Вы тут

Уладзімір Карызна, бадай, як ніхто іншы, чуе (і стварае!) песні, блізкія да народных


За выданне серыі кніг «Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР», якая з’явілася ў выдавецтве «Юнацтва», і асабісты ўдзел у перакладзе твораў ён разам з Валянцінам Лукшам і Уладзімірам Анісковічам быў удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. З’яўляецца таксама лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, літаратурнай прэміі «Залаты Купідон». Яму прысуджана ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Ужо гэтага дастаткова, каб сцвярджаць, што талент твой належна ацэнены. Аднак ёсць яшчэ і тое, што дазваляе яму лічыць сябе ці не самым шчаслівым чалавекам у краіне. Кожны новы дзень на Беларускім радыё пачынаецца і завяршаецца выкананнем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. А ён, Уладзімір Карызна, як вядома, адзін з яго аўтараў. Разам з Міхасём Клімковічам і кампазітарам Нестарам Сакалоўскім.


Уладзімір Карызна. Фота Кастуся Дробава.

Сям’я, у якой рос Уладзімір Карызна, была дружнай і працавітай. Іван Ціханавіч хораша іграў на балалайцы. Яшчэ да вайны ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Ніна Канстанцінаўна мела цудоўны голас. Часта яны разам спявалі. У хаце быў патэфон і каля сотні пласцінак. Пераважалі фальклорныя творы і песні Ісаака Дунаеўскага, Мацвея Блантэра, іншых вядомых кампазітараў. Меліся і запісы арый з класічных опер. Ужо ў тры гады Валодзя па наклейках адрозніваў, дзе што запісана.

Як сведчыць у аўтабіграфіі, яго «дзяцінства прыйшлося на ваенныя гады. Бацька быў у партызанах, а мама берагла трох дзяцей. Хапіла ўсякага гора: былі заложнікамі, мерзлі ў балоце ў час блакады. Мне, старэйшаму, было каля чатырох гадоў (нарадзіўся 25 мая 1938 года ў вёсачцы Пціч Мінскага раёна. — А. М.), а малодшай сястрычцы — усяго толькі год… Цудам засталіся ў жывых». Пра гэта і адзін з яго вершаў:

Калі фашысты лезлі ў час блакады,

Ішлі аўчаркі нас пералавіць —

Лясным мы нетрам вельмі былі рады!

Той час успомню — сэрца забаліць.

Паэзіяй зацікавіўся школьнікам. У чацвёртым класе напісаў і свой першы верш. Скончыўшы Крупіцкую сярэднюю школу, паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На гэты час па-сапраўднаму захапіўся і музыкай. Наведваў літаб’яднанне «Крыніцы» пры газеце «Чырвоная змена», спяваў ва ўніверсітэцкім хоры. Шмат дала вучоба ў пастаянна дзеючым семінары самадзейных кампазітараў пры Саюзе кампазітараў Беларусі, дзе з пачаткоўцамі займаліся Генрых Вагнер і Рыгор Пукст. Некаторыя свае вершы паклаў на музыку. Адзін з іх паказаў Уладзіміру Алоўнікаву.

Вядомасць набыла песня «Беларусь мая сінявокая». Упершыню яна прагучала ў 1960 годзе, а напісана была годам раней. Спачатку яе выконваў Дзяржаўны хор пад кіраўніцтвам Генадзя Цітовіча, потым квартэт «Купалінка». А хутка заспявала і ўся Беларусь.

Неба чыстае і глыбокае

І бярозавы ціхі гай —

Беларусь мая сінявокая,

Беларусь мая, родны край.

Пасля такога поспеху, здавалася, яму наканаваны хуткі творчы рост. Аднак у 1961 годзе па размеркаванні паехаў выкладаць беларускую і рускую мову і літаратуру ў Опсаўскай сярэдняй школе Браслаўскага раёна. У Мінск вярнуўся толькі праз шэсць гадоў. Будучы старшым рэдактарам аддзела беларускай музыкі на Рэспубліканскім радыё, яшчэ больш зблізіўся з кампазітарамі. Плённым стала супрацоўніцтва з Юрыем Семянякам, з якім напісалі шмат песень. Але самай любімай у слухачоў стала «Люблю цябе, Белая Русь», напісаная ў 1968 годзе. Яна — свайго роду песенная візітоўка нашай блакітнавокай краіны. Настолькі кранальна гучыць, што не спяваць проста нельга:

Жытнёвае поле, лясы і азёры,

Крынічанька ў лузе і ў небе жаўрук, —

Услухайся толькі — усё тут гаворыць:

Люблю цябе, Белая, белая Русь.

