Вы тут

Валодзя Дубінін супраць Стыва з «Майнкрафта». Развагі ў амаль забыты сёння Дзень піянерыі


Нешта забытае, з савецкага дзяцінства, шчасліва-ўрачыстае круціцца ў галаве разам з датай 19 мая. А, вось яно — дзень нараджэння піянерскай арганізацыі! Адно з любімых вясновых школьных свят, бо гэта ж суцэльная прыгажосць. Белыя банты, белыя гольфы, белы фартух на школьнай форме — не пад курткай ці паліто, а ва ўсёй сваёй атласнай красе: ты ідзеш, а ён пераліваецца на сонцы, адпрасаваны, бліскуча-фіялетавы, і вясковыя бабулі на лаўках зацікаўлена-спагадліва праводзяць цябе вачыма... І, вядома, галоўнае — піянерскі касцёр!


Так, кожны год у канцы мая школа ладзіла піянерскі касцёр. Той самы, з песні: «Взвейтесь кострами, синие ночи». Так, яго, без перабольшання рабілі менавіта такім, каб і сінія ночы ўзвіліся, — вышынёй да неба. За некалькі дзён да свята хлопцы-старшакласнікі з настаўнікам працы ішлі за вёску на бераг возера і гэты самы касцёр «будавалі» — ссякалі даволі тоўстыя доўгія сукі, ставілі іх шатром, абкладвалі сухім галлём. Вышынёй тое збудаванне было метры тры, а ўжо калі запальвалі... 19 мая ўся школа — а вучылася за маёй памяццю ў ёй чалавек сто пяцьдзясят, пастроіўшыся па класах, пад гукі горна і барабана дружна крочыла па вясковай вуліцы «на касцёр». Ад мерапрыемства ніхто асабліва не адвільваў, бо гэта ж была цэлая прыгода. Так што «на кастры» заўсёды было шумна і весела.

На адным такім «кастры» нас, некалькі другакласнікаў, каму на той момант споўнілася восем гадоў, прымалі ў піянеры. Памятаю, не спала перад гэтым цэлую ноч, паўтараючы словы вывучанай клятвы — вельмі баялася, што забудуся на якое слова, калі буду вымаўляць перад усімі. Памятаю адчуванне палёту, якое з'явілася, калі хтосьці са старшакласнікаў-камсамольцаў завязаў мне гальштук, а касцёр шугаў языкамі полымя ў неба, і іскры ад яго былі падобныя на салют. Наш, асабісты, новаспечаных піянераў, салют.

А потым, калі касцёр ужо патух і мы пачалі разыходзіцца, лінуў дождж. Сапраўдны майскі лівень з навальніцай. І мы пабеглі да дамбы, прыціскаючы рукі да грудзей, хаваючы ад цяжкіх кропляў новенькія гальштукі. Памятаю, стаялі ў той дамбе амаль па калена ў вадзе, у адной руцэ трымаючы абутак, а другой усё прыціскаючы да грудзей гальштук, бо гэты чырвоны кавалак шоўку быў на той момант найдаражэйшым здабыткам. А над намі бушавала майская навальніца, і па вадзе рэчкі, што выцякала з дамбы, хвасталі празрыста-вясёлкавыя струмені...

І ўсё гэта было вельмі важным у нашым дзіцячым жыцці. Так, для некаторых усе гэтыя мерапрыемствы з барабанамі-горнамі былі «добраахвотна-прымусовымі». Гэтаксама як і класныя гадзіны, і зборы атрада, на якіх вывучалі біяграфіі герояў, чыё імя насіў атрад (наш, напрыклад, — Аркадзя Гайдара) і піянераў-герояў. Хоць добраахвотна, хоць прымусова, мы пра іх ведалі, чыталі. Уяўлялі іх, сваіх равеснікаў, прымяралі іх смелыя ўчынкі на сябе: а ці мог бы я? Памятаю, прачытала і пераказала хлопцам-аднакласнікам «Вуліцу малодшага сына» Льва Касіля, і яны ў мясцовым кар'еры мо паўгода гулялі «ў Валодзю Дубініна». Ды што хлопцы — сама, ужо дарослая, трапіўшы ў тыя катакомбы пад Керчу, убачыўшы, у якіх жудасных умовах людзі там жылі і яшчэ змагаліся з фашыстамі, злавіла сябе на тым, што я ўсё гэта ўжо перажывала. У дзяцінстве, чытаючы кнігу Касіля...

У цяперашніх дзяцей іншыя героі. Нядаўна спытала ў мамы дзесяцігадовага хлопчыка, што таму купіць на дзень нараджэння. «Для яго найлепшы падарунак — кніга», — здзівіла і абрадавала яна мяне адначасова. Радавалася я, праўда, роўна да таго моманту, пакуль яна мне не даслала спасылку на кнігу, якую імяніннік хоча атрымаць у падарунак, і я не прачытала анатацыю. «Дзённік Стыва. Кніга 5. Вушастая пагроза. Прыгоды Стыва працягваюцца! Ён трапіў у чарговы свет у «Майнкрафце» — свет трусоў і агародаў! Нядрэнна, скажаце вы, — але не, менавіта ён стаў прычынай уварвання арміі вушастых звяроў. Магчыма, трусы і не такія ўжо мілыя... Але Стыў не маркоціцца і збіраецца разбіць агарод! А яшчэ разабрацца з трусамі і дапамагчы жыхарам вёскі...» Кніжку я ўсё ж купіла: малы прачытаў першыя чатыры тамы і з нецярпеннем чакаў пяты. Трэба будзе пацікавіцца, кім ён уяўляе сябе ў гэтым «свеце трусоў і агародаў»...

Зрэшты, нічога страшнага ва ўсім гэтым і не было б, калі б... Арбузік і Бебешка або Страшыдла і Жалезны Дрывасек з майго дзяцінства — таксама так сабе героі для пераймання. Але ж, чытаючы пра іх, паралельна з імі, дзякуючы калі не піянерскай арганізацыі, дык школьнай праграме, мы чыталі і Касіля, і «Аповесць аб сапраўдным чалавеку» Барыса Палявога, і «Мы — хлопцы жывучыя» Івана Сяркова, і «Чацвёртую вышыню» Алены Ільіной. І героі гэтых кніг — сапраўдныя героі — былі нам нашмат больш блізкія і зразумелыя, чым фантастычныя ці казачныя персанажы. А ці чытаюць сённяшнія дзеці штосьці з пералічанага вышэй? Хоць бы на пазакласным чытанні паводле школьнай праграмы? Ці бывае ў іх штосьці падобнае на наш «піянерскі касцёр»? Ці ёсць што супрацьпаставіць ім сёння свету «майнкрафтаў», «трусоў і агародаў»? І што яны будуць лічыць Радзімай і на каго будуць раўняцца, калі вырастуць? На Стыва з «Майнкрафта»? Ці ёсць тут хоць адно нават не беларускае — рускае, славянскае слова? І як яна тады будзе называцца — іхняя Радзіма?

Тая самая Радзіма, якую мы прыціскалі да сэрца разам з кавалачкам чырвонага шоўку.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».