Вы тут

Аляксандр Ціханаў: Не трэба забываць, што талент належыць народу


Мудрацы сцвярджаюць, што ва ўсім варта слухаць сваё сэрца, маўляў, толькі яно ведае, правільны шлях. Цяжка з гэтым не пагадзіцца. Найлепшы біятланіст ХХ стагоддзя па версіі ІBU, чатырохразовы алімпійскі чэмпіён, адзінаццаціразовы чэмпіён свету Аляксандр Ціханаў мог бы жыць у любым пункце зямнога шара. Але ўжо шмат гадоў жыве ў Беларусі. «Беларусь падарыла мне Машаньку, жонку, з якой мы шчасліва жывём ужо 21 год. Гэта дзівосная краіна, ад якой усе застаюцца ў захапленні. І я шчаслівы, што жыву сярод гэтай прыгажосці», — прызнаецца Аляксандр Іванавіч. Што яшчэ звязвае чэмпіёна з нашай (і ўжо з яго краінай) ён распавёў у інтэрв’ю «Звяздзе». Вядома ж, не абышлося без размовы аб спорце.


— Аляксандр Іванавіч, чым вас так прывабіла Беларусь?

— Будучы спартсменам, я часта тут трэніраваўся. У Беларусі заўсёды былі цудоўныя ўмовы для спартыўнай падрыхтоўкі. Я вельмі люблю «Раўбічы» і ганаруся тым, што меў дачыненне да стварэння гэтага комплексу. У пачатку 1970-х разам з камандай беларускіх спецыялістаў мы зразумелі, што трэба знайсці месца для падрыхтоўкі савецкіх біятланістаў. Галоўным патрабаваннем да будучай базы была невялікая адлегласць ад Мінска. Калі прыехалі ў «Раўбічы», зразумелі: гэта менавіта тое, што нам патрэбна. Я падняўся на пагорак, убачыў гэтую бязмежную прастору — лепшага месца не знайсці. Правільнасць нашага выбару пацвердзілася ўжо ў 1974 годзе, калі «Раўбічы» прынялі чэмпіянат свету. Наколькі я ведаю, рэкорд па колькасці гледачоў, устаноўлены на гэтым чэмпіянаце, не пабіты і сёння. Гэта было нешта неверагоднае. Уся траса была суцэльным жывым калідорам, людзі стаялі ў пяць радоў. Спартсмен можа толькі марыць аб такой падтрымцы гледачоў. І мне гэта дапамагло, на тым чэмпіянаце я стаў пераможцам у эстафеце. Гэты медаль адзін з самых каштоўных для мяне. На роднай зямлі заўсёды цяжка выступаць. Але вельмі лёгка і прыемна трэніравацца і жыць.

— Напэўна, за гэты час моцна пасябравалі і з беларускімі спартсменамі?

— Безумоўна. З многімі сябруем да гэтага часу. Нядаўна ў мяне нарадзіўся другі праўнук, і па славянскай традыцыі я сабраў сваіх сяброў, многія з якіх алімпійскія чэмпіёны, адзначыць гэтую радасную падзею. Гэта быў шчаслівы вечар і для мяне, і для іх. Неверагодныя, цудоўныя людзі. Валерый Шарый на першай Алімпіядзе атрымаў «абаранак», не змог падняць свае кілаграмы і прайграў. І пасля гэтага ён змог яшчэ чатыры гады працаваць, даказваць сваю сілу і перамагчы на наступных Алімпійскіх гульнях. Аляксандра Мядзведзя я ўпершыню ўбачыў, калі мне было 19 гадоў. Ён змагаўся з Аляксандрам Іваніцкім — два гіганты сустрэліся на дыване. Я быў шчаслівы ў 1966 годзе паціснуць руку Аляксандру Васільевічу Мядзведзю. Ганаруся сяброўствам з чалавекам, аб якім сапернікі казалі, што, пакуль Мядзведзь на дыване, ім тут рабіць няма чаго. Саша Раманькоў — вялікі фехтавальшчык. Гэтыя людзі — гісторыя спорту. А гісторыю забываць нельга, яшчэ Канфуцый казаў, што без мінулага не атрымаеш будучыні. І мне радасна бачыць, што ў Беларусі імкнуцца захаваць гэтую гісторыю. Разам з Сашам Раманьковым мы сустракаліся з вучнямі 59-й мінскай школы. Я быў уражаны школьным музеем алімпійскай славы. Увазе, якая ўдзяляецца спорту ў Беларусі, можа пазайздросціць любая краіна. Беларусь можа ганарыцца цудоўнымі спартыўнымі аб’ектамі — ад школьных стадыёнаў да прафесійных комплексаў. У мяне за плячыма палова зямнога шара, я бачыў шмат розных спартыўных арэн, мне ёсць, з чым параўнаць. І гэтае параўнанне будзе на карысць Беларусі.

— Аляксандр Іванавіч, як савецкі спартсмен вы можаце растлумачыць, у чым унікальнасць вашага пакалення? Чаму спартсмены савецкага часу былі непераможныя?

