Вы тут

Як праходзяць падрыхтоўку ваеннаслужачыя запасу


Расце і мацнее вывучка ваеннаабавязаных, прызваных на ваенныя зборы ў адну з брыгад Сіл спецыяльных аперацый. На днях з запаснікамі прайшоў шэраг комплексных ротных тактычных вучэнняў з баявой стральбой.


У ходзе вучэнняў былі адпрацаваны дзеянні па абароне. Навучанне ваеннаабавязаных пачалося з тэорыі і практычных асноў. Пасля таго як кожны баец навучыўся дзейнічаць індывідуальна, дэсантнікі-запаснікі прыступілі да працы ў складзе падраздзяленняў.

— Сучасны бой патрабуе тактычнай гнуткасці, імгненнага і дакладнага рэагавання на дзеянні суперніка, — растлумачыў намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл палкоўнік Дзмітрый Собаль. — Толькі на палігоне ўдасканальваюцца навыкі абыходжання са зброяй. У ходзе гэтых збораў ваеннаабавязаныя вучацца дзейнічаць у розных умовах тактычнай абстаноўкі.

Кіраўніцтва вучэння стварыла складаную абстаноўку — былі задзейнічаны сотні розных мішэняў. Нарэшце, цішыню палігона ўзарвалі стрэлы са стралковай зброі і гранатамётаў — запаснікі абрынулі на ўмоўнага суперніка шквал агню. Мішэні разляталіся ў трэскі. Стрэлы з гранатамёта і аўтамата траплялі ў цэль. Ваеннаабавязаныя дзейнічалі ўпэўнена. Камандзіры падраздзяленняў таксама, дарэчы, прызваныя з запасу дакладна кіравалі сваімі падначаленымі.

Выканаўшы вучэбна-баявую задачу, на вайсковым стрэльбішчы падраздзяленні запаснікаў па чарзе змянялі адзін аднаго. Навучальны бой для ваеннаабавязаных доўжыўся нядоўга — умоўны супернік быў цалкам знішчаны. На палігоне ўсталявалася цішыня, звінячая і такая нязвыклая пасля грукату выбухаў і стрэлаў.

Вынікі ротных тактычных вучэнняў для свайго падраздзялення падвёў камандзір адной з рот старшы лейтэнант запасу Яўген Марачкін:

— Для сябе як для камандзіра атрымаў выдатны вопыт — акадэмія салдата. Менавіта на палігоне, дзе абстаноўка максімальна набліжаная да баявой можна прадэманстраваць свае веды і ўменні на практыцы і адпрацаваць усе дзеянні зладжана і дакладна. Перад вучэннем з усімі падраздзяленнямі ваеннаабавязаных прайшлі баявыя стрэльбы аддзяленняў і ўзводаў. Падчас іх вайскоўцы запасу паказалі зладжаныя дзеянні і высокі ўзровень палявой вывучкі.

Годна выявіў сябе падчас этапу баявой стральбы і стралок радавы запасу Генадзь Трусіла. «На зборы я паглыбіў свае веды і навыкі па прадметах баявой падрыхтоўкі. Зараз ужо шмат атрымліваецца, дзеянні адпрацаваны да аўтаматызму. Разумеем з таварышамі адзін аднаго з паўслова, — падзяліўся ўражаннямі ваеннаабавязаны. — Зборы падабаюцца: тут сапраўды не засумуеш».

Выдатных вынікаў дабіўся і радавы запасу Андрэй Ткачык. «Дэсантнікаў былых не бывае, — заўважыў малады чалавек. — Нам давяраюць самыя адказныя задачы, і мы не маем права падвесці сваіх камандзіраў. Абстаноўка ў свеце дастаткова напружаная. Ні адна дзяржава не застрахавана ад якога-небудзь канфлікту, таму і ў нашых Узброеных Сілах павінен быць падрыхтаваны рэзерв. І калі здарыцца так, што над нашай краінай навіснуць чорныя хмары варожай агрэсіі, упэўнены, што я і мае таварышы са зброяй у руках гатовы ўстаць на абарону сваёй краіны, яе суверэнітэту і незалежнасці».

На адной з навучальных кропак ваеннаабавязаныя пераадольвалі паласу перашкод з элементамі псіхалагічнай падрыхтоўкі. Яе неабходна было прайсці ў складзе ўсяго падраздзялення, ды яшчэ пасля марш-кідка.

На гэтых занятках бывалыя дэсантнікі сутыкнуліся з тым, што іх можа чакаць у рэальным баявым становішчы: равы, завалы, траншэі і загароды. Ваеннаслужачыя запасу паказалі не толькі высокія прафесійныя навыкі, але і псіхалагічную гатоўнасць да бою. Як адзначаюць інструктары, якія праводзілі заняткі, запаснікі праявілі эмацыйную і валявую ўстойлівасць, здольнасць пераадольваць страх і супрацьстаяць паніцы.

— Галоўны складальнік занятку — псіхалагічная мадэль сучаснага бою, якая цалкам імітуе вучэбна-баявыя задачы, якія, калі што здарыцца, давядзецца вырашаць у рэальнасці, — растлумачыў інструктар адной з воінскіх часцей ССА. — Падобныя заняткі максімальна набліжаны да баявых умоў. У канчатковым выніку ўсё гэта выхоўвае ў ваеннаабавязаных упэўненасць ва ўласных сілах, рашучасць і смеласць, а таксама вытрымку і самавалоданне.

Пераадоленне паласы перашкод з элементамі псіхалагічнай падрыхтоўкі ўключае шэраг узаемазвязаных элементаў, якія дазваляюць удасканальваць як фізічную, так і псіхалагічную гатоўнасць асабовага складу. Пакуль адны праходзяць перашкоду, іншыя вайскоўцы запасу іх затуляюць, трымаючы свой сектар у поле зроку, каб хутка адрэагаваць на змену становішча.

— Баец, хутчэй! — інструктары не давалі не тое што расслабіцца, нават зменшыць тэмп.

У бліжэйшыя дні падраздзяленні ваеннаабавязаных адпрацуюць задачы па пошуку і знішчэнні дыверсійна-разведвальных груп умоўнага суперніка ў лясным масіве.

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».