Вы тут

У БДУФК прадставілі новую калекцыю спартыўнага адзення


Займацца спортам сёння модна. Таму і спартыўнае адзенне павінна быць модным. У Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры прадставілі калекцыю спартыўнага адзення для прафесійных атлетаў і лінейку формы для школьных заняткаў. Гэты праект па імпартазамяшчэнні — сумесная работа Міністэрства спорту і турызму і ААТ «Світанак». Прымерыць новую калекцыю ўжо могуць члены нацыяльных каманд па лёгкай атлетыцы і лыжных гонках.


«Нам вельмі хацелася б мець свой уласны прадукт, які будзе карыстацца папулярнасцю ў краіне і паспяхова прадавацца на знешніх рынках. У нас ёсць усё: кадры, магутнасці, кампетэнцыя, але чамусьці да гэтага часу не было беларускага спартыўнага адзення. Разлічваем, што ўжо хутка атрымаем яго ў масавай колькасці. Таксама ў наш час мы не маем сваёй школьнай спартыўнай формы. Сёння мы можам прапанаваць добрыя варыянты, якія можна было б рэкамендаваць бацькам. Галоўная мэта на будучыню — мець сваю сыравіну: сёння вытворцы купляюць яе ў Турцыі, але ўжо заўтра могуць не купіць. Таму мы павінны быць абсалютна незалежныя, пачынаючы ад уласнай сыравіны і заканчваючы гатовай прадукцыяй», — адзначыў першы намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і кіраўнік Беларускай федэрацыі лыжных гонак Аляксандр Дараховіч.

Старшыня Беларускай лёгкай атлетыкі Іван Ціхан расказаў, што для кожнага спартсмена адзенне мае асаблівае значэнне. Перад кожным стартам атлет рыхтуе баявую экіпіроўку, якая павінна быць зручнай і камфортнай для таго, каб паказаць максімальны вынік. «Мы патрабавальныя да сваёй формы, таму падрыхтавалі тэхнічнае заданне. Па выніку нам далі дастаткова добрую форму, і, калі параўноўваць з сусветнымі лідарамі, яна не саступае ў якасці», — адзначыў ён, — «З пачатку 1990-х гадоў мы карысталіся экіпіроўкай замежных вытворцаў, але нядаўна ў нас узнікла ідэя ацаніць магутнасці нашай лёгкай прамысловасці і паглядзець, што яна можа зрабіць для беларускага спорту. Мы звярнуліся ў ААТ „Світанак“, паказалі, што хочам, і далі тэхнічныя патрабаванні. Спецыялісты прадпрыемства падышлі да гэтага вельмі адказна, старанна прапрацавалі нашы запыты і далі нам добрую форму», — расказаў кіраўнік БФЛА. Па словах Івана Ціхана, у гэтай форме спартсмены будуць выступаць на рэспубліканскіх і міжнародных стартах, а таксама адзенне будзе натхняць на спартыўныя поспехі і аматараў.

Галоўны тэхнолаг ААТ «Світанак» Ірына Цітова расказала, што для вырабу калекцыі выкарыстоўваліся шматфункцыянальныя поліэфірныя ніткі новага пакалення, якія валодаюць уласцівасцю хуткага і эфектыўнага адвядзення вільгаці ад цела, падтрымання тэмпературнага балансу з добрай паветрапранікальнасцю, што дазваляе забяспечыць максімальны камфорт падчас трэніровак. Канструкцыя вырабаў выгадна падкрэслівае фігуру і забяспечвае поўную свабоду руху. Узоры не патрабуюць асаблівага догляду, захоўваюць форму і прывабны выгляд. «Дзякуючы выкарыстанню спецыялізаванага швейнага абсталявання на вырабах прымяняюцца плоскія высокарасцяжныя швы, якія не шаруюць скуру і даюць магчымасць актыўна рухацца», — адзначыла яна.

Кіраўнік канцэрну «Беллегпрам» Таццяна Лугіна падкрэсліла, што апошнім часам назіраецца неабходнасць мець на ўнутраным рынку менавіта айчыннае спартыўнае адзенне, як для бытавога выкарыстання, так і для прафесійнага спорту. «Мне вельмі хацелася б, каб калекцыя, прадстаўленая адным з вядучых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, спадабалася нашым спажыўцам. Каб у канцы года мы падвялі рысу і сказалі: «У нас атрымалася, у Беларусі з’явіўся яшчэ адзін брэнд, які мы можам зваць дзяржаўным: ён модны, зручны і камфортны для занятку спортам», — заўважыла яна.

Таксама падчас паказу была прадстаўлена прадукцыя новага брэнда спартыўнага адзення SWS. Конкурс па стварэнні брэнда, пад эгідай якога ў далейшым распрацоўваліся калекцыі як для вучняў спартыўных школ, так і для членаў зборных, стартаваў у сценах БДУФК у мінулым годзе. З мноства варыянтаў быў адабраны дзясятак фіналістаў, кожны з якіх прадставіў свой лагатып з апісаннем і візуалізацыяй на вопратцы і прадметах. У выніку перавага была аддадзена брэнду SWS (Sport Wear Spirit), аўтарам ідэі якога з’яўляецца выкладчык БДУФК Ганна Ільюцік.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».