Вы тут

Першы цэнтралізаваны экзамен ужо стаў гісторыяй. І першы блін не выйшаў камяком...


«А што сёння адбываецца?» — пыталіся мінчане адзін у аднаго, назіраючы нядзельнай раніцай, як дзясяткі старшакласнікаў акупавалі цягнікі метрапалітэна. У тым, што гэта менавіта школьнікі, можна было не сумнявацца. Усе яны былі апранутыя ў дзелавым стылі: белыя кашулі і блузкі, камізэлькі, пінжакі, гальштукі, значкі, якія сведчылі аб прыналежнасці да той ці іншай навучальнай установы. Сапраўдны парад школ! «Дык сёння ж праходзіць першы цэнтралізаваны экзамен», — прыадкрылі інтрыгу самі дзеці і дружна высыпалі на перон станцыі «Маскоўская»...

А палове дзясятай раніцы ў дворыку паміж карпусамі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта было ўжо шматлюдна і шумна. Панавала нязмушаная атмасфера, з розных бакоў даносіўся смех. Падалося, што большасць дзяцей практычна не хвалюецца. Усё ж такі, калі побач аднакласнікі, экзамен падаецца не такім ужо і страшным выпрабаваннем. А выпускнікі ўсё прыбывалі і прыбывалі з кожным цягніком метрапалітэна. Пачынаем перажываць, ці паспеюць усе трапіць у экзаменацыйныя аўдыторыі. Але ў 10.15 на вуліцы ўжо нікога не засталося. Усе арганізацыйныя моманты былі добра прадуманы з улікам аналізу праведзенай у студзені рэпетыцыі экзамену...



У Беларусі прайшоў першы цэнтралізаваны экзамен. Фотарэпартаж


Наша бліц-апытанне сярод адзінаццацікласнікаў у дворыку паказала, што магчымасць здаваць адзін экзамен па дзяржаўнай мове замест двух (спачатку на выхадзе са школы, а потым на ЦТ) усіх цалкам задавальняе. Некаторыя лічаць, што заданні ў параўнанні з папярэднім годам спрасціліся (такія высновы зрабілі тыя выпускнікі, якія летась удзельнічалі ў рэпетыцыйным цэнтралізаваным тэсціраванні, а зімой бягучага года — у рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену). А вось ЦЭ па другім прадмеце (для многіх ён профільны пры паступленні ў ВНУ) усіх хвалюе значна больш. Хоць не ўсе, як высветлілася, яшчэ да канца вызначыліся са сваім прафесійным выбарам.

Так, выпускнік Азярцоўскай сярэдняй школы Мінскага раёна Максім Варапай прызнаўся, што пакуль знаходзіцца ў пошуку: «Зносіны з людзьмі — вось, напэўна, тое, што мне найбольш блізкае. Вырашыў, што буду здаваць гісторыю і грамадазнаўства, а там паглядзім...» А вось Макар Майсеенкаў са Старасельскай школы Мінскага раёна даволі выразна ўяўляе сваю будучыню. Ён нацэліўся на паступленне ў Мінскі дзяржаўны каледж кулінарыі. Хоча вывучыцца на афіцыянта і бармена, а потым дадаткова прайсці курсы барыста, каб стаць рознабаковым прафесіяналам. Другім ЦЭ ён таксама абраў грамадазнаўства. У каледжы яго чакае конкурс атэстатаў.

Усяго па краіне былі разгорнуты 144 пункты здачы цэнтралізаванага экзамену. У Мінску пад гэтыя мэты былі задзейнічаны дзесяць ВНУ. На базе Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта экзамен па дзяржаўнай мове здавалі выпускнікі школ Мінскага раёна — 938 чалавек. Пад выпрабаванне былі задзейнічаны 25 экзаменацыйных аўдыторый у двух карпусах. У самых вялікіх размясціліся па 90 і 60 выпускнікоў адпаведна, умовы для ўсіх былі створаны вельмі камфортныя. У кожнага — свой стол, рассадка ў шахматным парадку. Педагогам, якія суправаджалі дзяцей, прапанавалі чакаць выхаванцаў у вучэбным корпусе, што не быў задзейнічаны пад ЦЭ, але многія вырашылі застацца ў дворыку — летняе надвор'е спрыяла. Тым, хто хутка справіцца з экзаменам, валанцёры былі гатовыя прапанаваць азнаямляльную экскурсію па ўніверсітэце: на стадыён, у маладзёжны цэнтр, на прафарыентацыйную пляцоўку...

