Вы тут

Лукашэнка: Беларусь накіравана прыкласці неабходныя намаганні для павышэння згуртаванасці дзяржаў — членаў АДКБ


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з удзельнікамі пасяджэння Савета Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі Дагавора калектыўнай бяспекі. З лістапада 2022 года Беларусь старшынствуе ў АДКБ і надае асаблівае значэнне парламенцкаму ўзаемадзеянню. Праграмай Парламенцкай Асамблеі АДКБ да 2025 года прадугледжана распрацоўка больш як 30 мадэльных прававых актаў. 


«Рэдкі выпадак, калі ўдаецца сустрэцца са сваімі былымі калегамі-парламентарыямі. Вы ведаеце, я сам доўга працаваў у парламенце, ведаю, што гэта за хлеб. Вы сапраўдныя лідары ад народа сваіх краін. Таму мне ўдвая прыемна сустрэцца з прадстаўнікамі нашых народаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, вітаючы гасцей. 

Ён падкрэсліў, што Беларусь як надае асаблівую ўвагу парламенцкаму вымярэнню як неад’емнаму складніку паспяховай дзейнасці АДКБ, яе ўдасканалення і далейшага развіцця. Першай і галоўнай задачай у гэтай дзейнасці беларускі лідар назваў збліжэнне і гарманізацыю нацыянальных заканадаўстваў. «Тут прэтэнзій да Парламенцкай Асамблеі няма. Вы прапанавалі нацыянальным парламентам шмат асобных законаў, частка якіх у Беларусі і ў іншых краінах выкарыстоўваецца», — заўважыў беларускі лідар. 

Другой і не менш акутальнай задачай, па словах кіраўніка дзяржавы, застаецца назіральная функцыя падчас выбарчых кампаній у дзяржавах АДКБ. «Улічваючы градус негатыўных водгукаў аб умовах іх падрыхтоўкі. і правядзення з боку ангажаваных палітычных інстытутаў, бесстароннія адзнакі Асамблеі іграюць ролю станоўчага балансу. Мы самі сябе, нашы дзяржавы адна адну ў крыўду не даюць. Гэта, безумоўна, аказвае пазітыўны ўплыў на падтрыманне міру і бяспекі ў зоне адказнасці арганізацыі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Трэба вярнуцца за стал перагавораў»

Прэзідэнт заўважыў, што тыя негатыўныя тэндэнцыі, пра якія неаднаразова гаварылася на працягу мінулага года, становяцца знешнепалітычнай рэальнасцю. Нарошчваюцца ваенная прысутнасць і наступальны патэнцыял Паўночнаатлантычнага альянсу каля заходніх межаў АДКБ. Праводзяцца маштабныя вучэнні, паскоранымі тэмпамі мадэрнізуецца ваенная інфраструктура, у тым ліку ў сумежных краінах. Асобныя дзяржавы ператварыліся ў палігон для знішчэння старых і выпрабавання новых заходніх узбраенняў.

«Пасля нядаўняга ўваходжання ў альянс Фінляндыі і падрыхтоўцы да ўступлення Швецыі мы ў чарговы раз сталі сведкамі пашырэння Паўночнаатлатычнага блока. Такога кшталту дзеянні ставяць свет на вельмі небяспечную мяжу глабальнага канфлікту. Усё, што я сказаў, абгрунтоўваецца Захадам інтэрвенцыяй і агрэсіяй з боку Расіі ва Украіне і гэтак далей. Калі б мы не былі палітыкамі, мы б, магчыма, і паслухалі гэтую дрэнь. Але якое мае дачыненне да спецыяльнай ваеннай аперацыі ўступленне Фінляндыі ў НАТА? Абсалютна ніякага. Чакалі моманту. Вырашылі, што гэты момант надышоў. Думаю, што ні Расіі, ні Беларусі гэта вялікай шкоды не нанясе. Якія б рашэнні палітыкі не прымалі ў той жа Фінляндыі, народ там не дурны і ведае, што такое вайна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, нягледзячы на імклівы спад узроўню жыцця і пагаршэнне эканамічных перспектыў у еўрапейскіх краінах, Захад ідзе на эскалацыю міжнароднай напружанасці і галасамі некаторых палітыкаў адкрыта прызнаецца ў тым, што рыхтуецца да вайны. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цэнтральнай арэнай супрацьстаяння, полем бою на еўрапейскім кантыненце застаецца Украіна, з-за ваеннага сутыкнення ў якой парушаны ўсе найважнейшыя сферы міждзяржаўных адносін: палітычная, эканамічная, гуманітарная. 

