Вы тут

Галоўны паказчык эфектыўнасці работы — людзі, якім вы дапамаглі захаваць здароўе


Балючыя пытанні айчыннай сістэмы аховы здароўя абмеркавалі на нарадзе, якую правёў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Гэтую сустрэчы кіраўнік дзяржавы анансаваў падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, падкрэсліўшы неабходнасць падразбязнага разгляду найбольш вострых праблем аховы здароўя і прыняцця рашэнняў па іх вырашэнні. 


«Для гэтага ў гэту залу спецыяльна ў такім шырокім складзе запрошаны прафесіяналы — ад практыкуючага ўрача і нават не да Міністра аховы здароўя, а вышэйшых службовых асоб», — адзначыў Прэзідэнт. Сярод удзельнікаў мерапрыемства — кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя, губернатары і начальнікі абласных упраўленняў па ахове здароўя, рэктары медыцынскіх ВНУ, галоўныя ўрачы бальніц рознага ўзроўню, дырэктары некаторых рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў.

«Медыцына, як вядома, не толькі лячэнне пацыентаў, але і важны складнік бяспекі любой дзяржавы, тым больш нашай. Без здаровай нацыі ніякай эканомікі не будзе. У любой дзяржаве эканоміка з’яўляецца падмуркам. Без дысцыпліны, без гатоўнасці правільна рэагаваць на сучасныя выклікі не будзе рэальнага суверэнітэту і незалежнасці», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што айчынная сістэма аховы здароўя пацвердзіла сваю самастойнасць і прайшла добрую загартоўку ў перыяд пандэміі. «На фоне іншых дзяржаў больш чым годна прайшлі гэта выпрабаванне. На практыцы пацвердзілі самавітасць нашай сістэмы аховы здароўя. У вашай асобе хачу яшчэ раз падзякаваць усім медыкам за тую нялёгкую працу і яшчэ раз вам нагадаць тое, што я казаў падчас пандэміі: я вам дзякую не за тое, што вы працавалі (вы за гэта зарплату атрымліваеце — вялікую, малую, але гэта ваш выбар), а за тое, што вы хутка ў вельмі цяжкай сітуацыі, асабліва псіхалагічнага націску, знайшлі метады лячэння гэтага віруса», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для медыцыны з боку дзяржавы робіцца ўсё магчымае. Сродкі на медыцыну — рамонт, абсталяванне, зарплаты, лекі — выдзяляюцца каласальныя. «І, вядома, людзі маюць права бачыць аддачу. Я не хачу сказаць, што мы зрабілі ўсё ў ахове здароўя з пункту гледжання дзяржавы. Але параўнайце нас, да прыкладу, з найбагатай Украінай. Да вайны.Вы ж у кантакце былі з нашымі братамі ва Украіне. Вы бачылі, у якой сітуацыі знаходзілася найбагацейшая Украіна з пункту гледжання аховы здароўя. Прычына адна — улада самаўхілілася ад рашэння праблем аховы здароўя. Мы ж, сціснуўшы зубы, трывалі. І дактары невялікі часам заробак атрымлівалі, і мы апошняе аддавалі на ахову здароўя. На выпрацоўку сістэмы функцыянавання гэтай найважнейшай галіны жыцця любога грамадства. Даражэйшага, чым здароўе, у чалавека нічога няма», — заўважыў ён.

«Адпіскі не патрэбныя»

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў айчыннай аховы здароўя ёсць шмат дасягненняў і шмат чаго робіцца, каб іх было больш. Напрыклад, у галіне мацярынства і дзяцінства, у транспланталогіі і гэтак далей. Аднак гэтая нарада была сабраная не для падзяк і гонару за дасягненні, а для абмеркавання выкрытых негатыўных фактаў. 

