Вы тут

Ганна Клімовіч — новая зорка пінскай літаратуры


Літаратурная карта Піншчыны, як жамчужнымі россыпамі, зіхаціць вядомымі на ўсю Беларусь і за яе межамі імёнамі паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, крытыкаў, літаратуразнаўцаў. Гэта — Алесь Бібіцкі, Яўгенія Янішчыц, Анатоль Шушко, Валянціна Локун, Валерый Грышкавец, Зіновій Прыгодзіч, Аляксей Ненадавец і многія іншыя майстры мастацкага слова.


Але жыццё не стаіць на месцы. У пісьменніцкія шэрагі ўвесь час уліваюцца свежыя творчыя сілы, дабаўляюцца новыя імёны маладых літаратараў, якія ўпэўнена займаюць свае нішы ў літаратурным асяроддзі.

Вось і нядаўна сярод творцаў-пачаткоўцаў яркай зорачкай загарэлася імя пінчанкі Ганны Клімовіч, аўтара зборніка казак і неверагодных прыгод, які ўбачыў свет у пачатку бягучага года. Назва зборніка — «Анюціны казкі» («Анютины сказки»). Прыгожа. Арыгінальна.

Казкі, як вядома, заўсёды былі дзейсным сродкам выхавання і інтэлектуальнага развіцця дзяцей, служылі незаменным бальзамам для неакрэплых душ.

Мяркую, што Ганна Клімовіч невыпадкова звярнулася да гэтага жанру. У творцы ёсць малодшыя браты, якіх ёй, старэйшаму дзіцяці ў сям’і, даводзілася нечым займаць, вучыць, дапамагаць маці выхоўваць будучых грамадзян, абаронцаў Радзімы.

Дзіцячая літаратура: аповесці, апавяданні, вершы, паэмы, казкі — заўсёды карысталася ў нашай чытаючай краіне вялікім попытам. Цяперашні час — не выключэнне. Бо менавіта з дапамогай дзіцячых кніг фарміруецца асоба чалавека. З дапамогай добрых казак, ідэйных апавяданняў, патрыятычнай паэзіі складаецца праграма, выбудоўваецца пазнавальны і выхаваўчы працэс для ўсіх навучальных устаноў.

З ціхім гучаннем матуліных песень над ложачкам немаўляці, з чытаннем любімых казак дома па вечарах, у дзіцячых садах, школах і да юнацкага ўзросту дзеці ўбіраюць у сябе дабрыню і цеплыню кніг, чэрпаюць з іх багатую народную мудрасць і з назапашаным багажом уступаюць у дарослае жыццё. Празаічныя казкі Ганны Клімовіч адрасаваны дзецям дашкольнага і сярэдняга школьнага ўзросту.

Пісаць казкі, як і рэцэнзіі на іх, вельмі складана. Казачнік павінен разумець і тонка адчуваць дзіцячую душу, павінен адлюстроўваць сваіх персанажаў такімі, якімі бачаць іх самі дзеці. А дзеці бачаць больш і шырэй, вастрэй адчуваюць. Яны нават звяроў і птушак ачалавечваюць, расліны і кветкі ажыўляюць і надзяляюць людской гаворкай, чалавечай мовай.

Але Ганне лёгка ўдаецца зразумець душу дзіцяці, падладзіцца пад яго тонкую псіхіку, яго настрой, каб стаць для маленькага чытача добрым сябрам і чароўным казачнікам. Бо нездарма кажуць, што сэрца дзіцячага пісьменніка — гэта невычэрпная крыніца любові, чуласці і бясконцай цеплыні ў адносінах да дзіцячай далікатнай душы.

Кожная напісаная Ганнай казка мае сваю мараль, якая раскрываецца з развіццём гісторыі ці ў канцы твора.

Адкрываецца зборнік цікавай і павучальнай казкай «Цёмная Хмарка і Светлае Воблачка». Няцяжка здагадацца, што яны і з’яўляюцца галоўнымі героямі. Праўда, Цёмная Хмар-
ка — увасабленне зла і прыкрасці, а Светлае Воблачка — сама дабрыня, святло і спагада. Усяго ж у кнігу ўвайшло больш за трыццаць твораў.

Героямі казак і незвычайных прыгод сталі таксама многія з’явы прыроды, расліны, лясныя звяры і хатнія жывёлы: Трус Піа і Трус-музыка, Дзьмухавец, Рамонак, Сонейка і любімыя Кветкі, Шчука, Вожык, Капусцінка, Гордае Куранё, Вясёлы Ручаёк, а яшчэ знакі прыпынку і самі дзеці.

У «Анюціных казках» закладзены зярняты пазнання, праўды і справядлівасці, спасціжэння навакольнага асяроддзя, жывёльнага і расліннага свету. Кожны свой твор аўтар імкнецца напоўніць чалавечай цеплынёй і мудрасцю, прыўнесці ў яго духоўны свет, зацвердзіць найлепшыя якасці і маральныя арыенціры, якія дабратворна ўплываюць на псіхаэмацыянальную сістэму дзіцяці, напаўняюць яе пазітыўнай энергіяй і пяшчотай, вучаць спагадлівасці і чуласці, спрыяюць вылечванню дзіцячых сэрцаў.

Маладая казачніца ўжо напісала для дзяцей шмат добрых і яркіх казак, незвычайных прыгод, вясёлых жыццёвых гісторый. Многія з іх былі апублікаваны ў калектыўных зборніках і часопісах, газетах і альманахах. За публікацыю казак у міжнародных літаратурна-мастацкіх часопісах «Метаморфозы», «Мир животных», «Эколог и я» і ў іншых выданнях Ганна Клімовіч узнагароджана граматамі і дыпломамі.

Варта дадаць, што акрамя казак Ганна Клімовіч складае вершы, піша прозу, публіцыстыку. Тэматыка яе твораў розная: лірычная, патрыятычная, пейзажная, духоўная, філасоф-
ская. І гэта натуральна. Бо пісьменнік залежыць ад розных абставін, патрабаванняў часу, умоў, настрою. Ды і густы ў людзей розныя.

Кніга Ганны Клімовіч атрымалася яркай, маляўнічай. Упэўнена, зборнік «Анюціны казкі» набудзе шырокую папулярнасць і натхніць аўтара на новыя цікавыя творы.

Надзея ПАРЧУК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.