Вы тут

Пяты рэспубліканскі конкурс студэнцкіх сем'яў «Шчаслівыя разам»


Пяты рэспубліканскі конкурс студэнцкіх сем'яў «Шчаслівыя разам» стаў самым маштабным па колькасці ўдзельнікаў за час свайго існавання. Дзесяць яркіх, прыгожых, ініцыятыўных пар з усёй краіны прыехалі ў Магілёў пазмагацца за права даказаць, што менавіта яны і ёсць тыя самыя шчасліўчыкі.


Пераможцамі стала сям'я Максіма і Аліны Дзем'яновіч з Гродна.

Яны яшчэ зусім зялёныя, кранальна трымаюцца за рукі, пры любой магчымасці цалуюцца. Іх не палохаюць выпрабаванні, яны з лёгкасцю пераадольваюць цяжкасці, крыху, вядома, хвалююцца, бо сапернікі ў іх такія ж, як і яны, — мэтанакіраваныя, рашучыя, улюбёныя. Час іспытаў праляцеў як адна хвіліна, але засталіся яркія, прыгожыя ўспаміны. Яго ініцыятар і нязменны арганізатар — Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій — паклапаціўся, каб гэтыя дні не прайшлі для ўдзельнікаў дарэмна.

Найбольш вопытнымі сямейнікамі сталі прадстаўнікі Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А. С. Пушкіна Максім і Марыя Федчыкі. З сабой на конкурс яны прыхапілі і пяцігадовую дачку Кіру. У астатніх пар сямейны стаж быў не такі вялікі. Магіляўчане Юлія і Мікалай Зайцавы, напрыклад, пабраліся шлюбам усяго некалькі месяцаў таму — 25 сакавіка. Мікалай — студэнт Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Юля вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій.

— Стараемся падтрымліваць адно аднаго, саступаць адно аднаму, на жаль, не заўсёды атрымліваецца, — самакрытычна кажа Юля. — Але ўдзел у конкурсе нас загартаваў.

Мікалаю больш спадабаўся першы дзень выпрабаванняў. Нягледзячы на нашэсце машкары, якая напала на моладзь падчас урачыстага адкрыцця на адкрытай пляцоўцы ўніверсітэта, і невялічкага дожджыку, які закапаў падчас праходжання квэсту на стадыёне. Для хлопца галоўным быў актыўны адпачынак, саперніцтва. А вось Юля, як сапраўдная жанчына, адзначыла другі дзень, калі гатавалі вячэру. Яна, дарэчы, і вучыцца на кандытара. Вячэра сапраўды атрымалася шыкоўная — рызота з курыцай, салат «Цэзар» і пірожнае.

Дарэчы, на гатоўку і сервіроўку стала адводзілася ўсяго 1,5 гадзіны.

У Сямёна і Вольгі Шылоўскіх, якія вучацца ў БДУ, з рамантычнай вячэрай наогул атрымалася невялічкая прыгода. Яны старанна рыхтаваліся, нават склалі спіс прадуктаў, але ўсё роўна забыліся купіць асноўны гарнір. Спачатку разгубіліся, але хутка знайшлі выйсце. «Я купіў замарожаную гародніну, і яна стала цудоўным дапаўненнем да нашай любімай стравы — філе з апельсінам і часнаком. Атрымалася смачна», — удакладніў Сямён.

А яшчэ, як прызналася Вольга, яны з мужам вельмі любяць танцаваць. На іх сапраўды было прыемна глядзець, калі яны кружылі венскі вальс на сцэне. Яна пяшчотная ў белай у падлогу сукенцы, ён — высокі, стройны, мужны. Да ведама: пазнаёміліся сужэнцы яшчэ ў школе.

Павел Суша вучыцца ў інстытуце пагранслужбы. З жонкай Наталляй яны аператыўна замянілі пару, якая павінна была прыехаць на конкурс.

— Мы практычна нічога не ведалі пра яго, паглядзелі відэа ў інтэрнэце і рызыкнулі, — прызналіся яны.

Наталля — з Гомельшчыны, а вось для Паўла Магілёў — не чужы горад, ён тут вучыўся ў агралесатэхнічным каледжы.