Звяртаем увагу на шыльду побач з корпусам, дзе праходзіць ЦЭ, з аптымістычнай фразай «Калі вы засмучаныя сённяшнім экзаменам, прыходзьце да нас, мы вам растлумачым, што не ўсё яшчэ страчана». Заінтрыгаваныя, ідзём па ўказальніку і трапляем на прэзентацыйную пляцоўку факультэтаў. «У выпадку няўдачнай здачы экзамену, а ў жыцці ўсялякае можа здарыцца (хтосьці дрэнна сябе адчуваў, хтосьці перанерваваўся), не ўсё так кепска. Гэта яшчэ не канец. На шэраг нашых спецыяльнасцяў і факультэтаў можна паступіць па ўнутраным экзамене. А сельскагаспадарчыя спецыяльнасці сёння ў трэндзе. Аграпрамысловы комплекс заўсёды будзе запатрабаваны, як і спецыялісты ў дадзенай сферы эканомікі», — тлумачыць дэкан факультэта прадпрымальніцтва і кіравання Святлана Бондар.

У 10.30 на вачах у журналістаў арганізацыйная камісія разам з прадстаўнікамі Камітэта дзяржкантролю адчыніла сейф, куды ў сем гадзін раніцы былі змешчаны матэрыялы цэнтралізаванага экзамену. Іх дастаўкай займаюцца кур'еры фельд'егерскай службы. Матэрыялы прывозяцца ў апламбаваных сумках накшталт інкасатарскіх. Для разноскі тэстаў ва ўсе аўдыторыі, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне, рыхтуюцца спецыяльныя пакеты з сакрэтнай стужкай, якія проста немагчыма распячатаць непрыкметна, скажам, на шляху ад сейфа да памяшканняў. Усім удзельнікам экзамену ў аўдыторыі дэманструецца захаванне цэласнасці стужкі.

Далей ідзе інструктаж. Арганізатары папярэджваюць, што за парушэнні правілаў здачы ЦЭ яго ўдзельнікі будуць выдаляцца з аўдыторыі, і да пераздачы іх дапусцяць толькі ў жніўні, калі прыёмная кампанія ў ВНУ ўжо скончыцца. Адпаведна, і школьны атэстат яны атрымаюць толькі ў жніўні.

Намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю, намеснік старшыні Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі Андрэй Лабовіч падкрэслівае: заўваг і парушэнняў у ходзе цэнтралізаванага тэсціравання з году ў год выяўляецца ўсё менш. Для вялікай колькасці ўдзельнікаў ЦТ гэта зусім нязначныя лічбы. Самыя распаўсюджаныя парушэнні — прысутнасць у аўдыторыі мабільных тэлефонаў і шпаргалак.

— Будзем спадзявацца, што і на ЦЭ згаданая тэндэнцыя захаваецца, — заўважыў ён. — Уступная кампанія 2023 года праходзіць у новых умовах. У яе дабавіўся такі элемент, як цэнтралізаваны экзамен. Кантроль за ўступнай кампаніяй — штогадовая функцыя КДК, у нас маецца багатая практыка, на ЦТ усё адпрацавана да дробязяў і кантроль не выклікае там ніякіх тэхнічных пытанняў. Тая наша работа, якая выбудоўвалася ў папярэднія гады, была толькі нязначна падкарэкціравана. Але адрозненне ўсё ж такі ёсць. Калі падчас правядзення ўступных кампаній папярэдніх гадоў работнікі КДК пастаянна знаходзіліся непасрэдна ва ўстановах адукацыі, то ў бягучым годзе такі кантроль будзе ажыццяўляцца кропкава. Пры гэтым прадстаўнікі КДК будуць праводзіць кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы на ўсіх этапах уступнай кампаніі (падчас ЦЭ, цэнтралізаванага тэсціравання, правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах, прыёму дакументаў і залічэння абітурыентаў).

Кантроль за ходам уступных выпрабаванняў распачынаецца з кантролю за ходам падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаваных экзаменаў. У нас створаны выязныя кантрольна-аналітычныя групы, работа якіх накіравана на своечасовае спыненне магчымых парушэнняў заканадаўства пры падрыхтоўцы і правядзенні ўступнай кампаніі. У першы дзень ЦЭ арганізавана работа 71 такой групы ва ўсіх абласцях і ў Мінску, кожная з якіх наведае некалькі пунктаў правядзення экзамену.

