Вы тут

Пачала работу XI Міжнародная выстаўка ўзбраення і ваеннай тэхнікі MІLEX-2023


Каторы год запар «Мінск-Арэна» становіцца пляцоўкай для прэзентацыі тэхнічных навінак, навуковых даследаванняў і інавацыйных тэхналогій як айчыннага ваенна-прамысловага комплексу, так і ВПК краін-партнёраў. Сёлета побач з беларускімі ўзорамі экспануецца прадукцыя абароннага сектара з Расіі, Кітая і Ірана. Сярод найноўшых машын і сістэм, прыбораў і абсталявання, прадстаўленых на папулярнай выставачнай пляцоўцы, можна ўбачыць і тыя распрацоўкі, якія ўжо атрымалі міжнароднае прызнанне, а адпаведна, актыўна выкарыстоўваюцца вядучымі арміямі свету.


Канкурэнтаздольная і запатрабаваная прадукцыя

Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця XI Міжнароднай выстаўкі ўзбраення і ваеннай тэхнікі MІLEX-2023 прывітанне ўдзельнікам і гасцям прадстаўнічага форуму ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі агучыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ. У прывітальным слове акцэнтавана ўвага на тым, што на гэты раз інтэрнацыянальны зброевы салон праходзіць у год 20-годдзя Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. «Таму беларуская частка экспазіцыі стане своеасаблівай дэманстрацыяй самага перадавога, што зроблена айчынным абаронным сектарам, у тым ліку з выкарыстаннем высокіх тэхналогій і штучнага інтэлекту, а таксама інавацыйнай грамадзянскай прадукцыі, якая з’явілася дзякуючы дыверсіфікацыі некаторых вытворчасцяў», — адзначаецца ў прывітанні.

Як звярнуў увагу ў сваім выступленні Аляксандр Вальфовіч, ваенная гісторыя дзяржавы навучыла нас цаніць мір і бяспеку як адну з абавязковых умоў пазітыўнага развіцця грамадства. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі лічыць сімвалічным, што мерапрыемства праходзіць напярэдадні важнай гістарычнай падзеі — 80-годдзя пачатку вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

«Сёння, калі разбурана архітэктура міжнароднай бяспекі, калі згасае монапалярны свет, развязаны гібрыдныя інфармацыйныя войны рознага маштабу ў шматлікіх рэгіёнах свету, народжаны новыя выклікі і пагрозы — як унутранага, так і знешняга характару — у сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. — Зыходзячы з гэтага, абаронна-прамысловы комплекс краіны сёння стаў адным з найбольш прыярытэтных, высокатэхнічных і запатрабаваных сектараў эканомікі. Ва ўмовах беспрэцэдэнтных эканамічных, палітычных санкцый, ва ўмовах абвастрэння рызык пастаўкі абсталявання і камплектуючых прадукцыя ваеннага прызначэння прадпрыемстваў абароннага сектара краіны сёння канкурэнтаздольная і запатрабаваная на міжнародным рынку ўзбраення. Беларусь праводзіць палітыку адкрытасці, добрасуседства, узаемнай павагі і даверу».

Аб гэтым сведчаць і экспазіцыйныя пляцоўкі, дзе сканцэнтраваны найлепшыя дасягненні ваеннай навукі нашай краіны. Выстаўка MІLEX ужо даўно стала не толькі дэманстрацыйным форумам, а і месцам узаемаадносін прадстаўнікоў абароннага сектара эканомікі.

На працягу чатырох дзён (да 20 мая ўключна) прафесіяналы азнаёмяцца з экспанатамі выстаўкі, а таксама абмяркуюць найважнейшыя пытанні нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці, рэалізацыі інавацыйнай і знешнеэканамічнай палітыкі дзяржавы.

