Вы тут

На прылаўках кніжных крам з’явіўся зборнік выбраных празаічных твораў «Жывіца»


На прылаўках кніжных крам з’явіўся зборнік выбраных празаічных твораў «Жывіца» пісьменніка Аркадзя Жураўлёва, выдадзены Маладзечанскай друкарняй «Перамога».


Аўтар прыемна здзіўляе кожнай сваёй новай кніжкай, ён прафесійна спалучае розныя жанры. Нездарма ж свой шлях пачынаў з рабочай прафесіі, дзе галоўным было штодзённае брыгаднае заданне, калі ніводны ланцужок не павінен абарваць рабочы канвеер. Гэтую абавязковасць аўтар перанёс і ў творчы працэс, дзе патрэбны і аналітычны розум, і рознабаковыя веды, і вялікае цярпенне і настойлівасць, акуратнасць і дакладнасць выкарыстанне слоў і многае іншае. Акрамя паспешлівасці.

Вось і цяпер, гледзячы на кніжную паліцу, вока адразу прыцягвае і назва кнігі «Жывіца» — фаліянт на 540 старонак у шыкоўнай цвёрдай вокладцы з цудоўным малюнкам мастачкі Алены Кучко: на стале — бохан хлеба і ўсё аздоблена нацыянальнымі сімваламі. Гэта яшчэ адзін доказ патрыятычнасці почырку пісьменніка: сімвалы жыцця і міру, еднасці і перамогі — тое, што павінна яднаць нас, беларусаў.

Жывіца… Аднак гаворка пойдзе не пра смалу жывіцу, а пра парасткі, якія ўзыходзяць у душы чалавека: дабрыні, шчырасці, спагадлівасці, любові і адданасці Радзіме. Дарэчы, аўтар — чалавек адкрыты і шчыры. Ён з вясковага маленства чуў пра душэўна багатых людзей: «Чалавек багаты не тады, калі мае шмат грошай ці дарагіх рэчаў, а тады, калі ў яго вялікі душэўны набытак. Нездарма я ўсё жыццё працую ў рабочых калектывах, там, дзе штодня адкрываеш для сябе новага чалавека, новую душу. Так папаўняецца мой творчы набытак…» — расказваў Аркадзь Трафімавіч.

Свайму чытачу аўтар прапаноўвае як новыя аповесці, апавяданні і публіцыстычныя артыкулы, так і творы, якія прайшлі выпрабаванне часам і вельмі прыязна былі сустрэты чытачамі і крытыкай — менавіта яны склалі тры мастацкія раздзелы кнігі. У апошні ўвайшоў краязнаўчы нарыс «Край Купалы да зорак нас кліча». Пра гістарычнае мінулае і сённяшні дзень розных куткоў нашай сінявокай Беларусі — Маладзечаншчыны (тут аўтар жыве ўжо больш за паўвека), Смаргоншчыны (радзіма пісьменніка), Мядзельшчыны (больш як сорак пяць гадоў тут зяцюе). Дарэчы, згаданы нарыс удала ўплецены ў цікавыя і мала вядомыя шырокаму чытачу старонкі гісторыі Бацькаўшчыны: «Пад музыку Шастаковіча» (пра нечаканае як для мясцовых жыхароў, так і ўсіх беларусаў адкрыццё: звычайная вёска Шэметава — радзіма прадзеда сусветна вядомага кампазітара ХХ ст. Д. Д. Шастаковіча), «Сініцы на бярозе (пра слынных людзей Мядзельшчыны, а таксама ліставанне аўтара з М. Я. Аўрамчыкам, В. П. Рагойшам, І. І. Саламевічам). Праз цёплыя пейзажныя замалёўкі, лірычныя навелы і абразкі аўтар раскрывае непаўторную прыгажосць прыроды роднага краю, турыстычныя цікавосткі. Нездарма ж кажуць, што прырода — адзіная кніга, кожная старонка якой напоўнена глыбокім зместам. Толькі нельга парушаць ніводнага сказа. Я даўно не чытала такіх шчырых прызнанняў у любові да роднага куточка. Вось таму мастацкія творы А. Жураўлёва нясуць асалоду і хараство, выклікаюць асаблівую цікавасць. Прачытаўшы згаданы нарыс, цікаўны падарожнік абавязкова пажадае завітаць у гэты цудоўны куточак Беларусі.

Назву зборніку аўтар даў па аднайменным «вясковым» апавяданні «Жывіца», дзе распавядаецца пра чалавека, які за грамадскімі клопатамі толькі-толькі пачынае сур’ёзна задумвацца пра сваю сям’ю. Да аўтара разуменне лучнасці сям’і як душы адзінага арганізма прыйшло вельмі рана, бо дзіцячая памяць не адпускае, душа часам баліць па страчаным. Нездарма ж кажуць: дзе нам баліць, там і душа. І толькі досвед вучыць нас цаніць каштоўныя моманты жыцця. У пісьменніка гэта вёска Гарані на Смаргоншчыне, дзе аўтар творча падсілкоўваецца («сКРЫЖаванні», «Адкрый душу сваю», «Сонца ў возеры», «Паэтава кладка» (пра М. Дуксу), «Чайкі над возерам»)...