«Сёння гаворка пойдзе пра тое, як мы ставімся да нашага народа, як мы ставімся да нашых простых людзей, без якіх нас бы ў гэтай зале не было. А калі канкрэтна: як мы лечым людзей там — на вёсцы, у малых гарадах, пасёлках , аграгарадках, як мы да іх ставімся? Не ў РНПЦ — гэта таксама важна, яны ідуць у авангардзе, павінны паказваць прыклад і вучыць тых, хто непасрэдна на барыкадах», — акрэсліў Прэзідэнт асноўнае пытанне з парадку дня нарады. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, у апошні час стала паступаць шмат сігналаў аб зніжэнні якасці аказання медыцынскай дапамогі, ды і проста аб адсутнасці належнага парадку ва ўстановах аховы здароўя. Па даручэнні Прэзідэнта была створана рабочая група, якая вывучала адпаведныя факты. 

«Мы павінны даць аб’ектыўную ацэнку існуючай сітуацыі і вырашыць, што рабіць далей. Я вас перасцерагаю ад кругавой парукі тут. Пойдзеце адсюль без партфеляў, і пойдзеце не проста да сябе дадому, а ў іншыя месцы. Патрэбна аб’ектыўная ацэнка таго, што адбываецца. Мы не сабраліся тут хваліць і захвальваць адзін аднаго. Прычын для гэтага няма. Акрамя справаздачы незалежнай рабочай групы, дакладу міністра, я хацеў бы пачуць меркаванне нашых кантралёраў і нашых медыкаў, кіраўнікоў знізу — чаго бракуе. Павінны быць пэўныя прапановы », - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт папярэдзіў, што калі па выніках нарады не будуць зроблены высновы па праблемных напрамках, то вінаваты ў гэтым будзе не толькі цяперашні міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, але і ўсе, хто мае дачыненне да медыцыны. «На стале ў мяне матэрыялы з падрабязнымі справаздачамі экспертнай групы і кантралюючых органаў. Вы не думайце, што я даручыў гэтай групе — і ўсё. У нас ёсць жалезабетонныя законы, якія павінны выконвацца. І за аднастайным і дакладным выкананнем законаў у Беларусі ажыццяўляе кантроль пракуратура. У нас ёсць магутны кантралюючы орган — не толькі ад улады, але і ад народа — Камітэт дзяржаўнага кантролю. І яны не па слядах прайшлі, а паралельна паглядзелі на сітуацыю ў ахове здароўя. І далажылі», — сказаў ён. Прэзідэнт расказаў, што рэагуючы на гэта, урад даслаў яму адпіску за подпісам прэм’ер-міністра і віцэ-прэм’ера. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што адпіскі яму не патрэбныя. Ён зрабіў акцэнт на тым, што гэта датычыцца не толькі ўрада, але і губернатараў, і цэнтральных органаў улады.

«І вы ведаеце, пералапаціўшы гэтыя матэрыялы не аднойчы, што мяне больш за ўсё здзівіла? Тое, што да гэтага часу ёсць абуральныя праблемы бардаку ў бальніцах, паліклініках, ФАПах: сцены і столі разбураюцца, дзверы пакрывіліся, элементарныя санітарныя правілы не выконваюцца. Слухайце, любая ўстанова аховы здароўя павінна быць узорам санітарыі. Прычым такое здараецца нават у педыятрычных аддзяленнях. Паслухайце, але там жа дзеці! Ці гэта не вашы дзеці? Вядома, гэта не вашы дзеці. Але гэта мае дзеці!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Выяўлены і выпадкі прастойвання дарагога сучаснага абсталявання. «А часам гэта адзіны шанц на выратаванне нечага жыцця!» — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Прычым у некаторых выпадках такое абсталяванне прастойвае некалькі гадоў без рамонту. «І міністр аховы здароўя мне бойка адважваецца дакладваць, што ў яго ўсё ў парадку, у яго ўсё схоплена, ён усё адрамантаваў, у яго запчастак хапае. А хтосьці на нейкія санкцыі пачынае спасылацца. Хлопцы, няма для вас санкцый!» — абурыўся Аляксандр Лукашэнка. Ён запатрабаваў ад адказных за ахову здароўя спусціцца на зямлю і звярнуць увагу на якаснае лячэнне звычайных людзей.