Дзеля нацыянальных інтарэсаў

Як адзначыў падчас цырымоніі адкрыцця выстаўкі міністр абароны Віктар ХРЭНІН, за гады свайго існавання MІLEX зарэкамендавала сябе не толькі як значная падзея для арганізацый абароннага сектара эканомікі, але і як эфектыўны форум для развіцця ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. «Міжнародная выстаўка па праву лічыцца аўтарытэтнай і пазнавальнай пляцоўкай для зносін экспертаў у галіне ўзбраенняў, дэманстрацыі найноўшых распрацовак у сферы вытворчасці прадукцыі ваеннага прызначэння і заключэння ўзаемавыгадных кантрактаў, — удакладніў кіраўнік абароннага ведамства. — Той факт, што сёння, нягледзячы на складаную ваенна-палітычную абстаноўку, сярод гасцей нашага мерапрыемства ёсць прадстаўнікі практычна ўсіх рэгіёнаў свету, красамоўна сведчыць аб тым, што ў нашай краіны ёсць шмат саюзнікаў, партнёраў і аднадумцаў на розных кантынентах. Яны таксама, як і наша краіна, працягваюць абараняць нацыянальныя інтарэсы сваіх дзяржаў, адстойваючы свой суверэнітэт і права самастойна выбіраць шлях свайго развіцця і вектары супрацоўніцтва, абапіраючыся на свае традыцыі, самабытнасць і менталітэт, а галоўнае — на інтарэсы сваіх народаў».

Віктар Хрэнін праінфармаваў, што на маштабным зброевым аглядзе, які праходзіць на беларускай зямлі, экспертнай супольнасці і грамадскасці прадстаўлены не толькі шырокі спектр прынцыпова новых, самых перадавых высокатэхналагічных узораў узбраення, але і даўгавечных, надзейных узбраенняў.

Некаторыя з іх распрацаваны ў канцы і нават у сярэдзіне ХХ стагоддзя, але, па яго словах, яшчэ не вычарпалі закладзены ў іх патэнцыял і рэсурс, якія пасля глыбокай мадэрнізацыі і адаптацыі да сучасных умоў вядзення ўзброенай барацьбы значна павысілі сваю баявую эфектыўнасць, эксплуатацыйныя характарыстыкі і эрганоміку.

Міністр абароны падкрэсліў, што па сваіх характарыстыках многія вырабы беларускага ваенпрама не толькі не ўступаюць вядомым сусветным аналагам, але і па шэрагу напрамкаў пераўзыходзяць іх. Большасць з прадстаўленых на выстаўцы ўзораў ужо стаіць на ўзбраенні беларускай арміі, іншыя праходзяць выпрабаванні.

Удзельнікаў і гасцей выстаўкі падчас цырымоніі адкрыцця прывітаў і генеральны сакратар АДКБ Імангалі ТАСМАГАМБЕТАЎ. Ён заўважыў, што выстаўка MІLEX сёння заслужана з’яўляецца візітнай карткай абароннага сектара эканомікі Беларусі. «Прадстаўленыя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі пераканаўча дэманструюць навукова-тэхнічны і прамысловы патэнцыял Беларусі, якая па праву ўваходзіць у лік сусветных вытворцаў узбраення, — заявіў генеральны сакратар АДКБ. — З задавальненнем адзначаю ўдзел у выстаўцы прадстаўнікоў абаронна-прамысловага комплексу дзяржаў — членаў АДКБ, дэлегацый іншых краін. Мяркую, што ў рамках яе дзелавой праграмы ўсе атрымаюць магчымасць для абмеркавання надзённых пытанняў супрацоўніцтва абаронных прадпрыемстваў».

На працягу ўсяго перыяду, калі працуе выстаўка, запланаваны двухбаковыя сустрэчы кіраўніцтва Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта і Міністэрства абароны Беларусі з кіраўнікамі замежных дэлегацый, адбудуцца шматлікія прэзентацыі ўдзельнікаў MІLEX-2023. Адной з ключавых падзей выстаўкі стане 10-я Міжнародная навуковая канферэнцыя па ваенна-тэхнічных праблемах, праблемах абароны і бяспекі, выкарыстання тэхналогій двайнога прызначэння.

