Вы тут

Наталля Качанава сустрэлася з членамі Маладзёжнага парламента і БРСМ


Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава ўзяла ўдзел у дыялогавай пляцоўцы з членамі Маладзёжнага парламента і БРСМ. Паколькі сенатары шмат сустракаюцца з моладдзю, яны добра ведаюць пытанні, што яе хвалююць. Наталля Качанава таксама нярэдка кантактуе асабіста са студэнтамі ВНУ, навучэнцамі каледжаў, старшакласнікамі. Таму на сустрэчу спікер верхняй палаты парламента прыйшла з шэрагам прапаноў, а яшчэ выслухала пажаданні маладзёжных лідараў.


«Маладзёжны савет — добрая школа для маладых людзей»

Наталля Качанава адзначыла, што калі раней моладзь была не такая палітызаваная, то сёння яна актыўна цікавіцца жыццём краіны, падзеямі, якія разгортваюцца вакол, знешняй і ўнутранай палітыкай.

— Мы разумеем, што моладзь — самая рухомая частка грамадства, і яна схільная да ўплываў, прычым не толькі станоўчых, а і дэструктыўных, якія насаджаюцца маладым людзям. І работа такіх найбольш масавых маладзёжных арганізацый, як БРСМ, маладзёжныя саветы, якія ёсць ва ўсіх раёнах краіны, павінна быць выбудавана правільна.

Спікер падкрэсліла, што сёння з Саветам Рэспублікі працуе вялікая колькасць маладых людзей з Маладзёжнага парламента і саветаў. Яны прысутнічаюць на розных мерапрыемствах, прыёмах грамадзян па асабістых пытаннях, удзельнічаюць у пасяджэннях сесій. І маладзёжныя арганізацыі з'яўляюцца для іх добрай школай.

— Тыя маладыя людзі, якія скончылі сваю работу ў Маладзёжным савеце, сёння эфектыўна працуюць ва ўсіх галінах эканомікі, у гуманітарнай сферы, займаюцца пытаннямі сацыяльнай палітыкі. І гэта добрая школа для маладых людзей. Яны могуць данесці сваім равеснікам інфармацыю аб той рабоце, якая праводзіцца ў нашай краіне, якія законапраекты распрацоўваюцца, якая сітуацыя складваецца. Вашу ролю ў рабоце з моладдзю нельга пераацаніць, — адзначыла Наталля Качанава.

Яна лічыць, што калі малады чалавек — член БРСМ, то гэта ўжо лідар, чалавек, які мае сваю грамадзянскую пазіцыю. Але пры гэтым важна не навязваць яе іншым, а сваім прыкладам зацікавіць астатнюю моладзь.

— Варта працаваць не толькі з членамі сваіх арганізацый, але і з тымі маладымі людзьмі, якія імкнуцца адмежавацца ад гэтага, якім не зусім цікава. Цікава будзе тады, калі вы будзеце сваімі справамі дэманстраваць вынік.

Старшыня верхняй палаты парламента дала маладым лідарам параду: не адштурхоўваць ад сябе людзей і не надзяваць на сябе кароны, маўляў, мы тут такія важныя, а наадварот — сваімі справамі прыцягваць моладзь у свае шэрагі.

«Калі чалавек адчувае справядлівасць, тады лягчэй жыць»

Гэта асабліва важна ў цяперашні час, з улікам сітуацыі, якая складваецца ў свеце.

— Вы бачыце, што адбываецца, як ідзе збіранне воінскіх фарміраванняў вакол нашай краіны. Амерыканцы кажуць: мы ў Кітаі не бачым праціўніка, мы збіраемся ваяваць з Расіяй. А што гэта азначае? Расія ж побач з нашымі граніцамі. І рукамі каго яны збіраюцца ваяваць? Яны не будуць ваяваць з Амерыкі, а будуць дасылаць узбраенне і ўзброеныя фарміраванні да нашых граніц. Тут яны сёння ствараюць плацдарм для сваіх далейшых мэт, якія нават не хаваюць. Таму мы сёння мусім быць адзінымі ў адстойванні суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны, тых інтарэсаў і той палітыкі, якая праводзіцца ў нашай краіне. А яна міралюбівая, накіраваная на простых людзей, якія жывуць на гэтай зямлі. Каб быў камфорт, справядлівасць. Прэзідэнт часта агучвае тэзіс, што справядлівасць мусіць быць ва ўсім. Калі чалавек адчувае справядлівасць, тады лягчэй жыць, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Таму мы столькі ўвагі ўдзяляем рабоце з маладзёжнымі арганізацыямі — для таго, каб у маладых людзей было аб'ектыўнае і адэкватнае разуменне працэсаў, якія адбываюцца.

​«Улада ў краіне ў нас народная»

Спікер акцэнтавала ўвагу на тым факце, што прынятая праграма патрыятычнага выхавання накіравана не толькі на моладзь, але і на грамадства ў цэлым. Таму і былі прыняты законы аб асновах грамадзянскай супольнасці, аб Усебеларускім народным сходзе.

Яна падкрэсліла, што наша дзяржава — сацыяльна арыентаваная, але, для таго каб сфарміраваць больш магутны бюджэт, трэба, каб насельніцтва працавала.

