Вы тут

Адкрыццё, якое апярэдзіла час. Чаму ў Беларусі забыліся на лактаферын?


Пра «беларускі лактаферын» шмат гаварылі і пісалі гадоў 8-10 таму — і ў нашай краіне, і за яе межамі. Тэхналогію яго атрымання з малака трансгенных коз называлі навуковым прарывам, які абяцае зніжэнне колькасці захворванняў, усеагульнае аздараўленне і нават больш эфектыўныя метады прафілактыкі і лячэння раку. Але паступова ажыятаж сышоў на нішто, з'явіліся іншыя інфармацыйныя падставы, тэма неяк забылася. І нават пандэмія ковіду не вярнула яе ў верхнія радкі стужак навін і на першыя палосы газет...


Не ўсе жывёлы ў статку трансгенныя — іх усяго каля 230,  а яшчэ каля паловы статка ўтрымліваецца для ўзнаўлення нашчадкаў з унікальным наборам генаў.

Уласна кажучы, нічога незвычайнага ў гэтай гісторыі няма: шлях у жыццё многіх адкрыццяў і інавацыйных тэхналогій быў няпросты і доўгі. Больш за тое, паспешлівасць у дадзеным выпадку мяжуе з легкадумнасцю, бо гаворка ідзе пра здароўе людзей. І ўсё ж мы вырашылі высветліць, чаму пра лактаферын сёння ў Беларусі мала чуваць і што гэта наогул за рэчыва: сапраўды панацэя або цікавая, але не надта практычная распрацоўка?

Праект з гісторыяй

Няхай будзе вам вядома, дарагія чытачы, што менавіта беларускія навукоўцы першыя ў свеце навучыліся атрымліваць рэкамбінатны (чалавечы) бялок лактаферын з малака коз-прадуцэнтаў. Але пачаць, напэўна, усё ж варта з таго, што ж, уласна, такое лактаферын.

Лактаферын адносяць да сістэмы прыроджанага імунітэту — навукоўцы лічаць, што ён здольны літаральна нанава адбудаваць аслаблены імунітэт чалавека. Галоўная біялагічная функцыя гэтага бялку — звязванне і транспарт іонаў жалеза, але акрамя таго, рэчыва валодае антыбактэрыяльнай, антывіруснай, антыпаразітарнай актыўнасцямі, супрацьалергічным і імунамадулюючым дзеяннямі, радыепратэктарнымі ўласцівасцямі. А таксама — падаўляе ракавыя клеткі. Ва ўсім свеце (у ЗША, Японіі, Заходняй Еўропе) лактаферын сёння шырока ўжываецца для вытворчасці фармацэўтычных прэпаратаў, БАДаў, прадуктаў харчавання. Але паўсюдна яго вылучаюць з каровінага малака. Ёсць такі бялок таксама ў казіным малацэ, але відавочна, што для чалавека карыснейшы лактаферын чалавечы. Змяшчаецца ён у жаночым грудным малацэ (і гэта, дарэчы, адзін з важкіх аргументаў на карысць груднога кармлення). Такім чынам, наладзіць вытворчасць чалавечага лактаферыну да нядаўняга часу не было магчыма з прычыны ўнікальнасці сыравіны (бо нават грудное кармленне для велізарнай колькасці нованароджаных з розных прычын у нашы дні даводзіцца замяняць штучным). І вось у Беларусі ўдалося вылучыць чалавечы лактаферын з малака коз, у ДНК якіх папярэдне ўкаранілі ген чалавека.

Доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, акадэмік  Іван Паўлавіч Шэйко.

— У 2002 годзе да нас прыехалі масквічы з Інстытута біялогіі гена і прапанавалі сумесны праект, — распавядае акадэмік, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, першы намеснік генеральнага дырэктара НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Іван Шэйко. — Выбралі яны нас у якасці партнёраў у дадзеным праекце, таму што ў беларускай жывёлагадоўлі вельмі добрая школа трансплантолагаў (трансплантацыя эмбрыёнаў дазваляе атрымліваць ідэальных прадстаўнікоў той ці іншай пароды). У нас сапраўды ў гэтай сферы — мабыць, наймацнейшая школа на постсавецкай прасторы... Але вернемся да лактаферыну. Расійскія навукоўцы стварылі генную канструкцыю, якую меркавалася ўжывіць у арганізм казы так, каб яна ўбудавала яе ў свой геном. Работу па атрыманні трансгенных коз з такой геннай канструкцыяй, убудаванай у ДНК, мы пачалі ў 2003 годзе. Важна сказаць, што ў генную канструкцыю быў уключаны ген лактаферын.

