Вы тут

Прадстаўнікі Мінадукацыі расказалі, што чакае выпускнікоў у найбліжэйшыя дні


25 мая ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны для дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў прагучаць апошнія званкі. Сёлета базавую школу заканчваюць 100,6 тысячы навучэнцаў. У параўнанні з папярэднім годам колькасць дзевяцікласнікаў павялічылася на 2,8 тысячы чалавек. З адзінаццатых класаў у дарослае жыццё стартуюць каля 52,9 тысячы хлопцаў і дзяўчат (гэта на 600 чалавек больш, чым летась).


А 23 мая ў Лідзе пройдзе Рэспубліканскае свята «Апошні званок». Яго слоган — «Стваральная праца — дзеля будучыні». Гэта мерапрыемства ўжо становіцца добрай традыцыяй, адмаўляліся ад яго толькі аднойчы, калі свае карэктывы ўнесла пандэмія каранавіруса.

— Сёлета ўдзельнікамі рэспубліканскага апошняга званка стануць 1,5 тысячы хлопцаў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў краіны, — расказала журналістам кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Таццяна АСМАЛОЎСКАЯ. —- Падчас правядзення рэспубліканскага свята пройдуць цырымонія ўскладання кветак да Кургана Бессмяротнасці, святочнае шэсце выпускнікоў па горадзе да Лідскага замка, урачыстая лінейка, дзе будуць узнагароджаны найлепшыя выпускнікі ў намінацыях «Інтэлект», «Спорт», «Творчасць» і «Лідар». Гэта пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх алімпіяд, спаборніцтваў, турніраў, пераможцы розных творчых конкурсаў, тыя, хто паспяхова зарэкамендаваў сябе ў грамадскай рабоце, члены вучнёўскага самакіравання, удзельнікі валанцёрскіх атрадаў, маладзёжных парламентаў, ініцыятары сацыяльных ініцыятыў, удзельнікі рэспубліканскага праекта «Цягнік памяці» і іншыя. Яны будуць узнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі і памятнымі сувенірамі. Пасля ўрачыстай лінейкі ў гарадскім Лядовым палацы адбудзецца канцэртная праграма, дыскатэка і святочны феерверк.

Для пераважнай колькасці адзінаццацікласнікаў выпускны экзаменацыйны марафон ужо скончаны. 21 мая яны здалі другі цэнтралізаваны экзамен па прадмеце па выбару і цяпер ім засталося толькі дачакацца абвяшчэння вынікаў. Ад здачы цэнтралізаванага экзамену вызваляліся падлеткі, якія па медыцынскіх паказаннях не маглі ў ім удзельнічаць. Для іх выпускныя экзамены будуць арганізаваныя на базе ўстаноў адукацыі, дзе яны навучаліся.

Адзінаццацікласнікі, якія не здалі цэнтралізаваны экзамен па ўважлівых прычынах, змогуць прайсці яго 23 і 25 мая. Допуск да цэнтралізаванага экзамена ў рэзервовыя дні ажыццяўляюць камісіі, якія ствараюцца ў галоўных упраўленнях адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Прадугледжаны таксама рэзервовыя дні ў ліпені, якія супадаюць з рэзервовымі днямі для ЦТ.

— З апошняга цэнтралізаванага экзамена па выбары, які прайшоў у Беларусі 21 мая, за парушэнні правілаў яго правядзення (шпаргалкі, выкарыстанне мабільных тэлефонаў у экзаменацыйнай аўдыторыі) былі выдаленыя сем чалавек. Парушальнікі змогуць пераздаць ЦЭ толькі 21 і 23 жніўня, — праінфармавала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына КАРЖОВА. — Адпаведна ўдзельнічаць ва ўступнай кампаніі ў ВНУ ў бягучым годзе яны ўжо не змогуць...

А вось дзевяцікласнікаў пасля непрацяглай паўзы чакае напружаны экзаменацыйны марафон.