«Вы ведаеце, я разумею, з кім я сёння размаўляю і хто мяне пачуе. Гэта ж белая косць — урачы. Хіба іх можна крытыкаваць? Не! Ну дык запомніце: я ні перад чым не спынюся і парадак тут будзе наведзены! Нават калі палова з вас сыдзе. Але я буду ведаць, з кім я буду працаваць. Абнаглелі да крайняй ступені. Бегаюць вакол начальнікаў ад раённага звяна да Прэзідэнта. Толькі іх хораша ўмеем лячыць .А звычайныя людзі, якія ўтрымліваюць гэта ўсё? Апусціцеся на зямлю! Ад нас, тых, хто сядзіць у гэтай зале, залежыць наогул усё ў краіне», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Паводле яго слоў, ахова здароўя на месцах — адказнасць, у першую чаргу, губернатараў, як і адукацыя, культура. «Куды глядзяць губернатары? Куды глядзяць начальнікі ўпраўленняў аховы здароўя? І ўвогуле, навошта яны вам пры такой рабоце? Кіраўнікі цэнтраў гігіены, старшыні райвыканкамаў ... Урад, Міністэрства аховы здароўя ведаюць аб гэтых праблемах ці не? А вось ведаць і кантраляваць вы павінны», — заявіў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тымі пытаннямі, якімі займалася створаная па яго даручэнні незалежная рабочая група, павінны штодзень займацца міністр і яго каманда — Міністэрства аховы здароўя. «Атрымліваецца як заўсёды: куды Прэзідэнт не даехаў, там цішыня і блазнота», — заўважыў ён. 

«У нас абсалютны разрыў верхніх навукова-практычных цэнтраў з сярэднім і ніжнім звяном»

Адной з вострых праблем сістэмы аховы здароўя — падрыхтоўка кадраў. Прэзідэнт запатрабаваў спыніць вольніцу ў пытанні далейшай адпрацоўкі медыкаў, якія навучаліся ў ВНУ па мэтавым наборы. «Як вы збіраецеся ўтрымаць спецыялістаў на месцах, калі там не створаны нармальныя ўмовы для пацыентаў? І для медыкаў таксама. Адсюль і кадравыя праблемы: быццам рыхтуем дастаткова ўрачоў і медсясцёр, а ў раёнах не затрымліваюцца нават мэтавікі. Шукаюць сабе месца ў сталіцы або, што яшчэ горш, за мяжой. Разбярыцеся з мэтавікамі. Разбярыцеся, каго вы туды набіраеце», — даручыў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ніякіх адгаворак для мэтавікоў быць не павінна. Кожны, хто вучыўся па мэтавым наборы, — павінен пяць гадоў адпрацаваць. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ні ў адной сферы на адукацыю не траціцца столькі грошай, як у медыцыне. Таму вольніцы быць не павінна. 