— А некаторыя, як вядома, працаваць не хочуць. Але затое хочуць карыстацца сацыяльнымі выгодамі, якія дае дзяржава: выплатамі пенсій, дапамог, забеспячэннем бяспекі, бясплатнай адукацыяй, бо гэта ўсё з бюджэту, у які ўкладваецца кожны працоўны чалавек. Таму такая праблема ёсць, бо некаторыя не разумеюць, што кожны чалавек павінен працаваць.

Наталля Качанава прывяла прыклад: эканоміка не прасела ва ўмовах надзвычай жорсткіх санкцый, а, наадварот, паказвае сваю эфектыўнасць.

— Тыя задачы, якія нам ставіў Прэзідэнт яшчэ 20 гадоў таму па імпартазамяшчэнні, па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні, экалагічнай бяспецы, — усё ўплялося ў гэтую канву, — сказала яна. — І калі мы сёння адчуваем такі ціск, мы бачым: вось яна, эфектыўнасць. Таму мы ўсе павінны сёння быць адзіныя і працаваць на тварэнне, каб кожны разумеў і шанаваў тыя дасягненні, якія ёсць у нашай краіны.

«Праяві сябе, папрацуй — і заўтра ў цябе будзе пасада»

— Прымаючы закон аб дзяржслужбе, мы казалі, што гэта падобна на ваенную службу — дзяржслужачы павінен служыць сваёй краіне і народу, — нагадала Наталля Качанава. — Калі чалавек адказна працуе, выконвае ўскладзеныя на яго абавязкі, мае сур'ёзную грамадзянскую пазіцыю, ён не застанецца незаўважаным, паверце. І моладзь павінна тое разумець. Праяві сябе, папрацуй — і заўтра ў цябе будзе пасада, бо шмат у каго складваецца ўражанне, што калі яны атрымалі спецыяльнасць, то адразу пасля ВНУ стануць вялікімі начальнікамі. Паспееш яшчэ паначальстваваць у сваім жыцці.

На думку Наталлі Качанавай, работа маладых людзей павінна быць у першую чаргу эфектыўнай, тады іх намаганні абавязкова заўважаць.

— Мы сёння павінны працаваць так, каб людзі нам верылі, каб людзі разумелі, што ўсё, што робіць улада ў краіне, гэта правільна, — сказала яна. — Бо людзі ва ўладзе не маюць паралельных бізнесаў і не сядзяць на мяшках грошай, як алігархі. У нас у краіне гэтага няма. Калі ты хочаш жыць сумленна і працаваць на карысць краіне, ты можаш ісці на дзяржаўную службу. А калі ты хочаш жыць багата, то павінен сам прабіваць сабе шлях. Я не кажу, што ўсе прадпрымальнікі запар — багатыя людзі. Вядома не. Да таго ж бізнес — патрэбная справа для краіны, складае трэць нашай эканомікі, акрамя таго, вырашае пытанні занятасці. Але калі ты прыйшоў на дзяржслужбу і думаеш, што адразу станеш начальнікам і будзеш атрымліваць нейкія прывілеі, — не. Гэта работа вельмі сур'ёзная. І гэтай справе трэба аддаваць усяго сябе.

Аляксандр Лук'янаў: «Важна адчуваць, чым жыве моладзь»

Як адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук'янаў, дыялогавая пляцоўка стала важным мерапрыемствам з пункту гледжання кансалідацыі моладзі вакол важных ініцыятыў.

— Сёння БРСМ у цесным узаемадзеянні з Маладзёжным саветам, Нацыянальным сходам з'яўляецца адным з каардынатараў такой дзейнасці ў рэгіёнах. Мы знаходзімся на важным этапе фарміравання складу дэлегатаў на Усебеларускі народны сход і мусім разумець, адчуваць моладзь. Вядома, адной з найважнейшых задач з'яўляецца праз праграмную дзейнасць, стваральную працу, практычныя вынікі прыцягваць нашых рабят да палітычнага будаўніцтва нашай дзяржавы. І тут камунікацыя паміж Маладзёжным парламентам і БРСМ з'яўляецца надзейнай асновай, — выказаў меркаванне Аляксандр Лук'янаў.

Ён заўважыў, што сёння трэба вывучыць станоўчы вопыт работы маладзёжных лідараў з рэгіёнаў, пачуць пажаданні ад спікера Савета Рэспублікі. Атрыманыя ўстаноўкі і рашэнні неабходныя, каб і далей працягваць стваральную працу на карысць нашай краіны.

Мікіта Рачылоўскі: «Моладзь з любога пункта краіны мусіць мець магчымасць рэалізаваць сябе»

Старшыня Маладзёжнага парламента Мікіта Рачылоўскі падкрэсліў, што такія сустрэчы неабходны, каб абмеркаваць актуальны вектар развіцця і тыя праблемы, якія ёсць у маладзёжным асяроддзі. 

— І ў Маладзёжнага парламента, і ў БРСМ ёсць прадстаўніцтвы ў кожным раёне, але важна старацца, каб яны працавалі разам, у звязцы з дэпутацкім корпусам, мясцовай уладай для таго, каб моладзь з любога пункта нашай краіны мела магчымасць рэалізаваць сябе, удзельнічаючы ў ажыццяўленні дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, — адзначыў старшыня Маладзёжнага парламента.

Ён выказаў думку, што не павінна быць падзелу моладзі: прафсаюз, БРСМ, маладзёжны парламент ці «Белая Русь». Усе павінны працаваць дзеля нашай краіны. І незалежна ад таго, у якой арганізацыі знаходзіцца малады чалавек, ён мусіць прыносіць карысць.

Алена КРАВЕЦ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».