Вы тут

У зоне ўвагі — дзікія жывёлы, або Як захаваць жыццё — сваё і насельнікаў лесу


Падчас сустрэчы міністра транспарту і камунікацый Аляксея Аўраменкі з актывам галіновага прафсаюза ўдзельнікі агучылі вельмі актуальную тэму — дарожна-транспартных здарэнняў з прычыны выхаду дзікіх жывёл на праезную частку аўтамабільных дарог. Апошнім часам такія выпадкі пачасціліся. Сутыкненні транспартнага сродку з буйнымі парнакапытнымі — ласямі, высакароднымі аленямі, кабанамі, казулямі — могуць мець негатыўныя наступствы не толькі для жывёл, але і для кіроўцаў аўтамабіляў і іх пасажыраў.


Фота: pixabay.com

Паводле інфармацыі ДАІ, часта аварыі з удзелам дзікіх капытных здараюцца на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах. У прыватнасці, на М6 (Е30) Мінск—Гродна—граніца Рэспублікі Польшча (Брузгі), М2 Мінск—Нацыянальны аэрапорт Мінск, М1 (Е30) Брэст (Казловічы) — Мінск—граніца Расійскай Федэрацыі, М4 Мінск—Магілёў, М5 Мінск—Гомель, М8 (Е95) граніца Расійскай Федэрацыі (Езярышча) — Віцебск — Гомель — граніца Украіны (Новая Гута).

Дзікія жывёлы выходзяць на аўтадарогі з розных прычын. Часцей за ўсё — пры сезонных зменах месца пражывання, а таксама пры перамяшчэннях да месцаў кармлення. Некаторых дзікіх жывёл, як правіла, капытных, прыцягваюць раскіданыя дарожнымі арганізацыямі пясчана-салявыя сумесі. А буйныя дзікія птушкі знаходзяць на абочынах дарог дробныя каменьчыкі, якія дапамагаюць працэсу стрававання. Больш дробныя жывёлы, такія як лісы, зайцы, выходзяць на асфальт проста пагрэцца і абсохнуць ад расы, паколькі тэмпература асфальту звычайна вышэй за тэмпературу паветра. Нярэдка дзікія жывёлы выбягаюць на аўтадарогі пры пераследзе іх драпежнікамі або паляўнічымі сабакамі.

Вопытныя кіроўцы сцвярджаюць, што ў большасці выпадкаў сутыкнення з дзікім зверам можна пазбегнуць, неадкладна знізіўшы хуткасць да такога ўзроўню, калі можна імгненна спыніцца. Спецыялісты папярэджваюць, што лясныя жыхары найбольш актыўныя ў цёмны час сутак, таму з надыходам змроку варта праяўляць павышаную пільнасць і выбіраць адпаведны хуткасны рэжым.

Калі лось, алень, заяц або іншая дзікая істота ў начны час аказваецца ў святле фар, яна аслеплена, цемра за межамі святла фар успрымаецца як сцяна, і жывёла, як правіла, пачынае кідацца. У такой сітуацыі варта спыніцца, выключыць святло фар, але пакінуць уключанымі габарытныя агні, уключыць аварыйную светлавую сігналізацыю, тым самым даючы жывёле час адаптавацца да цемры і пакінуць дарогу.

Акрамя таго, нагадаю, што, паводле заканадаўства, пры выяўленні грамадзянамі ва ўгоддзях, у тым ліку на дарогах, параненых, траўміраваных, хворых або загінулых дзікіх жывёл, забараняецца самавольна іх забіраць або перамяшчаць іх тушы. Аб фактах гібелі або ранення дзікай жывёлы неабходна паведаміць па тэлефоне 102.

У Беларусі, каб звярнуць увагу кіроўцаў на небяспечныя месцы міграцыі лясных жыхароў, на трасах устанаўліваюць папера-
джальныя знакі «Дзікія жывёлы». На дарогах таксама па магчымасці ўладкоўваюць сеткавыя агароджы. Але яны часта пашкоджваюцца чалавекам. Напрыклад, ягаднікі, грыбнікі, каб аблегчыць сабе шлях, робяць дзіркі ў агароджы. У выніку жывёлы праз такія адтуліны аказваюцца на трасе, а назад у лес трапіць не могуць.

Найлепшы выхад з сітуацыі — абсталяванне дарог адмысловымі і камбінаванымі праходамі або маставымі канструкцыямі для розных відаў жывёл. Суцэльныя агароджы ўздоўж дарогі вядуць да спынення натуральнай міграцыі, да перасялення жывёл у нязручныя для існавання месцы і змяншэння папуляцый. Напрыклад, буйныя парнакапытныя штодзень ад месцаў адпасу ідуць да вадапою. Часам пераадольваюць шматкіламетровыя адлегласці. У сакавіку 2018 года быў прыняты Указ № 108 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб экалагічнай сетцы», які таксама прадугледжвае мерапрыемствы па прадухіленні гібелі як земнаводных, так і капытных, што мігрыруюць праз ахоўныя прыродныя тэрыторыі.

Як адзін з варыянтаў вырашэння праблемы — будаўніцтва грунтоўнага перахода над дарогай, або, як яго яшчэ называюць, экадука. Але гэта дарагое задавальненне, якое можа абысціся ў не адзін мільён рублёў. Ды і перш чым яго пабудаваць, неабходна навукова абгрунтаваць месца размяшчэння такога аб'екта з улікам рэльефу мясцовасці і шляхоў міграцыі дзікіх жывёл. Акрамя таго, няма гарантыі, што звер адразу пойдзе туды. Для некаторых відаў жывёл для гэтага спатрэбіцца некалькі гадоў.

Дадам, што экадукі — мерапрыемства для павышэння бяспекі дарожнага руху і захавання цэласнасці жывёльнага свету, паколькі экадук — паўнацэнная эстакада над аўтамабільнай дарогай або тунэль/труба, якія праходзяць пад дарогай, прызначаныя для жывёл. Існуе тры тыпы экадукаў: маставы, тунэльны і трубны.

Упершыню экадукі былі пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю ў Францыі ў 50-х гадах ХХ стагоддзя. У Нідэрландах, напрыклад, узведзена больш за шэсцьсот экадукаў розных тыпаў. У Польшчы ў свой час было пабудавана 12 экадукаў рознай шырыні, ад 10 да 50 метраў у залежнасці ад рэльефу мясцовасці. Эфектыўнасць іх меншая за 10 %. Прычым добра працуюць толькі два. На астатніх адзначаны разавыя перасячэнні іх жывёламі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.