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ААН і АБСЕ намаганнямі нашых заходніх апанентаў ператвараюцца ў інструменты ціску і канфрантацыі. «Калі АБСЕ — гэта Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтва ў Еўропе, калі ў Еўропе разгараецца канфлікт, то час ужо сабрацца і на найвышэйшым узроўні паглядзець адзін на аднаго і прыняць нейкія рашэнні ці хаця б пагаварыць, калі не зможам прыняць. Мы з расіянамі ўжо шмат разоў прапаноўвалі: давайце сустрэнемся, абмяркуем праблемы, яшчэ да спецыяльнай ваеннай аперацыі. Але ніякага абмеркавання не трэба. Гэта сведчыць аб тым, што трэба адно — трэба вайна. І яны робяць усё для таго, каб падвесці нас да гэтай вайны, каб развязаць гэтую вайнушку», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што з першых дзён спецыяльнай ваеннай аперацыі (і парламентарыі Расіі ў гэтым удзельнічалі непасрэдна) беларускі і расійскі бок прапаноўвалі сесці за стол перагавораў. Тры раўнды прайшлі ў Беларусі, затым паехалі ў Турцыю. «На стол паклалі праект дагавора. Калі б Расія зараз яго чытала, яна б звар’яцела. Ён абсалютна быў не выгадны Расіі, але Расія пагадзілася. У мяне на стале ляжыць гэты праект дамовы. Як толькі Расія пагадзілася на ініцыятывы, прапанаваныя імі, праект дагавора быў выкінуты ў сметніцу. Гэта, можа быць, людзі не ўсё ведаюць, але спецыялісты ў гэтым удзельнічалі і ведаюць. Таму перш чым вінаваціць нас у канфрантацыі гэтага канфлікту, пашырэнні, трэба вярнуцца за стол перамоваў. Узяць не той дакумент, — новы, каб спыніць вайну», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Беларусь застаецца прыхільнай і адкрытай да дыялогу»

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на размовы пра ўкраінскае контрнаступленне, якія вядуцца ўжо некалькі месяцаў. «Расіяне вельмі баяцца дэзінфармацыі — гэта правільна. У любым баі дэзінфармацыя вельмі небяспечная. Успомніце Курскую бітву, баі пад Сталінградам, калі мы паспяхова дэзінфармавалі праціўніка і паспяхова выйгралі гэтыя бітвы. Але павінен сказаць, самая вялікая дэзінфармацыя — гэта контрнаступленне. Ніякага контрнаступлення, на маю думку, няма і быць не можа. Гэта проста вар’яцтва: адзін да пяці ваяваць на фронце па тэхніцы і жывой сіле. Гэта проста вар’яцтва. Не, трэба нагнятаць, трэба накручваць украінцаў і ўтапіць нас у гэтым супрацьстаянні. У гэтым сёння сутнасць на фронце, мы гэта бачым, гэта ў нас за плотам Таму не думайце, што мы тут нагнятаем становішча і мы не жадаем мірных перагавораў, не жадаем дамовіцца аб міры. Вялікае бачыцца на адлегласці. І мы яшчэ прыйдзем да ацэнак, убачым, хто мае рацыю, хто вінаваты», — упэўнены ён. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што сіламі заходніх апанентаў і ААН, і АБСЕ становяцца ручнымі сабачкамі для заходніх дзяржаў. 

