Вы тут

Як пачалася дзейнасць ВД «Звязда» і якімі прыярытэтамі ў кнігавыданні кіруюцца «звяздоўцы» цяпер


Выдавецкі дом «Звязда» ў справе кнігавыдання з 2012 года стаў правапераемнікам рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і Мастацтва», створанай у 2002 годзе. За два дзесяцігоддзі ўжо ў межах аб’яднанага медыйнага прадпрыемства свет пабачылі каля 1000 назваў кніг. Як усё пачыналася, якімі прыярытэтамі ў кнігавыданні кіруюцца «звяздоўцы» цяпер — наша размова з дырэктарам — галоўным рэдактарам Выдавецкага дома «Звязда» Алесем Карлюкевічам.


 

Алесь Бадак атрымлівае Нацыянальную літаратурную прэмію за кнігу «Уладар ветру» (Выдавецкі дом «Звязда»), 2022 г.. Фота: БелТА

— І ўсё ж такі, чаму спадарожнікам фактычна медыйнага выдавецтва стала кнігавыдавецкая справа?

— Сапраўды, нячаста даводзіцца зазіраць у параўнальна блізкую гісторыю, а між тым адказы на некаторыя пытанні даволі часта хаваюцца якраз у нядаўнім часе… Да пачатку 2007 года ў РВУ «Літаратура і Мастацтва» выйшла некалькі кніг пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Як мастацкіх, так і публіцыстычных. Выйшлі дзве ці тры кнігі і самаакупныя. Дарэчы, зборнікі паэзіі. Відавочна, жаданне супрацоўнікаў літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў выдаваць свае творы, кнігі аўтараў часопісаў недзе спела ў глыбіні свядомасці, магчыма, абмяркоўвалася паміж галоўнымі справамі… Такім чынам мы і паспрабавалі… Не пашыраючы штат, сіламі аднаго-двух рэдактараў, прыцягваючы да супрацоўніцтва рэдактараў, спецыялістаў, якія працавалі ў газеце «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Всемирная литература», падрыхтавалі і выдалі ў 2007 годзе 13 кніг, у 2008 годзе — ужо 26… Далей — болей…

— Ці памятаеце тыя першыя выданні?

— Чаму ж не?!. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раіса Андрэеўна Баравікова ўклала кнігу празаічных і паэтычных твораў для дзіцячага чытача «Чырвоная кніга ў казках і вершах». Выдатны мастацкі падручнік экалагічнага выхавання малодшых школьнікаў! Выйшлі дзіцячыя кнігі Міхася Пазнякова, Анатоля Зэкава, Андрэя Федарэнкі, Валерыя Кастручына, Раісы Баравіковай, Уладзіміра Мазго, Зоі Гарадзецкай, Алеся Бадака… Дарэчы, для многіх пісьменнікаў выдавецтва стала літаральна сваім. Як для Валерыя Кастручына, Міколы Чарняўскага, Алеся Бадака і шмат яшчэ каго. А пазней — і для Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Паўла Гушынца, Генадзя Аўласенкі, Сяргея Трахімёнка…

— Ці адразу выпрацавалі крытэрыі для развіцця кнігавыдавецкага кірунку?

— Нам цяжка было раўняцца на такія магутныя па сваіх магчымасцях, шырокія па вызначэнні палітры кніжнай прадукцыі выдавецтвы, як «Мастацкая літаратура», «Беларусь», «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Народная асвета»… Тэматычныя абсягі мы шукалі паступова. Але ўжо ў першыя гады выпрацавалі некаторыя прынцыповыя падыходы. Па-першае, многія аўтары працавалі поруч з кніжнай групай, у суседніх пакоях, рэдагавалі чужыя творы і па меры магчымасцей пісалі свае ўласныя. Па-другое, мы наўмысна звярнулі ўвагу на публіцыстыку, пачалі складаць кнігі з напісанага і надрукаванага ў грамадска-палітычных штодзённых газетах. Усталяваліся добрыя сувязі з такімі выданнямі, як «СБ. Беларусь сегодня» і «Звязда». Публікацыі ў некаторых газетных рубрыках станавіліся зборнікамі, кнігамі ў серыі «Беларусь вчера и сегодня». Так мы выдалі «Время и бремя архивов и имен», «Белорусские сокровища за рубежом», складзеныя з газетных публікацый выдання «СБ. Беларусь сегодня». Падзеяй стала і кніга публіцысткі на той час кандыдата філалагічных навук (цяпер яна — ужо доктар навук) Таццяны Падаляк «Нашчадкі вогненных вёсак». І яшчэ літаральна з самага пачатку выдавецкай дзейнасці мы сталі шукаць арыгінальныя ідэі, арыгінальных аўтараў на гісторыка-асветніцкую, культуралагічную тэматыку. Раіліся, дарэчы, з бібліятэкарамі з розных рэгіёнаў краіны, шукалі падказкі нават у мясцовым друку. Як вынік — з’яўленне кніг, прысвечаных краязнаўству Сенненшчыны, Асвейскай трагедыі, укладзены слуцкай музейшчыцай Наталляй Серык зборнік «Слуцк. Путешествие во времени», серыя кніг Анатоля Бутэвіча, прысвечаная замкам Беларусі… Падзеяй стала і адна з першых кніг, якую падрыхтаваў мастацтвазнавец Юры Малаш, — «Патаемнае наіўных мастакоў Беларусі». Выключна творчы чалавек, сам мастак-прымітывіст, стварыў кнігу пра інсітнае мастацтва ў даўніну і ў найбліжэйшыя да нас часіны. Выдалі 1000 экзэмпляраў і не прагадалі. Цяпер, хаця прайшло ўсяго пятнаццаць гадоў, кнігу ні ў адной з букіністычных крам не знойдзеш.

