Вы тут

Інтрыгоўны «Synopsis». Чым здзівіў гледачоў чарговы фестываль студэнцкага кіно


У панядзелак, 22 мая, у сценах сталічнай івент-прасторы «Батанік» прайшоў фестываль студэнцкага кіно «Synopsis» — трэці пад такой назвай. У рамках фэсту свет убачылі новыя кароткаметражныя работы васьмі маладых аўтараў. Імёны некаторых з іх могуць быць вядомы гледачам па мінулых гадах, іншыя — дэбютанты. Акрамя ўласна кінапаказаў наведвальнікаў чакалі зладжаныя экспертамі, прадстаўнікамі індустрыі, лекцыі і майстар-класы па кінарэжысуры і акцёрскім майстэрстве.


Афіша вэб-серыяла.

Да 2021 года форум насіў іншую назву — «Кальварыйскія бабры». Стартаваўшы больш за дзесяць гадоў назад як капуснік студэнтаў факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, разлічаны выключна на «ўнутранае спажыванне» ў сценах факультэцкіх аўдыторый па адрасе Кальварыйская, 9, «Бабры» ў выніку прараслі за межы вучэбнага будынка і ператварыліся ў «Synopsis» — паўнавартасную фестывальную адзінку з дырэкцыяй, паважанымі спікерамі і спонсарскай падтрымкай. Гісторыя гэтага цудоўнага пераўвасаблення вартая асобнага матэрыялу, аднак вернемся лепш да дня сённяшняга.

Фестываль 2023 года пачаўся з лекцыі рэжысёра і сцэнарыста, аўтара кароткаметражных фільмаў «Дарога» (2020) і «Аднойчы была зямля» (2022), трыумфатара «Synopsis-2021» (а яшчэ дзясяткаў іншых фестываляў у Беларусі і па ўсім свеце) Кірыла Халецкага — аб базавых навыках пастаноўшчыка. «Пачаць шлях у рэжысуры варта з адказу на простае пытанне: “Навошта патрэбны рэжысёр?” Для сябе я гэта сфармуляваў так: калі даць адзін і той жа сцэнарый некалькім рэжысёрам, кожны з іх убачыць гісторыю па-рознаму і здыме сваё кіно. Значыць, рэжысёр — гэта той чалавек, які прапускае гісторыю праз сябе, рэжысёр — гэта погляд», — пачаў сваю лекцыю адораны кінематаграфіст.

Наступным пасля Кірыла Халецкага гледачоў размінаў (прычым у прамым сэнсе) акцёр тэатра, кіно і рэкламы, педагог школы акцёрскага майстэрства Akter.by і «эксперт па разняволенні» Ігар Сізаў. Амаль цэлую гадзіну гледачы былі ў яго поўным распараджэнні, пагадзіўшыся ўзяць удзел у майстар-класе «Акцёрскае мастацтва ў кіно». Пачынаючы ад простых практыкаванняў накшталт самавызвалення з палону ўяўнага касцюма, які нібыта шчыльна аблягае з галавы да ног, і заканчваючы індывідуальнымі выступленнямі перад натоўпам, прысутныя вучыліся авалодваць сваім целам і не саромецца публікі.

Абодва згаданыя спікеры ўвайшлі ў экспертнае журы кінаконкурсу. Кампанію ім склалі сцэнарыстка, пісьменніца Таццяна Шыванава і рэжысёр, прадзюсар, заснавальнік імянной кінашколы-студыі Андрэй Палупанаў. Гонар адкрываць кінематаграфічную праграму выпаў фільму «Піцерская гісторыя» рэжысёра Мікіты Фалынскова. Што перад намі не дэбют, адчуваецца адразу. Кампазіцыя, фармат, каларыстыка — усё як у вялікім кіно. З-за плячэй выглядваюць вопыт і мноста няўдалых спроб. Простая гісторыя перамяшчае нас у Ленінград 1970-х, дзе маладая выпускніца педагагічнага неахвотна пагаджаецца на размеркаванне ў дзіцячую псіхіятрычную лячэбніцу. У наш час былая настаўніца (ролю выканала народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова) дзеліцца з тэлерэпарцёрамі ўспамінамі аб тых гадах.

Працягнулася кінапраграма паказам мікраметражнага фільма «Суразмоўца пакінуў чат» Глеба Спірыдонава. Як і папярэдні аўтар, Глеб раней ужо ўдзельнічаў у фестывалі і з таго часу заўважна падцягнуў свае навыкі. Задума стужкі, знятай на смартфон, простая як камень: дзяўчына перапісваецца з хлопцам, той пачынае дзіўна сябе паводзіць, потым пакідае чат і… грукат у дзверы. Аднаго сказа дастакова, каб апісаць і наступную работу ў конкурсе — кліп «Верныя сябры дзяцінства» ад Дар’і Васільевай. Дыхтоўны музычны ролік, зроблены па заказе аздараўленчага лагера «Зубраня», дэманструе, як дзеці ператвараюцца ў важатых і праносяць сваё сяброўства праз гады. Пакінуў гледачоў у збянтэжанасці фільм «Гэта праблема» дэбютанта Марата Абрамяна, пастаўлены ім на аматарскай студыі «Несцерка». Зрэшты, рэжысёр прызнаў, што работа не закончана, а наперадзе каманду чакае яшчэ шмат працы.

Асобна вылучаюцца стужкі «Барвенак» і «Мама, пазвані». Абедзве карціны зняты ў суаўтарстве і абедзве — у рамках кінатрэнінгу «Фільм за чатыры ўікенды» кінашколы-студыі Андрэя Палупанава. Работа творчага дуэта «Код» (Кацярына Бабарыка і Вольга Папкова) «Барвенак» заснавана на палескім фальклоры, калі верыць цітрам, і апавядае гісторыю маладой дзяўчыны, якая, не могучы перажыць раптоўную смерць суджанага, звяртаецца да ведзьмы па дапамогу. Нічога добрага падобныя змовы, як вядома, не абяцаюць, таму чакаць хэпі-энду не даводзіцца. У сваю чаргу ў творы Карыны Сергіенкі і Вікторыі Шчалканавай пад назвай «Мама, пазвані» нябожчыцу (ці ўсё ж не?) маці спрабуе вярнуць да жыцця маленькі хлопчык… Завяршыўся ж «Synopsis-2023» прэм’ерным паказам першай серыі трохсерыйнага вэб-серыяла «Найгоршыя гады. Веста», да стварэння якога меў дачыненне адзін з удзельнікаў — Глеб Спірыдонаў.

Каміла НАВІНКІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».