Вы тут

Сяргей Ляўковіч правёў прамую тэлефонную лінію


Самыя разнастайныя пытанні разгледзеў падчас прамой тэлефоннай лініі першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Сяргей Ляўковіч. Заяўнікі агучылі пытанні ўладкавання дарог, рамонту і выкупу ў асабістую ўласнасць жылля, паляпшэння транспартных зносін, якаснага водазабяспечэння і шмат іншых.


Мікалай Львовіч з Калодзішчаў паскардзіўся, што за домам, дзе ён жыве, нядобрасумленныя жыхары зрабілі сапраўдны сметнік. Тут і смецце, і бытавая тэхніка, якая адслужыла свой тэрмін. У той жа час ёсць пляцоўка, абсталяваная кантэйнерамі для адходаў, але людзі іх ігнаруюць.

Акрамя таго, мужчына паведаміў, што ў аграгарадку даўно не працуе кафетэрый, і прасіў аднавіць яго работу. Турбуе яго і яма на пешаходнай дарожцы па вуліцы Чкалава, якая вядзе да вакзала. Гэта стварае нязручнасці і нават небяспеку для пасажыраў. У цёмны час сутак яе можна не заўважыць і аступіцца, пакалечыцца. 

Сяргей Ляўковіч даў пісьмовае даручэнне старшыні Мінскага райвыканкама Уладзіміру Юргевічу накіраваць спецыялістаў для ўладкавання дарожкі і разгледзець пытанне аднаўлення работы кафетэрыя.

Жыхар вёскі Цесава Салігорскага раёна Леанід Ягоравіч распавёў, што раней населены пункт уваходзіў у калгас імя Чкалава, дзе ён працаваў з 1991 года. Цяпер у сельгасарганізацыі новы ўласнік — адкрытае акцыянернае таварыства «Беларуськалій». Ён хоча выкупіць ва ўласнасць кватэру па вуліцы Ленінскай, 33, дзе даўно пражывае. Мужчына сцвярджае, што набудзе жыллё за асабісты кошт, яму не трэба бюджэтных грошай, ніякай дапамогі. Затым плануе правесці газ, таксама за свае сродкі. Але яму не дазваляюць гэтага зрабіць. Маўляў, падчас работы ў гаспадарцы ў працоўным стажы быў перапынак, а па заканадаўстве неабходна адпрацаваць 10 гадоў, каб выкупіць жыллё.

Па словах заяўніка, дом пабудаваны ў 1970-х гадах. Кватэра з цягам часу прыходзіла ў заняпад, давялося ўкласці немалыя сродкі, каб навесці парадак — памяняў вокны, дзверы. Зноў жа ні ў кога не прасіў ні капейкі.

— Пастараюся дапамагчы ў вырашэнні пытання. Калі на працягу месяца ніякіх зрухаў не будзе, напішыце на маё імя пісьмо, нагадайце, што звярталіся на прамую лінію, і выкладзіце сутнасць пытання. Акрамя таго, я перагавару з генеральным дырэктарам ААТ «Беларуськалій» Іванам Галаватым, — рэзюмаваў Сяргей Ляўковіч.

Лілія Уладзіміраўна з Астрашыцкага Гарадка расказала, што ў іх населеным пункце дрэннае транспартнае абслугоўванне, парушаецца расклад аўтобусаў. «Праблемы пачаліся, калі нас перавялі на абслугоўванне з Лагойска ў транспартную арганізацыю гарадскога пасёлка Плешчаніцы. Праблемна дабрацца ў райцэнтр, Бараўляны, людзям даводзіцца стаяць на прыпынку пасля работы па дзве гадзіны і больш», — адзначыла заяўніца.

Сяргей Віктаравіч даручыў кіраўніку прадпрыемства «Мінаблпасажыртранс» Аляксандру Кахно наладзіць бесперабойныя транспартныя зносіны ў аграгарадку.

Сяргей Макаравіч з вёскі Логнавічы Клецкага раёна распавёў, што ў населеным пункце вуліца Зялёная ў суцэльных выбоінах. Раней яна знаходзілася на балансе сельсавета. За ёй пастаянна даглядалі, умацоўвалі камянямі. Затым перадалі ЖКГ. У мінулым годзе мужчына звярнуўся ў арганізацыю з просьбай зрабіць падсыпку. Абяцалі падсыпаць, але замест гэтага пусцілі грэйдар, і ўзровень вуліцы знізіўся — і цяпер пасля дажджу стаіць вада.

— Разгледзім ваша пытанне, даручым камунальнікам выправіць становішча, — запэўніў мужчыну Сяргей Ляўковіч.

— У аўталаўцы Дзяржынскага райспажыўтава рыства, якая абслугоўвае нашу вёску Шышкі і іншыя населеныя пункты Путчынскага сельсавета, вельмі бедны асартымент. Няма самага неабходнага — ні запалак, ні солі, ні батона, — канстатавала Галіна Еўдакімаўна. У мінулы чацвер у продажы не было ні масла сметанковага, ні хлеба. Даводзіцца за прадуктамі хадзіць у аграгарадок Путчына, а гэта 13 кіламетраў ад нашай вёскі.

— Даручу старшыні Дзяржынскага райвыканкама Максіму Лысенку, каб навёў парадак. Як варыянт, пусцім да вас яшчэ адну аўталаўку іншай юрыдычнай асобы. Тады і асартымент тавараў пашырыцца, і ў вас з’явіцца больш выбару, — паабяцаў першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама.

Дзве жыхаркі курортнага пасёлка Нарач Мядзельскага раёна агучылі праблему няякаснага рамонту дома па вуліцы Лясной, 5. Дом пабудаваны ў 1963 годзе. З таго часу там не праводзілася ніякіх работ. І толькі ў 1922 годзе іх распачалі. Але пасля капітальнага рамонту пачаліся праблемы з гарачай вадой, паколькі сістэма не закальцавана. Каб атрымаць гарачую ваду, жыхары вымушаны зліваць яе з крана хвілін дваццаць. А гэта значна павялічвае расход. Натуральна, даводзіцца шмат пераплачваць за камунальную паслугу.

Падчас капрамонту будаўнікі абяцалі часткова замяніць дах. Наконт гэтага жанчыны звярталіся да прараба, але ён сказаў, што нічога рабіцца не будзе. «Крыўдна, што нас падманулі», — уздыхаюць жанчыны.

Сяргей Ляўковіч патэлефанаваў старшыні Мядзельскага райвыканкама Аляксандру Прановічу і даручыў прааналізаваць пытанні.

Падчас прамой тэлефоннай лініі частка пытанняў была вырашана на месцы, хтосьці з заяўнікаў атрымаў кансультацыі. А па тых пытаннях, што патрабуюць дадатковага вывучэння, грамадзяне ў азначаныя заканадаўствам тэрміны атрымаюць адказ.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».