І праца над выданнямі падобнага характару, якой бы складанай яна ні падавалася, стала нам даволі цікавай. Так нарадзіліся і займелі добры розгалас два мастацкія альбомы з цікавымі ілюстрацыямі, грунтоўнымі мастацтвазнаўчымі каментарыямі — «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка» і «Палескія былі ў творах Івана Супрунчыка». Гэтыя творчыя праекты, падрыхтаваныя мастацтвазнаўцам, даследчыцай Вольгай Аляксандраўнай Лабачэўскай, заклалі падмурак нашых зацікаўленняў мастацкімі альбомамі ўвогуле. За розныя гады ў нас выйшлі альбомы, прысвечаныя мастакам, скульптарам Рыгору Сітніцу, Вячаславу Паўлаўцу, Валерыю Даўгалу, Уладзіміру Слабодчыкаву, Сержуку Цімохаву, Сяргею Каткову…

— І ўсё ж пра мастацкую літаратуру… Якое месца яна займае ў кнігавыдавецкай дзейнасці «Звязды»?

— Прывяду прыклад. У 2013 годзе мы выпусцілі 96 назваў кніг. Прыблізна каля 60 з іх — кнігі мастацкай літаратуры. Большую палову з іх займаюць кнігі для дзяцей. Астатнія — проза, паэзія сучасных аўтараў. Выдаём і літаратуру перакладнога характару — творы пісьменнікаў іншых краін на беларускай і рускай мовах. Такія прапорцыі захоўваюцца і цяпер.

— Каго б з сучасных аўтараў выдавецтва вылучылі за апошнія гады?

— Алесь Бадак выдаў у «Звяздзе» кнігі прозы і паэзіі, асаблівае гучанне займелі зборнік аповесцей і апавяданняў «Ідэальны чытач», кніга вершаў і паэм «Уладар ветру». Некалькі разоў мы перавыдавалі падлеткавую аповесць Алеся Мікалаевіча «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца». Сярод аўтараў нашага выдавецтва — лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай прэміі СССР, Прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алесь Жук, Аляксей Дудараў, Мікола Мятліцкі, Алесь Марціновіч, Уладзімір Саламаха, Георгій Марчук, Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Іван Штэйнер, Уладзімір Гаўрыловіч, Іван Юркін, Алена Стэльмах, Міхась Пазнякоў… Сярод нашых аўтараў, што робіць выдавецтву асаблівы гонар, — народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец. Мы выдалі некалькі яго раманаў, у тым ліку — і ў перакладзе на беларускую мову. Выдалі два тамы яго насычанай, багатай фактаграфічна і проста даволі цікавай мемуарнай прозы. Дарэчы, у партфелі — і рукапіс новага тома мемуараў Мікалая Чаргінца.

