Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Блінцы з сырам і зяленівам

Спатрэбіцца: яйка — 3 шт.; смятана — 250 г; малако — 150 мл; мука — 100 г; сыр — 100 г; зяленіва — на смак (кроп, пятрушка, цыбуля зялёная, кінза, базілік, сельдэрэй ліставы і іншае).

Змешваем у ёмістасці смятану (можна замяніць мяккім тварагом, грэчаскім ёгуртам) з яйкамі да аднастайнасці калатоўкай або блендарам. Дадаём муку, малако, сыр і зяленіва, зноў змешваем. Выпякаем на разагрэтай з маслам патэльні з двух бакоў да гатоўнасці. Гэтыя блінцы можна есці нават без нічога — такія яны смачныя. А можна, зразумела, і з маслам ці смятанай.


Хатні сыр з зяленівам і кменам

Спатрэбіцца: кефір — 1 л, малако — 1 л, яйкі — 6 шт., соль — 4 ч. лыжкі (або на смак), чырвоны востры перац — 1/3 ч. лыжкі, крыху кмену, часнок — 1 зубок, невялічкі пучок зяленіва: кроп, кінза, зялёная цыбуля.

У рондаль выліць малако і кефір, паставіць на пліту. Не даводзячы да кіпення, уліць тонкім струменьчыкам у гарачую малочна-кефірную сумесь злёгку ўзбітыя з соллю яйкі. Давесці да кіпення і варыць гэтую сумесь, памешваючы, на невялікім агні, некалькі хвілін да моманту аддзялення сыроваткі.

Зняць з агню, даць астыць 1-2 хвіліны і дадаць здробненае зяленіва, кмен і чырвоны перац, выціснуць зубок часнаку. Выліць масу ў друшляк, высланы марляй, складзенай у два пласты. Закруціць марлю вузлом, даць сцячы сыроватцы. Потым марлю раскруціць. Круглячок сыру, які ўтварыўся, прыкрыць краем марлі, зверху пакласці сподак і паставіць на яго які-небудзь груз (падыдзе, напрыклад, слоік з вадой, закрыты вечкам).

Прыбраць у халадзільнік на некалькі гадзін (лепш на ноч). І раніцай можна каштаваць.


Торцік з чарнаслівам без выпечкі

Спатрэбіцца: печыва (напрыклад, «да чаю») — 24 штукі + на абсыпку, смятана — 5 ст. л., тварог — 250 г, чарнасліў без костачкі — 100 г, цукровая пудра — 3 ст. л., масла размякчанае — 100 г, завараная кава (па жаданні) — 100 мл, какава-парашок для ўпрыгожвання.

Чарнасліў заліваем кіпенем і даём распарыцца, затым наразаем дробна. Змешваем тварог з цукровай пудрай і смятанай. Дадаём размякчанае масла.

Высцілаем форму плёнкай і выкладваем пласт печыва. (Па жаданні можна хутка абмакнуць печыва ў каву.) Змазваем яго тварожнай начынкай і выкладваем чарнасліў. Зноў пласт печыва, начынка, чарнасліў, паўтараем пласты. Апошні пласт — печыва.

Асцярожна пераварочваем на блюда, здымаем плёнку, абмазваем тварожным крэмам верх і бакі. Пасыпаем верх какавай, а бакі здробненым печывам.

Даём торту пастаяць не менш за дзве гадзіны.


Як захаваць зрэзаны бэз

Цяжка ўявіць прыход вясны без водару бэзу. Пах гэтых кветак разносіцца на сотні метраў, а ў вячэрні час адчуваецца асабліва востра. Нядзіўна, што букет бэзу хочацца захаваць даўжэй. І зрабіць такое цалкам рэальна.

Ваза для бэзу павінна быць такой, каб букет свабодна ў яе змясціўся. Калі кветкам будзе цесна — яны доўга не пражывуць.

Суквецці любяць ваду, і за дзень у вазе можа стаць амаль суха. Таму неабходна рэгулярна правяраць яе запаўненне і дадаваць прахалодную ваду.

Букет зможа прастаяць у вазе да трох дзён.