З казлоў — малака!

Адной з найважнейшых мэт сваёй работы навукоўцы бачылі, у першую чаргу, стварэнне спецыялізаванага харчавання для выходжвання неданошаных дзяцей, а таксама для кармлення нованароджаных, пазбаўленых мацярынскага малака.

— А такіх дзяцей цяпер шмат, — канстатуе Іван Паўлавіч. — Не буду прыклад далёка шукаць: нават з маіх трох унучак дзвюх прыйшлося досыць рана перавесці на штучнае кармленне. Дык вось, казінае малако значна лепш засвойваецца арганізмам малога, а тут яшчэ — з жаночым бялком! Гэта стала б выдатнай дапамогай для неанатолагаў і педыятраў. Чалавечы лактаферын — найкаштоўнейшы бялок, ён стымулюе імунную актыўнасць дзіцяці, валодае супрацьмікробнымі, антыаксідантнымі, рэгенератыўнымі ўласцівасцямі, спрыяе правільнаму развіццю мозга, сардэчна-сасудзістай і стрававальнай сістэм. Рэвалюцыйны падыход да яго атрымання, які ўдалося рэалізаваць у рамках саюзных праграм «БелРасТрансген» і «БелРасТрансген-2», дазваляе вырашыць пытанне дэфіцыту сыравіны і атрымліваць чалавечы лактаферын, адаптаваны менавіта да патрэб нашага арганізма.

Знакамітыя Лак-1 і Лак-2, што пражылі сваё казлінае жыццё,  не падазраваючы аб надзвычайнай уласнай ролі ў сусветнай навуцы.

Зрэшты, прэпараты і прадукты з лактаферынам у свеце ўжываюць не толькі ў педыятрыі — яны выдатна паказалі сябе і пры рэабілітацыі дарослых людзей пасля цяжкіх захворванняў, і ў спартыўным харчаванні, і для людзей на шкодных вытворчасцях, і ў многіх іншых сферах. Але ўсе гэтыя прэпараты, БАДы і спецыялізаваныя прадукты харчавання, як ужо гаварылася, вырабляюцца з каровінага малака — з яго атрымліваюць лактаферын каровы.

— Пра чалавечы лактаферын у свеце раней наогул не было гаворкі. Лічылася, што гэта немагчыма, — падкрэслівае навуковец.

Каб ужывіць генную канструкцыю ў геном казы, спатрэбілася больш за 190 перасадак: арганізм жывёл адпрэчваў канструкцыю. Удалымі аказаліся 197-я і 199-я перасадкі, распавядае Іван Паўлавіч.

— У выніку мы атрымалі двух козлікаў — мы назвалі іх Лак-1 і Лак-2, і ў іх пацвердзілася наяўнасць патрэбнага нам гена. Тое, што гэта былі «хлопчыкі» — вельмі каштоўна: такім чынам ген мы замацавалі адразу, і праз пару гадоў у нас было ўжо 300 коз з генам чалавечага лактаферыну. Не кожны нашчадак нашых «першынцаў» нясе ў сваёй ДНК патрэбны ген, але працэнтаў 45 жывёл нараджаецца трансгеннымі.

Лактаферын у сучасным навуковым свеце — адзін з ключавых кірункаў работы ў сферы геннай інжынерыі, і кожныя два гады ён становіцца тэмай спецыялізаванай міжнароднай канферэнцыі, дзе збіраюцца генетыкі ўсяго свету.

— Калі мы далажылі на міжнароднай канферэнцыі ў Ніцы аб атрыманні чалавечага лактаферыну з малака коз-прадуцэнтаў, зала выбухнула апладысментамі. Мы прадставілі навуковай грамадскасці вынікі экспертызы: 5-6 грамаў бялку, на сто працэнтаў ідэнтычнага лактаферыну жаночага малака, на літр малака трансгеннай казы.

Заўважым, што цана за грам чалавечага лактаферыну ў свеце вымяраецца многімі сотнямі долараў. Так што ў адкрыцця — яшчэ і велізарны экспартны патэнцыял.

Справа будучыні?

Атрыманне тых ці іншых неабходных чалавеку рэчываў з дапамогай генна-мадыфікаваных жывых арганізмаў — сусветная практыка. Бактэрыі «вырабляюць» для фармацэўтыкі інтэрфероны і інсуліны, козы — антытрамбін (тэхналогію адкрылі амерыканскія навукоўцы). Падобныя распрацоўкі ідуць у многіх краінах. Піянерамі ў «навучанні» арганізма казы вырабляць чалавечы лактаферын сталі навукоўцы нашай краіны. Трэба адзначыць, што «работа» своеасаблівым «біярэактарам» для вытворчасці малака з лактаферынам ніякай шкоды арганізму жывёл не наносіць. Невялікі статак — крыху больш за 400 коз — адчувае сябе выдатна.

