Вы тут

Алім Селімаў: Канкурэнцыя на Гульнях краін СНД будзе вельмі высокая. Нашым лёгка не будзе


23 мая адзначаўся Сусветны дзень спартыўнай барацьбы, галоўная задача якога — папулярызацыя гэтага захапляльнага і непрадказальнага віду спорту. У Беларусі спартыўная барацьба даўно стала своеасаблівым брэндам і, здаецца, у дадатковай папулярызацыі не мае патрэбы. Але так толькі падаецца. Для таго каб з кожным годам на дыванах з'яўлялася ўсё больш таленавітых спартсменаў, здольных збіраць медалі з галоўных стартаў, работа па папулярызацыі павінна весціся няспынна, чым і займаецца каманда Беларускай федэрацыі барацьбы. Спачываць на лаўрах беларускія барцы ніколі не ўмелі. А сёння, калі сітуацыя ў сусветным спорце прымушае пастаянна трымаць руку на пульсе, пот на дыване не высыхае ні на хвіліну. Чым жыве беларуская барацьба і якія задачы перад ёй стаяць цяпер, расказаў старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў.


Вяртанне на міжнародную арэну

У красавіку выканкам Аб'яднанага свету барацьбы (UWW) прыняў рашэнне дапусціць беларускіх і расійскіх спартсменаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах у адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнароднага алімпійскага камітэта. У той жа час Unіted World Wrestlіng прапанаваў МАК змякчыць крытэрыі, якія дазваляюць расійскім і беларускім спартсменам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Было вырашана, што спартсмены юнацкіх зборных Расіі і Беларусі (да 15 і да 17 гадоў) не будуць правярацца на сувязь з вайсковымі арганізацыямі. Рашэнне аб удзеле ў спаборніцтвах юнацкіх камандаў Расіі і Беларусі (да 15 і да 17 гадоў) набыло моц неадкладна.

«На міжнародны дыван ужо дакладна дапушчаны юнакі (спартсмены 13-15 гадоў) і кадэты (16-17 гадоў). Свае сілы яны пакажуць у сярэдзіне чэрвеня на першынстве Еўропы ў Албаніі. Я думаю, хуткім часам на міжнародныя старты вернуцца і дарослыя спартсмены. Але з гэтым ёсць праблемы — міжнародная федэрацыя выставіла пэўныя ўмовы, якія мы павінны выканаць, каб выступаць на міжнародных стартах. І першая з іх — адсутнасць у нацыянальнай зборнай людзей, якія падтрымліваюць вайну ва Украіне, хоць у нас зусім няма такіх людзей. Мы ўсе мірныя людзі і ўсе жадаем міру. Але, на жаль, сёння ў спорт умяшалася вялікая палітыка і мы павінны гэта ўлічваць. Мы хочам удзельнічаць у міжнародных стартах, мы не хочам адлучацца ад сусветнай барцоўскай сям'і», — адзначае Алім Селімаў. У верасні ў Сербіі пройдзе чэмпіянат свету па барацьбе. З высокай доляй верагоднасці на ім змогуць выступіць і беларускія спартсмены.

За год вымушанай дыскваліфікацыі сфарміраваўся насычаны каляндар беларуска-расійскіх стартаў і вучэбна-трэніровачных збораў. Ён захаваецца і пасля вяртання беларусаў і расіян на міжнародную арэну. Але з аглядкай на галоўныя міжнародныя старты — чэмпіянаты Еўропы па розных узростах і чэмпіянат свету, на якім будуць разыгрывацца ліцэнзіі на Алімпійскія гульні. «Беларуска-расійскія старты праходзяць на высокім узроўні і даюць спартсменам карысны спаборніцкі досвед. Але калі спытаць любога расіяніна ці беларуса — усе скажуць, што хочуць міжнароднага старту. І як толькі нас дапусцяць, каляндар любой нацыянальнай зборнай будуць падводзіць пад міжнародны», — сцвярджае Алім Селімаў. Паводле яго слоў, беларускія і расійскія спартсмены ад супрацоўніцтва толькі выйграюць, набіраюцца вопыту і не страчваюць спаборніцкай практыкі. І без таго трывалая сувязь і дружба паміж барцамі дзвюх краін сталі яшчэ мацнейшыя за гэты год дыскваліфікацыі. Алім Селімаў упэўнены, што калі спартсмены вернуцца на міжнародныя турніры, гэтыя сувязі нікуды не дзенуцца. Але для ўсіх будзе лепш, калі беларусы і расіяне будуць бароцца не толькі на сумесных спаборніцтвах, але і на чэмпіянатах Еўропы і свету, а тым больш на Алімпійскіх гульнях.

