Вы тут

Як адшукаць свой сэнс жыцця і што адрознівае паспяховых людзей, якія знаходзяць сваё прызначэнне?


Некаторыя лічаць, што цалкам можна жыць, не задумваючыся над вечнымі пытаннямі. Але чамусьці перад кожным думаючым чалавекам яны ўсё ж паўстаюць.

Можа, таму, што «сэнсы» — як маякі ў бушуючым моры нашага быцця? Яны патрэбныя, каб мець устойлівасць і бачыць перспектыву. Чаму так шмат людзей пакутуе з-за пустаты ўнутры? Як адшукаць сэнс уласнага існавання? Што вызначае паспяховых людзей, якія знаходзяць сябе і сваё прызначэнне?

Адказы на гэтыя пытанні дае кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры інавацыйнага кіравання Інстытута бізнесу БДУ, практыкуючы псіхолаг, коўч Наталля Плаўнік.


Фота: pixabay.com

Чаму ў людзей здараюцца крызісы

— Ці звяртаюцца да Вас, Наталля Канстанцінаўна, сёння з праблемай страты сэнсу жыцця? Хто часцей з-за гэтага пакутуе — тыя, каго пераследуюць няўдачы, чые мары не здзяйсняюцца, ці тыя, каму ўдалося рэалізаваць свае жаданні і планы?

— Нярэдка людзі на кансультацыях скардзяцца, што «нічога не хочацца», «усё надакучыла». Але, па сутнасці, гэтыя прызнанні — пра экзістэнцыяльны вакуум, пра пустату жыцця. Чуць гэта даводзіцца і ад людзей з мноствам жыццёвых, прафесійных, асабістых праблем, і ад сацыяльна цалкам паспяховых мужчын і жанчын, у якіх, здавалася б, ёсць усё.

— Чым тлумачыцца гэты стан? З чаго Вы пачынаеце работу з такімі кліентамі?

— Калі пачынаеш задаваць пытанні, высвятляецца: увесь папярэдні шлях чалавека быў толькі падрыхтоўкай для таго, каб зазірнуць унутр сябе і задумацца, што насамрэч для яго ў свеце важна і каштоўна. Калі вынік не натхняе рухацца далей — значыць, мэты аказаліся няправільна абранымі. Магчыма, чалавек будаўваў свой жыццёвы сцэнарый пад ціскам бацькоў, соцыуму. Даводзіцца разбірацца, чаму здавалася важным будаваць кар’еру, развіваць бізнес, ствараць сям’ю, з-за чаго раптам узнікла адчуванне нездаволенасці. Часам прапаную кліентам уявіць сваё жыццё гадоў праз 20. Якім яго ў ідэале хочацца бачыць? У гэтай фантазійнай «карцінцы» часта раптам выяўляецца нешта, чаму да гэтага часу не ўдзялялася ўвагі, а на самой справе яно мае вялікую каштоўнасць. Тады становіцца зразумелым, чым варта займацца, на што выдаткаваць час і сілы, каб атрымаць жаданае. Лепш такі сеанс самапазнання праводзіць у форме дыялогу з кімсьці з тых людзей, хто прымае вас такім, які вы ёсць.

— Інакш кажучы, Вы дапамагаеце адшукаць новы сэнс замест ранейшага, калі раптам 40-гадовы чалавек, пабудаваўшы кар’еру, зарабіўшы грошы, засумаваў з-за адсутнасці дружнай сям’і?

— Няма аднаго сэнсу на ўсё жыццё. На кожным этапе нашага шляху актуалізуюцца розныя задачы, сэнсы непазбежна мяняюцца. Крызісы — гэта нармальна. Яны здараюцца, калі жыццё патрабуе ад нас пераасэнсавання сябе, сваіх дасягненняў, перазагрузкі, новых крокаў. Пераадольваючы іх, мы набываем новыя сэнсы. Уласна, жыццё думаючага чалавека — гэта рух ад аднаго сэнсу да іншага.

— Каб шукаць і рэалізоўваць сэнсы, патрэбна энергія, сілы. А калі дзеці выраслі, работа не натхняе, пачынаюць адольваць хваробы, то будучыня нярэдка бачыцца не ў вясёлкавых фарбах.

