Вы тут

Расце попыт на ўнутраны турызм. Якія ідэі і напрамкі прапануюць?


Апошнія тры гады ў нашай краіне набірае абароты ўнутраны турызм. У 2021 годзе колькасць беларусаў, якія сталі адкрываць для сябе новыя пункты і аб'екты ў Беларусі, павялічылася ўдавая і з той пары толькі працягвае расці. Пры гэтым індывідуальныя туры пераважаюць над арганізаванымі. А самымі папулярнымі катэгорыямі ў нашых суайчыннікаў з'яўляюцца санаторна-курортнае лячэнне, аграэкатурызм, такія віды актыўнага адпачынку, як байдарачныя сплавы і велапрабегі, а таксама экалагічныя сцежкі і экалагічны турызм. Што наведаць, калі турыстычная класіка Беларусі даўно вывучана? Упэўненыя, што наперадзе яшчэ шмат цікавага і атмасфернага чакае вас гэтым летам. Пра адметныя ідэі і новыя напрамкі расказалі спецыялісты.


Фота: БелТА.

З 5 да 11 чэрвеня — экскурсіі са зніжкамі або бясплатна

— Вялікая частка турыстаў, якія ў дапандэмійныя гады выязджалі за мяжу, цяпер падарожнічае ўнутры краіны. Мы робім усё магчымае, каб людзям было камфортна знаходзіць і інфармацыю, і аб'екты, куды можны паехаць як у тур выхаднога дня, так і на больш доўгі перыяд, — расказвае дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч.

На дапамогу турыстам у пачатку лета традыцыйна прыходзіць акцыя «Вандруй. Адчуй. Натхняйся». Сёлета ўсе ахвотныя могуць паўдзельнічаць у ёй з 5 да 11 чэрвеня. Аб'екты турызму, якія ўдзельнічаюць у акцыі, прадаставяць усім ахвотным зніжкі, бясплатныя экскурсіі, майстар-класы і квэсты. Гэта дасць магчымасць пазнаёміцца з аб'ектам, які вас цікавіць, атрымаць дэталёвую інфармацыю ці заказаць ва ўстанове адпачынак.

Сёлета ў ініцыятыве «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» ўдзельнічае больш за 900 аб'ектаў — музеі, аграсядзібы, гасцініцы, санаторыі, спартыўныя аб'екты і нават прамысловыя прадпрыемствы і ўстановы адукацыі, якія знаходзяцца ў гістарычных будынках, а таксама лясныя і паляўнічыя гаспадаркі, культавыя аб'екты Беларускай праваслаўнай царквы і іншых канфесій.

— Прамысловыя прадпрыемствы, такія як Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Рэчыцкі тэкстыль, пакажуць штосьці зусім нечаканае і новае. Бясплатна ці са зніжкай — гэта прапісана ва ўмовах акцыі — можна наведаць іх музеі, — кажа дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў. — Вельмі рэкамендую Верхнядзвінскі музей, калі хто не быў, — незвычайны від на Дзвіну, выдатная наберажная і вельмі цікавы музей, які правядзе квэст-гульню. Многія аграсядзібы бяруць удзел з майстар-класамі, фотавыстаўкамі. У Крэве развіваецца цэлы кластар такіх аб'ектаў, да таго ж ідзе рэстаўрацыя замка, і там ёсць на што паглядзець. Праехаўшыся па аграсядзібах, можна знасці сабе адпачынак на лета, гэта ж датычыцца санаторыяў і гасцініц.

Сярод аб'ектаў экалагічнага турызму цікавую праграму прапануе Налібоцкі заказнік. Падчас акцыі тут даецца зніжка на прагулку па экалагічнай сцежцы «Сябрыньская ростань» — менавіта там можна пабачыць тарпанападобных дзікіх коней і паглядзець, як разводзяць цецерукоў. Ды і сам па сабе заказнік зручна размешчаны, цікавы і дае адчуванне знаходжання ў дзікай прыродзе.

Адны з самых актыўных удзельнікаў акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» — музеі, якія прапануць і зніжкі, і бясплатныя экскурсіі, і майстар-класы, і квэсты. Спіс усіх аб'ектаў знаходзіцца на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме. Там жа пералік мерапрыемстваў. Адметна, што ўдзельнічаюць усе без выключэння раёны краіны. Толькі ў Віцебскай вобласці прадстаўлена больш чым 200 аб'ектаў. На гэтым рэсурсе размешчаны і маршрутызатар, па якім можна выбраць, як даехаць, дзе спыніцца на перакус і начлег і іншае, а таксама абраць для сябе від турызму.

Летам пачынаецца і чарговы конкурс сацыяльнай рэкламы «Пазнай Беларусь». Падчас падарожжа кожны можа стаць яго ўдзельнікам у трох намінацыях: «Плакат», «Слоган» і «Відэаролік». Яго вынікі падводзяцца ў верасні.