Таксама працягнецца практыка разгляду Камітэтам дзяржкантролю зваротаў грамадзян па пытаннях правядзення ўступных выпрабаванняў. Звяртацца можна і ў пісьмовым выглядзе, і па тэлефонах «гарачых ліній», якія працуюць у цэнтральным апараце КДК, абласных камітэтах дзяржкантролю, а таксама ў Міністэрстве адукацыі.

Каб асабіста пераканацца ў тым, што ўсё арганізавана належным чынам, у першы дзень правядзення ЦЭ Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт наведаў старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі, намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Ён адзначыў перавагі правядзення выпускной і ўступнай кампаніі ў новым фармаце: «Цяпер адзінаццацікласнікам не трэба рыхтавацца да экзаменаў двойчы. Гэта, з аднаго боку, аблягчае іх падрыхтоўку, а з другога — павышае адказнасць за вынік. Выпускнікоў да экзамену рыхтуе школьны педагог, а не рэпетытар. У краіне быў двойчы праведзены рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен, і дзеці пераканаліся, што ўсе заданні не выходзяць за рамкі школьнай праграмы. Мы яшчэ будзем абмяркоўваць прапановы па ўдасканаленні сістэмы атэстацыі для таго, каб кожны змог рэалізаваць сваю мару па атрыманні вышэйшай адукацыі і стаць добрым спецыялістам».

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў абяцаюць, што вынікі цэнтралізаванага экзамену па рускай і беларускай мове стануць вядомыя не пазней за дзесяць працоўных дзён. «Тут у нас поўная аналогія з ЦТ, — праінфармаваў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк. — На нашым сайце трэба будзе зайсці ў раздзел «ЦЭ», далей у раздзел «вынікі ЦЭ». Сістэма прапануе ўвесці свае персанальныя даныя, у тым ліку серыю і нумар пашпарта, а таксама нумар бланка адказаў. Пасля таго выпускнікі атрымаюць вынікі свайго ЦЭ».

Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, для ўдзелу ў ЦЭ па рускай і беларускай мовах былі зарэгістраваны 53 290 навучэнцаў. Правам вызвалення ад цэнтралізаванага экзамену скарысталіся 484 навучэнцы — пераможцы трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды (243 чалавекі) і школьнікі, якія знаходзяцца на хатнім навучанні.

Паводле інфармацыі абласных упраўленняў адукацыі і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, распачалі ЦЭ 53 087 навучэнцаў. Не з'явіліся на ЦЭ 182 навучэнцы, з іх найбольшая колькасць — з прычыны хваробы. Некаторыя выпускнікі бяруць удзел у міжнародных спартыўных спаборніцтвах — гэта таксама ўважлівая прычына.

Акрамя таго, не былі дапушчаны ў пункты ЦЭ чатыры чалавекі з-за адсутнасці арыгіналаў пашпартоў.

Для тых, хто не змог узяць удзел у цэнтралізаваным экзамене з уважлівай прычыны ва ўстаноўленыя даты, прадугледжаны рэзервовыя дні. Так, рэзервовым днём для рускай і беларускай моў будзе 23 мая, для прадмета на выбар — 25 мая. Другая магчымасць з'явіцца ў ліпені, падчас рэзервовых дзён для цэнтралізаванага тэсціравання, а потым толькі ў жніўні — 21 жніўня (руская і беларуская мовы) і 23 жніўня (прадмет на выбар).

Усяго ў бягучым годзе ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі плануецца прыняць больш за 52 тысячы абітурыентаў. На 10 працэнтаў павялічваецца прыём на медыцынскія спецыяльнасці, на 4 працэнты — на педагагічныя і на 2-4 працэнты — у рэгіянальных ВНУ.


«Гарачыя» тэлефонныя лініі створаны для абітурыентаў на базе цэнтральнага апарату Камітэта дзяржаўнага кантролю і камітэтаў у абласцях. Нумары тэлефонаў рабочай групы Дзяржкамісіі ў Мінску +375 17 327 66 80; Брэсцкай абласной камісіі +375 162 21 25 08 і 21 18 76; Віцебскай абласной камісіі +375 212 37 61 82; Гомельскай абласной камісіі + 375 232 23 83 85, + 375 232 23 83 68; Гродзенскай абласной камісіі +375 152 79 88 40; Магілёўскай абласной камісіі + 375 222 62 47 75 і Мінскай абласной камісіі +375 17 379 09 06.

«Гарачая лінія» Міністэрства адукацыі — (8 017) 222 43 12.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

Відэаназіранне, празмерныя запыты, публічнае распаўсюджванне.