Вы тут

Трэба прывыкаць да таго, што ў нашым чэмпіянаце могуць быць сюрпрызы


На гэтым тыдні баскетбол парадаваў сваіх аматараў добрымі навінамі. Спачатку жаночая каманда «Беларусь U-23» стала першай чэмпіёнкай у гісторыі Адзінай кантынентальнай лігі 3×3. У вырашальным матчы беларускі сустрэліся з камандай COP-Petersburg і перамаглі з вынікам 20:14.


«У тым, што нашы дзяўчаты з U-23 могуць саставіць канкурэнцыю самым тытулаваным расійскім камандам, я не сумняваўся. Я ведаю, як яны гуляюць, ведаю іх узровень. Гэтая каманда гатова праявіць сябе на самых буйных спаборніцтвах. Канешне, заўсёды чакаеш перамогі. Але я палічыў поспехам і тое, што яны выйшлі ў фінал. Але, калі яны абыгралі каманду Санкт-Пецярбурга ў Санкт-Пецярбургу, быў шок. Яны вялікія малайцы. Наш жаночы баскетбол 3×3 у надзейных руках», — адзначыў Максім Рыжанкоў, старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола.

Гістарычную перамогу здабылі Алена Цітавец і Паліна Верабей (абедзве — БК «МІНСК»), Ульяна Скіба (БК «Прынямонне», «Алімпія») і Анастасія Бабак (ЦАР «Вікторыя», Брэст). Лепшым цяжкім форвардам турніру прызнана Анастасія Бабак. Прыз «MVP турніру» ўручылі Паліне Верабей.

Не менш гарачая барацьба разгарнулася і на мінскіх пляцоўках. Вырашылася інтрыга 31-га чэмпіянату Беларусі сярод мужчынскіх каманд. У 15-ы раз чэмпіёнамі краіны сталі баскетбалісты «Мінска». Лепшым абаронцам чэмпіянату прызнаны Уладзіслаў Блізнюк («Мінск»), лепшым нападаючым — Аляксандр Пустагвар («Гродна-93»), лепшым цэнтравым — Мікола Джурыч («Гродна-93»). Данііл Коска (Мінск) адзначаны як лепшы малады баскетбаліст. А прыз сімпатый гледачоў дастаўся Дорыусу Агнью («Барысфен»). MVP турніру — ДаКуан Брэйсі («Мінск»).

У залатой серыі чэмпіянату падапечныя Расціслава Вяргуна з лікам 3:0 адолелі «Гродна-93», якія ў выніку атрымалі сярэбраныя ўзнагароды. Першы матч нацыянальнага першынства парадаваў яркім супрацьстаяннем. Баскетбалісты «Гродна-93» былі блізкія да перамогі. Але «Мінск» змог навязаць сапернікам сваю барацьбу і скончыў матч на сваю карысць з вынікам 71:67. У другой гульні падапечныя Расціслава Вяргуна паказалі агрэсіўны баскетбол і перамаглі з вынікам 107:74. Сваю ўпэўненаць і рашучасць мінчане прадэманстравалі і ў трэцім матчы серыі. Гродненскія баскетбалісты не змаглі ім супрацьстаяць, што і пацвердзіў вынік 105:63.

Гістарычным стаў другі матч «залатой серыі», які прайшоў на пляцоўцы «Мінск-Арэны». Гульню наведала рэкордная колькасць балельшчыкаў — 7122 чалавекі! «Я ў беларускім мужчынскім баскетболе з 1997 года, і нічога падобнага нават і блізка не было ў беларускай лізе. Вельмі хочацца верыць, што гэта пачатак нечага істотнага, вялікага», — падзяліўся ўражаннямі Расціслаў Вяргун, галоўны трэнер «Мінска».

Своеасаблівай сенсацыяй можна лічыць выхад гродзенскай каманды ў фінал чэмпіянату Беларусі — на працягу апошніх гадоў «Гродна-93» вышэй трэцяга месца не падымалася. А другое месца нязменна займала магілёўская каманда «Барысфен». Сёлета «рыцары» скончылі выступленне на трэцяй пазіцыі ў турнірнай табліцы. У другім матчы бронзавай серыі «Барысфен» абыграў віцебскі «Рубон» з лікам 74:69.

«Трэба прывыкаць да таго, што ў нашым чэмпіянаце з невялікай колькасцю каманд-удзельніц могуць быць сюрпрызы, таму трэба рыхтавацца да ўсіх стартаў. Калі „Мінск“ думае, што ў іх заўсёды будзе першае месца, у „Барысфена“ — другое і ў „Гродна-93“ — трэцяе, то гэта не так. З кожным годам, і мяне гэта радуе, канкурэнцыя расце. Каманды змагаюцца паміж сабой часта ў няпростых баталіях, сведчанне таму — перамога „Гродна-93“ над „Барысфенам“. Я думаю, „Барысфен“ больш рыхтаваўся да гульняў з „Мінскам“, чым з „Гродна-93“. І гэта ўрок — не трэба нічым грэбаваць, трэба максімальна рыхтавацца да кожнай гульні. Мы ўбачылі, што майстэрства „Гродна-93“ расце, і гэта таксама радуе. З улікам усіх абставін я задаволены ХХХІ чэмпіянатам Беларусі па баскетболе, і мужчынскім, і жаночым. У жаночым таксама ўсё было няпроста. Гродзенская „Алімпія“ да апошняга трымала інтрыгу і добра патрапала нервы „Гарызонту“. Гродзенскія баскетбалісты з’язджаюць дадому з двума сярэбранымі медалямі, з чым я іх і віншую», — ацаніў чарговае нацыянальнае першынства Максім Рыжанкоў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?