Займальным падаецца і дэтэктыўны твор «Бумеранг», дзе галоўны герой, хцівы падаткавік, вядзе вельмі небяспечную гульню і ў кіруючым крэсле, якое ён займае, і ў побыце, здзекуючыся як з жонкі і яе сястры, так і з уласнай дачкі-падлетка. А таксама «Спадчыннік» — пра сям’ю чыноўнікаў, якія «абклалі» сваіх жа падначаленых службовым падаткам…

Воінам-інтэрнацыяналістам прысвечана апавяданне «Рэкеціры», якое як і «Кампенсацыя» і іншыя дэтэктыўныя творы, у свой час друкавалася ў газеце «На страже». Загінулым у гады вялікай Айчыннай вайны прысвечана апавяданне «Непераможная мелодыя», што выйшла на старонках часопіса «Полымя».

Пісьменнік у сваіх творах абапіраецца на душэўнасць, дабрыню і ўзаемапаразуменне, а таксама трывогу за чалавека, перад якім жыццё ставіць розныя бар’еры. Творы Аркадзя Жураўлёва прыцягваюць і прымушаюць разважаць, бо застаюцца на лініі барацьбы за выхаванне чалавека новай краіны. Якраз гэтага штуршка ў зносінах творцы з чытачом часам і не хапае многім аўтарам. Гэта нясучая канструкцыя ў фарміраванні гуманістычнай духоўнай архітэктуры соцыуму.

У аповесці «сКРЫЖаванні» аўтар раскрывае сутнасць чалавечага ў чалавеку...

Творы Аркадзя Жураўлёва адкрываюць чытачу таемны свет кахання («Таня», «Каханне не выбіраюць»), тонкіх пачуццяў, асуджаюць душэўную чэрствасць, хцівасць, эгаізм («Адкрый душу сваю»). Відаць, што аўтар не павучае свайго чытача, а паказвае яго ў розных жыццёвых сітуацыях, як бы накіроўвае героя на правільны шлях, бо і ў самога жыццё было не ў ружовых колерах, хаця менавіта гэта і стала добрым падмуркам для творчасці. Чалавек павінен пераадольваць перашкоды, каб спазнаваць сябе, каб набываць упэўненасць у сваіх сілах і магчымасцях (аповесць «Зламаныя кветкі»). Аўтар вельмі ўважліва ставіцца да чалавека, тым і прыцягвае чытача. Прачытаўшы яго творы, кожны адчуе не толькі аўтарскі талент і шчырасць, без якіх не бывае сапраўднай літаратуры, але і боль герояў, іх перажыванні і радасці...

Хочацца спадзявацца, што пазнаёміцца з героямі, пра якіх расказваецца ў кнізе, будзе не толькі цікава, але і карысна. Сярод іх — адданая сваёй справе настаўніца («Вёрсты лёсу») і непаўналетні вязень («Кампенсацыя»), былы смелы воін-інтэрнацыяналіст («Рэкеціры») і безаглядна закаханая маладая беларуская дзяўчына («Марыйка»), і чарнобыльскі хлопчык, з якога пасміхаліся аднагодкі («Ясік»)…

Нельга спакойна чытаць эсэ пра маці аўтара Алену Яфімаўну («Мая светлая мама»). Няйначай як гімнам Маці з’яўляецца гэты твор, бо тыя словы, што аўтар перанёс на паперу, ён гаварыў і пры жыцці любай матулі.

«Аўтар не змяняе прынцыпам сцвярджэння духоўнага пачатку сваіх герояў, робіць акцэнт на веры чалавека ў перамогу дабра. Заглыбцеся ў творы Аркадзя Жураўлёва, — напісаў рэдактар кнігі знакаміты паэт і празаік Віктар Гардзей, — і вы адчуеце, што кожная з’ява ці жыццёвы факт былі перажыты аўтарам. Кожнае апавяданне альбо навела ці замалёўка сагрэты любоўю да прыроды і чалавека, жывой істоты. Па геаграфіі яго аповеду можна пераканацца, што творчасць аўтара таленавітая і разнасцежная. Прачытайце гэтую кнігу і, паверце, вы ні кроплі не пашкадуеце аб патрачаным часе. Што ні твор — пошук цікавых шматзначных і свежых мастацкіх вобразаў…»

Гэтым разам лаўрэат абласнога конкурсу празаікаў А. Жураўлёў свае творы падае на дзвюх дзяржаўных мовах і з цікавымі каляровымі ілюстрацыямі. Упэўнена, што гэта толькі пашырыць кола прыхільнікаў яго творчасці.

Ксенія АЛЯКСАНДРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».