Вы тут

На журфаку ўзнагародзілі лаўрэатаў літаратурнага конкурсу


Вясна — час, які традыцыйна атаясамляецца з паэтычным натхненнем. Квітнеюць сады, квітнеюць пачуцці, кладуцца на паперу ўзнёслыя радкі... Вясной традыцыйна падводзяцца і вынікі літаратурнага конкурсу «БрамаМар». Гэта студэнцкі праект, ініцыяваны кафедрай літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі, ён не аднойчы перамагаў у конкурсе «Лепшы моладзевы праект БДУ». Арганізатарамі конкурса акрамя кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі з’яўляюцца: РВУ «Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура» і РУП «Выдавецтва «Беларускі дом друку» (часопіс «На экранах»). Сёлета конкурс адбыўся ў дванаццаты раз. На яго было даслана больш за дзве сотні прац у пяці намінацыях: «Студэнцкая проза», «Студэнцкая паэзія», «Студэнцкая крытыка», «Школьная проза» і «Школьная паэзія».


У цырымоніі ўзнагароджвання, якая адбылася на журфаку, удзельнічалі дэкан факультэта журналістыкі Аляксей Бяляеў, старшыня журы, паэт, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, загадчыца кафедрай літаратурна-мастацкай крытыкі Людміла Саянкова-Мяльніцкая, а таксама пастаянныя сябры журы паэт, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура»-галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп і галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Вольга Рацэвіч

Прыемна, што сярод работ, дасланых на конкурс, было шмат на беларускай мове. Як паказалі дасланыя апавяданні і вершы, хвалююць маладых аўтараў не толькі лірычныя перажыванні, але і праблема захавання гістарычнай памяці, пераемнасць пакаленняў, духоўныя каштоўнасці. Не адна праца, дасланая з рэгіёну, была прысвечана малой радзіме, яе гісторыі, яе выбітным людзям і дарагім сэрцу аўтара традыцыям.

— Прыемна, што конкурс выяўляе таленты, якія пасля ўпрыгожваюць старонкі нашых літаратурных выданняў, — кажа Віктар Шніп. — Напрыклад, пераможца ў намінацыі «Школьная паэзія» Паліна Дваранская, якая цяпер вучыцца ў ліцэі БДУ, перамагала і мінулы год, з’яўляецца аўтарам часопіса «Маладосць» і сёлетняй пераможцай яшчэ аднаго літаратурнага конкурса — «Першацвет». А пераможца ў намінацыі «Студэнцкая крытыка» Ксенія Зарэцкая, якая заканчвае вучобу ў БДУ, ужо з’яўляецца супрацоўнікам часопіса «Маладосць». Я судзіў намінацыю «Школьная паэзія». Многія ўдзельнікі выбіралі самую складаную тэму — любоў да радзімы. Гэта вельмі няпроста, бо лепшыя вершы пра гэта ўжо напісаныя класікамі, і мы іх добра памятаем. І цяжка, ствараючы самому, не збіцца на паўторы, на агульныя словы. Але добра, што маладыя бяруцца за такую тэму, і ў некаторых атрымліваюцца ўласныя знаходкі. Хачу шчыра падзякаваць кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі, які столькі гадоў сіламі супрацоўнікаў і студэнтаў праводзіць вельмі патрэбны конкурс. А ўдзельнікам пажадаю болей чытаць беларускай літаратуры, выпісваць беларускія літаратурныя выданні. 

На цырымонію ўзнагароджвання з’ехалася таленавітая моладзь з усёй Беларусі. Многія юныя ўдзельнікі з’явіліся з настаўнікамі, з бацькамі. Адчувалася, якая для іх гэта падзея — пабыць на журфаку. Некаторыя пасля, напэўна, захочуць стаць студэнтамі гэтага факультэта. Усе пераможцы атрымалі дыпломы і памятныя падарункі, атрымалі парады ад вядомых пісьменнікаў. 

Людміла ІВАНОВА

Фота з сайта журфака БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».