Вы тут

Адкрыўся 50-ты злёт-конкурс атрадаў юных інспектараў дарожнага руху


Рэспубліканскі злёт-конкурс атрадаў юных інспектараў дарожнага руху праводзіцца ў нашай краіне кожны год — і так ужо паўстагоддзя. Сёлета ў адборачных (гарадскіх, раённых, абласных) і фінальным этапах злёту-конкурсу ўдзельнічае больш за 2,5 тысячы атрадаў.


Дзеці вывучаюць не толькі Правілы дарожнага руху, але набываюць навыкі бяспечнага кіравання веласіпеда, аказання першай дапамогі пацярпелым, і, самае галоўнае, яны вучацца быць адказнымі і ўважлівымі ўдзельнікамі дарожнага руху. Дзейнасць атрадаў ЮІР аб’ядноўвае таленавітых хлапчукоў і дзяўчынак з розных куткоў нашай краіны, здольных сваім прыкладам садзейнічаць захаванню дзіцячых жыццяў на дарогах.

У цырымоніі адкрыцця, якая адбылася каля стэлы «Мінск — горад-герой», узяў удзел першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка. Ëн падкрэсліў, што мерапрыемства ўзнікла на беларускай зямлі, і ўжо 50 гадоў наша краіна падтрымлівае і развівае гэты рух.

— Сёння ў Мінск прыехалі не толькі каманды-пераможцы абласных спаборніцтваў, але і дружыны з Расіі і Казахстана, — звярнуў увагу Юрый Назаранка. — Спадзяюся, у наступным годзе геаграфія краін-удзельніц пашырыцца. Юідаўцы аказваюць вялікую дапамогу міліцыянерам у правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду бяспечных паводзін удзельнікаў дарожнага руху. Жадаю ўсім камандам выдатных стартаў і яркіх уражанняў.

Як паведамілі ў галоўным упраўленні Дзяржаўтаінспекцыі МУС, фінальныя мерапрыемствы 50-га Рэспубліканскага злёту-конкурсу атрадаў ЮІР пройдуць у сталіцы з 23 па 27 мая. У юбілейным злёце прымаюць удзел каманды, якія сталі пераможцамі па выніках адборачных абласных і Мінскага гарадскога этапаў, а таксама каманды ЮІР з Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Казахстан. Праграмай злёту прадугледжана правядзенне конкурсаў, якія прадэманструюць веды юных інспектараў па розных кірунках дарожнага руху. Не застануцца хлопцы і дзяўчаты і без культурна-забаўляльнай праграмы. А яе, паверце, арганізатары падрыхтавалі вельмі змястоўную і цікавую.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Дзмітрый Карзюк унёс вялікі ўклад у развіццё юідаўскага руху ў нашай краіне. «Для мяне сённяшняе мерапрыемства — вялікая падзея, — падзяліўся ён. — Прыемна глядзець на маладое пакаленне, якое цэніць і прапагандуе бяспеку, упэўнена ідзе наперад. Сёлета мы павялічылі гранічны ўзрост удзелу ў конкурсе з 15 да 17 гадоў, каб у дзяцей была магчымасць развівацца ў выбраным напрамку і пасля школы паступаць ва ўстановы адукацыі МУС. Вялікая колькасць удзельнікаў юідаўскага руху потым ідзе служыць, вучыць дзяцей, выбіраюць іншыя, звязаныя з дапамогай людзям прафесіі, і ўсе разам клапоцяцца, каб жыццё ў нашай краіне было мірным, спакойным і стваральным».

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?