— Вы гаварылі пра перакладную літаратуру…

— Вядома ж, не самы прыбытковы накірунак у кнігавыдавецкай дзейнасці… Але і на яго мы звяртаем асаблівую ўвагу. Дарэчы, дзверы нашага выдавецтва адчынены і для пісьменнікаў Расійскай Федэрацыі. У свой час мы выдалі кнігу вершаў Яўгенія Еўтушэнкі «Сережка ольховая». Паэт прыязджаў у Беларусь, выступіў са сваімі вечарынамі ў трох гарадах — у Мінску, Гомелі, Калінкавічах. Кніга разышлася за лічаныя дні. Выдалі незадоўга да смерці класіка рускай прозы кнігу Валянціна Распуціна «Рассказы». У «Літаратуры і Мастацтве» і «Звяздзе» выходзілі кнігі Алеся Кажадуба, Барыса Косціна, Аляксандра Чарняка, Валерыя Казакова. У свой час пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі мы рэалізавалі праект «Созвучие сердец» з 11 кніг. Гэтая бібліятэчка паказала сучасныя нацыянальныя літаратуры краін СНД і беларускую літаратуру на рускай мове. З прэзентацыяй серыі прадстаўнікі нашага выдавецтва пабывалі ў розных краінах, у тым ліку — і за межамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Праект быў адзначаны Прэміяй СНД «Зоркі Садружнасці». Вялікую ўвагу мы надаём пашырэнню прасторы кітайскай літаратуры ў Беларусі. Выдалі пры падтрымцы і кітайскага боку кнігу перакладаў кітайскай паэзіі «Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая». Тыраж неверагодны для паэтычнай кнігі — 2500 экзэмпляраў. Перакладчык Мікола Мятліцкі быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва. Выдавалі серыю «Светлыя знакі: Паэты Кітая», у якой пабачылі свет зборнікі вершаў Ду Фу, Ай Ціна, Лі Бо, Ван Вэя, Лі Цінчжаа, Ван Гачжэня, Мэн Хаажаня… Збіраемся прадоўжыць гэты праект. Перакладныя кнігі, несумненна, спрыяюць развіццю міжнародных літаратурных стасункаў, дэманстуруюць свету нашы магчымасці, нашу прыязнасць да розных культур. Праводзіцца свайго роду мастацкая літаратурная дыпламатыя.

— Вы агучылі шмат імёнаў, назвалі канкрэтныя выданні… Відавочна, што ў кнігавыдавецкай справе «Звязда» працуе ў даволі шырокім рэчышчы… Што, на ваш погляд, застаецца па-за ўвагай, да чаго не даходзяць рукі, калі так можна сказаць?

— Літаратурны, кнігавыдавецкі працэс патрабуе ўвагі да гісторыі літаратуры. Жыццяпісы найболей цікавых літаратараў, літаратурна-крытычныя працы, гісторыя кніжнай справы — гэта неабходны кірунак. Мо і не так шмат чытачоў у падобнага тэматычнага абсягу, але ж такія кнігі патрэбны настаўніку, выкладчыку ВНУ, гісторыкам, краязнаўцам… І не ўлічваць гэтага — значыць губляць нешта вартаснае, важкае. Сёе-тое мы робім у гэтым плане. У розныя гады выдалі кнігі літаратурнай крытыкі, літаратуразнаўчыя працы дактароў філалагічных навук Алега Лойкі, Івана Штэйнера, Алеся Бельскага, Вячаслава Рагойшы, кандыдатаў філалагічных навук Міколы Мікуліча, Лады Алейнік, Ірыны Шаўляковай, а таксама Леаніда Галубовіча, Марыі Верціхоўскай… Выдалі зборнік пісьменніцкіх аўтабіяграфій — «З росных сцяжын». Дарэчы, калісьці выйшлі тры тамы аўтабіяграфій пісьменнікаў Беларусі — «Пра час і пра сябе», «Пяцьдзясят чатыры дарогі», «Вытокі песні»… Чаму б не прадоўжыць гэтую справу. Вырасла, сфарміравалася новае пакаленне таленавітых літаратараў. А што пра іх ведае чытач? Праўда, часам даводзіцца чуць, што за пісьменніка гавораць яго творы… Але хіба не цікава ведаць, дзе нарадзіўся той ці іншы паэт ці празаік, дзе, у якіх умовах выспяваў яго талент, з якімі думкамі і перакананнямі прыйшоў ён у літаратуру… Мы выдалі ў свой час шэраг падобных па структуры зборнікаў: «Васіль Быкаў: вядомы і невядомы», «Іван Шамякін: вядомы і невядомы», «Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы», «Сяргей Грахоўскі: вядомы і невядомы». Відаць, варта вярнуцца да гэтага праекта. У 2024 годзе — 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Чаму б не перавыдаць згаданую кнігу «Васіль Быкаў: вядомы і невядомы»?.. Увага да класічнай літаратуры, імкненне прапагандаваць мастацкую спадчыну выхоўваюць культуру чытача, сведчаць пра вартасці здзейсненага нашымі вялікімі папярэднікамі. Памылкова было б не ўлічваць гэтага.

— Дзякуй за размову, якая дазволіла акрэсліць асноўныя прыярытэты ў кніжнай працы Выдавецкага дома «Звязда». Поспехаў і новых цікавых кніг!

Гутарыў Раман СЭРВАЧ


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.


Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Усвядомлены выбар. Ці модна сёння «купляць беларускае»?

Усвядомлены выбар. Ці модна сёння «купляць беларускае»?

Гутарым з намеснікам старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталляй Мурашка.