Вы тут

Паэт Мікола Федзюковіч не зоркі запальваў, бо сам быў зоркай


Перагортваючы старонкі сваёй памяці, усё часцей прыгадваю тых, з кім быў добра знаёмы і хто ўжо адышоў у лепшы свет. У кагорце іх і Мікола Федзюковіч. Сціплы чалавек, надзіва самабытны паэт — ён, вобразна кажучы, не зоркі запальваў. Ён сам быў зоркай. Той, якую звычайна называюць знічкай. Рана ўзышла, хораша запалілася і… знікла. А след застаўся. Гэтакі ж яркі, як і яна сама.


З краёў Драгічынскіх

Спачатку пазнаёміўся з ім завочна, прыехаўшы па размеркаванні працаваць у рэдакцыю драгічынскай раённай газеты «Запаветы Леніна» (сённяшні «Драгічынскі веснік»). Даведаўся, што ён родам з гэтых краёў. Неўзабаве адбылося і яшчэ адно знаёмства, таксама завочнае. У год майго прыезду ў Драгічын (1968) у выдавецтве «Беларусь» у серыі «Першая кніга паэта» якраз выйшла яго кніга «Зямля — магніт».

Вершы спадабаліся. Хоць бы гэты — душэўна-адкрыты. Але прыцягальнасць яго яшчэ і ў той своеасаблівасці настрою, якую перадаць можа толькі сапраўдны паэт:

Неба зоркамі вышыта густа.

Неба мне нагадвае хустку,

                хустку ў крапінку,

                          хустку матчыну…

Кожнай знічкай чыйсь лёс адзначаны.

Пад хусцінай той фіялетавай

                                 ахоўваю планету я.

Выплыў месяц,

                          вісіць над хвояй.

Відна так —

                        хоць пішы пісьмо.

Знічка ўпала…

Няўжо,

             Няўжо я

Кагосьці зберагчы не змог?..

Асабіста пазнаёміліся ўжо ў Мінску, калі я пачаў працаваць у «ЛіМе». Тады ён падрабязней расказаў і пра сваю малую радзіму.

«Вёска Гутава —  тры вярсты»

Нарадзіўся ў вёсцы Гутава 22 мая 1943 года. Скончыўшы мясцовую школу, працаваў у ёй лабарантам. Быў супрацоўнікам іванаўскай раённай газеты «Чырвоная звязда» (цяпер «Янаўскі край»), фотакарэспандэнтам лунінецкай газеты «Ленінскі шлях» («Луненцкія навіны»). Служыў у арміі, скончыў аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве. У Мінску быў рэдактарам выдавецтва «Народная асвета». У час нашага знаёмства працаваў у «Чырвонай змене». Пасля — у бюлетэні «Служба быту Беларусі», літаратурным кансультантам «Сельской газеты» і адначасова ўзначальваў літаб’яднанне пры «Чырвонай змене».

Дэбютаваў у 1962 годзе ў лунінецкай газеце. Пісаў не так і шмат. Апроч кнігі «Зямля — магніт», выйшлі «Мілавіца», «Птушыны грай», «Макаў цвет». На дзвюх пакінуў мне аўтограф. На «Птушыным граі» напісаў: «Дарагому Алесю Марціновічу непарушна!» І дата: «7. 5. 76». На «Макавым цвеце»: «Шаноўнаму Алесю Марціновічу, з сяброўскім прывітаннем, з пажаданнем здароўя і поспехаў. Мікола. 6.8.79».

Аднак тое, што ў 33-гадовым узросце быў заўважаны ў Маскве, шмат гаворыць. Яшчэ больш, што перакладчыкам кнігі «Птичье дерево» быў знакаміты Іван Бурсаў, увагай якога даражылі многія паэты. І, вядома, нямала гаварылі самі вершы Міколы Федзюковіча. Сярод іх і «Зварот да вёскі Гутава» — твор-споведзь:

І не вярнуся я ізноў

     у гмах над соннымі бярозамі,

            бо я нарэшце тут знайшоў

                   і сінь вясны і барвы восені.

І не шкадую аб гадах,

              калі ты побач, Гута-Гутава…

Мне па тваіх вачах гадаць,

    ці многа мне яшчэ кахаць;

       табе ў маіх вачах відаць,

           ці доўга нам з зямлёю гутарыць…

Гэтае прызнанне ў любові да Гутава — і ў заключных радках верша «Вёска Гутава»: «Блаславёная вёска Гутава, // мне з табою спяваць і гутарыць, // і заўсёды цябе любіць». Твор сімптаматычны самой стыхіяй палескага жыцця, адметнасцю традыцый, вернасцю ім. Узнаўляецца тое, у чым сам дух народны. Верш прывязаны і да канкрэтных гутаўскіх рэалій:

Вёску Гутава ў снег захуталі

           давідна свежакі-вятры.

