Вы тут

Вольга Папко пра асаблівае значэнне кніжнай серыі «Старадаўнія сядзібы...»


Краязнаўчая літаратура апошнім часам перажывае чарговы рэнесанс. Разумеюць гэта і ў Выдавецкім доме «Звязда», надаючы вялікае значэнне выпуску кніг адпаведнай тэматыкі. Бадай, найважнейшае месца сярод іх належыць выданням Анатоля Федарука пад брэндам «Старадаўнія сядзібы…», якія за два дзесяцігоддзі вылучыліся ў асобную серыю. Пра важнасць і асаблівае значэнне серыі для краіны распавяла яе навуковы рэдактар — гісторык і грамадскі дзеяч Вольга Папко.


З чым, на вашу думку, звязана павышаная цікавасць да краязнаўчай літаратуры і ў чым яе сапраўдная вартасць для сучаснікаў?

— Мне падаецца, што цікаўнасць да гісторыі краю цесна звязана з захапленнем гісторыяй сваёй сям’і, вёскі або горада. Апошнім часам усё больш людзей імкнецца нешта даведацца пра свой род, знайсці карані, пашырыць уяўленні пра мінулае. Нярэдка з такіх даследаванняў вырастаюць краязнаўчыя кнігі. Пошукі захапляюць, могуць весціся дзесяцігоддзямі… Неаднойчы сярод краязнаўцаў я сустракала сапраўдных спецыялістаў па гісторыі рэгіёнаў, якія ведаюць зямлю, вёскі, сядзібы, урочышчы, добра разбіраюцца ў дакументах. Менавіта на іх старалася абапірацца, калі рэдагавала серыю кніг Анатоля Федарука.

Кнігі Анатоля Федарука — з’ява ў айчыннай гісторыі і культуры. Якое месца займаюць яны сярод іншых падобных твораў?

— Анатоль Тарасавіч быў сур’ёзным вучоным-біёлагам, доктарам навук, чалавекам уплывовым у сваёй галіне. Яму ўдалося стаць выключным спецыялістам у пытанні гісторыі беларускіх сядзіб, якія ён даследаваў з 1980-х гадоў. На яго вачах сядзібы разбураліся, прыходзілі ў заняпад, нярэдка знікалі. Усё пачалося з апісання расліннага свету сядзіб, дзе нярэдка расло шмат экзатычных для Беларусі дрэваў, кустоў і кветак, існавала ўнікальная культура садаводства і стварэння паркаў. Паступова ён пачаў даследаваць гісторыю, лёсы ўладальнікаў і архітэктуру сядзіб. Так з’явіліся яго першыя кнігі пра сядзібна-паркавыя ансамблі. Ужо ў пачатку XXI стагоддзя стала выходзіць яго знакамітая серыя, распачатая вялікім томам пра сядзібы Мінскай вобласці. Праз некалькі гадоў пабачыў свет том, прысвечаны Брэстчыне. Потым быў перапынак, але Анатоль Тарасавіч не пераставаў ездзіць, даследаваць сядзібы і паркі. Матэрыялу па наступным цікавым для яго рэгіёне — Гродзенскай вобласці — было так шмат, што ўмясціцца ў адзін, нават грувасты том, ён не мог.

Роля Анатоля Федарука ў абуджэнні цікавасці да гісторыі — выключная. Ён не толькі аб’язджаў сядзібы, апісваў і даследаваў іх, але і шмат выступаў на канферэнцыях, кансультаваў уладальнікаў і арандатараў, якіх з гадамі станавілася ўсё больш, распрацоўваў праекты аднаўлення паркаў пры музеях, што ствараліся ў сядзібах, вазіў туды экскурсіі.

Як знаёмства з серыяй «Старадаўнія сядзібы...» спрыяе павышэнню ўвагі (і з боку ўлад, і з боку энтузіястаў) да гісторыка-культурнай спадчыны краіны?

— Анатоль Тарасавіч падрыхтаваў рукапісы пра сядзібы і паркі на палове тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Уяўляеце сабе? На палове! Гомельская, Магілёўская і Віцебская вобласці такіх кніг не дачакаліся. Канешне, ёсць іншыя даследчыкі, у тым ліку і краязнаўцы, аднак асаблівасцю кніг Федарука з’яўляецца іх універсальнасць.

Безумоўна, кнігі прыцягвалі ўвагу да рэгіёнаў, стану архітэктурных помнікаў і паркаў, станавіліся важнай крыніцай для складання новых турыстычных маршрутаў. Дарэчы, іх актыўна набывалі і чыталі людзі, якія займаюцца развядзеннем дрэў і кустоў на продаж. З іх можна даведацца, дзе на Беларусі растуць самыя рэдкія дубы, грэцкія арэхі і розная падобная экзотыка.

Ці будзе серыя працягвацца без Анатоля Тарасавіча?

— «Звязда» выдала два апошнія тамы кніг, прысвечаных вельмі цікавым сядзібам на тэрыторыі Свіслацкага, Слонімскага, Смаргонскага і Шчучынскага раёнаў Гродзенскай вобласці. У планах перавыданне самай першай кнігі аўтара пра сядзібы Мінскай вобласці. Яна пабачыла свет 20 гадоў назад, з таго часу шмат што змянілася, некаторыя помнікі былі адрэстаўраваны, заззяў на нашым турыстычным небасхіле Нясвіж.

Хачу падзякаваць Выдавецкаму дому «Звязда», а таксама аўтарскаму калектыву, усім, хто мае дачыненне да падрыхтоўкі кніг, асабліва дачцэ прафесара Наталлі Анатольеўне Федарук, якая шмат дапамагала свайму бацьку, а цяпер імкнецца ўшанаваць яго памяць.

У мяне нарадзілася ідэя прысвоіць Тэльмаўскай сярэдняй школе, якую ў 1956 годзе скончыў Анатоль Федарук, яго імя. Ён з’яўляецца самым вядомым выпускніком гэтай школы і заслугоўвае такога гонару. Хлопчык, народжаны ў сялянскай сям’і ў 1939-м, пераломным для нашай краіны, змог стаць чалавекам, які шмат зрабіў для яе. Спадзяюся, што ідэя будзе падтрымана.

Гутарыў Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».