Вы тут

Як у былым будынку школы адкрылі шматпрофільны фізкультурны комплекс


Некалькі год таму ў Свіслачы перастала дзейнічаць СШ № 3. Школьнікі і педагогі былі пераведзены ў бліжэйшую школу. Трохпавярховы будынак некалькі год пуставаў, потым быў перададзены на баланс мясцовай спартыўнай школе. І ў хуткім часе ў адноўленым будынку размясціліся і спартыўная школа, і раённы фізкультурна-аздараўленчы комплекс, і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.


Два паверхі — для фізічных заняткаў

Па словах старшыні Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў Віктара Суботкі, мясцовыя ўлады хутка вярнулі пусты будынак у гаспадарчы зварот.

Зараз аб’ект запатрабаваны. Тут створаны адпаведныя ўмовы для заняткаў спортам, творчага развіцця дзяцей і моладзі. У гуртках і секцыях займаецца палова ўсіх дзяцей раёна. Гэта добрая база для падрыхтоўкі будучых спартсменаў, магчымасць праявіць свае здольнасці.

Дзейнічаюць трэнажорная, барцоўская, валейбольная і баскетбольная залы, більярдная, фітнес-клуб, ёсць настольны тэніс.

Работы па рамонту і абсталяванні спартыўнага цэнтра вяліся пры дапамозе Гродзенскага аблвыканкама, Міністэрства спорту і турызму, а таксама спонсараў. На аднаўленне будынка і закупку трэнажораў было накіравана 500 тысяч рублёў. Спартыўны інвентар набывалі за кошт сродкаў Гродзенскага абласнога ўпраўлення спорту і турызму. Адтуль паступіла 5 тысяч рублёў.

Магутнасць спартыўнага комплексу − 150 чалавек.

Кошты заняткаў даволі дэмакратычныя. Інспектар спорту і турызму Свіслацкага райвыканкама Валерыя Хаванская паведаміла пра гнуткую сістэму зніжак. Напрыклад, калі чалавек купляе тры месяцы запар абанемент, чацвёрты атрымлівае бясплатна. Кошт абанемента ад 15 да 25 рублёў, у залежнасці ад залы. Для пенсіянераў зніжка 50 %, для інвалідаў — бясплатнае наведванне. На тэнісных сталах за 1 гадзіну — 1 рубель. Аплата сапраўды чыста сімвалічная. У фітнес-зале ёсць інструктар-метадыст. Найбольш папулярныя — трэнажоры, фітнэс, настольны тэніс. Наведвальнікі аддаюць перавагу вячэрнім заняткам.

—У Свіслачы неаднаразова ўздымаліся пытанні абсталявання трэнажорных залаў для заняткаў спортам, — зазначыла Валерыя Хаванская. — І залы не прастойваюць, іх запатрабаванасць відавочная. За мінулы год было набыта 400 абанементаў, з пачатку бягучага — больш за 160.

Трэці паверх — для творчасці

Трэці паверх былой школы заняў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, які пераехаў сюды з аварыйнага старога будынка.

— Той будынак, дзе мы раней знаходзіліся, ужо не адпавядаў сучасным патрабаванням. Таму мы з задавальненнем пераехалі сюды, дзе для нас была падрыхтавана адпаведная база, зроблены рамонт. Калі мы сюды пераехалі, у нас палепшыліся ўмовы прадастаўлення дадатковых адукацыйных паслуг. Будынак у самым цэнтры горада, у крокавай дасяжнасці ад устаноў адукацыі. Адразу з’явілася больш жадаючых наведваць гурткі па інтарэсах. З’явіўся новы камп’ютарны клас. Нашы дзеці ўдзельнічаюць у розных конкурсах, напрыклад, сталі пераможцамі конкурсу МНС «Выратавальнік будучага» на абласным этапе і дыпламантамі на рэспубліцы. Сёлета прынялі ўдзел у конкурсе робататэхнікі і прывезлі дыпломы 2 і 3 ступені, — расказала дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Свіслачы Жанна Бычык.

Зараз тут працуюць дзесяць гурткоў. Дзеці займаюцца радыёэлектронікай, пясочнай анімацыяй, тэстапластыкай, выяўленчым мастацтвам, дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, тэкстыльнымі цацкамі, арыгамі, музычнай падрыхтоўкай і не толькі. Адукацыйны цэнтр працуе шэсць дзён на тыдзень, многія дзеці прыходзяць на заняткі ў суботу. Па словах кіраўніка цэнтра, на базе новай установы з’явілася магчымасць праводзіць больш раённых мерапрыемстваў. Тут праходзяць дні сельскага школьніка, дыялогавыя пляцоўкі, вучоба лідарскага актыву, майстар-класы, гульні.

Па словах старшыні Свіслацкага райсавета дэпутатаў Віктара Суботкі, мясцовыя ўлады імкнуліся максімальна задаволіць пажаданні і  патрэбы жыхароў раёна. Менавіта з такім прыцэлам і стваралася спартыўная і адукацыйная база новага цэнтра. З улікам вопыту работы і заявак гараджан база будзе ўдасканальвацца, запэўніў старшыня райсавета.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

Відэаназіранне, празмерныя запыты, публічнае распаўсюджванне.