Антон і Кацярына Булаўкіны пазнаёміліся яшчэ на першым курсе Беларускага дзяжаўнага ўніверсітэта транспарту, а вось сябраваць па-сапраўднаму сталі з другога курса. І зблізіла іх менавіта любоў да творчых мерапрыемстваў: абодва — вясёлыя, крэатыўныя. Аднойчы Антона выбралі для ўдзелу ў міжнародным конкурсе, а ён прапанаваў кандыдатуру Каці. З тых часоў яны заўсёды разам.

Венскі вальс ад Сямёна і Вольгі Шылоўскіх.

— А мы пазнаёміліся ў першы ж дзень, калі сталі студэнтамі Беларускага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта, — расказваюць пра сябе Герман і Юлія Боханы.

Іх сямейная крэда — падтрымка і клопат адно пра аднаго. І сямейны конкурс стаў сапраўдным выпрабаваннем. «Хацелася добра сябе паказаць, таму вельмі хваляваліся», — прызнаецца Юля.

На падвядзенні вынікаў у Палацы культуры вобласці эмоцыі зашкальвалі. Нават вопытныя сужэнцы з Брэста Максім і Марыя збіваліся, чытаючы кранальныя вершы пра сям'ю. Але гледачы дружна падтрымлівалі іх і іх дачку Кіру апладысментамі.

Перад тым як назваць пераможцаў, прарэктар па выхаваўчай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных валокнаў Вольга Мацікава падзякавала ўдзельнікам за тыя эмоцыі і энергетыку, якімі яны шчодра дзяліліся на працягу трох дзён.

— У нас няма тых, хто прайграў, — падкрэсліла яна. — Вы ўсе — пераможцы!

Кожнай сям'і дасталіся каштоўныя падарункі ад шматлікіх спонсараў — бытавая тэхніка, падарункі ад «смачных» партнёраў універсітэта — Магілёўскага мясакамбіната, холдынга «Бабушкина крынка», прадпрыемства «Спартак» і іншыя. А дыплом пераможцы атрымала сям'я Максіма і Аліны Дзем'яновіч — студэнтаў Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

Аліна прапанавала ўсім студэнтам не цягнуць з ўступленнем у шлюб, не чакаць, калі споўніцца 25 гадоў. «Сям'я — гэта вельмі надзейны тыл», — сказала яна з веданнем справы.

Дыпломы трэцяй ступені атрымалі Сямён і Вольга Шылоўскія, Антон і Кацярына Булаўкіны. На другой прыступцы — Мікіта і Юлія Бараноўскія, а таксама Павел і Наталля Суша.

У адрас удзельнікаў гучала шмат цёплых слоў. Сустаршыні конкурсу Уладзімір і Вольга Малышавы ўжо не ўпершыню ацэньваюць моладзь. Калісьці яны самі былі студэнцкай сям'ёй, пабраліся шлюбам на перадапошнім курсе інстытута. Летась яны адсвяткавалі 50-годдзе свайго саюзу.

— Кожны раз мы быццам акунаемся ў нашу студэнцкую маладосць, — прызналіся яны. — Мы ажаніліся ў маі, нам казалі, гэта дрэнная прыкмета, будзеце «маяцца». Але мы развянчалі гэты міф. Дай Бог усім так «пакутаваць», як мы на працягу нашых сумесных ужо амаль 51 года. Сям'я — гэта самае лепшае, што ёсць на свеце. Нягледзячы на ўсе цяжкасці.

За час свайго існавання конкурс сабраў вакол сябе шмат прыхільнікаў і сяброў. Гродзенскі ўніверсітэт імя Я. Купалы і Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках на працягу пяці гадоў прысылаюць на конкурс сваіх удзельнікаў. Прадстаўнікі ад кіраўніцтва гэтых ВНУ заявілі, што Магілёў шмат чаго робіць у кірунку падтрымання гендарнага і сямейнага выхавання студэнтаў, паказвае, што сям'я — гэта крута, а шчаслівая сям'я — яшчэ лепш.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.