Вы тут

Выбітныя ўзоры мастацтва маляваных дываноў можна пабачыць у ДМГБЛ


Акунуцца ў чароўны рай запрашаюць на выстаўцы «Казкі з маляванак», якая будзе экспанавацца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры да канца мая. На палотнах, быццам з чорнай касмічнай бездані, у аздабленні яскравых каляровых кветак, праступаюць выявы ладных прыгожых звяроў, якія ні на кога не палююць — наадварот, задаволеныя жыццём, з усмешлівым ды сыценькім выразам добрых мордачак, яны быццам ведаюць пра нейкія цуды, на якія пад напластаваннем штодзённых клопатаў і цяжкіх выпрабаванняў паспеў забыцца чалавек...  Гэтак уяўлялі рай нашы далёкія продкі.

Дзівосныя коцікі, ільвы, зайчыкі з’яўляюцца найбольш частымі выявамі на ўзорах мастацтва маляваных дываноў, якімі ўпрыгожвалі свой побыт у вёсках і мястэчках Беларусі яшчэ сто гадоў таму. Выстаўка прапануе да ўвагі наведвальнікаў творы інсітнага мастацтва, зробленыя ў асноўным у той даўняй тэхніцы. Куратар і ўдзельнік выстаўкі Ірына Князева, мастачка, старшы навуковы супрацоўнік ДМГБЛ і куратар Музея-дачы Васіля Быкава, падзялілася з карэспандэнтам «ЛіМа» тым, што ўжо многа гадоў натхняе яе на спасціжэнне таямніц гэтага незвычайнага мастацтва.


«Каточкі-клубочкі».

— Ірына Уладзіміраўна, што паспрыяла вашаму даўняму захапленню, чаму вы абралі менавіта такі від творчасці — маляванне дываноў?

— Не маю мастацкай адукацыі, апроч таго, што, па прыкладзе ўлюбёнага Марка Шагала, брала прыватныя ўрокі ва Уладзіміра Ткачэнкі — вучылася жывапісу, кампазіцыі і малюнку. Марыла стаць мастаком. Пасля мяне зацікавіла тэатральная справа, і я паступіла ў тэатральна-мастацкі інстытут на адпаведны факультэт. А наконт малявання згадваецца фраза Васіля Быкава, які, дарэчы, не скончыў сваю мастацкую адукацыю — «мастацкі сверб»: у яго пад рукой заўжды быў нататнік, калі яму хацелася маляваць. Час ад часу і мяне ахопліваў гэткі ж мастацкі сверб: часта малявала для сябе. Пэўны час жыла ў Віцебску, уладкавалася працаваць у Віцебскі абласны метадычны  цэнтр народнай творчасці. Калі ўпершыню туды трапіла, проста прыляпілася вачыма да невялікіх дыванкоў, якія ўпрыгожвалі інтэр’ер — так званых макатак, і яны мяне зачаравалі! Гэта былі работы Лідзіі Калягі, зробленыя ёй ва ўзросце 82 гадоў: сапраўдны рай, якім яна яго ўяўляла! На палотнах красаваліся жывёлы, велізарныя львы, алені альбо лосі. Тым часам даследчыца Людміла Вакар прывезла аднекуль з хутара дыван Язэпа Драздовіча (работа экспануецца там і цяпер). Мне стала цікава, што гэта такое, і я пачала вывучаць. Пазнаёмілася з іншымі работамі, якія, па яго словах, ён выканаў дзеля выхавання ў народа эстэтычнага густу.

Між іншым, маляваныя дываны Беларусі ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны — гэта дываны перш за ўсё Віцебскага Паазер’я. Там часта ладзяцца пленэры — я пачала дапамагаць у арганізацыі майстар-класаў: выразаць трафарэты-выстрыганкі, рабіць падмалёўкі, а потым вырашыла і сама паспрабаваць размаляваць, мяне гэта захапіла! Спачатку рабіла маленькія дыванкі, а потым мне параілі перайсці на буйныя маштабы. Людміла Вакар, загадчыца ўстановы, прынесла мне алічбаваны малюнак Марка Шагала «Пара за сталом», намаляваны ім літаральна на каленцы, і прапанавала зрабіць рэканструкцыю. Так і пачала займацца буйнымі дыванамі. Цяпер імкнуся вырабляць іх падобнымі на тагачасныя, хаця і не займаюся традыцыяй у чыстым выглядзе. Для мяне традыцыя найперш у тым, каб прытрымлівацца канонаў: палатно павінна быць чорным ці цёмна-сінім, і абавязковая аснова кампазіцыі: бардзюр — сярэднік, ці цэнтральная частка, якая лічыцца метафарай раю.

— А што найбольш адметнае ў гісторыі дываноў?