— Выпускныя экзамены пройдуць арганізавана ва ўсіх установах адукацыі з 1 да 9 чэрвеня, — паведаміла Ірына КАРЖОВА. — Выпускнікі базавай школы пішуць пераказ па беларускай і рускай мове, кантрольную работу па матэматыцы і здаюць вусны экзамен па гісторыі Беларусі па білетах, зацверджаных Міністэрствам адукацыі. Другое пытанне ў білеце прадугледжвае выкананне практычнага задання, накіраванага на праверку ўмення навучэнцаў працаваць з рознымі крыніцамі гістарычнай інфармацыі: фрагментам гістарычнага дакумента, гістарычнай картай, схемай, табліцай, дыяграмай, графікам, фрагментам артыкула, ілюстрацыяй, іншымі крыніцамі. Звяртаем увагу, што ў бягучым навучальным годзе выпускны экзамен па «Гісторыі Беларусі» будзе праводзіцца з выкарыстаннем адзіных практычных заданняў для ўсіх устаноў адукацыі. З 1 лютага на Нацыянальным адукацыйным партале быў размешчаны банк матэрыялаў па падрыхтоўцы да выпускнога экзамену па гісторыі. Ён быў створаны па прапанове настаўнікаў гісторыі. Менавіта з гэтага банка і будуць сфарміраваныя практычныя заданні для экзаменацыйных білетаў. Банк экзаменацыйных заданняў будзе адкрыты для ўсіх на партале 25 мая. Падчас кансультацый у школе па падрыхтоўцы да экзамену настаўнікі змогуць выкарыстоўваць канкрэтныя заданні, якія навучэнцы атрымаюць, выцягнуўшы экзаменацыйны білет. 

Як і ў папярэднія гады, спецыялісты Міністэрства адукацыі будуць аб’яўляць тэксты для правядзення выпускных экзаменаў і нумары кантрольных работ па матэматыцы ў СМІ, а таксама тэксты будуць адразу ж размяшчацца на партале Міністэрства адукацыі. Пісьмовыя экзамены пройдуць ва ўстановах адукацыі 1, 5 і 7 чэрвеня.

А выпускныя вечары для адзінаццацікласнікаў адшумяць 10 чэрвеня. Разам са школьнымі атэстатамі яны атрымаюць і сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену, хоць вынікі ЦЭ даведаюцца раней. Адразу пасля з’яўлення ў пачатку чэрвеня вынікаў другога ЦЭ распачнецца рух сертыфікатаў, каб давесці іх да школ, дзе балы, атрыманыя на цэнтралізаваным экзамене, будуць выкарыстаны для выстаўлення выніковых адзнак у атэстат.

Пытанне, якое традыцыйна хвалюе адзінаццацікласнікаў і іх бацькоў: дзе можна правесці выпускны вечар, каб ён запомніўся ўсім?

— Выпускныя пройдуць на базе ўстаноў адукацыі. У выключных выпадках пад гэтыя мэты дазваляецца задзейнічаць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама ўстановы культуры, калі па аб’ектыўных прычынах правесці дадзенае мерапрыемства ў школе немагчыма, — патлумачыла Таццяна Асмалоўская. — Ужо распрацаваныя сцэнарныя планы святочных мерапрыемстваў. Мы ўпэўнены, што патэнцыял устаноў адукацыі дазваляе правесці свята ўласнымі сіламі, без прыцягнення з боку шоумэнаў, індывідуальных прадпрымальнікаў і гэтак далей. Вельмі важнае пытанне — забеспячэнне бяспекі выпускнікоў, таму мы ўшчыльную працуем з праваахоўнымі органамі. Час, працягласць і месца правядзення мерапрыемстваў вызначаюцца кіраўніком установы адукацыі з удзелам бацькоўскага камітэта і па ўзгадненні з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады.

І ўсё ж такі пэўнай частцы адзінаццацікласнікаў рана расслабляцца. Тыя з іх, хто прэтэндуе на паступленне ў ВНУ на мэтавыя месцы, яшчэ да атрымання ў школе атэстата павінны афіцыйна аформіць сваё жаданне навучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Тэрміны прыёму дакументаў, уступных іспытаў і залічэння дадзенай катэгорыі абітурыентаў вынесены за рамкі асноўнай прыёмнай кампаніі. З 1 да 5 чэрвеня будзе весціся прыём дакументаў ад абітурыентаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. З 6 да 13 чэрвеня яны здадуць адзін уступны іспыт у вуснай або практычнай форме (апошняе датычыцца профілю «фізічная культура і спорт» і творчых спецыяльнасцяў). І па 16 чэрвеня пройдзе залічэнне абітурыентаў. Свой школьны атэстат яны павінны прадаставіць у прыёмную камісію адразу як яго атрымаюць.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.