Працаваў Уладзімір Карызна на Рэспубліканскім радыё і загадчыкам аддзела беларускай музыкі, быў рэдактарам аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». Пазней звязаў лёс з выдавецтвам «Юнацтва»: старшы рэдактар, загадчык рэдакцыі літаратуры для да- школьнікаў. Быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Крыніца».

Выдаў кнігі «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (1977), «Цішыня баразны» (1981) і іншыя. Неаднойчы выходзілі выбраныя творы. У 2007 годзе яны папоўнілі бібліятэчку серыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя». Па-ранейшаму заставаўся найбольш вядомым беларускім паэтам-песеннікам. Больш чым дзвесце яго вершаў пакладзены на музыку. Звыш пяцідзесяці — з уласнай мелодыяй. Выйшлі зборнікі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990).

Плённа працуе Уладзімір Карызна і ў галіне дзіцячай літаратуры: «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Малююць дзеці» (разам з Артурам Вольскім, 1984), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка для ўсіх» (1990), «На азёрах сініх» (2000), «Чароўнае вочка» (2003), «Лепяць ластаўкі гняздзечкі» (2010).

У творах і для дзяцей, і для дарослых — традыцыйнасць тэмы з яе індывідуальным асэнсаваннем. Ва Уладзіміра Карызны не знойдзеш нечаканых эпітэтаў, параўнанняў, але ў вершах заўсёды прысутнічае радасць першаадкрыцця, што прыносіць задавальненне юным чытачам. Асабліва гэта адчувальна ў творах, прысвечаных прыродзе. Часам дастаткова толькі некалькіх слоў, каб паэтычны малюнак стаў запамінальным.

Хораша прагучала кніга «Лепяць ластаўкі гняздзечкі». Паэт, з’яўляючыся прыхільнікам традыцыйнай манеры, дакладна ўзважвае нават не кожны радок, а кожнае слова, прамаўляе так, каб той ці іншы вобраз пры ўсёй сваёй арыгінальнасці не адштурхоўваў ад рэальнасці, ствараў выразны малюнак, а думка, закладзеная ў аснову, была важкай. Паколькі галоўная чытацкая аўдыторыя ў дадзеным выпадку — дзеці малодшага школьнага ўзросту, аўтар імкнецца, каб быў як пазнавальны, так і выхаваўчы эфект, а шмат у якіх выпадках і развівалася ў дзяцей назіральнасць, уменне лагічна мысліць.

Пазнаёміўшыся са зборнікам «Лепяць ластаўкі гняздзечкі» (кожнае новае пакаленне па-свойму адкрывае яго адметнасць і непаўторнасць), многім захочацца хутчэй даведацца, а што ж гэта за твор, які даў назву ўсёй кнізе. На дваццаць першай старонцы яны і напаткаюць аднайменны верш:

Пад страхою каля рэчкі

Лепяць ластаўкі гняздзечкі,

Насця воч з іх не спускае,

Насця ім дапамагае:

Хлеба, зерня ім выносіць,

А за гэта Насця просіць,

Каб, як стомяцца, не спалі,

Ёй на сон пашчабяталі.

Гэта традыцыйны верш не толькі па форме напісання, але і па змесце. Ды талент ёсць талент, ён абавязкова спрацоўвае ў любым выпадку. Уважліва ўнікнеш у сэнс радкоў і адчуеш, як добра разумее паэт псіхалогію дзяцей. Прачытаўшы верш, заўважаеш, наколькі чуйная душа ў маленькага чалавека, якая спагадлівая яна, як прагне рабіць дабро. Таму Насця і спяшаецца пакарміць птушак. Але ж несумненна, што і захапляецца імі невыпадкова, бо хутчэй за ўсё жыве ў горадзе, а лета праводзіць у вёсцы ў дзядулі з бабуляй ці ў сваякоў. Тут для яе ўсё новае, незнаёмае, а ў нечым і загадкавае. Як і гэтыя птушкі, якія мітусяцца, лепячы для сябе гняздзечка, якіх яна палюбіла. Таму і хочацца дзяўчынцы, каб яны ёй і «на сон пашчабяталі».

