Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Хацеў як лепей, альбо Не будзі ліха, пакуль яно ціха»


Хацеў як лепей, альбо Не будзі ліха, пакуль яно ціха

У першы час пасля вяселля Косця, здавалася, на крылах лётаў, бо, па-першае, кахаў і быў каханы, па-другое, амаль цвяроза бачыў, што Алачка яго і прыгожая, і разумная, і гаспадыня — умелая, акуратная, эканомная... Кожную капейку на ўліку трымае, плануе, што цяпер купіць, што пазней... З любасцю муж глядзеў, як, атрымаўшы яго зарплату (свая зусім невялічкая), Алачка раскладвае ўсе грошы па асобных стосіках, потым кожны з іх змацоўвае сашчэпачкай і пад яе падсоўвае паперку з паметкай, на што можна потым патраціць... Ну ці ж не разумніца?! Ды проста скарб у хаце!


Фота: pixabay.com

Тая замілаванасць расцягнулася ў мужа на пару-тройку гадоў, пакуль жылі сціпла, пакуль фінансы, хоць зрэдку, ды спявалі ў доме рамансы, пакуль Косця, што называецца, не стаў на ногі, але ж потым...

— Ала, збірайся-прыбірайся! — загадаў неяк жонцы, атрымаўшы добрыя грошы. — Мы з табой ідзём у рэстаран!

— Гэта навошта?! — здзівілася Ала.

— Вячэраць!.. Мы можам сабе дазволіць!

— Што канкрэтна? — строга спытала жонка. — Грошы марнаваць? Пускаць іх на вецер?

— Ну чаму гэта раптам — на вецер? — не здаваўся муж. — Мне павысілі зарплату. Гэта — згадзіся — падзея! Дык чаму б яе не адзначыць?!

— Ну добра, давай, — пайшла на саступкі жонка, згледзеўшы палучку. — Але не ў рэстаране.

— Чаму?

— Таму што дома — разоў у дзесяць танней. А значыць, ты чысціш бульбу і адбіваеш мяса, а я займуся салатамі...

Карацей, вячэра ў іх адбылася, а вось свята — не. Прычым не было яго ні тады, ні значна пазней. Косця — светлая галава! — па-ранейшаму шмат працаваў і прыносіў дамоў неблагія грошы, Алачка яго па-ранейшаму складвала іх у стосікі і найбольшы трымала ў асобнай скарбонцы з пазнакай: «На чорны дзень».

— Ала, можна ж машыну купіць, — прапаноўваў муж.

— І што затым? — пытала яна. — Застацца без капейкі? А дзеці?.. Яны ж хутка падрастуць. Іх вучыць трэба будзе.

— Ну давай тады хоць новую пральную... Старая ўжо «касцямі» грыміць.

— Але ж мые!

Жалезны аргумент!

Косця слухаў іх, злаваў, псіхаваў. Ды што там — шалеў ад сваёй бездапаможнасці, бо зарабляць на нейкі там чорны дзень яму зусім не хацелася!

...Выйсце падказаў выпадак. Неяк, рыхтуючы вячэру, Ала папрасіла яго адкрыць чарговы слоік з «загатоўкай».

Што з ёй пайшло не так? Чаму таматная паста апынулася над сталом на шпалерах, сцяміць ніхто не паспеў.

— Не перажывай, я ўсё пераклею, — гладзячы мокрую сцяну, паабяцаў Косця.

...Новыя шпалеры жонка збіралася купляць на рынку і як мага танней. Муж ёй даводзіў, што скупы два разы траціць і трэба выбіраць якасць.

Ала з боем (і болем!), але ўрэшце згадзілася.

Калі кухонная эпапея скончылася, Косця «выпадкова» пахіснуўся, абапёрся на цешчыну (і яшчэ пасажную!) шафку, у якой жонка трымала посуд. Давялося купіць адно і абнавіць другое.

Затым хітрун пераключыўся на ванную: гантэляй «незнарок» зачапіў умывальнік. Ала, убачыўшы трэшчыну, абазвала мужа вандалам, дзень не размаўляла, але ж потым у ванным пакоі з'явіўся прыгожы «кампакт».

На чарзе была плітка, ад якой «незразумела чаму» сталі адвальвацца кавалачкі.

Факт, што кватэра стала мяняць свой выгляд. Машыну таксама сям'я купіла — новую... «Абнавіць бы яшчэ гардэроб», — думаў Косця.

А тут якраз і нагода: іх запрасілі ў госці, жонка напрасавала сваю адзіную парадную сукенку — разлажыла на канапе. Ён жа, «няўклюдны» муж, праходзячы міма са сваім кубкам кавы, якраз там спатыкнуўся...

— Ну, не бядуй ты па гэтай сукенцы! — прасіў потым жонку, разглядаючы пляму. — Машына ж пад акном, гандлёвы цэнтр працуе...

— Там усё дарагое! — пярэчыла жонка.

— Тады што — мы ў госці не ідзём? Ці ты — у халаце?.. Не хочаш? Тады бяры грошы, паехалі!

...На месцы, у тым гандлёвым цэнтры Ала, як ні дзіўна (час яшчэ быў), шмат да чаго прыглядалася, ацэньвала, выбірала і нават прымярала: апроч сукенкі і прыгожых туфель адклала для сябе спадніцу і пару блузак...

— Гэта ўсё? Мы ідзём да касы? — спытаў задаволены муж.