«Яшчэ адно адкрыццё для мяне — недастатковы ўзровень падрыхтоўкі і прафесіяналізму ўрачоў. Неяк гэта не адпавядае запатрабаванасці нашых спецыялістаў не толькі ў Расіі, але і ў Еўропе. Выпрацаваць трэба сістэму адказнасці рэктараў ВНУ. Яны ў нас недатыкальныя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт расказаў, што яму дакладваюць аб інтэнсіўным навучанні урачоў раённага звяна высокім тэхналогіям. «Каму вы акуляры ўціраеце? Якія высокія тэхналогіі яны асвоілі? Мы ж некалі паўтара дзясятка гадоў таму на маім узроўні зацвердзілі ўсе маніпуляцыі, якія мы павінны выконваць. Пачынаючы ад ФАПа, участковай бальніцы да РНПЦ. Мы ж вызначыліся», — нагадаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сапраўды шэраг высокатэхналагічных аперацый паступова распаўсюджваюць на абласны ўзровень. Але ў раённых бальніцах пералік маніпуляцый, якія выконваюцца, у асноўным застаецца ранейшым. «Сачыце за людзьмі, дапамагайце ім. Асабліва цяжкахворым- мы ж дамовіліся, стварылі міжраённыя цэнтры і практычна скончылі іх аснашчэнне. І калі, напрыклад, у Шклоўскай бальніцы не могуць парадак навесці, то за 30 кіламетраў Магілёў. Мы ж пра гэта дамовіліся, стварылі сістэму. Чаму яна не працуе?» — задаў пытанне беларускі лідар. 

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў далажыць, што не так у пытаннях кваліфікацыі і падрыхтоўкі медыкаў, у чым прычыны, дзе недапрацоўваюць медыцынскія ўніверсітэты. «Хіба не павінны РНПЦ, абласныя бальніцы аказваць гэтым спецыялістам метадычную дапамогу, навучаць і кантраляваць іх? У тым ліку своечасова падключацца да лячэння цяжкіх хворых. Не трэба іх цягнуць кучай у БелМАПА (Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі. — Зв.) на павышэнне кваліфікацыі. Вязіце ў РНПЦ. І заплаціце тым, хто будзе навучаць гэта звяно раённае, з абласных бальніц і гэтак далей. Там трэба вучыць! Са скальпелем і эндаскопам у руках. Каб яны бачылі, як гэта робіцца. І выканалі гэтыя складаныя аперацыі, маніпуляцыі, навучыліся таму, што ўмеем мы наверсе. У нас абсалютны разрыў вось гэтых верхніх навукова-практычных цэнтраў з сярэднім і ніжнім звяном», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт яшчэ раз зрабіў акцэнт на важнасці забеспячэння якаснай аховы здароўя менавіта на ніжнім і сярэднім узроўні. «Слухайце, як вы не разумееце, што там нашы бацькі. Не ўсё ж вы будзеце з партфелямі тут сядзець. Хутка мы пойдзем, будзем звычайнымі людзьмі. Няўжо вы не разумееце, што мы трапім у такую сітуацыю? Да нас будуць дакладна гэтак жа ставіцца », — сказаў ён. 

«Я вам ніколі за вёску не дарую»

Яшчэ адной вострай праблемай кіраўнік дзяржавы абазначыў даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі ў вёсцы. «Я вам ніколі за вёску не дарую. Ніколі! Запомніце гэта. Перш за ўсё губернатары. Я з вас скуру спушчу, але вы навядзе там парадак!» — заявіў ён. З гэтага вынікае яшчэ адна праблема — аптымізацыя фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў падыходзіць да пытання ўзважана, абдумана, зыходзячы ў першую чаргу з інтарэсаў людзей і мэтазгоднасці. «Зачыняйце, аптымізуйце, ніхто не супраць. Але вы ж спачатку комплексы на колах завязіце, якімі вы хочаце замяніць ФАПы (размова аб перасовачных медыцынскіх комплексах. —Зв.), а потым зачыняйце», — сказаў ён. Прэзідэнт заўважыў, што затраты на ўтрыманне ФАПаў не настолькі вялікія. Таму аргумент аб эканоміі фінансавых сродкаў за кошт аптымізацыі ФАПаў спрэчны. 

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад Расію, дзе спачатку закрылі такія медустановы на месцах, а потым усвядомілі памылковасць такіх рашэнняў і зараз спрабуць іх вярнуць. Таму, па яго словах, аптымізацыя павінна быць абдуманай. Пракантраляваць гэтае пытанне Прэзідэнт даручыў старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. 

