў яму: глядзі ўважліва і нічога не прапусці. І ён убачыў, як мора нечакана выпуклілася, выкруглілася, выгнулася і сваёю самаю верхняю мясцінаю нецярпліва падалося да сонца, як і сонца, таксама пачало выпінацца, выкругляцца да яго... Сонца паволі ўваходзіла ў мора. І мора з радасцю і ласкаю прымала яго ў сябе, лашчыла, атуляла, гладзіла і, нецярпліва выгінаючыся ўсё бліжэй і бліжэй, хавала ў свае воды, у свае глыбіні...»

Калі б мастак змог напісаць тое, што яму адкрылася, — ён ці звар'яцеў бы, ці памёр геніем... Аднак «чалавек быў проста баязлівы. Ён нічога не напісаў, а хуценька выкінуў усё, што ўбачыў, з галавы, вызваліўся ад нейкіх міжвольных думак, якія трывожылі яго, і не звар'яцеў. І застаўся жыць. І звычайна, як і раней, працаваць. Вечным няўдачнікам. Бо ўся звычайная праца чалавека, як сказаў прапаведнік, для рота яго, а душа гэтым не насычаецца...»

Хай жа сёлета нам усім дастанецца паболей беларускага сонца!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».