Вы тут

Пад Віцебскам прайшло свята «Сям’я – за мір і стваральную працу»


Прыдвінская рэзідэнцыя Дзеда Мароза, якая размяшчаецца на базе аздараўленчага лагера «Спартакавец» у Віцебскім раёне, з’яўляецца адной з найвялікшых пляцовак культурна-масавых мерапрыемстваў з прыстаўкай цуда. Нездарма зімой Дзед збірае гасцей у рэзідэнцыі на раённай елцы, а летам, не адыходзячы ад сваёй ролі, мяняе касцюм з чырвонага на белы і сустракае наведвальнікаў зноў. Раённае свята «Гулі ў Дзядулі», якое напярэдадні Міжнароднага дня сям’і прайшло пад Барвінам у 11-ты раз, сёлета сабрала 14 каманд-удзельніц з Прыдзвінскага краю.


«Для беларусаў сям’я — гэта не пусты гук. Па дадзеным сацыялагічных даследаванняў, 98 працэнтаў жыхароў нашай краіны лічаць сям’ю вышэйшай каштоўнасцю. Колькасць шматдзетных сем’яў за апошнія 10 гадоў вырасла больш, чым на 70 працэнтаў. На сённяшні дзень гэта лічба складае 122 тысячы. Дзяржаўная падтрымка, якая аказваецца ім, вельмі значная — гэта магчымасць бясплатна атрымліваць адукацыю, аздараўляцца, у мінулым годзе 11 тысяч шматдзетных сямей пераехалі ў новыя кватэры. Дазвольце пажадаць вам, каб сям’я была для вас утульным гняздзечкам, дзе заўсёды будзе цёпла і спакойна», — павіншаваў удзельнікаў свята намеснік міністра працы і сацыяльнай аховы Валерый Кавалькоў.

За званне лепшай сям’і-2023 змагаліся 14 каманд, сярод якіх чатыры каманды прадстаўлялі сем’і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. На конкурсе «Візітная картка» сям’я Мішурных, дзе выхоўваюцца чацвёра дзяцей, кранула журы не толькі самабытнымі народнымі касцюмамі, але і зваротам да свайго моцнага роду, у якім да іх нараджэння было каля 5 тысяч продкаў. Хтосьці з удзельнікаў прэзентаваў сваю сям’ю як спартыўную, хтосьці — як творчую. Напрыклад, у сям’і Пагарэлавых з аг. Акцябрская сястрычкі Аліна і Юля — вядомыя ў раёне спявачкі. Старэйшая Аліна сёлета была ўдастоена прэміі абласнога Савета дэпутатаў за дасягненні ў творчасці.

«Ізумруднае» вяселле адзначае сям’я Бермант.

Камандам-удзельніцам было неабходна праявіць здольнасці і спрыт у малай сямейнай спартакіядзе, у конкурсе паветраных змеяў, а яшчэ пакінуць часцінку сваёй сям’і ў алеі «Сада міру», якую заклалі на тэрыторыі рэзідэнцыі ў Год міру і стваральнай працы.

«Разынкай» свята стала ўшанаванне не толькі маладых сямей, але і тых, хто ў гэтым годзе адзначыў не адно дзесяцігоддзе шчаслівага сямейнага жыцця. Тых, хто ўжо выпусціў у дарослае жыццё не толькі сваіх дзяцей, але і ўнукаў, праўнукаў. Віншавалі і ўручалі падарункі раённы аддзел ЗАГС і Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскага раёна. Сёлета «ізумруднае» вяселле — 55 гадоў сумеснага жыцця — адзначаюць Валерый і Раіса Берманты з аграгарадка Заронава. Валерый Рыгоравіч шмат гадоў стаяў у стырна калісьці вялікага саўгаса «Заронава», Раіса Барысаўна працавала на ніве культуры. «Ізумрудная» пара выхавала дваіх дзяцей, радуецца поспехам 6 унукаў і 3 праўнукаў.

На свяце быў арганізаваны кірмаш «Сямейныя пачастункі», таксама прайшоў майстар-класс «Папаshool», працавалі спартыўная і пляцоўка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях «Бяспечнае дзяцінства». А бабулі і дзядулі сышліся з унукамі ў танцавальным батле. Каштоўны прыз за першае месца па выніках спаборніцтваў атрымала сям’я Пагарэлавых з аг. Акцябрская, шматлікія падарункі былі ўручаны ўсім сем’ям.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.