— Людзі, выхаваныя на дзяржаўнай ідэалогіі «быць першым» інакш працаваць не маглі. Буду казаць за сябе. Перад трэніроўкай я нават не глядзеў, якое надвор’е, гэта не мела ніякага значэння, бо мне трэба было выканаць трэніроўку. У дзённіку быў запісаны мой дэвіз: «Схавае неба пуцяводную зорку, адмовіць компас, цішыня накрые гукі, але я навобмацак выхад свой знайду, і нават смерць апусціць свае рукі». І далей я сабе пісаў: «Шура (мяне так шматлікія звалі), другіх не памятаюць, толькі першых». І я заўсёды кіраваўся такім прынцыпам. Спартсмен не павінен быць шаблонным, ён не павінен слепа выконваць заданні трэнера. Ён павінен сам аналізаваць свой стан, супастаўляць нагрузку. Можна называць гэта як заўгодна — талент, прафесіяналізм. Але толькі так спартсмен можа дабіцца выніку.

— На ваш погляд, што сучаснаму спорту варта было б пераняць з савецкай школы?

— Калісьці быў адзін Царскасельскі ліцэй, але ён даў свету Пушкіна. Трэба шукаць таленты. Чым больш дзяцей займаюцца спортам — тым вышэйшая верагоднасць знайсці талент. Павінна быць ідэалогія — «быць першым». Вядома, Беларусі спаборнічаць з такой краінай, як Расія, ці іншымі буйнымі дзяржавамі цяжка. Але ж магчыма, і мы ўсе гэта бачылі, калі перамагала Даша Домрачава. Дарэчы, дазвол на яе пераход з расійскай каманды ў беларускую падпісваў я.

Для развіцця любога віду спорту патрэбны моцныя трэнеры. Трэнер павінен быць выдатным педагогам, які валодае абсалютнымі ведамі аб сваім відзе спорту. Ён павінен так заразіць моладзь, каб яны беззваротна закахаліся ў гэты спорт. Я абсалютна ўпэўнены, што трэнерамі не становяцца — імі нараджаюцца. На асобе трэнера завязаны ўсе аспекты падрыхтоўкі спартсменаў. Трэнер павінен сачыць за тым, каб спартсмен правільна харчаваўся. Ролс-ройс запраў саляркай — ён не паедзе, элементарны прыклад. Я ведаю, што такое харчаванне пры максімальных нагрузках на арганізм. У Іжэўскім інстытуце фізкультуры імя Аляксандра Ціханава працуюць найлепшыя лабараторыі, я добра знаёмы з тэмай спартыўнага харчавання. Трэба спартсменам з юнацкіх гадоў даносіць, што спорт не адразу прыносіць матэрыяльныя выгоды. Мы спажыўцы, якія сядзяць на шыі падаткаплацельшчыкаў, проста шмат хто баіцца пра гэта сказаць. Але іншага дзейства, за якім гэтак жа сачыў бы ўвесь мір, як за спортам, я не ведаю.

— Нядаўна адзначалі 100-годдзе добраахвотна-спартыўнага таварыства «Дынама. На ваш погляд, наколькі эфектыўнай была сістэма добраахвотных спартыўных таварыстваў для падрыхтоўкі спартсменаў?

— Гэта была геніяльная сістэма. Сваю кар’еру я пачынаў у таварыстве «Ураджай», прычым выступаў пад чужымі дакументамі. Мне было 15 гадоў, і мяне заявілі на спаборніцтвы па лыжных гонках сярод дарослых. Зразумела, што ў 15 гадоў мяне ніхто б не дапусціў. Таму я выступаў як Барыс Юзееў, трактарыст з сяла Кулуева Чалябінскай вобласці 1942 года нараджэння. І ў эстафеце я паказаў найлепшы вынік. Потым быў у «Працоўных рэзервах», падчас службы ў войску лічыўся ў «Дынама». Паміж рознымі таварыствамі была шалёная канкурэнцыя. Спартакіяды народаў СССР — гэта малыя Алімпійскія гульні, напал барацьбы на гэтых стартах не саступаў алімпійскаму. Я сам — прадукт Спартакіяды народаў СССР 1966 года, я выйграў там дзве дыстанцыі і быў сярэбраным прызёрам у эстафеце. Спартакіяда заўсёды адкрывала новыя імёны. Таварыствы падтрымлівалі спартсменаў, стваралі для іх усе ўмовы, таму што кожнае таварыства хацела бачыць свайго выхаванца на п’едэстале. Але гэтую сістэму пахавалі, у нас у прынцыпе гэта добра атрымліваецца.

Шмат хто скажа, што наша пакаленне састарэла. Усё, што я магу на гэта адказаць: «Збярыце ўвесь беларускі і расійскі біятлон. Я буду займацца трэніровачным працэсам, буду перадаваць веды». Але бяда ў тым, што гэта і блізка нікому не патрэбна. І вельмі дрэнна, што людзі, якія сёння працуюць са спартсменамі, не жадаюць развівацца. Антон Смольскі ў Пекіне стаў сярэбраным прызёрам. Усе парадаваліся. А далей што? Хто прыйдзе за Смольскім? А біятлон — гэта ж спорт абаронцаў Айчыны, якія ўмеюць трымаць зброю ў руках.

