Вы тут

Як Беларусь расстаўляе прыярытэты для ЕАЭС


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пленарным пасяджэнні ІІ Еўразійскага эканамічнага форуму ў Маскве. Кіраўнік нашай дзяржавы ў сваім выступленні прадставіў пазіцыю і прыярытэты Беларусі па ключавых пытаннях супрацоўніцтва. Вось якія тэмы абазначыў беларускі лідар.


Міжнароднае пазіцыянаванне ЕАЭС

«Апошнім часам свет жыве ў абстаноўцы пастаяннай напружанасці і нявызначанасці. Крызісы — фінансавы, пандэмійны, геапалітычны — змяняюць адзін аднаго так хутка, што людзі проста не паспяваюць перавесці дух і страчваюць, на жаль, упэўненасць у заўтрашнім дні», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў экстраардынарных умовах магутным якарам заўсёды з’яўляецца стабільная эканоміка. Але эканамічныя межы любой дзяржавы сёння настолькі празрыстыя, а гандлёвыя сувязі да такой ступені пераплецены, што дабіцца эканамічнай устойлівасці ў адзіночку — практычна невыканальная задача ні для адной з дзяржаў.

Таму любая краіна зацікаўлена ва ўдзеле ў магутных рэгіянальных і міжнародных аб’яднаннях — такіх як ЕАЭС, ШАС, БРІКС, АСЕАН.

Прэзідэнт падкрэсліў, што з моманту набыцця незалежнасці Беларусь заўсёды была ў авангардзе інтэграцыйных працэсаў. Адзін з прыярытэтаў для краіны і ўсяго ЕАЭС — умацаванне рэгіянальных і транскантынентальных альянсаў.

«Гэта новыя цэнтры сілы шматпалярнага свету, які фарміруецца, гатовы адстойваць свае інтарэсы і ўласныя шляхі развіцця, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Цэнтр сусветнай эканомікі незваротна змяшчаецца ў бок краін, якія сталі на шлях развіцця, (гэта натуральна) Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Блізкага Усходу. Гэтыя дзяржавы больш не жадаюць быць сыравіннымі прыдаткамі, крыніцамі таннай працоўнай сілы. Яны хочуць, і цалкам заслужана, паўнавартасна ўдзельнічаць у міжнародным падзеле працы. І дамагаюцца годнай аплаты за сваю працу. Гэта ўсе разумеюць Расія, напэўна, раней за ўсіх гэта зразумела».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ЗША спрабуюць затармазіць гэты працэс і не пусціць Расію ў Афрыку.

«На наш погляд, сумяшчэнне інтэграцыйных намаганняў у фармаце ЕАЭС, ШАС і БРІКС будзе садзейнічаць стварэнню найбуйнейшай кааліцыі дзяржаў. Калі мы не праспім, як у народзе гавораць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прамысловая і тэхналагічная бяспека

Прэзідэнт заклікаў умацоўваць у Еўразійскім эканамічным саюзе тэхналагічны суверэнітэт незалежна ад дынамікі адносін з Захадам. Паводле слоў беларускага лідара, прамысловая кааперацыя дасць магчымасць ствараць прадукцыю пад еўразійскім брэндам з максімальнай ступенню лакалізацыі, а таксама фарміраваць новыя імпартазамяшчальныя праекты.

«Больш за чвэрць увозімых у саюз прамысловых тавараў прыкладна на $70 млрд. у год можа быць замешчана прадукцыяй нацыянальных вытворцаў. Велізарны кавалак. Дай бог асвоіць. Чацвёртая прамысловая рэвалюцыя дае шанц для эфектыўнай рэалізацыі імпартазамяшчальных ініцыятыў у рэальным сектары эканомікі на рэгіянальным узроўні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Незалежна ад далейшай дынамікі нашых адносін з так званымі заходнімі партнёрамі тэхналагічны суверэнітэт і замяшчэнне крытычнага імпарту застануцца асновай для далейшага развіцця нашага саюза», — заявіў Прэзідэнт.

Ён таксама пералічыў напрамкі, якія будуць прыярытэтнымі для Беларусі. Гэта развіццё вытворчасці высокадакладнага абсталявання, аснашчанага сучаснай электроннай мікрапрацэсарнай кампанентнай базай і праграмным забеспячэннем, рэалізацыя сумесных праектаў па вытворчасці электроннай і аптычнай прадукцыі, павышэнне ўвагі да тэхналогій стварэння чыпаў, інтэгральных схем, тэхналогій беспілотнага кіравання, аўтаматызацыі і рабатызацыі апрацоўчай прамысловасці.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь над гэтым працуе разам з Расійскай Федэрацыяй і нямала зроблена ў гэтым напрамку. Напрыклад, у сферы мікраэлектронікі. «Трэці год, як нас спрабуюць нахіліць (санкцыямі. — Зв.). Нічога, — адзначыў ён. — Значыць, мы нешта можам рабіць. І мы гэта робім ужо».

