Вы тут

На сцэне Камернага драматычнага тэатра адбылася прэм’ера спектакля «Ехай!»


На сцэне Камернага драматычнага тэатра, які кватаруе ў сталічным Доме літаратара, адбылася прэм’ера спектакля «Ехай!». За пастаноўку п’есы Ніны Садур, аднаго з найбольш паважаных драматургаў сучаснасці, дзякаваць трэба дэбютантцы Тамары Суфрунковай. Пад пільным мастацкім кіраўніцтвам Наталлі Башавай у руках маладой рэжысёркі выразна танатычны тэкст расійскай пісьменніцы набыў падкрэслена жыццесцвярджальнае гучанне і, акрамя таго, знайшоў трывалую жанравую абалонку — трагікамедыі.


Драматургія Ніны Садур, якая выкрывае экзістэнцыяльныя страхі і, паводле трапнага азначэння даследчыкаў, «выварочвае прывычны свет навыварат», кідае выклік пастаноўшчыкам не толькі ў краінах былога Савецкага Саюза, але і па ўсім свеце. Так, імя пісьменніцы не сыходзіць з тэатральных афіш планеты, пачынаючы ажно з 1980-х гадоў, калі былі апублікаваны яе першыя драматургічныя творы. Тады, на сыходзе эпохі, гэтыя беспа- дзейныя на першы погляд «откровения» прыйшліся даспадобы згаладаламу гледачу. Не страцілі сваёй актуальнасці яны і сёння.

Яскравае таму пацвярджэнне — беларускі сцэнічны рэпертуар. З апошніх прыкладаў можна прыгадаць XV Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt.кантакт», які прайшоў летась у Магілёве і адзін з дзён якога завяршыўся паказам хорар-спектакля рэжысёра Паўла Марыніча «Вій» (Палескі драматычны тэатр) паводле п’есы драматурга «Панначка». П’еса, дарэчы, натхнёная аповесцю Мікалая Гогаля. Зрэшты, знаёмыя беларускім гледачам і іншыя прыклады інсцэніровак Ніны Садур.

Андрэй Хурсан у вобразе Машыніста.

Чым адметная драматургія таленавітай аўтаркі і якія перашкоды яна ставіць перад рэжысёрамі? Па-першае, творы Садур не вылучаюцца вострасюжэтнасцю. Наадварот, самыя яркія падзеі ў іх — падзеі ўнутранага жыцця герояў. Тым мацней гэта адчуваецца ў кантэксце абранай Тамарай Суфрунковай п’есы. Пры першым сутыкненні з тэкстам «Ехай!» на думку прыходзяць, як ні дзіўна, платонаўскія дыялогі. Другая ўстойлівая асацыяцыя — сімвалісцкая драма пачатку XX стагоддзя і ў прыватнасці містычныя творы Леаніда Андрэева. Да таго ж нельга не згадаць і тэатр абсурду, хоць, папраўдзе, абсурдызм тут падманлівы і не з’яўляецца самамэтай.

Адной сцюдзёнай зімняй ноччу аблудны ва ўсіх сэнсах мужык (увасоблены на сцэне Уладзіславам Маслоўскім) прымасціўся на рэйках, папярэдне падклаўшы шапку сабе пад шчаку, пасярод снежнай пустыні, нацэліў азадак на зоркі і стаў чакаць. Машыніст (Андрэй Хурсан), якому не пашчасціла (а мо наадварот?) весці пасажырскі састаў па тых жа пуцях, здалёк заўважыў самагубцу і цудам паспеў спыніць цягнік. Але мужык не спяшаецца кідацца выратавальніку на шыю і замест таго, нават не рухаючыся з месца, упарта паўтарае: «Ехай!» Перад машыністам — дылема: як-ніяк адказная асоба, у яго «грошыкі цырыкаюць у кожнай хвіліначцы», але не стане ж ён, далібог, пераязджаць жывога чалавека. І трэба ж было заўважыць гэтага небараку! Не ўрадзіўся б такім зоркім, дык мо даўно ўжо зрабіў справаздачу начальству і ехаў бы сабе далей — з чыстай душою. А цяпер…

Таццяна Булгакава ў ролі Бабкі ў боціках.

Паміж героямі завязваецца анталагічная спрэчка, з перыпетый і парадоксаў якой, уласна, і складаецца п’еса. Чытаць гэта вельмі цікава, але як тое прадэманстраваць у двухактовым спектаклі і не застацца ў выніку ў пустой зале? Рашэнне ляжыць на паверхні — пластычны тэатр. Няхай перад намі і не пантаміма ў поўным сэнсе, элементы апошняй, тым не менш, праступаюць у спектаклі тут і там: рэплікі атрымалі мацнейшую экспрэсіўную афарбоўку, чым таго патрабуе арыгінал, а акцёры — большую свабоду рухаў. Акрамя таго, з’явіліся два танцавальна-песенныя нумары, адэкватныя абранаму жанру. Праўда, каб персанажы не гулялі з пустатой — хоць гэта ў іх атрымліваецца няблага (асобна адзначым тут Андрэя Хурсана, які сваім вобразам і манерай з сярэдзіны зала нагадвае выдатнага расійскага артыста Юрыя Чурсіна), — творчая група спектакля пайшла на хітрасць…

Мужык у выкананні Уладзіслава Маслоўскага.

Складана знайсці адэкватнае мастацкае рашэнне для п’есы, дзеянне якой адбываецца ў начным полі, а адзіная дэкарацыя — 14-вагонны электравоз — у рэмарках увогуле вынесена драматургам за кулісы: «Самога цягніка не відаць, але віхор святла, снегу і грукат кажуць нам, што праехаў цягнік…» Пастаноўшчыца разам з мастачкай Аляксандрай Гранстрэм вырашылі пайсці ад простага і паспрабавалі ўзгрувасціць на сцэну ўвесь небагаты прадметны свет п’есы — і цягнік, і снег, і ваўкоў (у тэксце яны толькі выюць у нябачнай далечыні), і людзей, якія п’юць чай па вагонах, і нават касмічную ракету (плён фантазіі герояў). З адным толькі ўдакладненнем: маштаб мініяцюрны.

Зрэшты, як ні парадаксальна, абраны падыход пазбавіў твор пэўнай глыбіні, сплюшчыў яго. Як бы ні стараліся аўтары таму супрацьстаяць — прыправіўшы аповед хтанічнымі фальклорнымі песнапеннямі, што аддаюцца ў зале іншасветным рэхам, і прыглушыўшы сафіты да паўзмроку — з твора выветрываецца трансцэндэнтальнае. Праўда ў тым, што вобразы герояў п’есы — дуалістычныя і неабсяжныя — праз акцёрства (не ў крыўду кажучы) няўмольна губляюць у аб’ёмнасці і спрашчаюцца. Чым больш намаганняў прыкладаюць выканаўцы, тым больш акрэслены (чытай: «зразумелы») вобраз у іх атрымліваецца. І няхай знойдзенае рашэнне не пайшло на карысць закладзенай у тэкст ідэі, яно прыўнесла ў твор кроплю чагосьці новага, крыху пераставіла акцэнты і, галоўнае, не дало засумаваць гледачам.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота Паўла РАМАНЕНІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.