Вы тут

Навошта нашаму арганізму патрэбны кобальт?


Праблемы з памяццю і ўвагай, дрэнны настрой, паніжаны жыццёвы тонус, хранічныя захворванні — усё гэта можа быць вынікам недахопу ў рацыёне адмысловых пажыўных рэчываў: макра- і мікранутрыентаў. Нягледзячы на тое што мінеральныя рэчывы не валодаюць энергетычнай каштоўнасцю, без іх удзелу немагчымы практычна ніводны абменны працэс. Сёння мы расказваем пра адзін з неабходных і важных для чалавечага арганізма элементаў — кобальт.


Ён патрэбен для звычайнага праходжання ўнутраных працэсаў і з'яўляецца адной са структурных адзінак вітаміну B12, які ўдзельнічае ў ферментных рэакцыях, крывятварэнні, а таксама ў рэгуляванні работы нервовай сістэмы і печані. У арганізме чалавека кобальту змяшчаецца каля 1,2 мг. З гэтай колькасці 14 % знаходзіцца ў костках, 43 % у мышцах, астатняе — у мяккіх тканках. Штодзённае спажыванне кобальту складае каля 300 мкг, з іх 40 мкг паступае ў арганізм у выглядзе вітаміну В12.

— Ключавая функцыя кобальту ў арганізме — крывятварэнне. Сэрца будзе працаваць без збояў толькі пры ўмове дастатковай наяўнасці кобальту. Важнай асаблівасцю гэтага мікраэлемента з'яўляецца яго здольнасць да зніжэння ўзроўню халестэрыну ў крыві і вывядзення яго з сасудаў. Гэтая ўласцівасць дапамагае прадухіліць утварэнне атэрасклератычных бляшак, — расказвае ўрач-лабарант лабараторыі санітарна-хімічных і таксікалагічных метадаў даследавання Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Мікалай Сівіцкі.

Прыкладна пятая частка ўсяго кобальту ў арганізме чалавека назапашваецца ў печані, дзе яго ўтрыманне дасягае 0,05 мг/кг.

Другое месца па наяўнасці дадзенага рэчыва займаюць ныркі. Канцэнтруецца ён таксама ў падстраўнікавай залозе, касцявым мозгу і селязёнцы. Утрыманне кобальту ў крыві ў мужчын крыху вышэйшае, чым у жанчын.

Кобальт змяшчаецца ў мясе, рыбе, малочных прадуктах, курыных яйках, муцэ, хлебапрадуктах, крупах і бабовых, бульбе, гародніне, садавіне, ягадах. Асабліва вялікае ўтрыманне кобальту ў печані буйной рагатай жывёлы. На кобальт багатае малодзіва, дзе яго змяшчаецца ў дзесяць разоў больш у параўнанні з малаком. З ежай у арганізм паступае 70 % кобальту, з пітной вадой — 30 %. Яго солі добра раствараюцца і хутка ўсмоктваюцца ў кішэчніку.

Ад недахопу кобальту ў арганізме часта церпяць спартсмены, вегетарыянцы, людзі з захворваннямі СКТ, стратай крыві і гельмінтозам. Недахоп дадзенага мікраэлемента цягне за сабой наступныя праблемы:

— зніжаецца ўзровень вітаміну В12;

— парушаецца работа нервовай сістэмы;

— узнікае дыстрафія касцявой тканкі;

— разбураецца слізістая абалонка страўніка;

— парушаецца работа печані.

Дзякуючы здольнасці змяняць сваю валентнасць і ўваходжанню ў біялагічна актыўныя злучэнні кобальт выконвае важныя функцыі ў многіх акісляльна-аднаўленчых рэакцыях. Ва ўсіх жывых арганізмах гэтае злучэнне выконвае ролю ўніверсальнага акумулятара энергіі.

Лішак мікраэлемента ў арганізме праяўляецца парушэннем работы нервовай сістэмы, пашкоджаннем мышачнай тканкі сэрца, артэрыяльнай гіпертэнзіяй, дэрматытам, пагаршэннем слыху і іншымі праблемамі са здароўем. Адмоўнае дзеянне кобальту пагаршае алкаголь. Той, хто злоўжывае півам, падвяргае сябе павышанай небяспецы развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Атручэнне можа адбыцца пры ўдыханні пароў сплаваў гэтага элемента, у выніку тэрапеўтычнага прымянення злучэнняў кобальту пры анеміі і радыеактыўнага кобальту ў анкалогіі. Парушаецца функцыя печані, пагаршаецца засваенне тлушчаў і прыгнятаецца актыўнасць шматлікіх ферментаў.

Якія яшчэ макра- і мікраэлементы неабходныя?

Сярод 106 элементаў, што ўваходзяць у перыядычную сістэму Мендзялеева, унутры чалавека ўвесь час знаходзіцца 81. 12 з іх называюць структурнымі, бо менавіта з іх складаецца чалавечае цела. Да такіх рэчываў адносяцца вуглярод, кісларод, вадарод, азот, кальцый, магній, натрый, калій, сера, фосфар, фтор і хлор. Гэта — макраэлементы. Яны патрэбныя нам штодня ў дастаткова вялікай колькасці, запатрабаванне ў іх вагаецца ад сотняў міліграмаў да некалькіх грамаў. Вось для чаго патрэбен кожны з іх.

Кальцый — адзін з найбольш важных макраэлементаў, неабходны для росту і трываласці касцявой тканкі. Дэфіцыт кальцыю ў спалучэнні з дэфіцытам вітамінаў D, С і групы В у дзяцей павялічвае небяспеку развіцця рахіту, а ў дарослых парушае моц шкілета і зубоў, павышае рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў. Першымі прыкметамі недахопу гэтага мінералу з'яўляюцца спазмы ў жываце, сутаргі, паторгванні рук і ног, балючасць суставаў. Найважнейшая крыніца кальцыю — малако і малочныя прадукты.