Бюракратызацыі быць наогул быць не павінна

Кіраўнік дзяржавы не пакінуў без увагі пашырэнне вытворчасці айчынных прэпаратаў, спытаўшы, што робіцца для дастатковага забеспячэння лекамі насельніцтва, у тым ліку сельскіх жыхароў. Асобна кіраўнік дзяржавы спытаў аб мерах, якія прымаюцца для пашырэння айчыннай вытворчасці запатрабаваных прэпаратаў. Апошнім часам, па яго меркаванні, гэтаму пытанню не ўдзяляецца належнай увагі. «У час Жарко (Васіль Жарко, былы міністр аховы здароўя. — Зв.) далажыў: больш як 50 працэнтаў пачалі вырабляць уласных прэпаратаў. І спыніліся, ляжым і не варушымся», — заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што галоўным паказчыкам эфектыўнасці работы сістэмы аховы здароўя з’яўляецца не колькасць справаздач.

«Бюракратызацыя — тое, чаго быць наогул не павінна ў ахове здароўя. Галоўны паказчык эфектыўнасці вашай работы — не колькасць справаздач, а людзі, якім вы дапамаглі захаваць здароўе, а часам і жыццё. Не бывае няважных пацыентаў, усе важныя», — падкрэсліў беларускі лідар. 

Прэзідэнт запатрабаваў асаблівую ўвагу ўдзяляць не толькі лячэнню, але і ранняй дыягностыцы захворванняў, дзякуючы якой у шэрагу выпадкаў можна захаваць чалавеку здароўе. «Гэта што за „гераізм“, калі ў вас кожны пяты чалавек з пачатку года ад анкалогіі памірае? Не вашы сваякі, гэта зразумела. Чаму паміраюць? Таму што вы своечасова дыягностыку не ажыццявілі, таму што не паехалі, як у савецкія часы, да людзей і не паглядзелі, што ў яго за захворванне. Калі мы рак выяўляем на ранняй стадыі, людзі па 8-10 гадоў жывуць», — цвёрда акрэсліў праблему кіраўнік дзяржавы. 

Тэрмін адзін — 1 студзеня 2024 года

Аб удзеле ўрада ў вырашэнні праблем аховы здароўя далажыў віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка. Ён таксама звярнуў увагу на адсутнасці адзінай сістэмы кіравання. Станоўчы прыклад кіравання сістэмай аховы здароўя на рэгіянальным узроўні паказвае Гродзенская вобласць. Губернатар вобласці, колішні міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік падзяліўся вопытам арганізацыі гэтай работы. 

Падчас нарады свае меркаванні наконт недахопаў у сістэме аховы здароўя выказалі і іншыя зацікаўленыя. Доктар медыцынскіх навук, прафесар Аляксандр Косінец, які зараз займае пасаду памочніка Прэзідэнта звярнуў увагу, на вялікую загружанасць медыкаў. Тыя, хто працуе на паўтары стаўкі, прыходзяць на работу ў 8 гадзін раніцы, а сыходзяць у 8 гадзін вечара. Зразумела, што такі рэжым працы прыводзіць да выгарання і да таго, што спецыялісты дапускаюць памылкі. Асабліва гэта тычыцца маладых спецыялістаў. «Што адбываецца ў сістэме вышэйшай медыцынскай адукацыі? У нас працуе 275 дактароў навук. З іх 177 пенсійнага ўзросту. З сотн дактароў навук наўрад ці знойдзем пяць, якія па сваіх кіраўніцкіх, арганізацыйных якасцях могуць падрыхтаваць доктара навук,» — сказаў Аляксандр Косінец, закрануўшы пытанне падрыхтоўкі кадраў. 

У сваю чаргу Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава заўважыла, што на 60 працэнтаў павялічылася колькасць зваротаў грамадзян, звязаных з сістэмай аховы здароўя. 