— Цяперашні статак — ужо чацвёртае і пятае пакаленні, праўнукі і прапраўнукі нашых Лакаў, — кажа прафесар Шэйко. — Такім чынам, ген лактаферыну трывала ўбудаваны ў геном гэтых жывёл і перадаецца ў спадчыну.

Дарэчы, абодва Лакі ўжо завяршылі натуральным чынам свой жыццёвы шлях, пражыўшы доўгае і шчаслівае казлінае жыццё. Але вучоныя-тэхнолагі зрабілі вялікі запас спермы ад іх, якую замарозілі ў вадкім азоце — хопіць на многія гады. Не ўсе жывёлы ў статку трансгенныя — іх усяго каля 230, а яшчэ каля паловы статка ўтрымліваецца для ўзнаўлення нашчадкаў з унікальным наборам генаў. Статак «лактаферынавых» коз размешчаны ў падсобнай гаспадарцы інстытута. Дояць іх не «дасуха», а вельмі ашчадна і ўмерана, прыкладна па літры з жывёлы — бо атрыманае малако пакуль выкарыстоўваецца толькі для даследаванняў у розных навуковых установах Акадэміі навук, а таксама замарожваецца на базе МНС «Заходні». Спецыяльныя ўмовы шокавай замарозкі дазваляюць пасля размарожвання вылучыць лактаферын і выкарыстоўваць яго па прызначэнні — для вытворчасці фармацэўтычных прэпаратаў, біялагічна актыўных дабавак, дзіцячага харчавання і г. д. Запас ужо ёсць, і вытворчасць можна адкрываць хоць сёння, неабходны толькі дазвол Міністэрства аховы здароўя.

Сам лактаферын, які атрымліваецца з малака коз, за гэтыя гады ўсебакова вывучылі: праведзены цэлыя серыі даследаванняў, напісана нямала навуковых работ. Рэчыва зноў і зноў даказвае сваю каштоўнасць у многіх сферах медыцыны, уключаючы анкалогію і геранталогію. Рэкамбінантны лактаферын чалавека запатэнтаваны і атрымаў таварны знак «Капрабел». Запатэнтаваны і трансгенны статак. Аднак для пацвярджэння бясшкоднасці ўнікальнай субстанцыі — рэкамбінантнага лактаферыну чалавека — патрабуецца заключэнне Міністэрства аховы здароўя. А медыкі з асцярожнасцю падыходзяць да настолькі інавацыйнага прадукту, бо пакуль для яго ацэнкі няма ні методык, ні нарматыўнай базы: навука ў сучасным свеце крочыць настолькі хутка, што заканадаўства (не толькі ў нашай краіне) часам за ёй не паспявае.

— З лактаферынам мы крыху апярэдзілі час, — канстатуе суразмоўнік.

А пакуль што навукоўцам застаецца толькі чакаць рашэння Міністэрства аховы здароўя, праводзіць даследаванні і распрацоўкі, якія датычацца згаданага рэчыва, і частаваць калег і нешматлікіх журналістаў, што часам зазіраюць у НПЦ жывёлагадоўлі, казіным малаком з лактаферынам. Налілі па кубачку і нам з фотакарэспандэнтам. Аказалася — смачна.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Лізаветы Голад і з архіва НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Сезон грыпу чакаецца ў студзені — сакавіку. Эпідэміёлаг расказаў, як і калі лепш прышчапіцца

Сезон грыпу чакаецца ў студзені — сакавіку. Эпідэміёлаг расказаў, як і калі лепш прышчапіцца

З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.

Жыллё

Кватэры разыходзяцца як гарачыя піражкі. 2023 год можа стаць сапраўды рэкордным

Кватэры разыходзяцца як гарачыя піражкі. 2023 год можа стаць сапраўды рэкордным

Як адзначаюць фінансавыя эксперты, рынак жылой нерухомасці выйшаў на беспрэцэдэнтна высокія паказчыкі па колькасці здзелак.

Культура

Кірыл Халецкі: «Мой дэбют адкрые магчымасці  для іншых маладых кінематаграфістаў»

Кірыл Халецкі: «Мой дэбют адкрые магчымасці для іншых маладых кінематаграфістаў»

З рэжысёрам «Кіношнікаў» — наша размова пра мары і іх увасабленне ў рэальнасць.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?