Спартсмены час не марнавалі — працавалі як прывыклі, падоўгу адпрацоўваючы навыкі. Усе засумавалі па буйных перамогах, таму вельмі хочацца хутчэй убачыць беларусаў на п'едэстале. «Мы сапраўды хочам выходзіць і перамагаць. Але трэба быць рэалістамі. Мы прапусцілі год. Для кожнага спартсмена вельмі важны міжнародны досвед, і з-за яго працяглай адсутнасці першыя старты могуць быць кульгавымі, не надта ўдалымі», — падкрэсліў Алім Селімаў.

Падрыхтоўка да ІІ Гульняў краін СНД

Пакуль спартсмены U-17 нацэлены на міжнародныя старты, а дарослыя працуюць у звыклым за гэты год рэжыме, барцы U-23 рыхтуюцца да галоўнага турніру сезона — ІІ Гульняў СНД. «Для хлопцаў і дзяўчат гэты старт стане выдатнай магчымасцю паказаць сябе. І мы хочам ацаніць іх узровень, іх працу, бо задача федэрацыі і трэнераў — даваць вынік краіне, паднімаць наш сцяг», — адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы. Паводле слоў Аліма Селімава, клас павінны паказаць класікі, у складзе каманды па грэка-рымскай барацьбе ёсць некалькі спартсменаў, якія паказваюць дастойны вынік. Сярод іх — Абубакар Хаслаханаў, чэмпіён свету сярод кадэтаў 2021 года. Старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы лічыць, што ў жаночай камандзе медалісткай Гульняў можа стаць кожная спартсменка. Складаней будзе вольнікам, бо ў вольнай барацьбе нязменна моцныя азіяцкія спартсмены. «На Гульнях краін СНД нашым хлопцам трэба будзе проста выходзіць і змагацца. Няма непераможных сапернікаў. Калі ты выходзіш прайграць, табе на дыване рабіць няма чаго.Трэба паказаць работу, якую праводзіў шмат гадоў. Варта ўключаць здаровае самалюбства і разумець, што ты варты гэтага медаля не менш, чым твой сапернік. Усе шанцы на паспяховае выступленне ў нас ёсць, і мы павінны на максімум іх выкарыстоўваць», — сцвярджае Алім Селімаў. Двухразовы чэмпіён свету сапраўды ведае, як настройвацца на буйныя старты, і зможа перадаць гэты досвед малодшым калегам. Сярод удзельнікаў спаборніцтваў па барацьбе асабліва варта асцерагацца сапернікаў з Узбекістана, Арменіі і Расіі — у гэтых краінах вельмі моцныя барцоўскія школы. У Беларусь збіраюцца прыехаць і барцы з Бахрэйна, з якімі таксама лёгкай прагулкі не будзе.

«Канкурэнцыя на Гульнях краін СНД будзе вельмі моцная. Лёгка нашым спартсменам сапраўды не будзе. Кожная схватка павінна быць як апошняя, прахадных схватак дакладна не будзе. Але тым больш цікава. Я асабіста вельмі чакаю гэтых спаборніцтваў», — прызнаецца Алім Селімаў.

У жніўні барцоўскай сталіцай стане Салігорск, менавіта тут пройдуць спаборніцтвы па барацьбе. У гэтым горадзе праходзіў чэмпіянат краіны па вольнай барацьбе. На наступных выхадных Салігорск прыме Першынство Рэспублікі Беларусь па грэка-рымскай барацьбе сярод юніёраў і Першынство краіны па вольнай барацьбе сярод дзяўчат. У горадзе шахцёраў гэты від спорту цэняць і паважаюць. Адной са сваіх галоўных задач каманда Беларускай федэрацыі барацьбы называе развіццё свайго віду спорту ў рэгіёнах. Таму ад спаборніцтваў у Салігорску выйграюць усе. «Нас актыўна падтрымлівае кіраўніцтва горада і кіраўніцтва «Беларуськалія», за што ім вялікі дзякуй. Тыя ўмовы, якія ёсць у Салігорску, даюць магчымасць праводзіць спаборніцтвы па барацьбе на высокім узроўні. І я ўпэўнены, што турнір у рамках ІІ Гульняў краін СНД не стане выключэннем», — упэўнены Алім Селімаў.