Магній, як і кальцый, уваходзіць у склад касцявой тканкі, а таксама забяспечвае арганізм энергіяй і ўмацоўвае мышачную і нервовую сістэмы. Яго дэфіцыт прыводзіць да дэпрэсіі, апатыі, хуткай стамляльнасці, мышачнай слабасці, сутаргаў у ікраножных мышцах. Працяглы недахоп гэтага мінералу (магчымы пры алкагалізме і хранічнай сардэчнай недастатковасці) пагаршае работу крывяносных сасудаў, нырак і сардэчнай мышцы. Западозрыць дэфіцыт можна па вечна халодных канечнасцях, страце апетыту, раздражняльнасці, дрэннай каардынацыі рухаў, млоснасці, галавакружэннях. Крыніца магнію — міндаль, какава, грэчка, жыта, авёс і зародкі пшаніцы.

Калій выводзіць лішнюю ваду і соль і дапамагае рабоце сэрца. Дэфіцыт калію можа прывесці да дыстрафіі мышцаў нават у тых, хто есць дастаткова бялку. У такім разе з'яўляюцца дрымотнасць, дрыжанне канечнасцяў, запаволенае сэрцабіцце, сухасць скуры, ацёкі кісцяў.

Калі вы любіце салёнае, то прадукты, багатыя каліем (а гэта амаль уся гародніна і садавіна), будуць для вас вельмі карысныя.

Фосфар патрэбен дзецям для росту, а дарослым — для энергіі. Асноўныя праявы яго дэфіцыту: зніжэнне ўвагі, слабасць. У значнай колькасці фосфар змяшчаецца ў яечным жаўтку, печані, нырках, мазгах, языку, мясе, марской і рачной рыбе.

Селену нам не хапае летам, а магнію — зімой

Патрэба ў мікраэлементах неаднолькавая ў розную пару года. Так, селену нам не хапае, як правіла, улетку, а магнію — узімку. У чым сакрэт? У харчаванні. Бо магнію шмат у зяленіве, якое часцей аказваецца ў нас на стале ў летні час. А багатыя селенам часнок, свіное сала, масла і арэхі мы часцей спажываем зімой.

Доля мікраэлементаў у арганізме невялікая (ад 0,001 да 0,000000000001 %). Ды і патрэба чалавека ў гэтых рэчывах надзвычай малая — тысячныя долі грама. Аднак дэфіцыт усяго аднаго такога рэчыва можа выклікаць сур'ёзныя праблемы са здароўем. Да мікраэлементаў адносяцца цынк, медзь, марганец, малібдэн, бор, кобальт, ёд, фтор, алюміній, бром, селен і іншае.

Кожны мікраэлемент адыгрывае ў арганізме сваю ролю, адны — больш прыкметныя, іншыя — другарадныя. Але ўклад кожнага з іх у «агульную справу» вельмі важны.

Жалеза, з'яўляючыся складовай часткай гемаглабіну, удзельнічае ў працэсах крывятварэння і забяспечвае арганізм энергіяй. Дэфіцыт жалеза прыводзіць да анеміі, павышанай стамляльнасці, выпадзення валасоў, ломкасці пазногцяў, моцных менструальных боляў у жанчын. Больш за ўсё жалеза — у мясных прадуктах.

Ёд уваходзіць у склад гармонаў шчытападобнай залозы. Недахоп гэтага рэчыва небяспечны развіццём эндэмічнага валляка, частымі інфекцыямі. У дзяцей ён прыводзіць да запаволення росту, зніжэння разумовых здольнасцяў. Ускоснае сведчанне недахопу ёду — хранічная стомленасць, нервовасць, моцнае сэрцабіцце, запоры. Шмат ёду ў марской рыбе і морапрадуктах.

Медзь павышае гемаглабін, паляпшае супраціўляльнасць арганізма, узмацняе дзеянне антыбіётыкаў. Медзі шмат у крупах і травах, бабовых, бульбе, гародніне і ягадах, а таксама ў мясе, яйках, мёдзе.

Селен умацоўвае імунітэт, стымулюе сінтэз бялку і працэсы росту. Прыкмета недахопу селену — ружовыя плямы на руках і твары. Крыніца — морапрадукты, мяса, ныркі, рыс, пшаніца, ячмень.

Фтор паляпшае стан зубной эмалі, а таксама вугляводны і тлушчавы абмены. Ім багатыя чай, печань, марская рыба — селядзец, скумбрыя, траска.

Хром спрыяе лепшаму засваенню глюкозы, стымулюе працэсы росту. Дэфіцыт гэтага рэчыва можа пагражаць нават развіццём цукровага дыябету. Дарэчы, адна з прыкмет, якія паказваюць на недахоп хрому, як і пры дыябеце, — цяга да салодкага. Змяшчаецца хром у шчаўі, фасолі, бураках, кропе, бульбе, моркве, аўсе, ячмені.

Цынк аказвае ўплыў на ўсе віды абменных працэсаў у арганізме, бо ўваходзіць у склад шматлікіх ферментаў і гармону інсуліну. Пры недастатковым паступленні цынку рэзка запавольваецца працэс росту і палавога развіцця, з'яўляецца анемія. Рызыку дэфіцыту цынку павялічваюць частыя траўмы. Цынкам багатыя многія прадукты, у тым ліку грыбы і крэветкі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».