«Мы лічым недальнабачнымі і безадказнымі падобныя дзеянні. Тым не менш, Беларусь па-ранейшаму застаецца прыхільнай і адкрытай да дыялогу, накіраванага на ўмацаванне глабальнай і рэгіянальнай бяспекі. Мы нястомна заклікаем спыніць канфрантацыю, вярнуцца да мірнага вырашэння пытанняў. Падкрэслю, што гэты дыялог павінен быць узаемапаважлівым і раўнапраўным», — заявіў беларускі лідар, — «І ўсякія папярэднія ўмовы, якія сёння прэзідэнт Украіны прапануе, — гэта ўжо абсалютна зразумела, (робіцца. —Зв) з мэтай не дапусціць ніякіх перагавораў. Якія могуць быць папярэднія ўмовы? Трэба сесці за стол перагавораў і ўжо там выпрацоўваць усялякія ўмовы». — падкрэсліў ён. 

«Вы павінны шукаць там, дзе лепш вашым народам»

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што сёння неабходна засяродзіць намаганні на фарміраванні новай сістэмы міжнародных адносін, калі глядзець далёка наперад, — заснаванай на агульнапрызнаных нормах і прынцыпах міжнароднага права, а не на нейкіх «правілах», якія нам падсоўваюць з боку Захаду. «Нас увесь час абвінавачваюць, што „выбары прайшлі не на нейкіх прынцыпах АБСЕ“. А дзе гэтыя прынцыпы? Хто сцвярджаў гэтыя прынцыпы? Дзе яны? Не, ёсць „правілы“, якія яны ўстанавілі і якія мяняюць пад кожную дзяржаву і пад кожную падзею», — заўважыў ён. 

Паводле слоў Прэзідэнта, большасць краін, да якіх адносяцца дзяржавы — члены АДКБ, бачаць у шматпалярнасці найлепшыя перспектывы развіцця свету. «Беларусь мае намер і далей прасоўваць прынцыпы справядлівага і шматпалярнага свету, садзейнічаць выпрацоўцы надзейных гарантый для забеспячэння як калектыўнай бяспекі і стабільнасці, так і бяспекі кожнага ўдзельніка міжнароднай супольнасці. Упэўнены, што дэвіз беларускага старшынства „Праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі“ адпавядае інтарэсам усіх членаў АДКБ. Нельга ў сувязі з гэтым абысці пытанне аб адзінстве нашых шэрагаў. Беларусь у рамках свайго старшынства накіравана на тое, каб прыкласці неабходныя намаганні для павышэння згуртаванасці дзяржаў — членаў АДКБ. Менавіта ў зняцці наяўных супярэчнасцей бачым перспектыву ўмацавання Арганізацыі, забеспячэння бяспекі і стабільнасці ў зоне яе адказнасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён расказаў, што часта з прэзідэнтам Расіі абмяркоўвае магчмасць таго, што за супрацоўніцтва з Беларусю і Расіяй санкцыі могуць увесці і супраць дзяржаў-членаў АДКБ. «Нам гэта абсалютна непатрэбна, ад гэтага будзе толькі горш. Але мы вельмі спадзяёмся, што гэтыя спробы нас разарваць не падзеўплываюць на наша адзінства. Галоўнае — эканоміка, галоўнае — рынак», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, на постсавецкай прасторы праблем заўсёды хапала, але яны заўсёды абмяркоўваліся, прымаліся сур’ёзныя дзеянні, каб супакоіць сітуацыю ў тым ці іншым пункце. «Гэта дорага каштавала, але сёння нас спрабуюць развесці. Таму я ўжо як чалавек дасведчаны хачу вас папрасіць — акуратна, без шуму: не паддавайцеся на гэтыя хітрыкі. Вы павінны шукаць там, дзе лепш вам, дзе лепш вашым народам», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, калі, напрыклад, Таджкістану выгадна гандляваць гароднінай і садавінай, якіх у свеце па якасці лепшых няма, дык і трэба гандляваць з Беларуссю, з Расіяй. 

«Калі Грузіі выгадна лятаць у Маскву, а Маскве выгадна лятаць у Грузію, у Тбілісі, што ў гэтым дрэннага? „Не, гэта дрэнна“ (заяўляюць апаненты). Вось на гэтым прыкладзе ўжо бачна, чаго яны хочуць», — прывёў яшчэ адзін прыклад Прэзідэнт.