Выслухаўшы ўсе праблемы, Прэзідэнт даручыў да 1 студзеня 2024 года іх вырашыць і ўстараніць усе недахопы ў ахове здароўя. «Як вынік: праз тыдзень у мяне на стале дакумент — або распараджэнне, або пратакол даручэнняў. Збярыце стэнаграму, усё, аб чым гаварылі. Усё павінна быць прапісана. Тэрмін адзін — 1 студзеня наступнага года. Усе недахопы, аб якіх тут гаварылі, да 1 студзеня павінны быць ліквідаваны. За подпісам Прэзідэнта павінен быць дакумент, які абавязвае ўсіх — ад урада да ФАПа», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі нарады. 

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб выкананне гэтых даручэнняў было ўзята на кантроль. Адказныя за гэта — КДК і Генеральная пракуратура. «Не дай бог, мне даложаць, што вы хоць коску не выканалі або пасля коскі, наракайце самі на сябе. Усюды павінны быць зрухі», — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка даручыў захаваць рабочую групу, якая вывучала сітуацыю ў ахове здароўя. Ёй да канца года трэба яшчэ раз правесці маніторынг тых устаноў, якія былі ўзяты на заметку. Сярод даручэнняў кіраўніка дзяржавы — рэвізія ў медыцынскіх універсітэтах. «Па максімуме паглядзіце на іх. Рэктараў і кіраўніцтва ВНУ трэба ўзварушыць, не разварушваюцца — унясіце прапановы па замене. Усіх — значыць, усіх», — адзначыў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння ідзе размова не аб поспехах беларускай аховы здароўя і далейшым развіцці высокатэхналагічных навукова-практычных цэнтраў — з гэтым праблем няма. Цяпер важна навесці парадак у звычайных паліклініках у невялікіх гарадках, раёнах і вёсках. «Гэта ж нашы людзі. І вы што, думаеце, я вам дарую такое стаўленне да сваіх людзей? Ды ніколі ў жыцці! Ім патрэбна дапамога. А мы іх пераканалі ў тым, што калі дыягназ „рак“ — смерць. І яны з гэтым пагадзіліся. Гэта жахліва, гэта недапушчальна. Кожны чалавек павінен змагацца за сваё жыццё. Мы гэта людзям павінны ў галаву ўбіваць, і яны з нас павінны патрабаваць», — канстатваў Аляксандр Лукашэнка. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, часам за высокімі тэхналогіямі, сучаснымі навукова-практычнымі цэнтрамі, без увагі застаюцца раённыя бальніцы. Жалезныя патрабаванні Прэзідэнта — усюды навесці ўсюды парадак, пачаць дыягностыку захворванняў, глядзець, як працягнуць людзям жыццё. 

«Па ўсіх напрамках мной дадзены даручэнні. Губернатары, падключайцеся і працуйце. У адваротным выпадку я нікога не пашкадую. А калі вы думаеце, што я паміраць сабраўся — хлопцы, супакойцеся. Гэта не больш чым развагі ў тэлеграм-каналах. У мяне быў адэнавірус, які лечыцца тры дні. Але ў мяне не было магчымасці лячыцца: то ў Маскву, то суботнікі, то ў Гродне на плошчы з дзяўчатамі цалаваліся, потым у Гомелі. Паміраць я не збіраюся. Вы яшчэ мучыцца са мной будзеце вельмі доўга», — канстатаваў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы параіў звярнуць увагу на галоўных урачоў. Па яго словах, усё залежыць ад кіраўніка. 

«Няма здароўя, няма чалавека, няма працы — няма краіны. Гэта трэба мець на ўвазе. Але калі б не маглі, то з вас бы і не пыталі. Але ж мы можам. Зажэрліся, забюракратызавалі ўсе. Самазаспакаення не будзе. Мы ствараем сваю краіну, мы шмат зрабілі. Давайце гэта дашліфуем, каб дзецям засталося. Бо ад нас залежыць будучыня не толькі ў ахове здароўя», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».