— Думаю, у сталым узросце варта спытаць у сябе: «А што жыццё цяпер хоча ад мяне?» У 50-55 гадоў карысна спыніцца, аб’ектыўна ацаніць свае поспехі. Прычым з пазіцый уласных каштоўнасцей, а не іншых людзей. Напэўна, вельмі многае з дасягнутага выклікае аптымізм, захочацца рухацца далей, перайсці на новы ўзровень.

З аднаго боку, узрост, безумоўна, абмяжоўвае. Няма ўжо той энергіі, сіл, якія дазвалялі раней шмат працаваць. Але ў 50 гадоў можна дазволіць сабе значна больш, чым у 30. Прыходзіць мудрасць, унутраная свабода, жыццё вымяраецца крыху іншымі меркамі, чым у маладосці. На гэтым этапе сэнс можна знайсці ў дапамозе дзецям, унукам. Калі вы адзінокія, убачыць перавагі ў гэтым, пажыць для сябе, больш паклапаціцца пра сваё здароўе. Або падумаць, з кім і як падзяліць гэтую адзіноту. Калі сталы чалавек не бачыць наперадзе нічога, акрамя згасання, — гэта значыць, ён абясцэньвае сябе і да мудрасці яшчэ не прыйшоў.

Як і ў чым знайсці апору

— Сэнс жыцця, як правіла, звязваюць з самарэалізацыяй у прафесіі, у адносінах з людзьмі. Здараецца, ужо ў дзяцінстве яскрава праяўляецца талент дзіцяці, і для ўсіх відавочна, у чым яно можа дасягнуць поспеху. На Ваш погляд, адораным людзям лягчэй адшукаць сэнс жыцця, чым звычайным?

— У кожнага чалавека свае сацыяльныя ролі. Чым іх менш, тым больш можна аддаць энергіі, сіл, каб атрымаць найлепшы вынік. Але гэта нясе і сур’ёзныя рызыкі: калі з нейкіх прычын для сваёй, самай галоўнай і любімай ролі мы раптам ужо не падыходзім, гэта часта можа ўспрымацца як поўны крах. Дапусцім, хлопчык з дзяцінства любіць футбол, трэніруецца дні напралёт, дамагаецца выдатных вынікаў, яго лічаць вельмі перспектыўным. Увесь сэнс жыцця для яго засяроджаны ў спартыўных перамогах! І раптам — траўма, абвастраюцца праблемы са здароўем, ён вымушаны развітацца з любімым заняткам і запаветнымі марамі. Такія ўдары лёсу не кожны здольны вытрымаць. Людзі ставяць на сабе крыж, пачынаюць разбураць сябе. А вакол жа поўна іншых магчымасцей!

На мой погляд, якім бы ні быў паспяховым чалавек у сваёй дзейнасці, лепш рэалізоўваць сябе ў нечым яшчэ, заўсёды мець запасны аэрадром на выпадак непрадбачаных «катастроф», ад якіх ніхто не застрахаваны. Узніклі складанасці на працы — чаму б не зрабіць паўзу, больш часу аддаць дзецям, партнёру, бацькам. Прыйшлося расстацца з партнёрам — можна засяродзіцца на рабоце, пераключыцца на хобі, часцей сустракацца з сябрамі. Тыя, у каго больш ведаў, навыкаў, захапленняў, ёсць сябры, аднадумцы, безумоўна, больш упэўнена адчуваюць сябе ў жыцці. Але ўвогуле лёс кожнага чалавека ўнікальны. Калі чалавек чагосьці вельмі хоча, то ён звычайна прыцягвае жаданае.

— Ці можа быць сэнсам жыцця неабходнасць вырашаць базавыя пытанні? Некаторыя, напрыклад, дзеля гэтага карпеюць на трох работах... Як пры гэтым не спустошыцца — фізічна, эмацыянальна, духоўна?