«Найперш вы, парламентарыі, не дапусціце разрыву на гэтым вострым моманце нашай гісторыі. Сёння дзеліцца свет, моцныя сілы спрабуюць перадзяліць свет. І мы ў цэнтры гэтай увагі. Трэба трымацца адно аднаго, трэба бліжэй быць адно да аднаго. Гэта наша палітыка. Мы вам яе прапануем. Іншай альтэрнатывы для захавання суверэнітэту і незалежнасці нашых дзяржаў няма. Сваё слова ў гэтым павінна сказаць і Парламенцкая Асамблея АДКБ. Парламентарыі сваім актыўным удзелам у працэсах развіцця і ўмацавання патэнцыялу АДКБ змогуць садзейнічаць павышэнню ролі Арганізацыі ў сістэме міжнародных адносін. Паступальнаму прасоўванню на гэтым напрамку будзе служыць таксама дакладнае прытрымліванне прынцыпу непадзельнасці бяспекі як неад’емнай ўмовы мірнага дыялогу, процідзеяння знешняму ціску і санкцыям», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы. 

Ён выказаў упэўненасць, што пасяджэнне Савета Парламенцкай Асамблеі АДКБ у Мінску будзе садзейнічаць прыняццю канкрэтных рашэнняў, накіраваных на ўмацаванне адносін сапраўднага саюзніцтва — паміж дзяржавамі — членамі АДКБ. «Мы будем рабіць для гэтага ўсё магчымае. На нас вы можаце разлічваць і нават не сумнявацца», — паабяцаў ён. 

Мы выступаем за шматпалярны справядлівы свет

У размове з журналістамі пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Старшыня Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу Расіі, старшыня Парламенцкай асамблеі АДКБ Вячаслаў Валодзін падкрэсліў, што калі казаць аб мірным урэгуляванні ва Украіне, то гэта тэма адказнасці Вашынгтона. «Ва Украіне вайну вядуць НАТА, Вашынгтон і Брусель. Мы заўсёды казалі і сёння падкрэсліваем, што нам з украінскім народам дзяліць няма чаго. Але НАТА захапіла Украіну, прывяло туды сваіх наймітаў і ва ўладу, і на поле бітвы. У выніку бачым, што з гэтага атрымалася», — сказаў ён. Вячаслаў Валодзін падкрэсліў, што ва Украіне зараз вырашаецца пытанне бяспекі не толькі Расійскай Федэрацыі, але і бяспекі ўсяго свету. «Нам трэба ўсё ж знайсці смеласць — усім, незалежна ад таго, якую пазіцыю яны займаюць, — прызнаць, што тыя дамоўленасці, якія былі пасля Другой сусветнай вайны дасягнуты дзяржавамі, разбураны. Пытанне глабальнай бяспекі сёння стаіць вельмі востра», — заявіў ён. 

«Мы выступаем за шматпалярны справядлівы свет. Дзе кожная краіна павінна мець будучыню. Народ павінен мець перспектыву. А калі ў Вашынгтоне вызначаюць, быць краіне ці не быць... Мы з вамі гэта бачылі на прыкладзе таго, што адбылося з Югаславіяй, Іракам, Лівіяй. Што практычна магло адбыцца ў Сірыі, што адбылося ў Афганістане», — адзначыў Вячаслаў Валодзін.

Для вырашэння крызісных сітуацый патрэбны перш за ўсё намаганні палітыкаў

Генеральны сакратар АДКБ Імангалі Тасмагамбетаў заявіў, што дзяржавам-членам арганізацыі хопіць сіл, каб іх не разарвалі. Ён падкрэсліў, што пытанне згуртаванасці краін АДКБ вельмі сур’ёзнае. «Геапалітычная сітуацыя ў свеце напружаная, і ў зоне адказнасці АДКБ, вядома, шмат крызісных момантаў. Гэта і праблема канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам, і прыгранічнае пытанне паміж Кыргызстанам і Таджыкістанам», — адзначыў генеральны сакратар. Імангалі Тасмагамбетаў падкрэсліў, для вырашэння крызісных сітуацый патрэбны перш за ўсё намаганні саміх палітыкаў, кіраўнікоў дзяржаў. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.