Вы тут

Засцярога ад мурашак


Гэтыя насякомыя кемлівыя і ўпартыя ў дасягненні сваіх мэт, таму не ўсе пасткі з'яўляюцца для іх непераадольнай перашкодай. Лічыцца, што там, дзе ёсць мурашкі, павышаная кіслотнасць глебы. Мурашкі запавольваюць рост раслін і псуюць ягады, гародніну і караняплоды, а таксама распаўсюджваюць на культурныя расліны тлю.


Часам здараецца так, што мурашкі наносяць вельмі адчувальную шкоду, і змаганне з імі становіцца вострай неабходнасцю. Разгледзім найбольш эфектыўныя і простыя спосабы барацьбы з мурашкамі без выкарыстання хімічных прэпаратаў. Хімію наогул рэкамендуецца прымяняць толькі ў самых крайніх выпадках.

Змагаемся з тлёй

Спосаб вельмі просты і эфектыўны: на дапамогу прыходзіць прыроднае рэчыва — бярозавы дзёгаць. Мурашкі вельмі дрэнна пераносяць рэзкія пахі. Робіцца ўсё вельмі проста: звычайны бінт абмотваем у некалькі пластоў вакол ствала і насычаем яго бярозавым дзёгцем. На ўвесь сезон можна забыцца пра мурашак і тлю на дрэве.

Але ёсць адзін вельмі важны момант: дзёгаць хоць і прыроднае рэчыва, тым не менш ён вельмі агрэсіўны і можа пашкодзіць кару дрэва. Таму перш чым нанесці дзёгаць (або іншае рэчыва, якое адпужвае), абгарніце дрэва поліэтыленавай плёнкай або скотчам. І толькі потым абвяжыце ствол бінтам ці тканінай. Гэтым вы засцеражаце кару ад пашкоджвання агрэсіўнымі рэчывамі.

І вось яшчэ на што трэба звярнуць увагу: у маладых дрэў кара гладкая, плёнка альбо скотч будуць прылягаць да ствала дастаткова шчыльна, і мурашкі не змогуць прапаўзці пад імі. Іншая справа — дарослыя дрэвы. У іх кара шышкаватая і мае мноства расколін і няроўнасцяў, па якіх мурашкі змогуць пералезці пастку. Што ж рабіць у гэтым выпадку? Усё вельмі проста: замажце ўсе расколіны і няроўнасці ў месцы, дзе будзе знаходзіцца пояс, садовым варам ці проста пластылінам.

Апроч мурашак, такая пастка паспяхова ахоўвае і ад шматлікіх іншых шкоднікаў. Вось такім простым спосабам можна надзейна на ўвесь сезон абараніць пладовае дрэва. Паколькі дзёгаць — рэчыва моцна алеістае, то ні дождж яго не змывае, ні на сонцы ён практычна не высыхае. Вядома, калі лета вельмі гарачае ці вельмі дажджлівае, трэба будзе яшчэ раз насыціць лоўчы пояс дзёгцем.

Выратаванне кустоў

Для кожнай галінкі кустоў такі пояс не зробіш. Тут на дапамогу прыходзіць дзягцярнае мыла, якое прадаецца ў любой краме. Заліваем кавалак гарачай вадой у слоіку, і праз два дні атрымліваецца гатовае вадкае мыла.

Разводзім сталовую лыжку сумесі на літр вады і дадаём некалькі кропель звычайнага бярозавага дзёгцю. Ён выдатна раствараецца ў шчолачнай вадкасці. Гэтай сумессю можна апрацоўваць усе кусты, капусту, кветкі і іншыя пасадкі. Атрымліваецца падвойны эфект: дзёгаць і мыла — два ў адным. Гэта вельмі добрая і надзейная засцярога. Хапае надоўга і толькі пасля моцных дажджоў даводзіцца яе абнаўляць.


Сакрэтны рэцэпт ад усіх хвароб агуркоў

Пасля з'яўлення ўсходаў у фазе трох-чатырох лісточкаў агуркі трэба апрацаваць наступным растворам: у вядро вады дадаць 30 кропель ёду, 20 грамаў гаспадарчага мыла і літр малака.

Апырскванне такім складам можна праводзіць прыкладна праз кожныя дзесяць дзён: ад сярэдзіны чэрвеня да сярэдзіны жніўня. Гэты склад ахоўвае агуркі ад усіх захворванняў, і ён бясшкодны, у адрозненне ад хімічных сродкаў.

А ад мучністай расы — апырскаць агуркі сыроваткай.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?