Вы тут

Удзел у ІІ Гульнях краін СНД возьме больш за шэсць тысяч чалавек


У традыцыйным спартыўным аглядзе — самыя важныя навіны.


Фота: БелТА.

Свята тыдня. У суботу, 20 мая, у Беларусі адзначылі Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту. «Аздараўленне нацыі, далучэнне беларусаў да здаровага спосабу жыцця — адзін з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Менавіта спорт аб'ядноўвае людзей, робіць іх мацнейшымі і мэтанакіраванымі. Беларусь даўно заявіла аб сабе як аб спартыўнай дзяржаве на міжнароднай арэне. Беларускія атлеты паказваюць цудоўныя вынікі на самых прэстыжных міжнародных турнірах. У пачатку жніўня Беларусь прыме вялікае спартыўнае свята — ІІ Гульні краін СНД. Галоўнай асаблівасцю гэтага мультыспартыўнага форуму стане правядзенне спаборніцтваў ва ўсіх рэгіёнах краіны — турніры па 20 відах спорту пройдуць у 11 гарадах», — адзначыў у віншаванні міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук.

Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь славіцца сваёй гісторыяй і традыцыямі фізкультурнага руху і спорту. «Мы — каманда аднадумцаў, улюбёных у сваю справу, свае віды спорту. Мы павінны і ў далейшым прытрымлівацца курсу ўзаемаразумення і супрацоўніцтва», — гаворыцца ў віншаванні кіраўніка НАК Беларусі.

Турнір тыдня. У Мінcку прайшоў адкрыты чэмпіянат Беларусі па мастацкай гімнастыцы, удзел у якім узялі таксама расійскія спартсменкі. Абсалютнай чэмпіёнкай краіны стала Аліна Гарнасько. Спачатку яна перамагла ў мнагаборстве, а затым — ва ўсіх індывідуальных практыкаваннях. Анастасія Салас заняла другое месца ў практыкаваннях з мячом і стужкай і стала трэцяй у кампазіцыі з абручом. На рахунку Лізаветы Зоркінай — «серабро» ў выступленні з абручом і дзве «бронзы» за праграмы з мячом і стужкай.

Цытата тыдня. «Чакаецца, што удзел у ІІ Гульнях краін СНД возьме больш за шэсць тысяч чалавек, з іх каля 4000 спартсменаў, 900 трэнераў, 800 суддзяў, 600 работнікаў медыцыны і 200 членаў дэлегацый. На сёння ўдзел у Гульнях пацвердзілі Расія, Азербайджан, Арменія, Казахстан, Таджыкістан, Кыргызстан, Узбекістан і Туркменістан. У асобных відах гатовыя выступіць каманды Кітая, Малайзіі, Лівана, Ірана, Егіпта і Кубы, Грузіі, Ізраіля, Кувейта, Манголіі, Амана, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Парагвая, Сальвадора, Саудаўскай Аравіі, Сербіі, Славеніі, Турцыі, Харватыі і Рэспублікі Карэя. У большасці відаў спорту за ўзнагароды будуць змагацца маладыя атлеты, дарослыя спартсмены — у гімнастыцы, пляжным футболе, самба, цяжкай атлетыцы і хакеі на траве», — расказаў першы намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Дараховіч.

Надзеі тыдня. У Мінску завяршыўся трэці фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў дзіцяча-юнацкай валейбольнай лігі «Мяч над сеткай». У турніры ўдзельнічалі каманды юнакоў і дзяўчат ад 10 да 16 гадоў. Сярод юнакоў і дзяўчат 2007 года нараджэння перамаглі каманды СДЮШАР ВК «Мінск» адпаведна. Першае месца ў дзяўчат 2008 года нараджэння заняла СДЮШАР № 2 Наваполацка, чэмпіёнскі кубак сярод юнакоў дастаўся камандзе Цэнтра алімпійскага рэзерву Жлобіна. Таксама прадстаўнікі жлобінскага ЦАР сталі найлепшымі сярод юнакоў 2009 года нараджэння, а ў дзяўчат першынствавала АСДЮШАР імя А. М. Сапегі ў Гродне. У турніры юнакоў 2010 года нараджэння наймацнейшай аказалася каманда СДЮШАР ВК «Мінск», сярод дзяўчат гэтага ўзросту роўных не было прадстаўніцам СДЮШАР Наваполацка. І ў хлопчыкаў, і ў дзяўчынак 2011 і 2012 гадоў нараджэння перамогі адсвяткавалі юныя выхаванцы валейбольнага клуба «Мінск».

Навіна тыдня. Беларускія цяжкаатлеты атрымалі допуск да міжнародных спаборніцтваў і адбору да Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Адпаведнае рашэнне апублікавала Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі. У спісе прозвішчы многіх вядомых атлетаў — Яўгена Ціханцова, Пятра Асаёнка, а таксама прадстаўнікоў трэнерскага штаба. Найбліжэйшы буйны турнір, на якім плануюць выступіць беларусы ў нейтральным статусе, — Гран-пры ў Гаване (Куба, 8—18 чэрвеня).

Каманда тыдня. Гандбалісткі «Гомеля» шосты раз у гісторыі сталі чэмпіёнкамі Беларусі. За галоўны трафей яны змагаліся з «БНТУ-БелАЗ». На трэцім месцы — «Гараднічанка». Беларуская федэрацыя гандбола назвала найлепшых гульцоў па гульнявых пазіцыях па выніках жаночай Betera Суперлігі Беларусі. Найлепшы варатар — Лілія Бурдук («Бярэсце»), найлепшая левая паўсярэдняя — Лада Самойленка («Гомель»), а найлепшая правая паўсярэдняя — Наталля Даньшына («Гомель»). Найлепшай лінейнай прызнана Вераніка Русілка («Гараднічанка»), найлепшай левай вуглавой — Рэгіна Кудраўцава («БНТУ-БелАЗ»). Сярод правых вуглавых найлепшай стала Юлія Іванчыкава («БНТУ-БелАЗ»). А Марта Кахно («Бярэзіна») — найлепшая разыгрываючая. Найлепшым бамбардзірам Betera-Суперлігі Беларусі стала Алена Алексяюк («Бярэсце»), якая закінула ў 30 гульнях 218 мячоў, што ў сярэднім — 7,3 гола за гульню.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.