Яшчэ ў ліку прыярытэтных для Беларусі напрамкаў — выраб электрамеханічных сістэм, уключаючы развіццё тэхналогій вытворчасці сучасных мехатронных і электрамеханічных кампанентаў робататэхнічных сістэм, сістэмы ЧПУ, а таксама літыйённых батарэй.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў, што ў невялікай Беларусі ўсё гэта магчыма перш за ўсё таму, што «мы стаім на плячах таго, што было створана ў Савецкім Саюзе». Бо Беларусь развівалася менавіта як высокатэхналагічная рэспубліка. І гэта ўдалося захаваць, нягледзячы на ўсе цяжкасці.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што па шэрагу напрамкаў у тэхналагічным развіцці ёсць адставанне ад перадавога сусветнага ўзроўню, але ў цэлым у краіне ёсць усё неабходнае. «Таму не трэба паміраць, што мы недзе адсталі. Трэба бегчы. Трэба даганяць і трэба ствараць. Вось мы з Прэзідэнтам Расіі і намецілі такі курс на прыкладзе мікраэлектронікі і таго, што я пералічыў у нашай прамысловасці. Але для гэтага трэба давяраць адно аднаму. Трэба быць разам, трэба быць бліжэй. Для гэтага і створаны Еўразійскі эканамічны саюз», — падкрэсліў беларускі лідэр.

Прэзідэнт упэўнены, што на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза неабходна забяспечыць недыскрымінацыйныя падыходы ў цэнаўтварэнні на паслугі натуральных манаполій.

«Развіццё і паглыбленне інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў энергетыцы, умацаванне пазіцый ЕАЭС у кантэксце глабальнай бяспекі застаецца найважнейшым прыярытэтам. Перакананы, што эфектыўная работа эканомік нашых краін немагчыма без раўнапраўнага доступу суб’ектаў гаспадарання да энергарэсурсаў і інфраструктуры для іх транспарціроўкі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Мы павінны што б там ні было забяспечыць рэалізацыю недыскрымінацыйных падыходаў у галіне цэнаўтварэння на паслугі натуральных манаполій на ўсёй прасторы ЕАЭС», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Інфармацынная бяспека

У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць істотнай актуалізацыі лічбавага парадку дня Еўразійскага эканамічнага саюза: «Лічбавы парадак дня саюза патрабуе істотнай актуалізацыі. У першую чаргу гэта датычыцца Інтэграванай інфармацыйнай сістэмы ЕАЭС, якая забяспечвае сумесную работу дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў і сістэм дзяржаў нашага саюза. Гэта павінны ствараць і кантраляваць мы, не аддаючы на водкуп амерыканцам ці заходнееўрапейскім, як было раней. Падрыхтаваныя кадры і матэрыяльна-тэхнічная база ў нас ёсць».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, неабходна пачаць распрацоўку еўразійскага парадку дня ў галіне інфармацыйнай бяспекі.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што пытанні інфармацыйнай палітыкі пакуль не рэгулююцца Дагаворам аб ЕАЭС, і гэты недахоп трэба ліквідаваць.

Харчовая бяспека

У сваім выступленні на пасяджэнні Аляксандр Лукашэнка пералічыў задачы ў сферы харчовай бяспекі, якія трэба вырашыць у ЕАЭС.

«Еўразійскі рэгіён мае ўнікальныя магчымасці па нарошчванні вытворчасці і экспарту прадуктаў харчавання. Нам удаецца захоўваць свабодны абарот прадукцыі і пазбягаць увядзення абмежаванняў на ўзаемныя пастаўкі сацыяльна значных тавараў. Узровень самазабяспечанасці па большасці прадуктаў ужо сёння складае (па саюзу) 80-95 працэнтаў. Па збожжы — 132 працэнты, па алейных культурах — 151 працэнт. Лішкі з задавальненнем купляюць на сусветных рынках. Попыт на прадукты харчавання каласальны. І ён расце», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым у гэтай сферы патрабуецца вырашэнне шэрагу задач. Неабходна вызначыць пералік тавараў крытычнага імпарту для харчовага рынку дзяржаў — членаў ЕАЭС за кошт магчымасцей уласных дзеючых вытворчасцей, іх пашырэння і стварэння новых.

Яшчэ адна задача — забяспечыць збліжэнне мер дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі і прававых асноў яе аказання з улікам нацыянальных інтарэсаў краін-удзельніц.

Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў выйсці на хуткае правядзенне лічбавізацыі вытворчых працэсаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі.

Экалагічная бяспека

Гаворачы аб экалагічнай бяспецы, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Так званы зялёны парадак актыўна выкарыстоўваецца контрпартнёрамі на Захадзе ў якасці аднаго з інструментаў націску і стрымлівання эканамічнага развіцця нашых краін. Дзеючыя экалагічныя нормы Еўра-5, 6 і ўсе наступныя не маюць нічога агульнага з аховай навакольнага асяроддзя. асяроддзя».

Паводле слоў Прэзідэнта, у адрозненне ад Еўрасаюза, прынятыя ва ўсіх краінах ЕАЭС нацыянальныя стратэгіі ўстойлівага («зялёнага») развіцця нікога не абмяжоўваюць. Яны маюць на ўвазе перш за ўсё мадэрнізацыю эканомік, стварэнне высокатэхналагічных сумесных вытворчасцей, беражлівыя адносіны да рэсурсаў, правільнае абыходжанне з адходамі, павышэнне экалагічнай культуры насельніцтва і адказнасці бізнесу. «Вось менавіта ў такім ключы, мы лічым, трэба рухацца», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

«Мы развіваем інтэграцыю не ў мэтах канфрантацыі. Мы хочам стварыць шматпалярную раўнапраўную бяспечную прастору для жыццядзейнасці. Калі мы гэта не зробім — будзем плесціся ў хвасце. І аб нас будуць пастаянна выціраць ногі. Гэта наша агульная мэта, — сказаў Прэзідэнт. — Мы рухаемся у правільным напрамку. Цярпенне і час. І хуткасць».

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».