— Але ж карпеюць звычайна дзеля чагосьці — каб вырашыць кватэрнае пытанне, падняць дзяцей, даць ім добрую адукацыю. І калі чалавек бачыць вынікі, гэта яго матывуе, ён знаходзіць сілы, каб вырашаць праблемы, якія перад ім паўстаюць. Сэнс жыцця можна знайсці ў любых умовах, пры любых абставінах. Аўстрыйскі псіхолаг Віктар Франкл, аўтар кніг «Скажы жыццю «так», «Чалавек у пошуках сэнсу» ўласным прыкладам даказаў, што гэта дасягальна нават у канцлагеры. Менавіта яму належаць словы: «Чалавек можа перажыць любое «як», калі ведае «навошта». Нядаўна прачытала такі сказ: «Мы прыходзім у гэты свет, каб захаваць душу і ўмацаваць дух». Захаванне душы мае на ўвазе перш за ўсё ўменне аддаваць. А ўмацаваць дух можна, толькі пераадольваючы нягоды, якія сустракаюцца на нашым шляху.

— На Ваш погляд, рэлігія здольная выратаваць сучаснага чалавека ад экзістэнцыяльнага вакууму?

— Раней рэлігійныя запаведзі, безумоўна, выконвалі гэтую задачу. Пошукі сэнсу зводзіліся да таго, каб знайсці месца для Бога ў сваёй душы, шчыра паверыць у яго. Вернікам прасцей пераносіць удары лёсу — яны адчуваюць сябе часткай чагосьці большага, і гэта дае сілы, стойкасць. Але веру нельга прывіць штучна, да яе альбо прыходзяць, альбо не.
Апору ў жыцці дае не толькі рэлігія, але і філасофія, мастацтва, людзі, прырода. Асабіста я пераканана: чалавек прыходзіць у гэты свет са сваімі каштоўнасцямі, якія не з’яўляюцца вынікам сацыялізацыі ці выхавання. У псіхалогіі ёсць такое паняцце: «каранёвая каштоўнасць». Яна дапамагае ўсвядоміць сваю місію. Праясніўшы яе, ужо не так важна, у якім родзе дзейнасці мы сябе рэалізоўваем. Крызіс сэнсаў перастае быць вострым. Зразумела, што звычайна гэта адбываецца ўжо пасля 30 гадоў — трэба з сабой добра пазнаёміцца, прайсці нейкі шлях, назапасіць досвед.

— А як вызначыць сваю каранёвую каштоўнасць?

— Задайце пытанне: «Чаго я хачу, акрамя ўсяго, што ў мяне ёсць?» Як правіла, адказы на яго аказваюцца ўніверсальнымі: Любові, Прыгажосці, Справядлівасці, Вернасці. Усе гэтыя каштоўнасці можна трансліраваць, рэалізоўваць, сцвярджаць на рабоце, у сям’і, з сябрамі, суседзямі. З імі лягчэй пераадольваць крызісы і запаўняць пустату, калі яна ўтвараецца.

— У чым складанасць пошукаў і здабыцця сэнсу ў сучасным свеце? Чаму пры вырашаных базавых патрэбах людзі нярэдка адчуваюць пустату жыцця?

— Невыпадкова кажуць: «Не дай бог жыць у эпоху перамен». Большасць жыццёвых сцэнарыяў фарміруецца ў дзяцінстве пад уплывам сям’і, грамадства. Калі сітуацыя стабільная, то сцэнарыі больш-менш нармальна працуюць, чалавек адчувае сябе дастаткова паспяховым і шчаслівым. У савецкія часы лічылася нармальным працаваць на адным месцы ўсё жыццё, з-за гэтага не пакутавалі. Але сёння свет імкліва мяняецца, становіцца непрадказальным. Многія не бачаць сябе ў «новых дэкарацыях», адчуваюць вострае ўнутранае расчараванне, а разам з ім зведваюць супраціўленне і нават агрэсію. Негатыўную энергію накіроўваюць унутр сябе. У выніку ўпадаюць у стан безнадзейнасці, нуды, апатыі, дэпрэсіі.

— І што з гэтым рабіць? Як абараніць сябе ад гэтых разбуральных станаў?