— Цяпер даследчыкі плённа займаюцца вывучэннем дываноў — гэта наш беларускі брэнд, такога мастацтва на мяжы народных промыслаў больш нідзе няма, калі роспіс па тканіне можна лічыць традыцыйным, але цэнтральная кампазіцыя — сапраўднае інсітнае мастацтва, якое цікава найперш наіўнай перадачай свету, раю ў душы, які адчуваў мастак.

Ёсць некалькі асноўных відаў выяў цэнтральнай кампазіцыі: раслінныя, жывёльныя і сюжэтныя, у тым ліку партрэтныя.

— Як ваша захапленне з часам мянялася, у што яно перарасло?

— Мне цікава займацца актуалізацыяй гэтага мастацтва. Лічу, што актуальнае яно заўсёды, і трэба глядзець на яго па-сучаснаму. Так, наіўныя сюжэты, якія былі перанесены мастакамі з паштовак, цікавыя найперш сваёй даўніной. Я ж імкнуся знайсці ўласны почырк, ахапіць усё, бо мне ўсё цікава. Але найбольш падабаецца прыдумляць сюжэты і адпаведныя ім бардзюры — каб перагукаліся з сюжэтам. Калі пачынаю рабіць маляванку, у працэсе прыдумляю дэталі. Бывае, што выпадкова пасадзіш каляровую пляму — і з яе ўзнікае нешта адметнае. Люблю разнастайнасць тэм, усе мае дываны розныя.

Шопер, выкананы ў тэхніцы маляваных дываноў.

Апроч таго, яшчэ я ілюструю кнігі. Прыйшла да гэтага дзякуючы маляванкам. Для мяне галоўнае, што тут таксама трэба нешта прыдумляць.

Мая сяброўка, пісьменніца Таццяна Дашкевіч, аўтар сучасных казак для дзяцей, калісьці завітала на маю першую выстаўку ў Тэатр беларускай драматургіі і, пабачыўшы дываны, прапанавала зрабіць ілюстрацыі да яе кніжкі. Спачатку было трохі боязна, але яна падбадзёрыла: «У цябе атрымаецца!» Першай нашай  кніжкай стала «Аблокі для Мілы», потым зрабілі другую — «Куды бяжыць сабака Мілі?» — там было больш малюнкаў. Цяпер чакаем выхад у трэцяй кніжкі — яшчэ больш складаная праца, з графічнымі, чорна-белымі малюнкамі. Трэба было вельмі пастарацца, каб зацікавіць дзяцей.

Найбольш для мяне важна прыдумаць пэўны лейтматыў, каб ён праходзіў праз усе малюнкі, каб атрымалася своеасаблівае суаўтарства: ілюстрацыі сталі працягам таго, што напісана ў тэкстах, быццам я расчытала нейкія таямніцы, нешта ўбачыла па-за радкамі і паміж імі. Работы мае падобныя на маляванкі, на ўсіх — экшн, дынаміка, тое, што цяпер актуальна. І ў дыванках статычныя выявы мяне не вельмі прыцягваюць, зрабіла толькі адзін такі, аўтэнтычны, на падставе традыцый: «Крыж і кола» — там спрэс кветкі. Было цікава паспрабаваць тэхналогію трафарэтаў-цацак. Так, часцей за ўсё карыстаюцца выстрыганкамі, выразанымі з паперы, але ёсць яшчэ і запазычаны метад з тэхнікі роспісу куфраў і скрынь, калі з бульбы, морквы ці бурака выразаюць нешта накшталт штампаў — іх і называюць цацкамі — і наносяць імі малюнкі. Зрабіць такі дыван было складана — схіляю галаву перад майстрамі, якія працуюць у гэтай тэхніцы.

Што да трафарэтнага роспісу, то ім больш не карыстаюся, імкнуся распісваць ад рукі, не выкарыстоўваць трафарэты зусім, дзе ўсё павінна быць сіметрычна і аднолькава. Спачатку малюю па тканіне крэйдай ці белым алоўкам, потым наношу грунт і раблю падмалёвак.

— А як вы папулярызуеце гэтае мастацтва?

— З задавальненнем праводжу майстар-класы. Абавязкова адгукаюся, калі мяне для гэтага запрашаюць. Складаны працэс падрыхтоўкі, але з’яўляюцца неверагоднае адчуванне, калі ты дапамагаеш людзям зрабіць прыгажосць, — яны радуюцца, як дзеці: «Ой, паглядзіце, як у мяне атрымалася!..» Хоць падмалёўкі раблю я, але так званым вучням — зазвычай гэта дарослыя — даю свабоду творчасці, каб яны самі падбіралі фарбы. Падчас працы распавядаю, што гэта за мастацтва, паказваю прэзентацыю. У мяне ёсць распрацаваны брэндзінгавым агенцтвам так званы «кейс», прысвечаны майму захапленню пад назвай «Адтуліны — адсюліны». Карыстаюся ім і падчас практычных лекторыяў, там уся інфармацыя: ад гісторыі захаплення да тэхнікі і тэхналогіі, паказаны і найбольш выбітныя асобы, якія гэтым займаліся.