— Пачакай, — спыніла жонка. — Глянь, якое прыгожае норкавае футра вісіць... Можна я памераю?

Косця, ну вядома ж, згадзіўся, але потым, убачыўшы цэннік, тут жа змяніўся з твару. Па ўсім выглядала, што з кавай ён, здаецца, перастараўся.

Алена НЕСЦЯРОНАК

г. Докшыцы


Малюнак Анатоля Гармазы.

Не патрэбен сыр, калі ў хаце мір

«Ешце сваё!» — правільна людзі кажуць. І я так лічу. Але ж вушы не заткнеш — чую нейчае: «Ах, сушы!», «Ах, ролы ды сыр з цвіллю!» Быццам з'еў іх і ты ўжо — нібыта сучасны, прасунуты, можа, нават далучаны да чагосьці высокага, бо гэта ж модна і дорага, бо гэта — не сваё, не наскае і прытым даступнае: прадаецца не толькі ў сталіцах.

У вёсцы, кажуць, чалавек у краму зайшоў, папытаўся, ці ёсць «Ракфор»? Прадавачка яму: «А што гэта?» — «Ну сыр такі, з цвіллю». — «Не, — жанчына ў адказ, — сыру з ёю — няма, а вось каўбаса, можа, дзе і завалялася? Калі будзеце браць, — пашукаю».

Заўважылі: сыру няма, бо з цвіллю — значыць, сапсаваны. У вёсцы так лічылі, аж пакуль асобныя з нашых мужчын у «дальнабоі» не пайшлі, не сталі па ўсёй Еўропе ездзіць! Адзін — Васечка — аж да Парыжа дапяў! Во ўжо яго Ніначцы шчасце было! Ну як жа: прывязе адтуль касметыкі, прыгожай бялізны, духоў — сяброўкі проста памруць ад зайздрасці!

Карацей, чакала жанчына мужа як ніколі, здаецца. Прычакаўшы, яшчэ ў абдымках спытала, ці прывёз ёй «Чорнай магіі»? — «А як жа, прывёз! — буркнуў стомлены муж. — І не толькі яе! Ты сама там сумкі разбярэш... Я гадзінку пасплю».

І тут жа, бедны, у ложак, бо які там сон у машыне?

Жонка яму падушачку паправіла, спінку абаткнула (усё як ён любіць!), а сама — на кухню і давай калдуны ляпіць, давай булёнчык варыць, бо згаладаўся ж Васечка ў сваёй дарозе, бо сумаваў, нябось, без свежага, без хатняга?!

Да сумак толькі потым чарга дайшла. Адкрыла першую і вочы разбегліся: касметыка, маечкі-кофтачкі, калготы-шпілечкі...

Стала па чарзе прымяраць: у нешта прыбралася, «Чорнай магіяй» надушылася, нафарбавалася. У люстэрка глянула — ну чыстая «мадам» з Парыжа!

А вось другую сумку адкрыла і разгубілася: смурод у хату пайшоў... Быццам мыш недзе здохла?

Паглядзела, перабрала пакункі, — мышкі ў сумцы няма, сыр ёсць, ці нешта падобнае — толькі з цвіллю. Значыць, сапсаваўся... Ну ведама — такая дарога, ды яшчэ і горача там... «Шкода прадукту, — падумала Ніначка, — але ж халера з ім! Свайго сыру купім, а гэты — у смецце ды адразу на вуліцу, каб паху не было... І сумку на плот... Хай паветрае».

Толькі вынесла (уся такая, у «прыкідзе»...) — Вася прачнуўся. Ніна тут жа ўсё на стол, чарачку наліла і насупраць села — кампліментаў чакаць.

— А сыру французскага чаму не падрэзала? — падцягнуўшы бліжэй талерку з калдунамі, пытаецца муж.

— Дык ён жа не даехаў: сапсаваўся ў дарозе, ад цвілі — аж пасінеў!

— У Францыі такія ядуць, — з веданнем справы адзначыў Вася. — У іх далікатэсам яны лічацца... Я, праўда, не каштаваў, думаў, мо ты зацэніш?

— А я за яго — і вон, — павінілася Ніначка. — Смеццявозка забрала.

— Ну і няхай вязе! — усміхнуўся муж. — На стале столькі ўсяго, што і сыр не патрэбны!

Так сказаў Вася. І я так кажу: «Давайце есці сваё!»

С. ВАРОНІНА

Быхаўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР


Ад яе ж: нехта дасылае свае гісторыі гады ў рады (то-бок вельмі рэдка), нехта — часцяком, нехта (як надоечы) — упершыню, але ж, на шчасце — з нумарам тэлефона для зваротнай сувязі. Значыць, можна набраць патрэбныя лічбачкі, сказаць чалавеку, што яго, шчыра кажучы, слабаватая гісторыя пагражае заняць ажно цэлую старонку («А я вам столькі і пісаў!» — чуецца ў адказ), што над ёй, той гісторыяй, добра было б яшчэ папрацаваць: істотна скараціць, перакласці з рускай мовы на нашу... («А ў вас што — няма каму гэта зрабіць?» — абураецца аўтар)...

І пры гэтым побач з нумарам тэлефона і без нейкіх там «калі ласка» пазначае: «Ганарар выслаць на адрас...»

Карацей, вясёлыя ў нас чытачы! Каб яшчэ і такія гісторыі...

Пішыце! Конкурс на найлепшую — працягваецца.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.