Як адзначыла Ірына Варановіч, калі скласці топ самых папулярных відаў турызму ўнутры краіны, то ў яго ўвойдуць санаторна-курортнае лячэнне, аграэкатурызм, такія віды актыўнага адпачынку ў летні час, як байдарачныя сплавы, велапрабегі, а таксама экалагічныя сцежкі і экалагічны турызм. На сайце Нацыяльнага агенцтва па турызме маецца і рэестр экскурсаводаў, да якіх можна звяртацца, і пералік маршрутаў, па якіх яны атэставаныя. Спецыяліст нагадала, што з бягучага года экскурсіі праводзяць толькі атэставаныя экскурсаводы.

Не толькі Мір і Нясвіж

Дзмітрый Марозаў расказаў пра навінкі, што з'явіліся сёлета. Гэта і фінальная чарга рэстаўрацыі ў Косаўскім палацы роду Пуслоўскіх, якая адкрылася нядаўна, — адзін з турыстычных аб'ектаў, які цяпер дынамічна развіваецца. Актыўна працягваецца рэстаўрацыя ў Ружанскім палацы роду Сапег. Аднаўляюцца Крэўскі і Гальшанскі палацы, прычым з прынцыпова новымі падыходамі да рэстаўрацыі. З ліку завершаных і стыльных праектаў, безумоўна, можна вылучыць палац Валовічаў у Свяцку, які будзе цікавы як дасведчанаму турысту, так і навічку. Далёка не ўсе пабывалі і ў Гродзенскім палацы, а гэта турыстычны комплекс, між іншым, узроўню знакамітых Мірскага і Нясвіжскага замкаў.

Усе абласныя цэнтры і такія гарады, як Полацк, Навагрудак, Пінск, таксама не стаяць на месцы — там рэканструююць гістарычныя пабудовы, адкрываюць новыя аб'екты размяшчэння, сувенірныя крамы, праводзяць цікавыя мерапрыемствы, напоўненыя падзеямі. На сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме размешчаны каляндар падзей на бягучы год.

Што прапануюць аматарам паляўнічага турызму?

Адзін з запатрабаваных напрамкаў, у тым ліку і ў замежных гасцей, — паляўнічы турызм. Інфармацыю па паляўнічых турах можна атрымаць на сайце «Белдзяржпаляванне». Там ёсць пералік усіх комплексаў сістэмы Міністэрства лясной гаспадаркі. Там жа можна забраніраваць паляўнічыя туры. Комплексы аказваюць шырокі спектр паслуг, ад пражывання да суправаджэння веламаршрутаў і экалагічных сцежак.

Яшчэ адзін напрамак, які прапануюць аб'екты «Белдзяржпалявання», — экалагічны турызм, у прыватнасці сплаў на байдарках у Налібоцкай пушчы. Як расказаў дырэктар РУП «Белдзяржпаляванне» Вадзім Круцько, ужо на сёлетні сезон распрацаваны шэраг такіх маршрутаў — па рэках Уса, Заходняя Бярэзіна, Іслач, Нёман. Распрацоўваецца маршрут па сплаве па Нёмане на плытах. Уздоўж турыстычнага шляху маюцца альтанкі і нават палявая лазня. Усё можна забраніраваць загадзя і аплаціць анлайн. Хутка адкрыецца маршрут па Заслаўскім вадасховішчы, ён пачынаецца на 6-м кіламетры МКАД. Да паслуг байдарачнікаў таксама абсталяваны альтанкі і лазня-бочка.

Паляўнічыя туры арганізоўваюцца і ў гаспадаркі сістэмы Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення палявання, рыбалоўства і турызму БТПР Уладзімір Казлоўскі, летась праведзена больш за 800 паляўнічых тураў, падчас якіх у нашу краіну прыехала больш як 1700 замежных паляўнічых.

— Што прыцягвае замежных турыстаў? Капытныя паляўнічыя жывёлы — лось, алень і казуля, а таксама лані. Іх колькасць у Беларусі вышэйшая, чым у суседніх рэгіёнах Расіі, і дастойны ўзровень паляўнічага сэрвісу. Праводзяцца работы па рассяленні гэтых жывёл, — расказаў спецыяліст.

Дазволена ў Беларусі і паляванне на зубра. Гэтая жывёла мае асаблівы статус. З аднаго боку, ён уключаны ў Чырвоную кнігу, з іншага — на яго часткова дазволена паляванне. Здабываць можна толькі зуброў рэзервовага генафонду, гэта, як правіла, хворыя жывёлы, адбракаваныя спецыяльнай камісіяй. Паляванне нятаннае, але на яго ёсць запыт з боку замежных турыстаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».