Сустракае нас вёска Гутава

     крыкам пеўняў, сталёвым грукатам…

Вёска Гутава — тры вярсты!

 

Замятуха-завея сцелецца

          за аўтобусам наўздагон…

Людна, гоманна за аселіцай —

          хлебаробнае ўсё насельніцтва

                   ў прадчуванні адліжных дзён.

З неба дожджык лагодны капае,

             з поўдня хмары плывуць гусцей…

Старшыня Уладзімір Карпавіч

               задуменна дыміць цыгаркаю,

                               пазіраючы на гасцей.

Гарката ваеннага маленства

Іванава, па-мясцоваму Янава, прапісалася ў біяграфіі Міколы Федзюковіча і тым, што лёс звёў яго з рэдактарам раённай газеты Аляксеем Каўко. Аляксей Трафімавіч ахвотна падтрымліваў маладыя таленты, стварыўшы літаратурнае аб’яднанне «Ясельда». Свайго роду хросным бацькам стаў і для Міколы. Удзячны вучань падпісаў яму і яго жонцы кніжку «Зямля — магніт»: «З павагай і ўдзячнасцю Надзеі Паўлаўне і Аляксею Трафімавічу ад сэрца. Іванава. 1. VІІ. 68. М. Федзюковіч». У ёй Аляксею Каўко прысвечаны верш «Балада пра буслоў».

Твор пра аднолькава блізкае абодвум, але адначасова і балючае, трагічнае. Аднаму давялося ваяваць. Другі пякельныя жахі вайны зведаў у маленстве. Гэта прысуд вайны, прамоўлены дзіцем. Прамоўлена і ад імя цэлага пакалення, у якога была і ёсць свая ваенная памяць, свае рахункі з фашызмам: «Хто сказаў, // хто сказаў: // “Калі бусел на хаце, // значыць — // хату // ніякае гора // не возьме?” // Тут — // вайна сорак першага, // страшнага года; // я — // апошні ў сям’і мужчына… // Хто сказаў, // што міне // бусліны край // гора? // Бацька мёртвы… // Трываць немагчыма…»

Аўтабіяграфічныя моманты відавочныя і ў вершы-звароце «Да брата Славіка». Калі пачынаеш чытаць яго, у памяці ажываюць радкі Аляксандра Твардоўскага: «Я знаю, никакой моей вины // В том, что другие не пришли с войны…»

Я вінаваты, вінаваты,

  што два гады ад роду меў,

   што не было ў нас цёплай хаты,

     што ўмелі гаварыць гарматы,

       а я, бязбацькавіч, не ўмеў.

Я вінаваты, што матуля

       так рана пачала сівець,

             калі фашысцкай масці куля

                    ёй засланіла белы свет.

І ты сказаў тады, мой браце, —

         мы ў хаце ўдвух былі тады:

— Пара за розум, Коля, брацца,

            у нашай мамы —

                             я ды ты…

Успомні, як у дождж па дровы

           брылі з пякельнай цемнаты

                    апошнія салдаткі-ўдовы,

                         за імі следам дыбаў ты…

Пра іншых дбаючы,  сябе забываючы

Людзям, у якіх нізкі балявы парог, заўсёды жыць нялёгка і няпроста. Нават і тады, калі боль гэты не фізічны, а маральны. Мікола Федзюковіч менш пра сябе дбаў, больш рупіўся пра сяброў. Калі б не ён, пасмяротны зборнік Яўгена Крупенькі «Жыццём прысягаю» не выйшаў бы.

Далёка не ўсё проста складвалася ў жыцці і самога Міколы Федзюковіча. Старэйшы брат загінуў, а сына ад жонкі Галіны Егарэнкавай забілі ў Расіі, куды яна пасля разводу паехала з ім. Убачыў яго толькі праз шмат гадоў. Калі ён прыехаў у Мінск, узяў з сабой у Люцынку — на радзіме Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ладзілася паэтычнае свята. Тады і мяне пазнаёміў з ім, напісаў верш «На радзіме Вінцэнта». Збіраўся ўключыць яго ў сваю новую кнігу «Красадзён». Але пры яго жыцці зборнік так і не выйшаў. Ды і рукапіс у выдавецтве пасля яго смерці згубіўся. На шчасце, творы захаваліся. Давёў рукапіс да ладу Віктар Гардзей, дадаў і творы з прыжыццёвых кніг Міколы Федзюковіча. Томік выбранага «Красадзён» у 2009 годзе папоўніў серыю «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя» ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Хто ты, ясяльдзянка з касой-красой

