Вы тут

Наш мінімальны набор. Некалькі наіўных пытанняў аб спажывецкім кошыку


У нас на слыху нярэдка бывае выраз «спажывецкі кошык». Але навошта ён патрэбны і што ў яго ўваходзіць, ведаюць далёка не ўсе. Больш за тое, існуе маса памылковых меркаванняў адносна такога «кошыка». Паспрабуем адказаць на самыя простыя пытанні.


Навошта яго прыдумалі ?

Спажывецкі кошык — гэта пералік прадуктаў, рэчаў і паслуг першай неабходнасці, які ў нашай краіне зацвярджаецца Міністэрствам працы і сацабароны. Паколькі ў «кошык» уваходзяць тавары і паслугі першай неабходнасці, часта кажуць «мінімальны спажывецкі кошык». Склад «кошыка» пераглядаецца раз на пяць гадоў, а вось бюджэт пражытковага мінімуму — раз на квартал, бо цэны на тавары і паслугі таксама мяняюцца.

Прасцей кажучы, навукоўцы падлічваюць, колькі калорый трэба чалавеку для нармальнай жыццядзейнасці і з якіх прадуктаў іх атрымаць, а чыноўнікі — колькі для гэтага трэба грошай.

Спажывецкі кошык — перажытак СССР?

І так, і не. Такі «кошык» сапраўды быў у СССР, а наша краіна самастойна фарміруе яго з 1992 года.

Спажывецкі кошык як пэўны сацыяльна-эканамічны інструмент прымяняецца практычна ва ўсіх краінах: дзесьці «кошык» багацейшы за наш, а дзесьці — больш сціплы.

Некаторыя лічаць, што ў прадуктовым кошыку няма ніякіх «празмернасцяў» у выглядзе шакаладу ці садавіны. Але гэта памылка. Напрыклад, мужчыне і жанчыне ад 18 гадоў да пенсіённага ўзросту ў «кошык» «пакладзены» 51,1 кг садавіны ў год, хлопчыку ва ўзросце 13 гадоў — 69,4 кг, дзяўчынцы ва ўзросце 8 гадоў — 54,8 кг. Дададзім да гэтага сухафрукты — адпаведна 8 кг для мужчын, 7,5 для жанчын, 9,1 для хлопчыкаў і 7,3 для дзяўчынак. Улічана ў кошыку і гародніна, пры гэтым на бульбу, буракі, капусту, моркву, зяленіва, агуркі, таматы ёсць асобныя нормы і агульная лічба на «іншую гародніну». Прадугледжаны гароднінныя кансервы і фруктовыя сокі.

Кандытарскіх вырабаў больш за ўсё прапануецца мужчынам — 21 кг, жанчынам — толькі 12,5, хлопчыкам — 19,3, дзяўчынкам — 8,6 кг.

Здаецца, малавата чаю: 0,8 кг мужчыну і ўсяго толькі 0,1 кг дзяўчынцы. Какава, кава наогул адсутнічаюць у прадуктовым кошыку.

Зрэшты, прадуктовы набор прадугледжаны для сям'і з чатырох чалавек, так што чай трапіць у агульны імбрык.

Без насоўкі — нікуды!

Чатыры гады мужчынам прапануецца насіць адну зімовую і адну дэмісезонную куртку, а вось касцюмаў на гэты ж тэрмін прадугледжана два. Дададзім да іх па дзве пары туфляў, звычайных і летніх, на такі ж перыяд. На тры гады павінна хапіць чатырох маек, столькі ж трусоў на год, а вось шкарпэтак — аж сем пар. Раз у два гады мяняюцца хатнія тапкі. Больш ніякага адзення з катэгорыі хатняга, як і піжамы для мужчын, не прадугледжана. Хіба што ў якасці хатняга адзення выкарыстоўваць спартыўны гарнітур — адзін на тры гады. Усяго ў спісе мужчынскага адзення і абутку 27 пазіцый, сярод якіх нават насоўкі.

Жанчыны штаны не носяць?

Колькасць і тэрміны нашэння вопраткі (верхняга адзення) у жанчын супадаюць з мужчынскімі. Жанчынам «пакладзены» ў «кошык» два касцюмы і дзве спадніцы на тры гады, дзве блузкі на два гады, дзве сукенкі на 2,5 года. Штаноў у жаночым кошыку няма наогул, хоць гэты від адзення папулярны ў кабет. Праўда, як і ў мужчын, ёсць джынсы — адны на два гады. Жанчынам прапануецца знасіць за год чацвёра трусоў, сем пар калготак, а тры бюстгальтары трэба расцягнуць на тры гады. Хтосьці пагодзіцца, што ў актыўным гардэробе столькі і ёсць, а астатняе проста ляжыць у шафе.

Для жанчын прадугледжана наяўнасць аднаго халата на чатыры гады, дзвюх начных кашуль або піжам на тры гады.

