Вы тут

«Мяшкоў-Брэст» — 15-разовы чэмпіён краіны па гандболе


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем самыя цікавыя спартыўныя навіны.


Фота: БелТА.

Гульня тыдня. На мінулым тыдні вызначыўся пераможца чэмпіянату Беларусі па гандболе. У 15-ы раз галоўны трафей заваяваў «Мяшкоў-Брэст». У трох паядынках серыі за залатыя медалі брэсцкія гандбалісты перамаглі сапернікаў з мінскага СКА. Вынік вырашальнага матча вызначыўся за секунду да фінальнай сірэны — 32:31. Да гэтага «Мяшкоў Брэст» двойчы выйграў у мінчан — 38:30 (у гасцях) і 33:26 (дома). У трэцім матчы бронзавай серыі гандбалісты «Гомеля» перамаглі на сваёй арэне мінскі БДУФК-СКА з вынікам 34:33. Гамяльчане вядуць у серыі да трох перамог 2:1. Чацвёрты паядынак адбудзецца 31 мая ў Мінску.

Гандбалісткі «Гомеля» 8-ы раз сталі ўладальніцамі Кубка Беларусі сярод жаночых камандаў. У вырашальным паядынку на паркеце магілёўскага спарткомплексу «Алімпіец» гамяльчанкі перамаглі «БНТУ-БелАЗ» з перавагай у два мячы — 31:29. У гульні за «бронзу» кубкавага турніру гродзенская «Гараднічанка» перайграла бабруйскую «Бярэзіну» з лікам 35:31.

Трафей тыдня. Футбалісты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа» другі раз заваявалі Кубак Беларусі, перамогшы ў фінале барысаўскі БАТЭ — 2:0. Футбалісты БАТЭ з'яўляюцца пяціразовымі ўладальнікамі Кубка краіны, жодзінскія «тарпедаўцы» свой першы трафей узялі ў 2016 годзе.

Медалі тыдня. Беларускія баксёры заваявалі восем медалёў на міжнародным турніры памяці Героя Савецкага Саюза Канстанціна Караткова, які прайшоў у Хабараўску. «Серабро» ў вагавой катэгорыі да 75 кг заваявала Аліна Вэбер, у мужчын у вазе да 80 кг другім стаў Аляксей Кокцікаў. Бронзавыя ўзнагароды здабылі Яна Бурым (да 50 кг), Юлія Апанасовіч (да 54 кг), Марына Мулярчык (да 57 кг), Ала Івашкевіч (да 60 кг), Дар'я Ляцко (да 66 кг) і Ілья Вараб'ёў (да 57 кг).

Поспех тыдня. Беларускія веласіпедысты выступілі на спаборніцтвах па велатрэку «Гран-пры Масквы» на веладроме ў Крылацкім. За тры дні беларусы заваявалі 35 узнагарод, у тым ліку 11 залатых. Караліна Бірук стала найлепшай у гонцы з выбываннем, Яўген Каралёк выйграў гонку па ачках, а Арцём Зайцаў у звязку з расійскімі гоншчыкамі атрымаў перамогу ў камандным спрынце. У спаборніцтвах юніёраў адразу пяць узнагарод вышэйшай пробы здабыла Паліна Конрад, якая была наймацнейшай у скрэтчы, гонцы-тэмпу, гонцы з выбываннем, гонцы па ачках і мэдысане ў пары з Адэлінай Сакун. Два «золаты» выйграў Павел Валуйка, які перамог у скрэтчы і гонцы з выбываннем, яго партнёр па зборнай Вадзім Адзінец святкаваў поспех у гонцы па ачках. Акрамя таго, беларускія веласіпедысты (аснова плюс юніёры) заваявалі на Гран-пры Масквы па 12 сярэбраных і бронзавых медалёў.

Лічба тыдня. 11 медалёў сабралі беларусы на камандным чэмпіянаце Расіі па лёгкай атлетыцы ў Сочы. Карына Дзямідзік перамагла ў скачках у вышыню (1,91 м), Віялета Скварцова стала найлепшай у трайным скачку (14,41 м), Аляксей Каткавец перамог у кіданні кап'я (79,17 м). Алена Дубіцкая заваявала «золата» ў штурханні ядра (18,88 м), а Алена Трус — «серабро». Пераможцамі турніру сталі Максім Несцярэнка (трайны скачок) і Руслана Раманоўская (100 м з бар'ерамі).

Аб'ява тыдня. Сусветная федэрацыя таэквандо (World Taekwondo) адобрыла ўдзел дзевяці спартсменаў з Беларусі ў чэмпіянаце свету ў Баку. У пачатку красавіка федэрацыя вырашыла дапусціць беларусаў і расіян у якасці нейтральных атлетаў да ўдзелу ў міжнародных турнірах. А нядаўна арганізацыя зацвердзіла спіс з дзевяці індывідуальных спартсменаў з Беларусі і 14 з Расіі, якія могуць выступіць на чэмпіянаце свету ў Баку пры ўмове падпісання дэкларацыі аб поўным выкананні патрабаванняў для ўдзелу.

У лік дапушчаных беларускіх таэквандыстаў увайшлі Алі Радван, Арцём Плоніс, Іван Паўлоўскі, Максім Бандарэвіч, Георгій Гурцыеў, Ягор Казлоў, Уладзіслава Сарокіна, Валерыя Смычкова і Віталія Лазута. Кожны нейтральны атлет прайшоў трохэтапную верыфікацыю, якая ўключае праверку Еўрапейскім саюзам таэквандо, асабістае пацвярджэнне спартсмена і фінальную ацэнку назіральнага камітэта World Taekwondo. Чэмпіянат свету па таэквандо 2023 года ў Баку пройдзе з 29 мая да 4 чэрвеня. Планетарны форум у сталіцы Азербайджана стане адным з кваліфікацыйных стартаў да Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы.

Назначэнне тыдня. Галоўным трэнерам хакейнага клуба «Юнацтва» прызначаны Віктар Касцючонак. Пагадненне са спецыялістам разлічана на адзін сезон. Трэнерскую кар'еру Касцючонак пачаў у 2014 годзе менавіта ў «Юнацтве», дзе працаваў памочнікам Міхаіла Захарава. Таксама Віктар Паўлавіч уваходзіў у трэнерскія штабы казахстанскай «Сарыаркі» (2015/16, 2018/19), маскоўскага «Спартака» (2017/18) і ханты-мансійскай «Югры» (2019—2022). У 2019 і 2022 гадах Касцючонак станавіўся чэмпіёнам расійскай Вышэйшай хакейнай лігі. У мінулым сезоне спецыяліст працаваў памочнікам галоўнага трэнера ў хабараўскім «Амуры».

У бытнасць гульцом Касцючонак тройчы выйграваў нацыянальнае чэмпіёнства і аднойчы прызнаваўся найлепшым абаронцам экстралігі. У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі Касцючонак згуляў 169 матчаў на міжнародных турнірах, у тым ліку на сямі чэмпіянатах свету і зімовых Алімпійскіх гульнях 2010 года ў Ванкуверы.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».