Вы тут

Крычаўская свістулька папоўніла спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў


Істота з галавой каня і тулавам качкі — менавіта так выглядае цацка-свістулька «крычаўскі конік», якая даўно стала брэндам Крычава і сімвалам рэгіянальнага фестывалю «Крычаўскі конік». А сёлета самабытны архаічны выраб Магілёўскага Падняпроўя атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і быў уключаны ў дзяржаўны спіс каштоўнасцяў Беларусі.


Адрадзіў майстэрства і тэхналогію вырабу гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя ў Магілёве і Крычаве Вячаслаў Якавенка, народны майстар Беларусі. Больш за 20 гадоў дапамагае яму ў гэтым Любоў Яшчанка, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Менавіта з іх лёгкіх і творчых рук у Крычаве гадоў пяць таму выйшаў выдатны фестываль, дзе свае ўменні ў рабоце з глінай дэманструюць як дарослыя майстры, так і шматлікія навучэнцы творчай пары. За адраджэнне ўсходнеславянскай падняпроўскай народнай традыцыйнай глінянай цацкі ў 2014 годзе ў Маскве Вячаслаў Якавенка быў узнагароджаны ордэнам «Пашана і слава». Майстар і цацка занесены ў міжнародную энцыклапедыю.

— Падняпроўская цацка-свістулька — ручны выраб з гліны, прызначаны для атрымання свісту, розных гукаў і выконвання мелодый. На іх можна імітаваць спевы птушак, гукі жывёл і звяроў, — расказвае і паказвае свае творы народны майстар. — У старажытнасці арэал распаўсюджвання падняпроўскай глінянай цацкі — тэрыторыя Верхняга Падняпроўя, на якой жылі плямёны мілаградскай, юхнаўскай і дняпроўска-дзвінскай археалагічных культур. Толькі ў Крычаве майстры ляпілі такую форму канька, якую вы бачыце: без ножак і падобнага на шахматную фігурку. У гэтым яго адметнасць і вядомасць далёка за межамі Беларусі.

Сённяшнія канькі жывуць і нараджаюцца ў магілёўскай студыі «Чароўная гліна», якой кіруе Любоў Яшчанка, і крычаўскай узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Свістулька» раённага Цэнтра культуры ДУК «Цэнтралізаванная клубная сістэма Крычаўскага раёна», мэтр якой — Вячаслаў Якавенка. Абодва майстры не ўяўляюць свайго жыцця без заняткаў любімай справай і з задавальненнем перадаюць вучням не толькі ганчарныя ўменні, але і сакральныя функцыі і таямніцы, якія захоўвае ў сабе конік.

Цацка зграбная, невялікая, без вострых выступаў, дробязяў, яна добра кладзецца ў руку і з ёю лёгка абыходзіцца. Але ж толькі на Магілёўскім Падняпроўі існавалі наступныя формы і вобразы, яны не сустракаюцца больш нідзе. Гэта качка-конь (птушка-конь), крычаўскі конь, вершнік на качцы, вершнік на качцы-кані, конь-певень, сава, падзялілася Любоў Яшчанка:

— Часцей за ўсё ў творчасці і ў цацках выкарыстоўваецца тое, што найбольш цэніцца. А ў гаспадарцы гэта быў перш за ўсё конь. Ён і зямлю арэ, і грузы перавозіць, без яго як без рук. Перад канём даўней людзі схіляліся, і цяперашняя дзятва, як зачараваная, на яго пазірае. Гэта асаблівая жывёла. А крычаўскі качка-конь — істота асаблівая. Яна спалучае ў сабе сакральную сілу качкі — сімвала ночы і мацярынства — якая ахоўвала чалавека ў цемры, і каня — сімвала сонца, любові і ўрадлівасці — якая засцерагала гаспадара ў светлы час.

Падняпроўская цацка адрозніваецца ад іншых спосабам лепкі. Яна робіцца з цэлага кавалка гліны пластычным спосабам (з першапачатковай формы выцягваюцца ногі, галава, хвост, вушы). Паасобку могуць прымацоўвацца рогі і вершнік, які сядзіць на качцы-кані. Цацка вылучаецца адной характэрнай вялікай дэталлю, якая адразу звяртае на сябе ўвагу. Напрыклад: вялікія вушы ў каня, грэбень у каня-пеўня ці адна галава і шыя, як у крычаўскага каня (такі вобраз дае падставу лічыць гэтую цацку, бадай што, самай архаічнай і звязанай з культам каня і качкі).

Падняпроўскія цацкі вырабляліся ў тэхніцы тэракоты, глазуравання (паліва часцей зялёнага колеру), чарнення і гартавання (абпальвання). Вячаслаў Якавенка адзначае каля 20 функцый падняпроўскай глінянай цацкі-свістулькі, частка з якіх засталася ў мінулым, але большасць існуе і ў сучаснасці. Гэта рытуальна-культавая, абрадавая, лекавая, гульнявая функцыі. Цацка можа быць таксама абярэгам, сувенірам, музычным інструментам, упрыгажэннем інтэр'ера, ёлачнай цацкай.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».