Паколькі верш напісаны не ад першай асобы, такія думкі ў яе вусны ўкладвае паэт, але зроблена гэта надзіва непасрэдна, натуральна. Таму і складваецца ўражанне, што ўсё прамаўляе сама Насця. Дарэчы, гэтакім шляхам ідзе Уладзімір Карызна і ў шматлікіх іншых вершах, героі якіх Насця і хлопчык Ваня, найбольш любімыя яго персанажы, хутчэй за ўсё, маюць прататыпаў. Дый іншыя дзеці «прапісаліся» ў вершах. Як з ручайка пачынаецца рака, так і з тонкага псіхалагічнага спасціжэння душы дзяўчынак і хлопчыкаў нараджаецца да паэта давер.

Уладзімір Карызна, па сутнасці, не выдумляе свае вершы, хоць і мае багатую творчую фантазію, а як бы спісвае іх з натуры, толькі па-майстэрску ўзнаўляючы ўнутраны свет дзяцей, чуйна заўважаючы тое, што ў пэўнай сітуацыі можа з’явіцца ў іх думках. Адзін з самых характэрных прыкладаў таму — верш «Рукавічкі для сінічкі»: «Звязала Насця // Для сінічкі // З пуховых нітак // Рукавічкі. // А як памераць іх — // Не знае: // Сінічка тая // Уцякае».

Калі ж чытаеш верш «Самая лепшая», ніякага сумнення ў тым, што ён «напісаны» самой дзяўчынкай, якая вельмі любіць сваю маму:

Весняй зараначкай свеціць,

Лашчыць,

Як звон ручая,

Самая, самая лепшая ў свеце

Мама мая.

Ёсць у кнізе і гумарыстычныя, жартоўныя творы. Ёсць і лічылкі, а таксама небыліцы. Вершы, якія адносяцца да апошняга жанру, калі яны дасціпныя, нязменна прыхільна сустракаюцца дзецьмі. Так успрымуць яны і гэтую небыліцу: «У вадзе расце капуста, // Рыба ў полі ходзіць густа. // Дрэвы ў клубе польку скачуць, // Аж са смеху мухі плачуць».

Арыгінальнымі атрымаліся і загадкі, у тым ліку і песенныя, аб’яднаныя назвай «Насця і Янка» (нічога падобнага раней сустракаць не даводзілася). Што тычыцца казак, то ў зборніку прадстаўлены дзве разнавіднасці гэтага жанру: творы, у якіх, няхай і апасродкавана, прысутнічае фальклорная аснова, і казкі, цалкам народжаныя аўтарскай фантазіяй. Але і ў першым выпадку Уладзімір Карызна па-свойму разгортвае сюжэт, таму гэта дае падставы і пра падобныя казкі сцвярджаць, што яны арыгінальныя.

Сімвалічна ўспрымаецца казка «Іграй, жалейка, не змаўкай…», якая завяршае кнігу. Яна — яшчэ адзін напамін пра тое, што толькі аптымізм, жыццялюбства давалі сілы выжыць беларускаму народу на ветравейных скразняках часу, а гэтай барацьбе за выжыванне шмат дапамагалі народныя песні, мелодыі, увасабленнем якіх з’яўляецца жалейка. Пакуль яна будзе гучаць, датуль і жыць Беларусі.

* * *

Верш «Родная песня» ён невыпадкова прысвяціў Юрыю Семяняку, хоць песні на яго словы напісалі і такія майстры сваёй справы, як Яўген Глебаў, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Леанід Захлеўны, Эдуард Зарыцкі і іншыя. У ім выказаў запаветнае, што было дорага абодвум і чым сам працягвае жыць:

Святлеў ад песні

Я часінай грознай,

Прызнанні сэрца чулага шаптаў

Каля зялёных вышак,

Вербаў росных,

У шчырым царстве сініх рэк і траў.

Уладзімір Карызна, бадай, як ніхто іншы, чуе (і стварае!) песні, блізкія да народных. Дзякуючы яму нараджаюцца такія, якія заўсёды любілі, ды і цяпер любяць спяваць на Беларусі. Важна і тое, што ён — з тых творцаў, якія, дзякуючы сваім найлепшым вершам, дапамагаюць палюбіць паэзію нават тым, хто не надта ўважлівы да яе, бо тое, што нараджаецца з-пад яго пяра, — па-сапраўднаму зямное. У нечым і як тое свежае паветра, якім дыхаеш і надыхацца не можаш.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».