Ёсць у жыцці Міколы Федзюковіча і старонка, пра якую бы наўрад ці хто здагадаўся, калі б не паэт Янусь Малец. Па яго словах, ён «аднойчы даў мне канверт з некалькімі аматарскімі кадрамі фотаплёнкі, на якім было напісана яго каліграфічным почыркам: “Янусь! Зрабі, калі ласка, пару здымкаў. Тут М. Федзюковіч і Я. Янішчыц”». Пра свае стасункі з ёю асабліва не расказваў. Але гэты здымак, а таксама некаторыя факты з яго біяграфіі, калі іх шляхі ў пэўнай ступені перакрыжоўваліся, прымусіў Януся Мальца задумацца, а ці толькі звычайнае знаёмства было ў яго з маладзейшай на пяць гадоў паэтэсай. Распытваць не стаў, а пазней, калі ўжо абаіх не было ў жывых, з’явіўся яго артыкул-досвед «Непрыручаныя птахі» ў часопісе «Маладосць» (2000, № 3).

У ім Янусь Малец вяртаецца ў 1964 год, калі Яўгенія Янішчыц і Мікола Федзюковіч пачалі друкавацца ў рэспубліканскім друку. Удакладняе: «Што сачылі за творчасцю адно аднаго, не сумняваюся». І звяртаецца да «Дня паэзіі-66», дзе ёсць і іх творы. «***Прачыналася рэчка Ясельда…» Міколы Федзюковіча прыводзіць цалкам, будучы ўпэўненым, што гэта «загадкавы верш […], які, як высветліцца праз дзясяткі гадоў, стане страшэнным прароцтвам для абаіх»:

Прачыналася рэчка Ясельда

          і цякла ў старажытны бор…

Павандрую —

             і зноўку я сюды

                прынясу маёй страты боль.

Не сунімецца боль ад дотыку

          хвалі ціха, нібы сляза…

Пачыналася песня з досвітку

                ў барадатых,

                       сівых лясах.

О дачка задуменнай вернасці —

               ясяльдзянка з касой-красой,

я не веру,

                 што ты не вернешся

                     ў гэта мудрае хараство.

А паверу —

        дык песняй раненай

             на гарачы ўпаду абрус…

Захвалюецца рэчкай ранішняй

                                           у вачах маіх

Беларусь.

З душой параненай

Янусь Малец агаворваецца: «Магчыма, зусім іншай дзяўчыне быў прысвечаны верш, а лірычная гераіня існавала толькі ў фантазіі? Магчыма». Але ж і ў вершах Яўгеніі Янішчыц «ёсць радкі пра Ясельду. Рака як бы з’ядноўвала іх рамантычныя, узнёслыя душы». А ці выпадкова тое, што гэты верш Мікола Федзюковіч неаднаразова перадрукоўваў? Апошні раз у «Народнай газеце». У змененым варыянце, пад назвай — «Струна ў тумане», і з прысвячэннем «Яўг. Янішчыц».

Яшчэ больш выразны сэнс гучання гэтай «струны ў тумане» ў вершы «***Прыйшоў не папракаць…». У ім выразна гучыць боль кахання, што не стала ўзаемным:

Прыйшоў не папракаць, не наракаць:

                            так лёгка разлюбіла

і ранкам галубіным, бы на крылах,

              прачнулася ў другога на руках.

 

Прыйшоў не дамагацца, не маліць…

Няхай, няхай, не знаючы падману,

            як век назад —

                         звініць струна ў тумане,

як тысячу гадоў — душа смыліць…

* * *

Памёр раптоўна 8 студзеня 1997 года за сталом на кухні. Прадчуваннем ранняй смерці жыў. Нават склаў спіс вядомых людзей, якія адышлі ў вечнасць у 53 гады ці блізу гэтага. Напісаў верш з эпіграфам з Максіма Багдановіча: «Паломаны жыццём, чакаючы магілы…»:

Як ні чакаем смерці мы,

      яна заўжды прыходзіць рана.

І думкі аб магіле раняць,

         як ні чакаем смерці мы…

 

Таму вось і пішу старанна

            я два радкі сярод зімы:

“Як ні чакаем смерці мы,

Яна заўжды прыходзіць рана”.

Гэтае «рана» тым больш відавочна, што пры ўсведамленні ён быў адным з найбольш таленавітых беларускіх паэтаў. Назва яго пасмяротнай кнігі гучыць сімвалічна. Красадзён — шматгадовая травяністая расліна, якая звычайна цвіце ўсяго адзін дзень. Але яе кветкі — буйныя жоўтыя ці аранжавыя — так радуюць сваёй прыгажосцю. Як і паэзія Міколы Федзюковіча.

Алесь МАРЦІНОВІ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.