Вы тут

Бізнес на вёсцы


Людміла Чабатар — жанчына са смелых. У 25 гадоў з мужам і маленькімі дзецьмі не пабаялася змяніць месца жыхарства і пераехаць з Малдавіі ў Беларусь, а калі ў краіне сталі развіваць аграэкатурызм, не задумваючыся ўступіла ў бізнес. Вёска Міхайлоў, дзе адчайная жанчына пачынала сваю справу, — маленькі населены пункт у Слаўгарадскім раёне. Акрамя маляўнічай прыроды, тут нічога больш няма. Але Людміла змагла зацікавіць народ. На яе сядзібе гасцявалі і немцы, і французы...


Сакрэт — у душэўнасці

— Работы я не баюся, — кажа суразмоўніца. — Калі была маладая, працавала на масласырзаводзе, іншых прадпрыемствах. Займацца аграэкатурызмам стала, калі дачцэ Таццяне споўнілася 20 гадоў. Яна сама мне і падкінула тую ідэю. Ніхто не ведаў, што гэта такое, ездзілі глядзець у іншых. Спачатку ў нас было ўсё прымітыўна, але паступова сталі нешта паляпшаць, будаваць, пасадзілі сад. І вось ужо амаль 17 гадоў прымаем гасцей з розных краін.

Суразмоўніца прызнаецца, што дапамагла хутчэй не рэклама ў сацсетках, а сарафаннае радыё. Нехта адпачыў, знаёмаму параіў, і людзі ехалі. Жанчына хутка зразумела, што трэба кліенту. У вёску едуць па экзотыку, цікавяцца мясцовымі паданнямі, фальклорам. І Людміла Чабатар у 43 гады пайшла вучыцца ў Магілёўскі каледж мастацтваў на рэжысёра народных абрадаў і свят.

— Гэта істотна дапамагло мне ў рабоце, — прызнаецца жанчына. — Асаблівым попытам карыстаюцца майстар-класы па танцы «полька». Вельмі лёгка запамінаецца, усе рухі зарыфмаваныя. Мы спяваем, а людзі паўтараюць: «Пачынаем усё з кружочку — рукі ўнізе ў замочку, а цяпер, каб не згубіцца, трэба локцем зачапіцца. Полька ўлева — акуратна, полька ўправа — далікатна...» Усім адразу ж становіцца весела. Бо што чалавеку наогул трэба? Хлеб і відовішчы. Спяваем песні на любы густ. Я, дачка Таццяна і сын Пётр — салісты ансамбля народнай песні Васькавіцкага сельскага клуба «Чапурушкі». Не прапускаем ніводнага фестывалю. І ў Александрыі былі, і на свяце лялек у Круглым, і на «Глушанскім хутарку» ў Бабруйскім раёне. Асабіста я тройчы лаўрэатка рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне і дыпламантка розных музычных конкурсаў і фестываляў.

У пацвярджэнне Людміла

прыносіць цэлы стос розных дыпломаў і падзяк. Талент спяваць у яе ад маці — Лізаветы Харлампаўны. На жаль, яна ўжо памерла. А бацька і сястра жывуць у Кішынёве. Людміла, колькі памятае сябе ў дзяцінстве, столькі гучалі ў бацькоўскім доме песні Людмілы Зыкінай, Леаніда Уцёсава, Таццяны Варанец...

А ў Беларусь яе закінуў выпадак. Брат працаваў дальнабойшчыкам. Аднойчы ў Слаўгарадзе зламалася яго фура. Так ён пазнаёміўся з жанчынай, з якой і ажаніўся. Людміла прыязджала да яго ў госці і ўлюбілася ў тутэйшыя мясціны. Таму і пераехала з сям'ёй сюды. Маладыя былі, шукалі прыгод. Тады не думалі пра тое, што да радзімы — тысяча кіламетраў. Цяпер Беларусь — як родная, нават не верыцца, што некалі было інакш. Дзеці нарадзіліся ў Малдавіі, а ўнукі ўжо беларусы.

Пра хлеб і відовішчы

Сядзіба Людмілы Чабатар лічыцца гастранамічным аб'ектам. Тут запрашаюць на майстар-класы па сыраварстве, выпечцы з дражджавога цеста, выпякаюць дамашні хлеб у печы, частуюць гасцей стравамі любой кухні. Часцей за ўсё — беларускай і малдаўскай.

У 2014 годзе Людміла Чабатар на фестывалі ў Александрыі заняла першае месца ў конкурсе «Беларуская бульба» на самую арыгінальную страву — «Пастухоўская таркаванка».

— Мы гатуем стравы па рэцэптах не з інтэрнэту, — кажа суразмоўніца. — З намі імі дзяліліся тутэйшыя бабулькі.

А нядаўна Людміла Чабатар з дачкой Таццянай скарылі гледачоў АНТ. Летась падалі заяўку на ўдзел у перадачы «Народны кухар», каб праверыць сябе на прафесіяналізм, а заадно і папіярыцца. І не памыліліся. Іх убачылі людзі не толькі ў Беларусі, а і ў многіх кутках свету.

