Вы тут

Наша галоўная задача — захаваць мір, спакой і стабільнасць у нашай краіне


Роля маладых людзей у развіцці нашай дзяржавы — менавіта такі ключавы пасыл адкрытага дыялогу Старшыні Савета Рэспублікі са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Танка, які адбыўся ў Рэспубліканскім маладзёжным цэнтры. 


Спікер верхняй палаты парламента адразу задала фармат сустрэчы: папрасіла задаваць пытанні, якія сапраўды цікавяць моладзь, агучваць канкрэтныя пажаданні — адным словам, без фармалізму. Так і атрымалася. Аб гэтым сведчыць хаця б той шырокі спектр пытанняў, якія абмяркоўваліся: гэта і захаванне гістарычнай памяці ў Беларусі, і прафілактыка дэструктыўнага інфармацыйнага ўплыву. Маладых людзей хвалявала, як дзяржава дапамагае маладым спецыялістам, што сёння робіцца дзеля захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, закранулі і падзеі 2020 года. 

Перш чым адказаць на пытанні, Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што Савет Рэспублікі актыўна працуе з моладдзю. Спікер верхняй палаты парламента расказала, што пры Нацыянальным сходзе дзейнічае Маладзёжны савет, які ўключае ў сябе 138 хлопцаў і дзяўчат з усёй краіны. Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, супрацоўніцтва з Маладзёжным саветам цікавае заканадаўцам. «Гэта нядрэнная школа, — падкрэсліла спікер. — Яны (члены Маладзёжнага савета. — „Зв“.) працуюць разам з намі. Калі мы праводзім асабістыя прыёмы грамадзян — яны з намі, праводзім пасяджэнне сесія — яны з намі. Яны актыўна ўцягнуты ў тую работу, якой займаемся мы, члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Яны на месцах маладым людзям расказваюць, якія законапраекты разглядаюцца, над чым працуюць заканадаўцы. Нам вельмі важныя гэтыя ўзаемаадносіны, важнае ваша (моладзі. — „Зв“.) ўспрыняцце працэсаў, якія адбываюцца ў краіне, для таго, каб мы маглі іх рэалізаваць у законах, над якімі мы працуем».

Аб шчыльнай рабоце заканадаўчага органа з моладдзю сведчыць і той факт, што менавіта па ініцыятыве членаў Савета Рэспублікі ў абноўленай Канстытуцыі з’явіўся артыкул, які датычыцца моладзі. Маладыя людзі нярэдка бываюць у Савеце Рэспублікі: удзельнічаюць у шэрагу мерапрыемствах, для іх праводзяцца экскурсіі. 

Звярнула ўвагу спікер і на няпростую сітуацыю вакол нашай краіны, а і ў цэлым у свеце. А гэта значыць толькі тое, што яшчэ больш трэба цаніць тое, што ў нас ёсць. «Трэба ганарыцца мінулым, якім бы яно не было, — перакананая Наталля Качанава. — Сёння ў нас суверэнная і незалежная краіна. 30 гадоў мы па крупіцах збіралі гэтую краіну для таго, каб зрабіць яе такой цудоўнай, у якой яны жывуць цяпер. Вядома, гэта непрацяглы перыяд часу, але былі прыняты абсалютна правільныя рашэнні, якія дазволілі жыць так, як мы сёння жывём з вамі ў незалежнай краіне».

Як і ў любой сям’і, па словах Старшыні Савета Рэспублікі, усё не можа быць бязвоблачным і чыстым. «Пэўныя праблемы ўзнікаюць на тым ці іншым этапе развіцця, але калі гэта сям’я, то іх трэба пераадолець, — дала параду маладым людзям Наталля Качанава. — Перажылі — пайшлі далей, але па вялікім рахунку сям’ю захавалі. Хацелася б, каб тыя ўрокі, якія дае нам гісторыя, мы разумелі, усведамлялі і цанілі». 

Яшчэ адно пытанне, якое ўздымалася падчас сустрэчы, — інфармаванасць моладзі. Вядома, недахопу ў інфармацыі маладыя людзі сёння не маюць. Аднак, як лічыць спікер, важна разбірацца ў той інфармацыі, якой сёння вельмі шмат. 

Агучыла Наталля Качанава і асноўную прэтэнзію да моладзі. Яна заўважыла, што маладыя людзі не спяшаюцца заводзіць сям’ю, нараджаць дзяцей. А сям’я, як падкрэсліла спікер, асноўнае. «Не дарэмна Усебеларускі народны сход вызначыў адзін з асноўных прыярытэтаў — шчаслівая сям’я, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі. — Вяртаючыся да Асноўнага закона краіны і работы над ім, вельмі шмат прапаноў паступала менавіта наконт шлюбу. У Канстытуцыі мы прапісалі, шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны». 

Дзяржава шмат робіць для падтрымкі шматдзетных сем’яў — такой сацыяльнай палітыцы могуць пазайздросціць самыя перадавыя краіны свету. «Тое, што вы атрымліваеце спецыяльнасць, прафесію — гэта добра, але сям’я — гэта нашы прыярытэты, нашы традыцыі», — падкрэсліла спікер. 

Закраналіся падчас адкрытага дыялогу і пытанні гістарычнай памяці, патрыятызму. «Сёння на першы план выйшла бяспека сваёй краіны, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі. — А хто павінен абараняць сваю краіну? Вядома, мы, людзі, якія жывуць на гэтай зямлі. Мы павінны жыць у міры. Няма нічога больш важнага, чым мір і згода. Наша галоўная задача — захаваць мір, спакой і стабільнасць у нашай краіне».

Пацікавіліся маладыя людзі ў Наталлі Качанавай, хто, па яе меркаванні, з’яўляецца патрыётам. «Калі чалавек любіць сваю сям’ю, сваіх родных, блізкіх, сваю малую радзіму і людзей — гэта і ёсць патрыёт, — агучыла сваю пазіцыю спікер. — У чалавека павінен быць свой стрыжань, павінны быць такія прынцыпы, праз якія ты не пераступіш. Калі жывеш двайным жыццём — гэта дрэнна».

Адказваючы на пытанне, як працаваць з маладым пакаленнем, каб данесці да яго самае галоўнае, прывіць традыцыйныя каштоўнасці, маральныя арыенціры, Наталля Качанава была лаканічнай: «Адкрыта і даверліва». Па яе словах, моладзь, нават дзеці, адчуваюць няшчырасць. «Калі ты будзеш гаварыць шчыра, адкрыта, цябе будуць любіць дзеці, — пераканана спікер. — Калі ў педагагічную ВНУ будуць прыходзяць людзі, якія не любяць дзяцей, — гэта катастрофа».

Напрыканцы сустрэчы Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што дыялог, які прайшоў адкрыта і даверліва, адбыўся паміж людзьмі рознага ўзросту. «Але мы павінны быць адзіныя ў адным — у тым, што мы любім сваю краіну і павінны жыць у Беларусі, — канкрэтызавала яна. — Ад вас залежыць будучыня краіны».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».