Вы тут

Пра што на нарадзе па ахове здароўя расказалі кантралёры


Пра вынікі маніторынгу сітуацыі ў сістэме аховы здроўя, які правяла міжведамасная рабочая група, расказала галоўны ўрач Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Ірына Абельская, якая ўзначальвала рабочую групу. З лютага па сакавік 2023 года рабочая група наведала 81 лячэбную ўстанову ва ўсіх абласцях і ў Мінску. Выбіраліся яны выпадкова. 


Спецыялісты рабочай групы выявілі шэраг недахопаў, якія ўмоўна можна раздзяліць на некалькі блокаў. Першы блок уключае арганізацыйна-кіраўнічыя пытанні. Былі адзначаны недастатковы ўзровень падрыхтоўкі галоўных урачоў лячэбна-прафілактычных устаноў і іх намеснікаў, нізкая працоўная і выканальніцкая дысцыпліна, фармальны падыход да распрацоўкі лакальных нарматыўных дакументаў, дарожных карт па накіраванні і размеркаванні патокаў пацыентаў паміж установамі раёна і вобласці без вызначэння канкрэтных адказных асоб.

«У цэлым нарматыўна-прававая база сістэмы аховы здароўя патрабуе ўважлівай экспертызы, аналізу і перагляду з пазіцыі практыкапрымянення і зваротнай сувязі з практычным звяном аховы здароўя», — звярнула ўвагу Ірына Абельская. Асобную ўвагу яна звярнула на акрэдытацыю медыцынскіх устаноў. Паводле яе слоў, на сёння акрэдытацыя несвоечасовая і мае фармальны характар, а яе вынікі не ўплываюць на работу ўстаноў. Напрыклад, адзіныя ў сваіх населеных пунктах медыцынскія ўстановы ў любым выпадку будуць функцыянаваць. 

Ірына Абельская падкрэсліла, што востра стаіць пытанне ўкамплектаванасці кадрамі, рацыянальнага выкарыстання ложкавага фонду, медабсталявання. Пры дастаткова высокім узроўні забяспечанасці ўрачэбнымі і сястрынскімі кадрамі ў параўнанні з іншымі краінамі захоўваюцца экстэнсіўныя падыходы да кадравага забеспячэння. Яна расказала, што ў пераважнай большасці наведаных лячэбных устаноў медыцынскія работнікі адзначалі, што задаволены і заработнай платай, і вырашэннем жыллёвых пытанняў, і забеспячэннем вырабамі медыцынскага прызначэння, медабсталяваннем. 

Адным з недхопаў працы сістэмы аховы здароўя акрэслена адсутнасць адзінага падыходу ў пытаннях падпарадкаванасці лячэбна-прафілактычных устаноў, бальніц.

«Сістэма тут мною калісьці была створана. Іншая справа, што гэта ўсё забыта і закінута. Губернатары павінны адказваць непасрэдна за вобласць. Культура, спорт, адукацыя, ахова здароўя ў іх. Яны павінны стварыць сістэму прызначэння, вызвалення. А вось закупкі і іншае у нас ажыццяўляюцца з мясцовага і рэспубліканскага бюджэтаў. І вось тут Міністэрству аховы здароўя ніхто не перашкаджае, не забараняе, яны павінны ўсё гэта ўзгадніць. Але пафігісцка-наплявацельскае стаўленне міністра да гэтага стварыла вось такую катавасію, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Гэта значыць быццам сістэма створана ў нарматыўным плане, але яна не функцыянуе, таму што галава не працуе. А калі б галава працавала ў выглядзе віцэ-прэм’ера, міністра аховы здароўя, тады ўсе б варушыліся. Таму перш чым ламаць — трэба аднавіць. Аднавіць тое , што некалі было створана», — паставіў задачу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што даўно ўжо вызначана сістэма аплаты працы медыцынскіх работнікаў: той, хто робіць складаныя аперацыі і маніпуляцыі, зарабляе добра. «А тым, хто тэрмометр спіртавой сурвэткай не працірае або тараканы ў яго бегаюць, — якая ім зарплата? Вы патрабуеце ад мяне — лічыце, ад народа — заробкі, а потым жыллё. Мы прынялі кардынальнае рашэнне — медыкі выведзены на ўзровень ваенных людзей, якім нічога нельга акрамя як пакласці сваё жыццё на Айчыну. А вынік, дзе аддача?», — спытаў Прэзідэнт. 