— Мы атрымалі вялікае задавальненне і пераканаліся, што мы добрыя кухары, — расказвае Людміла. — Дайшлі да чвэрцьфіналу, а маглі б і далей змагацца. Але дачцэ падышоў час нараджаць. Вельмі цяжка было ездзіць на здымкі. У яе сям'і гэта сёмае дзіця. Што датычыцца конкурсу, то мы не лічым, што прайгралі. Пазнаёміліся з Германам Цітовым, іншымі цікавымі людзьмі.

Ложак для бяздзетных

Людміла дэманструе важкі фаліянт з падзякамі ад наведвальнікаў. Яшчэ адзін том, ужо цалкам запоўнены, ляжыць у шафе. Па гэтых кнігах можна вывучаць геаграфію. Адкуль толькі госці не прыязджалі, нават з Кітая. Часцей, вядома, гасцілі расіяне. Ну падабаецца ім тут. І гаспадыня ветлівая, з такой не засумуеш.

У гэтым доме любяць мэблю з гісторыяй. Ёсць жалезны ложак для, так бы мовіць, бяздзетных. Але паспаць на ім трэба трое сутак. Камерцыйны ход, але людзі вераць — і гэта працуе. Людміла з усмешкай успамінае, як ложак аблюбаваў француз. Вельмі ж яму спадабалася на ім спаць.

Печ — таксама цікавы экспанат. Сёння такіх амаль не засталося. Шмат хто ўпершыню бачыць гэты атрыбут сялянскіх хат мінулага стагоддзя. Стравы з яе нельга параўнаць ні з якімі заморскімі далікатэсамі.

Калісьці ў Людмілы Чабатар была вялікая гаспадарка, але на ўсё рук не хапае. Сёння яна цалкам прысвяціла сябе ўпрыгожванню сядзібы. Сёлета шмат кветак пасадзіла, заканчвае будаўніцтва альтанкі на сто чалавек. Месца лепш не прыдумаеш. Побач бярозавы гай, непадалёк возера. Птушкі спяваюць на ўсе галасы. А яшчэ Людміла адкрыла ў сябе атэль для адзінокіх пчол. Кажа, што ёсць такія насякомыя. Яны прачынаюцца ранняй вясной і апыляюць дрэвы. У Людмілы яны займелі надзейны прытулак.

— Вядома, у жыцці былі і ўзлёты, і падзенні, але я, бы той фенікс, адраджалася, — кажа яна. — Перажыла і здраду мужа, і трагічны сыход любімага брата, і матэрыяльныя страты. Першыя пяць гадоў пасля адкрыцця аграсядзібы наогул не было турыстаў, адзін-два чалавекі ў год. Любы бізнес патрабуе цярпення. Калі ў цябе яго няма, нічога не атрымаецца. Трэба чакаць свайго госця. Калі чалавек не гатовы рызыкаваць, яму ў бізнесе няма месца. Я вельмі рызыкоўная. Калі нешта здараецца, я кажу: дзякуй, Божа, што ўзяў грашыма. Аднойчы ў нас ураганам знесла дах, але мы радаваліся, што ўсе засталіся жывыя. Мне вельмі падабаецца тое, чым займаюся. З дзяцінства марыла працаваць з людзьмі. Быць афіцыянткай, сцюардэсай, правадніцай. І мары здзейсніліся. Асноўныя памочнікі ў справе — сын і дачка. Можам абслужыць любую колькасць людзей. І ежы наварыць нават на сто чалавек. Гэта не праблема. На першае робім фірменны сырны суп, бо гэта вельмі смачна і наш раён славіцца сыраварнымі традыцыямі. На другое ў нас бульбачка са свінінкай або адбіўная з пюрэ. Абавязковая страва на стале — блінцы з тварагом. А яшчэ попытам карыстаецца мая фірменная капуста пад назвай «Правансаль». І яшчэ адзін сакрэт майго поспеху. Калі прыязджаюць госці, я запрашаю да сябе сваіх калег. Нехта прадае турыстам сыр, нехта — мёд або сувеніры. Такая ўзаемавыручка дапамагае нам трымаць марку. Шмат хто з турыстаў потым да нас вяртаецца. І ніякай канкурэнцыі. Мы — сябры па бізнесу.

Бліны з дзіркай ад Людмілы Чабатар

0,5 літра кефіру, 1 яйка, палова чайнай лыжкі соды, крыху солі. Дадаём муку, замешваем крутое цеста. Дзелім на шарыкі і раскочваем блін таўшчынёй у сантыметр. Пасяродку робім дзірку, каб паветра выходзіла. І смажым на невялікай колькасці масла. Бліны атрымліваюцца, як з печы.

Старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская:

— Сельскі бізнес трымаецца менавіта на ініцыятыўных. Лічу, што нашаму раёну з імі пашчасціла. Яны ствараюць імідж рэгіёна, прывабліваюць людзей з усіх канцоў свету. Мы вельмі цесна супрацоўнічаем з гэтымі людзьмі. Бо мэты ў нас адны. У трэндзе гастранамічны і экалагічны бізнес. У раёне існуе водна-балотны заказнік рэспубліканскага значэння і мы развіваем дадзены напрамак. На Блакітнай крыніцы нашы прадпрымальнікі прадаюць свае вырабы, мёд, сыры. У нас працуюць і сырная аграсядзіба, і мядовая, і кветкавая, развіваем паляўнічы турызм. Нам сапраўды пашчасціла з людзьмі. Яны захоўваюць традыцыі і садзейнічаюць развіццю раёна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Слаўгарадскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.