— Наколькі ж вялікае ў чалавека імкненне да гармоніі, калі ён, ахвяруючы сваім часам для адпачынку, упрыгожваў, як мог, сваё небагатае жытло!..

— Так, у нашых продкаў маляваны дыван быў бадай галоўнай рэччу побыту, што ўпрыгожвала хаты, бо ткаць сапраўдныя дываны доўга і дорага.

У 20—30 гады мінулага стагоддзя пачынаецца актыўная будоўля новых хат у вёсках, якія ўяўлялі сабой не жыллёва-гаспадарчыя, а жылыя будынкі. У вялікім пакоі ў покуці спачатку змяшчалі абразы, але потым пэўны час гэта было забаронена. І дываны ў нечым замянілі абразы. Ёсць меркаванне, што чорны фон, аснова — гэта як касмічная бездань, чорная дзірка, прыкмета пекла. І калі на ім з’яўляюцца дзівосныя выявы, квітнеюць краскі, то гэта ўжо расцвітае рай.

Нашы жанчыны заўжды імкнуліся, каб было прыгожа. Столькі відаў аздаблення існавала: і выцінанкі, і саломка, і вышыванкі, і «відзікі» на шкле!.. А дыванамі з прыгожымі выявамі яны стваралі сабе райскі куток!

А ўвогуле, гэта быў цэлы сусвет: чакалі маляваншчыкаў, тыя прыходзілі, раскладалі тканіну, малявалі, а гаспадынькі часам самі прыдумлялі сюжэт, і мастакі, напрыклад, Язэп Драздовіч, ставілі на рабоце не свой аўтограф, а ініцыялы гаспадыні, якая сябе лічыла аўтарам і казала: «Вось, я сабе намалявала».  Жанчыны хадзілі адна да адной, спрачаліся, у каго лепей. Пласт культуры...

«Крыж і кола».

Дарэчы, у Заслаўі адкрываецца музей, дзе сабрана найбуйнейшая ў Беларусі калекцыя дываноў, у тым ліку вырабы Алены Кіш, якая зрабіла іх каля трохсот. Праўда, большасць не захавалася, бо, калі праходзіў час, іх часта клалі на падлогу. Нашы мастакі некаторыя адшуквалі, рэстаўрыравалі… Шмат дываноў у калекцыі музея, зробленых і Язэпам Драздовічам, і Міканорам Зосікам, і Фёдарам Сухавілам, і Іпалітам Ворсам…

Калі бачыш ужывую дываны Алены Кіш, адчуванне неверагоднае: ад іх — магутная энергетыка! Самае цікавае, што ў яе было толькі чатыры асноўныя сюжэты, але аздабляла яна іх кожны па-новаму, трафарэтамі не карысталася. Тэхніка выканання адмысловая, магутныя фактуры. Даешся дзіву: адкуль у яе гэта было?.. Мастацкі геній ад прыроды! І Кіш, і Драздовіча лічу сваімі настаўнікамі. Хочацца наблізіцца да іх узроўню.

— Што скажаце наконт планаў?

— Пачала працу над дываном, прысвечаным Язэпу Драздовічу, рабочая назва — «Касмавізіі. Прыйдзе час». Нядаўна напісала і казку пра Алену Кіш — хачу зрабіць незвычайны арт-аб’ект — кнігу буду аздабляць так, каб яна адпавядала фармату: ілюстрацыі задуманы ў выглядзе дываноў, але каб старонкі можна было скласці так, каб і з іх атрымаўся дыван. Сюжэты прыдумала, цяпер трэба рабіць эскізы.

— Можаце падрабязней спыніцца на тэхніцы?

— Тэхніка традыцыйная, але яна асучасніваецца. Фарбы ёсць у продажы. Палатно набываю суворае, трывалае. Падмалёвак раблю, карыстаючыся акрылавым грунтам, — і ён ёсць у продажы. Некаторыя мастакі бяруць водаэмульсійную белую фарбу, іншыя змешваюць бялілы з клеем ПВА. Размалёўваю акрылавымі фарбамі — яны больш яркія і не змываюцца. Імкнуся да разнастайнага афармлення. Лічу, што дываны павінны дыхаць, быць жывымі, таму не нацягваю на планшэт, выкарыстоўваю дэкаратыўныя прылады. А ў асноўным, тэхніка засталася такой, якой была даўно.

Найбольш даспадобы мне рабіць сюжэтныя, фантастычна-фантасмагарычныя выявы, каб яны былі цікавыя і як самастойны твор. Мяне ўразіў факт, што, як аказалася, дываны былі ў той час накшталт тэлевізара. Віселі яны зазвычай над ложкам, і людзі, калі нікуды не спяшаліся, маглі доўга разглядаць выявы, нешта прыдумляць. Мне гэта запала ў душу — імкнуся маляваць так, каб гледачы маглі разгледзець і нешта сваё.

Гутарыла Таша ШПАКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.