Падрыхтоўка рэзерву

Па вялікім рахунку такую задачу варта было паставіць першай, бо без падрастаючага пакалення вяртанне спартсменаў на міжнародныя старты, развіццё віду спорту ў рэгіёнах і правядзенне класных спаборніцтваў дома не мае значэння. Але ў той жа час гэтыя мерапрыемствы накіраваны ў тым ліку і на прыцягненне дзяцей да барацьбы. Як ні круці, выхаванне будучых пакаленняў спартсменаў — самае галоўнае. Летась сапраўдным прарывам стаў запуск унікальнага праекта «Ліга храбрых», арганізаванага Беларускай федэрацыяй барацьбы і Прэзідэнцкім спартыўным клубам. На працягу некалькіх месяцаў праект збіраў найлепшых юных барцоў з усёй краіны. Грандыёзнай падзеяй стаў фінал праекта, які адбыўся ў Prіme Hall. Камандны фармат, новы вопыт і высокі ўзровень правядзення спаборніцтваў пакарылі сэрцы юных спартсменаў і іх дарослых трэнераў. Новы сезон праекта стартуе восенню. Але склаўшы рукі ніхто не сядзіць. Увесну для ўдзельнікаў «Лігі храбрых» правялі трэніровачны лагер, які сабраў прадстаўнікоў грэка-рымскай, вольнай і жаночай барацьбы ва ўзросце ад 11 да 15 гадоў. На працягу тыдня барцы трэніраваліся, сустракаліся са сваімі спартыўнымі кумірамі — Кірылам Маскевічам, Ванэсай Каладзінскай, Міхаілам Сямёнавым, Іванам Янкоўскім.

«Вялікі дзякуй Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні «Лігі храбрых», семінараў, трэніровачнага лагера. Сустрэчы з вопытнымі тытулаванымі спартсменамі заўсёды надаюць упэўненасці і матывацыі. Памятаю сябе ў дзяцінстве — я шукаў магчымасці сустрэцца са сваім спартыўным кумірам, паціснуць яму руку, спытаць парады. Пасля такіх сустрэч заўсёды была матывацыя, унутры нібы іскра запальвалася і з'яўлялася ўнутраная стараннасць», — успамінае Алім Селімаў.

«Ліга храбрых» не толькі выхоўвае спартсменаў, але і дапамагае трэнерам і суддзям павышаць сваё майстэрства, для якіх у рамках праекта былі праведзены семінары. «Калі трэнер хоча дабіцца выніку — ён павінен пастаянна вучыцца. Для гэтага на нашы трэнерскія семінары мы запрасілі спікераў, якія маюць педагагічную адукацыю, якія самі прайшлі спартыўны шлях. Яны могуць правільна данесці і растлумачыць тыя ці іншыя памылкі, што могуць дапускаць трэнеры. На семінарах мы разгледзелі асаблівасці псіхалагічнай падрыхтоўкі дзяцей, недапушчэнне траўматызму, асаблівасці правільнага харчавання — вельмі шмат праблемных пытанняў узнімалася на гэтых сустрэчах», — распавядае Алім Селімаў.

Пад маркай «Лігі храбрых» прайшоў семінар для суддзяў. Як адзначае старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы, на некаторых унутраных стартах узровень судзейства вымушае жадаць лепшага. Таму на судзейскіх семінарах сваім досведам дзяліліся арбітры, якія судзяць буйныя міжнародныя старты, сочаць за абнаўленнем правілаў.

Па словах старшыні Беларускай федэрацыі барацьбы, спыняцца на дасягнутым арганізатары «Лігі храбрых» не плануюць. Гэтак жа як і работа па папулярызацыі барацьбы не заканчваецца, нягледзячы на поспехі і дасягненні. «Федэрацыя павінна атрымліваць зваротную сувязь ад спартсменаў, трэнераў, суддзяў. Мы нешта можам упусціць, і для нас вельмі важна, калі людзі адкрытыя і гатовыя весці канструктыўны дыялог. Мы працягваем актыўную работу над развіццём нашага любімага віду спорту. Спадзяюся, што ў бягучым годзе мы гэтак жа паспяхова, як пачалі, працягнем «Лігу храбрых». А мы працягнем. Сёлета «Лігу храбрых» будзем распаўсюджваць у масы — плануем праводзіць спаборніцтвы ў гандлёвых цэнтрах Мінска, у іншых гарадах. Наша задача — ахапіць барацьбой як мага больш гарадоў і прыцягнуць як мага больш людзей».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».