— Аляксандр Іванавіч, ваша захапленне паляваннем звязана з біятлонам?

— Я заўсёды кажу, што паляванне для мяне — гэта найлепшая аддушына. Я часта паляваў з Аляксандрам Мядзведзем, з ім і на мядзведзя ісці не страшна было, прабачце за каламбур.

— А што яшчэ для вас аддушына?

— Конны спорт. Мала хто ведае, што я сярэбраны прызёр чэмпіянату Расіі па канкуры. У мяне нават быў свой конны клуб. У дзяцінстве я быў пастухом, таму ў сядле заўсёды трымаўся ўпэўнена. Пасля смерці майго добрага прыяцеля без гаспадара застаўся прыгажун конь Хан, з якім я не мог расстацца. Так у мяне з’явіўся конны клуб, на базе якога праводзілася многа турніраў з удзелам найлепшых спартсменаў. У мяне было шмат дзівацтваў. Напрыклад, я праводзіў Кубак Ціханава па спартыўных танцах. Прыязджалі спартсмены з Камчаткі, з Сахаліна, з Далёкага Усходу. Удзельнікаў было настолькі шмат, што Кубак Ціханава пачынаўся ў 8 раніцы і працягваўся да гадзіны ночы. Быў у маім жыцці перыяд, калі я вырашыў даказаць, што чэмпіёны здольныя на многае не толькі ў спорце. У Растоўскай вобласці ўзяў цяжкія землі — 19,5 тысячы гектараў. Неўзабаве на гэтых землях у складаных кліматычных умовах, калі ўлетку спякота пад 40 градусаў, узнікла паспяховае сельскагаспадарчае прадпрыемства. На чацвёрты год сваёй працы мы былі прызнаныя найлепшай аграфірмай у Еўропе. Усе былі ў шоку. Я даказаў, што спартсмены могуць не толькі на трэніроўках пацець. Дык, можа быць, варта людзей са спорту прызначаць на кіруючыя пасады ў розныя галіны? Мы прывыклі перамагаць і заўсёды імкнёмся быць найлепшымі.

— Ваша імкненне быць найлепшым выдатна адлюстроўвае ваш знакаміты пінжак, абчэплены медалямі...

— Калі ўважліва прыгледзецца, то можна ўбачыць, што многія мае медалі пабітыя, сколатыя. Я заўсёды апранаў гэты пінжак на сустрэчы з заўзятарамі, дзе б ні праходзілі гэтыя сустрэчы: у вялікіх залах, турмах, якуцкіх пасёлках, якіх нават на карце няма. Не трэба забываць, што талент належыць народу. Гэта вялікая праўда.

— З россыпу вашых узнагарод медаль з якога турніру самы памятны?

— Мусіць, першы залаты медаль чэмпіянату свету 1969 года. Я ўжо быў алімпійскім чэмпіёнам, але яшчэ не быў чэмпіёнам свету. І мне хацелася заваяваць і гэты тытул. Тым больш тую пераможную індывідуальную гонку я скончыў амаль без прытомнасці. Адыграць хвіліну было нават тэарэтычна немагчыма. І да гэтага часу некаторыя лічаць, што Ціханаў на допінгу выступаў. Ну, няхай лічаць, я ніколі не хаваў, што маім допінгам быў рускі светлы напой.

— А дзе цяпер захоўваюцца вашы ўзнагароды?

— У маі мы адкрылі ў вёсцы Колбавічы Баранавіцкага раёна парк-атэль «Яркі». Там будзе пабудаваны музей, аналагаў якому няма ў свеце. У дом-музей Ціханава я планую перадаць амаль паўтары тысячы экспанатаў, сярод якіх — мае ўзнагароды і асабістыя рэчы. Я 40 гадоў шукаў месца для музея ў Расіі, так і не знайшоў. Але затое знайшоў у Баранавіцкім раёне. Бо гэта не проста кубкі і медалі — гэта тое, чым чалавек жыве.

— Аляксандр Іванавіч, маючы такую насычаную біяграфію, чым вы ганарыцеся больш за ўсё?

— Я крыху не ўпісваюся ў сучасны свет, таму што хлусіць не ўмею, і гэта мая бяда. Многія мае аднагодкі неяк падладзіліся: калі ім сказаць, што чорнае — гэта белае, яны пагодзяцца. Я гэтага рабіць не ўмею. Я больш за ўсё ганаруся тым, што нарадзіўся нармальным чалавекам, які любіць сваю Радзіму. Я люблю жыццё такое, якое яно ёсць. Я вельмі задаволены тым, што жыву з каханай жонкай у маленькай прыгожай Беларусі, побач з яе цудоўным працавітым народам. У мяне тут ёсць участак, хатка, лазня. Што яшчэ для шчасця патрэбна?

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».