— Важна прыняць сітуацыю, навучыцца рэалізоўваць сябе ў тых умовах, якія склаліся. Трэба бачыць зону свайго ўплыву і сваёй адказнасці, зыходзячы з сацыяльнай ролі ў грамадстве, адэкватна ацаніць свае магчымасці і тое, наколькі добра ты выконваеш сваю справу на сваім месцы. Сёння выключна важна выпрацаваць у сябе навык — пастаянна вучыцца, мяняцца, развівацца. Гэта, безумоўна, складана. Даводзіцца трансфармаваць свае сцэнарыі, часам адмаўляцца ад ранейшых установак, перакананняў. Але затое дзякуючы гэтаму ўзнікае ўстойлівасць, упэўненасць у сабе.

— Зараз вельмі часта чуеш меркаванне: «Сэнс жыцця — у самім жыцці». Гэта значыць у тым, каб атрымліваць асалоду ад кожнага дня, радавацца ўсяму, што яно пасылае. Як Вы расцэньваеце такі падыход? Ці можа падобнай «асалодай» усё вычэрпвацца?

— Атрымліваць асалоду ад жыцця кожны дзень — доказ высокага ўзроўню асобаснага развіцця. Звычайна да такой пазіцыі прыходзяць праз выпрабаванні, перажыўшы асобасную трансфармацыю.

Нядаўна на курсах павышэння кваліфікацыі вырашылі праверыць узровень стрэсу. І мінімальны ўзровень стрэсу ва ўсёй групе аказаўся ў немаладога слухача. «Як вы самі гэта тлумачыце?» — пацікавілася ў яго. І пачула: «Мне пашанцавала з бацькамі, яны мяне так выхавалі. Бацька — ветэран вайны, дайшоў да Берліна. Маці перажыла канцлагер. Бацькі вельмі шанавалі адно аднаго, сям’ю і радаваліся кожнаму дню. Праблем у іх у жыцці хапала, але ўсе яны вымяраліся з пазіцый тых выпрабаванняў, якія прыйшлося вынесці. Складанасці не абсалютызаваліся, з-за іх не ўпадалі ў дэпрэсію — іх вырашалі. Нягледзячы на ўсе пакуты, бацькі не ачарсцвелі, не страцілі здольнасць цаніць усё добрае, рабіць дабро іншым».

Паміж захапленнем жыццём вось такіх людзей і геданізмам сучаснай моладзі, якая выказвае сваю пазіцыю прыкладна тымі ж словамі, ёсць, пагадзіцеся, заўважная розніца.

— Ці ёсць нешта агульнае, што аб’ядноўвае людзей, якія жывуць асэнсавана, усведамляючы сваё прызванне, місію?

— Амерыканскі псіхолаг Абрахам Маслоу вывучаў паспяховых людзей, якія самарэалізаваліся. Аказалася, усе гэтыя людзі маюць шмат агульнага. Яны адэкватна ўспрымаюць рэальнасць, сябе і свет навокал; цярпімыя да няпэўнасці, свабодна мысляць і выказваюць свае пачуцці; умеюць фарміраваць моцныя адносіны з іншымі, шанаваць жыццё і быць удзячнымі яму. Яны ўважлівыя да блізкіх, умеюць бяскрыўдна жартаваць; пастаянна чэрпаюць у жыцці сілы і натхненне; добра прыстасоўваюцца да новай для сябе культуры, але не даюць ёй сябе паглынуць.

Яны ў большай ступені кіруюцца ўнутранымі мэтамі і каштоўнасцямі; разумеюць, што быць сабой лепш, чым падабацца ўсім. Такія людзі менш залежаць ад знешніх абставін, а больш — ад свайго ўнутранага разумення, як і што яны робяць у жыцці. Для іх важныя не толькі падзеі, што адбываюцца ў жыцці, колькі тыя сэнсы, якія яны ім надаюць.

— Чаму шукаць сэнс жыцця ўсё ж такі варта?

— Знаходзячы яго, мы рэалізоўваемся ў свеце, знаходзім задавальненне. Культывуючы сэнсы, знаходзім крыніцу энергіі, запускаем механізм вечнага рухавіка. Пачынаючы думаць іншымі катэгорыямі, да лепшага мяняем і свае цялесныя рэакцыі.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».