Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Дзіва дзіўнае»


Дачка з’ехала працаваць у Дубай. У нядзелю ўвечары яна патэлефанавала і распавяла, як ездзіла ў заапарк у горад Шаржа. Расказвала яна з такім захапленнем, што я была здзіўленая. Бо заапарк для яе не павінен быць дзівам. Мы з ёй часта наведвалі звярынцы, калі яна вучылася ў школе.


Фота: pixabay.com

«Уяўляеш, — дзівілася яна, — бачыла незвычайнага звера — мыш з нагамі, як у кенгуру! Скача на адлегласць, шматразова перавышаючую яе рост, і ў яе няма пярэдніх лап!» Мяне зацікавіла — што за звер? Пра такога не чула, у праграме «Вакол свету» не бачыла, і ў школе на ўроку прыродазнаўства мы не праходзілі.

На ўсялякі выпадак я ўдакладніла: «Мутант?» «Не, жыве ў прыродзе, —адказала яна. — Я яго доўга разглядала. Вядома, гэта не Лахнеская пачвара, але звер дзіўны. Думаю, новы від жывёл». Цікава, што за новы від?

І вось праз месяц я прыехала наведаць яе ў Эміраты. Мне тут усё цікава, нова і нязвыкла — як у кіно трапіла. Галоўнае, паглядзець звера новага віду вельмі хочацца. Што за дзіва? Дагэтуль не вывучанае і ў эфіры не агучанае. Каб мыш на такіх лапах, як у кенгуру? Чаму няма пярэдніх лап? Заднімі есць і ўсё робіць? Цікавасць напала, проста жудасць.

У першы ж выхадны мы адправіліся ў горад Шаржа паглядзець на дзіва дзіўнае. Чаканне незвычайнага бударажыць, гарачыць кроў. Ох, і люблю цуды! З дзяцінства не перастаю ім здзіўляцца!

Дарога ў горад Шаржа ідзе па пустыні, уздоўж сеткаватай агароджы. Агароджа ўстаноўлена, каб дзікія вярблюды на праезную частку не выбягалі, не палохалі кіроўцаў і выкінутыя «высакароднымі падарожнікамі» пластыкавыя пакеты не елі. Гэта для іх смяротна небяспечна.

Пустыня бязмежная і калючага паўхмызняку поўная, але пара вярблюдаў зладзеявата есць калючкі, выцягнуўшы шыі цераз агароджу. Паказваю на іх дачцэ і кажу: «У чужым агародзе і калючка смачней».

Спякота ў цені — сорак сем. Выходзім з машыны і ў твар, нібы з гарачага фена, дыхае пустыня. Амаль бяжым да дзвярэй заапарка пад абарону выратавальных кандыцыянераў. Наогул, я не люблю хадзіць у заапаркі, шкада звяроў. Пазбавілі іх натуральных умоў пражывання і змясцілі ў клетку, як зняволеных. А яны ж нічога дрэннага не здзейснілі.

Мяркую па ранейшым, ужо даўнім, наведванням заапаркаў: жывёлы не дакормлены, у вачах туга, поўсць не блішчыць, рух млявы, глядзець на іх — на душы балюча. Але жаданне ўбачыць дзіва дзіўнае ўзяло верх, і я тут. Заапарк невялікі, не мае пустыня шмат жывёл. Сланоў і насарогаў няма, затое поўна змей, павукоў, яшчарак, варанаў і птушак. Ёсць рысі, лісы, ягуары, ваўкі і гіены.

Раблю для сябе адкрыццё: пустынныя рысі адрозніваюцца ад рысяў нашых лясоў, як і егіпецкія кошкі адрозніваюцца ад нашых. Егіпецкія кошкі і пустынныя рысі маюць доўгае тулава, магутны хвост і выцягнутыя морды. У іх стаячыя, завостраныя зверху вушы. У нашых пыскі круглыя, вушкі закругленыя — нашы прывабней.

Не чакала ўбачыць скарпіёнаў, што фасфарэсцыруюць ярка бірузовым святлом. Пытаюся ў гіда: «Чаму бірузовым ззяюць?» Доўга думаў гід над гэтым пытаннем і, нарэшце, вызначыўся з адказам: «Напэўна, каб пазнаваць адзін аднаго ў цемры».

Вальеры вялікія і чыстыя, максімальна набліжаныя да прыродных умоў, жывёлы дагледжаныя. Арабскія Эміраты ляжаць на шляху міграцыі птушак, і тут бываюць птушкі ўсіх шырот: ружовыя фламінга, лебедзі, папугаі, зялёныя галубы, снегіры і г. д.

Уразіў мураш даўжынёй каля 2 сантыметраў. Цела чорнае, бліскучае, з двух пацерак, упрыгожаных белымі кружочкамі. Дарэчы, на чорных пацерках цела, што адліваюць металічным бляскам, белыя кружочкі размешчаны на аднолькавай, як вымеранай, адлегласці адзін ад аднаго. У нашых баговак чорныя кружочкі таксама размешчаны на крылцах.

Уражанне, што мурашы — гэта металічныя адпаліраваныя пацеркі на доўгіх тонкіх ножках. Мурашы мітусіліся, працавалі, цягалі свой «будматэрыял». І я зразумела, адкуль бяруцца вобразы для фантастычных фільмаў пра іншапланяцян! Такое ўражанне, што мурашы не сапраўдныя, а робаты. Не дай Бог у такi мурашнік патрапіць.

Дайшлі да мышэй. І чаго іх так баяцца жанчыны? Маленькія, пушысценькія, як кураняты, толькі шэранькія. І, нарэшце, цуда-мыш, звер нябачаны. Круглая прытупленая пыска, закругленыя вушы, вялікія насцярожаныя вочы. Вохрыста-пясчанага колеру тулава і ненатуральна падоўжаныя моцныя заднія канечнасці, сапраўды, як у кенгуру.

Вялікімі скачкамі дзіва дзіўнае насілася па клетцы, пярэдніх лап не відаць. Назва на арабскай — мне незразумелая. Што за звер? Новы вiд? І чаму яно без пярэдніх лап — адпалі ў працэсе эвалюцыі, як непатрэбны элемент? А як яно есць? Уражана, захоплена, пацвярджаю — дзіва дзіўнае.

Калі глядзіш на цуд, абсыпаюцца, як восеньскае лісце пад парывам ветру, страшылкі пра апакаліпсіс. Такі цуд, як наша Зямля, — дасканалы. Спадзяюся, людзі разумеюць, што з’яўляюцца часткай гэтага цуду і берагуць прыроду. Абмовілася ў інэце пра дзівоснага звера, і мне падказалі, што гэта не новы від, а звычайны тушканчык, пра якога згадвалі на ўроку геаграфіі, але як выглядае — не паказалі.

Аказваецца, пярэднія лапы ў яго ёсць, толькі маленькія, а калі тушканчык скача, iх цяжка разглядзець. І ўсё ж такі ён — дзіва дзіўнае!

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.