Запланавана пасяджэнне Дзелавога савета пры Міждзяржаўнай камісіі па ваенна-эканамічным супрацоўніцтве АДКБ і Каардынацыйнага савета ўпаўнаважаных органаў дзяржаў — членаў АДКБ па пытаннях рэкламна-выставачнай дзейнасці.

На падмурку гісторыі і традыцый

Як перакананы дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый МЕЗЕНЦАЎ, прафесійныя сустрэчы, дыскусіі, вынікі дыялогу, які адбудзецца ў найбліжэйшыя дні, пацвердзяць у тым ліку і практыку паспяховага ўзаемадзеяння беларускіх прамыслоўцаў, вучоных і даследчыкаў з калегамі і партнёрамі з Расійскай Федэрацыі. «Выстаўка MІLEX пацвярджае важкі і значны прамысловы патэнцыял Беларусі, — акцэнтаваў увагу ён. — Чатыры краіны — Беларусь, Расія, Кітай і Іран — прадставілі свае высокія дасягненні абаронна-прамысловага комплексу на гэтых маштабных выставачных плошчах. Але знакава і тое, што дэлегацыі з больш як 30 краін прыехалі ў сталіцу Беларусі для таго, каб ацаніць магчымасці прамысловага патэнцыялу краіны. Тыя крокі, якія, магчыма, зробяць, будуць працаваць на ўмацаванне абароннага патэнцыялу гасцей і, самае галоўнае, на забеспячэнне рэгіянальнай і глабальнай бяспекі».

Дзмітрый Мезенцаў адзначыў, што частка праграм Саюзнай дзяржавы, якія фінансуюцца з саюзнага бюджэту, знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці: яны прысвечаны павышэнню абароннага патэнцыялу дзяржаў, аб’яднаных саюзным дагаворам. «Мы цудоўна разумеем, што гэтыя крокі з’яўляюцца адказам на тыя выклікі і пагрозы, якія склаліся ва Усходнееўрапейскім рэгіёне ў апошні час, — канкрэтызаваў дзяржсакратар. — Гэта адказ на ціск і беспрэцэдэнтнае па маштабе і бестактоўнасці прасоўванне мадэлі аднапалярнага свету, якое мы бачым у апошні час у большасці краін калектыўнага Захаду».

Як падкрэсліў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Дзмітрый ПАНТУС, гэтая важная выстаўка праходзіць у няпросты для ваенна-прамысловага комплексу краіны час. «Нестабільнасць палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай абстаноўкі ў свеце яшчэ больш настойліва прымушае нас ісці па шляху, раней абраным беларускім народам, па маршруце стварэння моцнай і квітнеючай Беларусі, — падкрэсліў ён. — Сілу і ўпэўненасць нам на гэтым нялёгкім шляху дае наша гісторыя. Ні адзін з маштабных узброеных канфліктаў двух апошніх стагоддзяў не абмінуў беларускую зямлю. Таму ваенна-прамысловы комплекс Рэспублікі Беларусь, як і ўвесь народ, накіраваны на мір і стваральную працу. Усе мы разумеем, што гэтыя два асноўныя фактары спрыяльнага развіцця магчымыя толькі ў моцнай дзяржаве, якая валодае дастатковай эканамічнай і ваеннай магутнасцю. Поспехі, дасягнутыя спецыялістамі айчыннага ВПК за гады незалежнасці нашай дзяржавы, стаяць на трывалым падмурку гісторыі і традыцый зброевай вытворчасці».

Дзмітрый Пантус нагадаў, што ў канцы 2023-га споўніцца 20 гадоў з дня заснавання Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. «За гэты перыяд мы планамерна выбудавалі сістэму ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з многімі нашымі замежнымі партнёрамі, — заўважыў ён. — І выстаўка MІLEX, якую мы адкрываем, з’яўляецца своеасаблівым індыкатарам нашай гатоўнасці і ў далейшым пашыраць узаемадзеянне з усімі зацікаўленымі дзяржавамі на аснове ўзаемнай павагі і інтарэсаў адзін аднаго».

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?