Таксама Ірына Абельская падняла пытанне дыспансерызацыі. Па яе словах, гэта работа ў краіне заўсёды была наладжана нармальна. Але нядаўна быў зменены ўзрост пачатку правядзення дыспансерызацыі, першы этап было вырашана праводзіць праз анкетаванне. Але ў некаторых установах медыцынскі персанал дрэнна разумее мэты і задачы падобнай практыкі. «Анкета патрабуе перагляду, бо яна не адпавядае пастаўленай задачы выяўлення фактараў рызыкі. Пры адказе на пытанні гэтай анкеты кожны трапляе ў зону рызыкі па сардэчна-сасудзістых захворваннях. Гэтая анкета неэфектыўная па сваёй сутнасці», — рассказала Ірына Абельская. Таксама яна падкрэсліла, што пры вырашэнні праблемы падрыхтоўкі кадраў, трэба, у першую чаргу пераглядаць і абнаўляць вучэбныя праграмы. «Уся падрыхтоўка павінна быць практыкаарыентаванай. Нельга навучыцца сучасным тэхналогіям, якія падмацоўваюцца закупкай дарагога абсталявання, проста стоячы за спінай. Толькі практыка і адпрацоўка практычных навыкаў», — канстатавала яна. 

Усім прысутным на нарадзе Прэзідэнт нагадаў, што для вывучэння сітуацыі ў сістэме аховы здароўя карыстаўся і іншымі крыніцамі інфармацыі, не толькі звесткамі ад рабочай групы. Сітуацыю ў сферы аховы здароўя таксама вывучылі Камітэт дзяржаўнага кантролю і Генеральная пракуратура. Старшыня КДК Васіль Герасімаў падчас нарады звярнуў увагу на шэраг ускрытых праблем. У першую чаргу размова ішла аб вялікіх тэрмінах чакання медыцынскіх даследаванняў. Напрыклад, недзе зламаўся апарат МРТ, і пацыента, замест таго, каб накіраваць у іншую паліклініку, прымушаюць чакаць некалькі месяцаў, а то і год.

«Гэта безадказнасць. Гэта ваша расхлябанасць. Інакш не скажаш. Вам напляваць, што чалавек памрэ праз тры дні. Шарлатаны!», — абурыўся Прэзідэнт. 

Васіль Герасімаў прывёў яшчэ некалькі прыкладаў. У многіх раёнах не забяспечана правядзенне абавязковых даследаванняў. Жанчыны Бялыніцкага раёна абследуюцца на мамографе толькі на платнай аснове ў абласным дыягнастычным цэнтры. Да стаматолага дзяцей паліклінікі Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы запісваюць толькі два разы на месяц. У Быхаве дзецям дашкольнага ўзросту не праводзяцца абавязковыя даследаванні сэрца, прыходзіцца чакаць больш за 20 месяцаў. 

«Сэрца даследаваць — пяць хвілін усяго трэба! Як можна трываць вось такое безадказнае стаўленне! Трэба за руку ўзяць гэтага чалавека з праблемай і весці прама да губернатара. Ён распарадзіцца, дзе абследаваць гэтага чалавека. Уначы, днём, дзе заўгодна. Падняць урача і даследаваць. Ну чым гэта можна растлумачыць?» — пракаментаваў сітуацыю Прэзідэнт. 

Паводле інфармацыі КДК, у дзяржустановах аховы здароўя не арганізавана кругласутачнае выкананне даследаванняў. «Мы такую магчымасць аддаём для заробку прыватным цэнтрам. Часта гэта звязана нават з суботай і нядзеляй — немагчыма прайсці тыя ці іншыя даследаванні. Не ў поўнай меры вырашана пытанне высокага кошту платных медыцынскіх паслуг. Калі па некаторых паслугах мы ўжо дабіліся зніжэння, то па некаторых цэны, на нашу думку, зашкальваюць. Напрыклад, стаматалагічныя паслугі. Міністэрствам аховы здароўя ўстаноўлены тарыф. Некаторыя ўстановы завышаюць яго ў 35 разоў, у 20. Таму што ён носіць выключна рэкамендацыйны характар. І наша прапанова была — устанаўленне гранічных цэн». — расказаў Васіль Герасімаў. 

Нездавальняючая, па меркаванні Камітэта дзяржкантролю, і работа холдынгу «Белфармпрам» па развіцці фармацэўтычнай прамысловасці, якое мякка кажучы, замарудзілася. «Асартымент лякарстваў практычна не пашыраецца. У 2022 годзе зарэгістравана 235 прэпаратаў, з якіх толькі 30 — айчыннай вытворчасці. Не нарошчваецца вытворчасць інавацыйных, у тым ліку анкалагічных прэпаратаў.У рэспубліцы вытворчасцю анкапрэпаратаў займаюцца шэсць вытворцаў. І гэта ўсяго толькі 11 працэнтаў ад таго, што закупляе Міністэрства аховы здароўя. Усё астатняе — 70 працэнтаў — на суму 86 млн. мы імпартуем за кошт бюджэту», — праінфармаваў Васіль Герасімаў. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу ўрада на сітуацыю ў гэтай сферы. Прэзідэнт заўважыў, што самыя простыя вырабы закупляюцца за мяжой, хаця можна было б даўно наладзіць іх вытворчасць у Беларусі. «Гэта ж элементарнае. Гэта так званае імпартазамяшчэнне», — падкрэсліў ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.