Вы тут

Ад адру дапаможа толькі вакцынацыя. Чаму зноў згадалі пра гэту інфекцыю?


Апошнім часам не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе рэгіструюцца выпадкі захворвання на адзёр. Звычайна інфекцыя праходзіць у лёгкай форме, але здараюцца і цяжкія ўскладненні, таму вакцынавацца неабходна ўсім. Пра небяспеку гэтай надзвычай заразнай інфекцыі нагадаў загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Карпаў.


— Гэта паталогія, ад якой апошнім часам адвыклі дзякуючы паўнамерным намаганням па вакцынацыі насельніцтва. Цяпер нам трэба будзе абнавіць веды нашых спецыялістаў па гэтым пытанні, асабліва маладых. Беларусь у канцы 2010-х — пачатку 2020-х гадоў спраўлялася з вельмі няпростай сітуацыяй, звязанай з адром. У нас былі гады, калі ён не рэгістраваўся наогул, былі сітуацыі, калі рэгістраваўся ў дзясятках выпадкаў. Статыстычна на 9-мільённую краіну мы і нашы калегі-эпідэміёлагі спраўляемся вельмі добра. Гэта наша дасягненне, таму што вакцынацыя і рэвакцынацыя даюць свой эфект, — адзначыў Ігар Карпаў.

Паводле яго слоў, у краіне гэта захворванне часцей за ўсё працякае няцяжка, хаця ёсць выпадкі з разгорнутай клінічнай карцінай гэтай хваробы. І тут важна строга прытрымлівацца тых інструкцый і рэкамендацый, якія дадзены па выкананні хатняга рэжыму або ізаляцыі, бо адзёр — вельмі кантагіёзнае захворванне.

— Індэкс кантагіёзнасці роўны 100 %. Гэта значыць калі людзі знаходзяцца і блізка кантактуюць у закрытым памяшканні, то вельмі верагодна, што яны таксама захварэюць. Ратуе толькі праведзеная раней вакцынацыя.

Краіны па-рознаму падыходзяць да канцэпцый вакцынацыі, але ўсе прызнаюць яе неабходнасць. Ігар Карпаў растлумачыў, чаму нават у заможных краінах пытанне аб вакцынацыі актуальнае.

— Рэч у тым, што калі існуюць дэфіцыт вітаміну А, вялікая колькасць аслабленых невакцынаваных дзяцей і людзей з выяўленым імунадэфіцытам, то адзёр можа працякаць у даволі цяжкай форме, даваць запаленне лёгкіх і цэлы шэраг іншых больш сур'ёзных ускладненняў, звязаных з наступным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы. Яны хоць і нячастыя, але дастаткова сур'ёзныя. Таму свет прыняў гэту канцэпцыю з вакцынацыяй, — падкрэсліў загадчык кафедры.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».