Зрываем правільна

Не варта ламаць галінку рукамі. Лепш скарыстацца вострым нажом. Зрэз трэба рабіць наўскасяк.

Ідэальным часам для нарэзкі бэзу з'яўляюцца ранішнія гадзіны, калі гарачыня яшчэ не наступіла. У кветках у згаданы перыяд сутак змяшчаецца максімальная колькасць вільгаці. Гэта дапаможа зрэзаным суквеццям захаваць свежасць даўжэй.

Абрэзаць варта тыя галінкі, на якіх раскрылася большасць кветак. Калі яны ўсе ўжо даўно распусціліся — няхай застаюцца на кустах.

Нядрэнна куст бэзу з вечара шчодра паліць вадой.

Калі галінкі ставяць у вазу не адразу, трэба падрыхтаваць вільготную тканіну і загарнуць у яе зрэзы сцёблаў. Дадаткова букет варта абматаць мяккай паперай. Усё гэта паспрыяе таму, што бэз будзе дастаўлены да месца прызначэння ў выдатным стане.

Захаванне ў «асобай» вадзе

Букет кветак захаваецца амаль на тыдзень, калі паставіць яго не ў звычайную ваду, а ў падкісленую. Дадаванне некалькіх кропель воцату ці лімоннай кіслаты змякчыць вадкасць. Тым самым жыццё букета будзе працягнута.

Існуюць і іншыя варыянты падрыхтоўкі жыватворнай вадкасці. У ваду можна дадаць:

  • цукар (сталовую лыжку на літр вады);
  • таблетку аспірыну (ацэтылсаліцылавай кіслаты).

Ваду трэба мяняць штодня, дадаючы названыя рэчывы.

Бэз зможа прастаяць да дзесяці дзён, захоўваючы свежасць, калі скарыстацца такімі рэкамендацыямі:

1. Зразаем галінкі з кветкамі, таўсцейшыя і даўжэйшыя.

2. Кіпяцім ваду ў той колькасці, якую зальём у вазу.

3. Наліваем крыху кіпеню на дно ёмістасці, каб яна адаптавалася да высокай тэмпературы і не лопнула.

4. Напаўняем вазу гарачай вадой амаль напалову.

5. Змяшчаем у яе букет бэзу. Папраўляем галінкі так, каб яны свабодна стаялі ў вазе.

Ваду мяняць не трэба. Але варта даліваць злёгку цёплую па меры таго, як бэз яе выпівае. Абавязкова трэба сачыць за тым, каб сцёблы былі цалкам пакрытыя вадой.

Размяшчэнне букета

Для букета бэзу важна выбраць правільнае месца. Кветкі дрэнна пераносяць уплыў прамых сонечных прамянёў. Пад іх уздзеяннем бэз завяне нашмат хутчэй. Таму для яго трэба знайсці месца далей ад сонца.

У сабраных на вуліцы кветках могуць хавацца насякомыя, небяспечныя для пакаёвых раслін. Букет бэзу трэба паставіць ад іх далей.

Кветкі надзеленыя дастаткова моцным пахам. Калі, акрамя бэзу, у пакоі ёсць іншыя духмяныя букеты, іх лепш «рассяліць» у розныя памяшканні. Водар, прыемны сам па сабе, у спалучэнні з іншым, не менш моцным, можа ператварыцца ў непераносны.

Хуткая дапамога

Падоўжыць жыццё зрэзанага бэзу можна, калі:

  • Апырскваць кветкі вадой пакаёвай тэмпературы.
  • Злёгку завялыя сцёблы акунуць зрэзамі ў ваду і наўскасяк крыху зрэзаць. Вымаць іх з вадкасці не рэкамендуецца.
  • На ноч даліць у вазу ваду і глыбей пагрузіць у яе букет. На паверхні павінны заставацца толькі суквецці. Зверху прыкрыць букет вільготнай паперай. Такія маніпуляцыі дапамогуць захаваць вільгаць у галінках бэзу.
  • Тыя суквецці, якія толькі злёгку «засумавалі», можна ажывіць. Неабходна набраць у ёмістасць гарачую ваду (70-80 градусаў) і акунуць у яе галінкі. Не пройдзе і гадзіны, як бэз зноў стане свежы.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.