На чатыры гады павінна хапіць па дзве пары туфляў і басаножак. Усяго ў мінімальным пераліку адзення для жанчын 31 пазіцыя.

Паспець за дзецьмі, якія растуць

Хлопчыку ва ўзросце 13 гадоў належыць адну зімовую і адну дэмісезонную куртку насіць два гады. А вось дзяўчынка 7 гадоў, мяркуецца, расце хутчэй, ёй гэтай вопраткі павінна хапіць на паўтара года.

І хлопчыку, і дзяўчынцы «пакладзены» ў «кошык» адзін гарнітур, адны джынсы на год. Усе віды абутку, уключаючы красоўкі, — па адной пары на год, для хлопчыкаў толькі не прадугледжаны летнія туфлі. У бялізнавай групе таксама ўсё супадае: на год — чацвёра трусоў.

Мяркуецца, што за паўтара года хлопчыкі вырастуць з чатырох кашуль, з аднаго спартыўнага касцюма. Для дзяўчынак на паўтара года прадугледжана па дзве спадніцы, блузкі і начныя кашулі.

А цяпер давайце ўспомнім бацькоўскі ажыятаж перад кожным новым навучальным годам. Нават калі дзіця не вырасла з леташняга касцюма, сустракаць у ім 1 верасня мала хто хоча.

Мыем і чысцім

Усё для той жа сям'і з чатырох чалавек прадугледжана 16 кг пральнага парашку і 3 літры вадкага сінтэтычнага мыйнага сродку на год.

Таблеткі для пасудамыечных машын або вадкасць для мыцця посуду, як і ўсялякія мыйныя сродкі для сантэхнікі, на жаль, не прадугледжаны.

Лічыцца, што на год сям'і дастаткова 3,5 літра шампуню, 12 цюбікаў зубной пасты па 75 грамаў, шасці цюбікаў крэму па 50 грамаў і столькі ж флаконаў дэзадаранту па 110 мілілітраў.

Туалетная папера, гігіенічныя пракладкі, як і лекі, прысутнічаюць у пераліку, але ніякіх рэкамендацый адносна ўмоўных нормаў спажывання гэтых прадметаў няма.

Колькі гадоў адмерана шафе?

Даволі вялікі пералік — мэбля, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння: ад кухоннага гарнітура (адзін на 20 гадоў) да швейных іголак (адна ўпакоўка на пяць гадоў). Тэрмін замены, а значыць, жыцця практычна ўсёй мэблі вызначаны ў 20 гадоў. Савецкая мэбля жыла і больш, сучасная — ёсць сумненні. А яшчэ маральнае старэнне...

Кожнаму члену нашай умоўнай сям'і прапануюць 15 гадоў карыстацца адной падушкай і коўдрай. Прасцін, навалачак і падкоўдранікаў на ўсіх прадугледжана па два камплекты на пяць гадоў. Кухонных ручнікоў — усяго чатыры на два гады, лазневых — па адным на кожнага члена сям'і на пяць гадоў. Ручнікоў, скажам шчыра, замала, асабліва кухонных. А вось з двума камплектамі пасцельнай бялізны лёгка змірыцца, і ў шафе больш прасторна. Сумнеўна, праўда, што сучасныя падушкі і коўдры «пражывуць» 15 гадоў.

За пяць гадоў можна разбіць 16 талерак, а вось васьмі кубкаў са сподачкамі павінна хапіць на два гады.

Раз у дзесяць гадоў належыць мяняць халадзільнік, пральную машыну, тэлевізар, пыласос, прас. Раз у пяць гадоў прапануюць мяняць сотавы тэлефон. Спрэчна.

Інтэрнэт ужо не раскоша?

У наборы жыллёва-камунальных паслуг указаны наступныя жыллёвыя ўмовы — 48 кв. м.

Культурна-асветныя мерапрыемствы і адпачынак — ёсць, але тут нічога не рэгламентуецца: колькі разоў схадзіць у кіно ці колькі купіць кніг.

Бытавыя паслугі таксама не надта канкрэтызаваныя, лідзіруюць такія пазіцыі, як цырульня, гарадскі транспарт, аплата стацыянарнай, мабільнай сувязі і інтэрнэту.


Бюджэт пражытковага мінімуму

З 1 мая адбылося чарговае павышэнне памеру бюджэту пражытковага мінімуму, у сярэднім на душу насельніцтва ён складае 352,13 руб.

БПМ для працаздольнага насельніцтва складае 389,53 руб. (раней — 377,14 руб.); для пенсіянераў — 265,96 руб. (256,7 руб.); дзяцей ва ўзросце да трох гадоў — 224,26 руб. (217,39 руб.); дзяцей ва ўзросце ад трох да шасці гадоў — 308,56 руб. (300,03 руб.); дзяцей ва ўзросце ад шасці да васямнаццаці гадоў — 378,15 руб. (365,76 руб.).

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?