Вы тут

Пакупніка ведаць у твар. Чалавекам года Брэстчыны стала вясковы прадавец


Нядаўна на Брэстчыне прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання работнікаў, удастоеных ганаровага звання «Чалавек года Брэстчыны». У шэрагу тых, каго ўшаноўвалі гэтым разам, была Людміла Васілеўская, прадавец крамы «Родны кут» з Відамлі Камянецкага раёна.


Відамля знаходзіцца на скрыжаванні дарог, якія вядуць у Брэст, Гродна, Белавежскую пушчу. Тут вельмі ажыўлены рух, бывае шмат транзітных падарожнікаў. Аграгарадок вядомы сваім арыгінальным добраўпарадкаваннем, мноствам зеляніны і кветак. Відамля таксама — адзін з лідараў у раёне ў плане культуры і сацыяльнага развіцця. «Крама ў такой вёсцы проста мусіць адпавядаць усім крытэрыям сучаснага гандлёвага аб'екта», — усміхаецца яго загадчыца Людміла Васілеўская.

Людміла сваю работу любіць. У гандлі працуе ўжо 17 гадоў. Як толькі выйшла замуж за хлопца з суседняй вёскі і маладая сям'я купіла дом у Відамлі, яна ўладкавалася на працу ў мясцовую краму. Пачынала з прыбіральшчыцы, але старанную дзяўчыну заўважылі і хутка зрабілі прадаўцом. Работа ў яе руках заўсёды гарэла, неўзабаве яна дарасла да загадчыцы. А крама пад яе кіраўніцтвам стала набіраць гандлёвыя абароты.

— Вядома, з правядзеннем мадэрнізацыі адкрыліся новыя магчымасці, — разважае Людміла Філімонаўна. — Крама знешне стала больш прывабнай і сучаснай. Абноўлены фасад, праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі. Павялічана плошча паркоўкі, што вельмі выгадна з пункту гледжання прыцягнення транзітных пакупнікоў. Тут жа спыняецца мноства турыстаў, гасцей. Калі ёсць дзе прыпаркавацца, чалавек з задавальненнем зазірне ў краму, а калі зойдзе, то, хутчэй за ўсё, нешта купіць. Такіх пакупнікоў мы стараемся прывабіць мясцовай прадукцыяй: напрыклад, кексы Камянецкага хлебазавода альбо пельмені рэстарана «Белая вежа» апошнім часам становяцца лідарамі продажаў.

Прамысловая група таксама даволі шырокая, у нас можна купіць усё: ад зубной шчоткі да цэменту і іншых будаўнічых матэрыялаў. Адным словам, за апошнія гады сярэднямесячны тавараабарот павялічыўся ўдвая, сёння ён складае 120 тысяч рублёў. Крама працуе з 8 да 22 гадзін. Калектыў складаецца з сямі чалавек.

— Сапраўды, мадэрнізацыя гандлёвага аб'екта, узведзенага ў 1966 годзе, стала не проста новай прыступкай у развіцці, але ператварыла былую сельскую краму ў краму гарадскога фармату, — гаворыць старшыня Відамлянскага сельскага Савета Марына Каралюк. — Але ж галоўная заслуга ў паспяховасці належыць калектыву і яго загадчыцы. Яны ўвесь час у пошуку новых формаў абслугоўвання. Напрыклад, у «Вайберы» стварылі групу пакупнікоў, дзе ўжо паўтары сотні ўдзельнікаў. Аб паступленні новага тавару людзей інфармуюць адразу. У Відамлі, дзе пражывае каля тысячы чалавек, даводзіцца чуць толькі добрыя водгукі пра работу крамы. Бо вельмі важна, калі цябе сустракаюць з усмешкай, да пакупніка ставяцца шчыра і добразычліва, — падсумавала кіраўнік мясцовай улады.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.